• News
  • Creative Projects
  • Соф’я Савелава: Дзяржава камандавала, як жыць, а ў нас былі свае планы

Соф’я Савелава: Дзяржава камандавала, як жыць, а ў нас былі свае планы

Last update: 4 November 2026
Соф’я Савелава: Дзяржава камандавала, як жыць, а ў нас былі свае планы

 Гэтае інтэрв’ю – частка зборніка «Голас пакалення свабоды», жывога сведчання творчай і грамадзянскай прысутнасці тых, хто не згубіў свой голас нават у выгнанні. Зборнік апавядае пра лаўрэатаў прэміі «Голас пакалення свабоды», заснаванай Беларускім ПЭНам у партнёрстве з Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Прэс-клубам Беларусь, фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы» і Фондам Алеся Бяляцкага.

Зборнік будзе прэзентаваны 7 лістапада 2025 года а 18:00 у Еўрапейскім цэнтры салідарнасці (Europejskie Centrum Solidarności, Gdańsk, pl. Solidarności 1) у межах мерапрыемстваў вакол 15-й літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця.

Соф’я Савелава. Нарадзілася ў 1958 годзе. Скончыла Беларускі політэхнічны інстытут, Нацыянальны інстытут адукацыі. Магістарка педагогікі. Займалася павышэннем кваліфікацыі педагогаў і менеджараў, адукацыйнымі праграмамі для моладзі. Прадстаўляла ініцыятыву «Хартыя Зямлі». Аўтарка 200 навуковых і навукова-метадычных публікацый.

Коратка пра важнае

– Што ў маладосці для вас азначала «мы»?

– Быць заўважнай і адначасова заставацца разам з тымі, хто табе блізкі.

– Што ў савецкім ладзе вы лічылі натуральным?

– Фармальна захоўваць правілы, але пры гэтым зберагаць сваю сутнасць і свае сэнсы.

– Прынцыповы эпізод вашай нязгоды з меркаваннем большасці?

– У дзясятым класе на бюро райкама камсамола адчула грубы прымус і сказала: «Быць камсамольскай прастытуткай не ўваходзіць у сферу маіх жыццёвых інтарэсаў». Павярнулася і пайшла.

– Калі Беларусь стала для вас чымсьці асабістым?

– Яна была такой заўсёды, але глыбей за ўсё адчула гэта падчас сустрэч з людзьмі, якія перажылі вайну. А цяпер адчуваю яшчэ мацней, калі маё жыццё і дзяржаўныя межы Беларусі ўжо не супадаюць.

– Што цяжэй: перастаць верыць дзяржаве, баяцца яе ці навучыцца браць адказнасць на сябе?

– Браць адказнасць.

– 2020 год – гэта вынік паступовых змен у грамадстве ці раптоўны выбух?

– Спрацавалі змены, якія паступова назапашваліся ў грамадстве.

– Ці існуе сёння беларускае «мы»?

– Яно нараджаецца. Нібы дзіця, якое расце і паступова сталее.

Соф’і Савелавай пашанцавала з савецкай школай: пакуль дзяржава абяцала ўсё вырашаць за чалавека, там ёй дапамагалі вучыцца вырашаць самой. Пазней яна зрабіла адукацыю сваёй прафесіяй і спрабавала ствараць асяроддзе, у якім чалавек не чакае гатовых рашэнняў, а вучыцца дзейнічаць і браць адказнасць.

Праз чарнобыльскую катастрофу і паўразбураную школу, грамадскія арганізацыі і міжнародныя праграмы, адукацыйныя эксперыменты і дваровыя чаты 2020-га яна зноў і зноў вярталася да аднаго пытання: як чалавек перастае чакаць, што нехта нешта вырашыць за яго?

Гаворым з Соф’яй Савелавай пра савецкае «мы» і незалежную Беларусь, пра грамадзянскасць, якую нельга выдаць разам з дыпломам, пра «бабуль з добрым чаем» і маладое пакаленне, якому старэйшыя не перадаюць свайго досведу. І пра дракона, які перажыў СССР і, паводле Савелавай, дагэтуль жыве ў кожным з нас.

Як ты выдатнік, то паступіш у інстытут; там ізноў пяцёрачнік – табе гарантавана працоўнае месца, хоць і не самае лепшае

– Вы шмат гадоў займаліся адукацыяй. А калі цяпер паглядзець на гады вучобы вачыма педагога: да якога жыцця вас рыхтавалі ў 1970-я?

