Перакладчыцкая майстэрня

Перакладчыцкая майстэрня

Перакладчыцкая майстэрня – гэта творчая прастора, дзе перакладчыкі і перакладчыцы мастацкай літаратуры збіраюцца разам, дзеляцца спробамі перакладу, абмяркоўваюць узніклыя праблемы і, знаходзячы рашэнні, набываюць неабходныя ў сваёй працы веды і навыкі. Бонусам такога падыходу з’яўляюцца наладжаныя сувязі паміж удзельніцамі ды ўдзельнікамі і стварэнне прафесійнай супольнасці. Праект існуе больш за дваццаць гадоў, яго кіраўнік-мадэратар – паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

Майстэрня займаецца перакладамі на беларускую мову з любой мовы і ў любым жанры (падборка вершаў, апавяданне, эсэ, фрагмент рамана, нон-фікшн і гэтак далей). Удзельнікамі і ўдзельніцамі праекта штораз стаюць як дэбютанткі і дэбютанты, так і спецыяльна запрошаныя майстры і майстрыні, якія дзеляцца сваім творчым досведам. Апроч перакладання на беларускую, гаворка ідзе і пра пераклад нашай літаратуры на замежныя мовы, а таксама пра тое, як у сённяшняй няпростай сітуацыі апублікаваць перакладзены твор.