– Савецкую школу часта называлі і называюць адной з найлепшых у свеце. У тагачасны лад яна сапраўды была ўбудаваная вельмі добра.

Калі мы ў 1976-м заканчвалі дзясяты клас, то дакладна ведалі: як ты выдатнік, то паступіш у інстытут; там ізноў пяцёрачнік – табе гарантавана працоўнае месца, хоць і не самае лепшае. Проста дзірка, якую трэба тэрмінова заткнуць падрыхтаваным маладым спецыялістам.

А далей – пражывеш там гадоў дваццаць у нейкім інтэрнаце і ўрэшце атрымаеш бясплатную кватэру.

Дзяржава нібыта ўсё гарантавала, але заадно вырашала, дзе і як табе жыць.

Хоць і ў сістэме, і ў адукацыі заўсёды меліся выключэнні – дзякуючы канкрэтным людзям. Мне вельмі пашанцавала з мінскай дзевятнаццатай школай. Яшчэ тады я пачала разумець, наколькі шмат залежыць ад педагога. Пазней, калі сама працавала ў сістэме павышэння кваліфікацыі, казала калегам: у нас выдатная прафесія – мы можам ужо сёння жыць у тым свеце, якога жадаем сабе і нашым дзецям праз дзесяць-адзінаццаць гадоў. Толькі будаваць яго трэба ўжо сёння: у сваім класе, школе, супольнасці.

– А што было не так, як усюды, у вашай дзевятнаццатай?

– Найперш – зорны склад настаўнікаў. Многія вучылі паводле сваіх аўтарскіх праграм, адчувалі сваю ўнікальнасць. Наш знакаміты матэматык Аляксандр Маркавіч Фельдман заўсёды пры сустрэчы казаў мне: «Сонечка, не хвалюйся, я буду працаваць да дзевяноста дзевяці гадоў». Ён і сёння ў працы – зусім нядаўна атрымаў званне народнага настаўніка.

Шмат што трымалася на дырэктару Уладзіміру Пятровічу Гудзе: мэтанакіравана збіраў выдатных педагогаў і падтрымліваў школьныя традыцыі, у тым ліку сапраўднае вучнёўскае самакіраванне. Ад акцябрацкіх зорачак да піянерскай дружыны і камітэта камсамола мы ўсё рабілі разам, а выкладчыкі, якія за гэта адказвалі, былі хутчэй сябрамі, чым начальнікамі. Таму на ўсе мерапрыемствы бегла з радасцю. Ад першай ініцыятывы да канчатковага рашэння многа чаго залежала ад саміх вучняў.

Калі да нас прыйшоў настаўнік геаграфіі Рудольф Васілевіч Трычэнка (мы звалі яго Шэфам), то прапанаваў прадоўжыць працу турыстычнага клуба, створанага ім у ранейшай 121-й школе. І менавіта на камітэце камсамола вырашалася, ці падтрымаць ідэю. Так з’явіўся «КСІОП-19»: Клуб следапытаў – шукальнікаў бацькоўскіх подзвігаў 19-й мінскай дзесяцігодкі.

Аднак толькі пачалі арганізоўваць першыя паходы і турзлёты, высветлілася, што ідэя не захапіла нікога з настаўнікаў. Дык мне давялося стаць першым камісарам «КСІОПа»: сама як камсамольскі лідар падтрымала ідэю – сама цяпер і рабі.

Так мы ўвесь час нешта вырашалі і за штосьці адказвалі. Паступова з’явілася цвёрдае перакананне: ад мяне ў жыцці залежыць вельмі шмат. Больш за тое – я магу зрабіць абсалютна ўсё.

– Але чаму такое было магчыма ў вашай школе і не рабілася нормай для ўсіх?

– Безумоўна, справа ў калектыве і адміністрацыі. Дзевятнаццатая была вельмі інтэлігентная, насіла імя Янкі Купалы. Пры гэтым вучні – самыя звычайныя, ніякага адбору, на паралелі класы ад «А» да «Е».

І яшчэ пашанцавала трапіць у час, калі з’явілася прафілізацыя: у нас аднымі з першых пачалі паглыблена вывучаць матэматыку і гісторыю.

– З першай усё зразумела. А што незвычайнага можна рабіць на другой?

– Вучыцца думаць. Цяпер гэта называюць крытычным мысленнем. Напрыклад, настаўніца Нэла Сямёнаўна Алукер патрабавала ўважліва чытаць і канспектаваць тэксты – на прыкладзе класічных прац Леніна.

Методыка простая: дзеліш старонку сшытка напалову. З аднаго боку пішаш цытату, якая падалася важнай, а з другога свае думкі: чаму, з чым ты пагаджаешся ці не. На ўроках пачыналіся дыскусіі: разважалі, а не проста пераказвалі падручнік.

Гэта потым спатрэбілася і ў клубе палітінфарматараў: там мы маглі ўсур’ёз абмяркоўваць адносіны СССР з Кітаем або Германіяй ды іншыя складаныя тэмы, а пасля ішлі з імі ў класы і ладзілі дыскусіі.

Быў яшчэ вельмі важны для нас факультатыў па эстэтыцы. Напрыклад, памятаю вечар Вазнясенскага. Ягоны чырвоны зборнік на ўсіх быў толькі адзін – у Нэлы Сямёнаўны. Ён хадзіў па руках, і кожны выбіраў верш па душы.

– Памятаеце свой?

– Нават праз гады:

…В атаку взвод не поднять,

но сверху в радиосеть:

«В атаку, – зовут, – твою мать!»

И Эрнст отвечает: «Есть»…

– І гэтая звычка – не прымаць гатовы адказ, а самой разбірацца і вырашаць – засталася?

– Такіх месцаў, дзе мы маглі нешта рабіць самі, у маладосці было шмат. Той жа факультатыў па эстэтыцы рэгулярна ладзіў літаратурныя вечары. Мы ставілі спектаклі паводле «Маленькага прынца», «Кошыка з яловымі шышкамі», «Пунсовых ветразяў» – разам з Нэлай Сямёнаўнай выбіралі творы, самі пісалі сцэнары. Ніякай савецкай патрыётыкі – зусім іншае… А «Маленькі прынц» для мяне з таго часу і да сёння – найлепшы падручнік педагогікі. І для настаўнікаў, і для бацькоў.

Мы вучыліся не проста нешта рабіць разам, а самі вырашаць, як павінна быць, браць на сябе свой кавалак працы і разам адказваць за вынік.

– Але ж пасля ўсяго гэтага вы гэтаксама, як і іншыя, дружна збіраліся на савецкіх дэманстрацыях. Супярэчнасці не адчувалі?

– Не. Для маіх школьных і студэнцкіх сяброў гэта зусім іншае – традыцыя, святочная дзея. Мы ж насамрэч хадзілі не з нейкай ідэйнай матывацыі. Проста прыгожая нагода сустрэцца з сябрамі, паспяваць песні, паразмаўляць… Менш за ўсё цікавілі трыбуны і транспаранты!

Проста бавілі час разам: дзяліліся навінамі і планамі, уціхую расказвалі розныя, у тым ліку палітычныя, анекдоты, даведваліся, што новага ў культуры, літаратуры…

А пасля дома заўсёды святочны абед ці вячэра, з’язджаліся госці. Напрыклад, збіраліся ў маёй бабулі, яе яшчэ камсамольскія сябры рабілі капуснікі.

Паверце, гэта быў сапраўдны святочны дзень. І прымалі яго зусім не таму, што нехта загадаў: для дзяцей майго пакалення гэта ўжо ўвайшло ў кроў. Скажу крамольнае: нават калі б у маі 1986-га мы ўжо ведалі пра радыяцыю, многія ўсё адно пайшлі б на дэманстрацыю.

Разумееце, традыцыя – гэта дзеянне, сэнс якога не трэба кожны раз сабе тлумачыць. Але калі сэнс адыходзіць зусім, ад традыцыі застаецца толькі рытуал. Для нас у дэманстрацыях быў яшчэ і спосаб упрыгожыць жыццё: яны перабівалі шэраг будняў.

– Выходзіць, дзяржаўнае свята людзі проста рабілі сваім?

– Так. Беларускія гарады тады поўніліся людзьмі, якія самі нядаўна прыехалі з вёсак, або прадстаўнікамі першага гарадскога пакалення. У большасці жыла памяць пра сваё, даўняе, глыбіннае: Вялікдзень, Дзяды, Раство, Купалле… І хоць савецкая ўлада навязвала ўласны каляндар, людзі неўпрыкмет выцеснілі з новых святаў палітыку і напоўнілі іх проста жыццём, гумарам і смехам.

Для нашых старэйшых родзічаў усё гэта было вельмі важным. Памятаю, як дома франтавікі – і дзядуля, і бацька – надзявалі пінжакі з ордэнамі і медалямі. Але нават на 9 мая ўспамінаць пра вайну не любілі. Такая маўклівая згадка пра перажытае…

Мая малодшая сястра неяк папрасіла дзядулю – а ён прайшоў ажно праз тры вайны – згадаць для школы нейкія пару эпізодаў пра выпрабаванні, гераізм. У адказ пачула: «Табе трэба нешта пра вайну? Слухай. Я быў камандзірам артылерыйскай брыгады. Адышоў у кусты, пардон. Вярнуўся – брыгады няма. Табе яшчэ мала? Расказаць болей?»

Хапіла.

– А калі ў гэтай гісторыі з’явілася Беларусь?

– Найперш праз клуб «КСІОП-19». Шэф не рабіў музей у школе дзеля музея. Разам з ім мы пайшлі да спецыялістаў па Вялікай Айчыннай і спыталі: што яшчэ варта даследаваць? Да чаго ў іх саміх не даходзяць рукі? Параілі заняцца гісторыяй Полацка-Лепельскай партызанскай зоны, пра якую нават у галоўным дзяржаўным музеі на Цэнтральнай плошчы не хапала фактычнага матэрыялу.

І мы на школьных канікулах прачасалі гэтую тэрыторыю ўздоўж і ўпоперак. Заходзілі ў хаты, прасілі фотаздымкі, дакументы, а людзі толькі рукамі разводзілі: «Нічога няма, даруйце, дзеткі, усё згарэла…»

Калі чуеш такое не на ўроку, а ад чалавека, які прайшоў праз сапраўднае пекла, вайна перастае быць прыгожай легендай пра перамогу. Для мяне з тых паходаў паступова вырасла вельмі простая думка: трэба вучыцца дамаўляцца і вырашаць праблемы мірна, каб да такога не дайшло.

– А пазней, у сваёй педагагічнай працы, вы згадвалі атрыманы ў школе досвед?

– Так. Калі мы з сябрамі пачалі займацца абнаўленнем гуманітарнай адукацыі ў праграме Беларускага фонду Сораса, адным з першых зрабілі конкурс маладых даследчыкаў. Сярод яго пераможцаў – людзі, якія сёння шмат у чым вызначаюць беларускі гуманітарны ландшафт: Вольга Шпарага, Андрэй Лаўрухін, Таццяна Шчытцова…

Паралельна выдавалі падручнікі, рыхтавалі педагогаў і дырэктараў, запусцілі праект «Інавацыйная школа». Быў і конкурс «Школа абнаўлення», які я каардынавала.

І, дарэчы, узорам для мяне заставалася менавіта дзевятнаццатая – тая, якую памятаю з 1976 года.

– Вы шмат гаворыце пра асяроддзе, якое вучылі не чакаць гатовых рашэнняў. А не знаходзілі чагосьці падобнага і ва ўласнай сям’і?

– Калі мне закарцела заглянуць у свой радавод, знайшла шмат цікавага.

У мяне надзвычайная бабуля, Рахіль Самуілаўна Рутман. У 1920-я гады яна стварала першыя піянерскія атрады ў Карме, да вайны была першым сакратаром Варашылаўскага райкама партыі ў Мінску.

У 1937 годзе арыштавалі Навума, аднаго са знаёмых і калег, які ўзначальваў райкам у іншым раёне. Неўзабаве ўначы да бабулі, з аглядкай, крадком прыйшоў чалавек у пагонах і папярэдзіў: Навума катуюць, выбіваюць паказанні на яе.

Паводле сямейнай гісторыі, бабуля імгненна сабралася і знікла. Але не ў нейкай глухамані – наадварот, паехала ў Маскву і нейкім цудам дайшла да самога Сталіна. Пасля гэтага Навума адпусцілі, а яе пакінулі ў спакоі.

Я так і не выпытала ўсіх дэталяў, як усё адбылося. Але гэтая гісторыя, пачутая ад мамы, заўсёды была перад вачыма. Не чакаць, пакуль нешта здарыцца з табой, а дзейнічаць самой.

Не баяцца быць дзёрзкай.

Сябраваць супраць кагосьці заўсёды лягчэй! Людзі прасцей аб’ядноўваюцца, калі ёсць агульная перашкода ці вораг

– А як з усіх адукацыйных праектаў вы трапілі ў Чарнобыль?

– Тады з’явілася Тамара Васілеўна Белавокая, Беларускі камітэт «Дзеці Чарнобыля».

Пачыналася ўсё з групы лекараў, якія працавалі ў Аксакаўшчыне, у сістэме радыяцыйнай медыцыны. Яны заўважылі дзіўную рэч: дзеці з пацярпелых тэрыторый пасля двух-трох месяцаў аздараўлення за мяжой вярталіся ў значна лепшым стане. Але праходзіў час дома – і здароўе зноў пагаршалася, эпізадычна нават мацней, чым да паездкі.

Медыкі ездзілі па пацярпелых раёнах, спрабавалі вучыць мясцовых калег іншым метадам лячэння, але доўгатэрміновага выніку не было. Недзе ў 1993–1994 гадах звярнуліся да нас, найперш да Ніны Мікалаеўны Кошаль, якую Тамара Белавокая ведала яшчэ з экалагічнага руху.

Мы пачалі думаць разам – медыкі і педагогі.

І стала зразумела: справа не ў тым, што дрэнна лечаць. Нельга аздаравіць дзіця на два-тры месяцы, а потым вярнуць яго ў тое самае жыццё, з тымі самымі ўмовамі і звычкамі – і чакаць, што вынік захаваецца.

Патрабавалася мяняць сам лад жыцця на пацярпелых тэрыторыях. Каб людзі не проста выконвалі чужыя рэкамендацыі, а самі разумелі, што з імі адбываецца, ад чаго залежыць здароўе і што яны могуць змяніць.

Сёння гэта можна назваць прынцыпамі ўстойлівага развіцця: экалагічны, эканамічны і сацыяльны складнікі разам.

– У пачатку дзевяностых пра Чарнобыль і «Дзяцей Чарнобыля» гаварылі шмат. Потым і роля камітэта, і самой Белавокай неяк адышлі ў цень. Што менавіта вы тады спрабавалі зрабіць?

– Згодная: роля Белавокай недаацэненая. Яна пайшла ў радыеэкалогію яшчэ ў канцы васьмідзясятых, калі стала відавочна: нават спецыялісты не ведаюць годнага выйсця. Была ў Беларускім народным фронце, удзельнічала ў арганізацыі першых Чарнобыльскіх шляхоў.

А мы хацелі праверыць вельмі практычную рэч: калі змяніць не толькі лячэнне дзяцей, але і само жыццё вёскі (харчаванне, гаспадарку, адносіны паміж людзьмі) – ці адаб’ецца тое на здароўі?

Каб праверыць задуму, на сваіх машынах па выходных ездзілі шукаць вёску, каб бліжэй да Мінска. На Гомельшчыну ці Магілёўшчыну пастаянна за свой кошт не наездзішся.

На Валожыншчыне заварочвалі ў Пяршаі, Доры, Камень і, нарэшце, у Сівіцу, за некалькі кіламетраў ад Івянца. Пяршаі ўжо былі звязаныя з праграмай ЮНЕСКА, паводле якой там шмат чаго зрабілі, але мы не знайшлі супольнай мовы ні з настаўнікамі, ні з сельсаветам.

– Чаму шукалі менавіта школу ці дзіцячы сад?

– Бо праз школу ў адным пункце сыходзяцца амаль усе: дзеці, бацькі, дзяды, суседзі, мясцовая гаспадарка. Пачынаеш нешта мяняць там – змены разыходзяцца па ўсёй вёсцы.

У Сівіцы школьны будынак быў напаўразбураны, вучні пастаянна ездзілі на аздараўленне ці вучыліся ў суседнім Івянцы. Але нас падтрымаў старшыня калгаса: «Дзяўчаты, я разумею: вы пакуль слаба ўяўляеце, што рабіць, нам давядзецца прыдумляць усё разам. Але ці можаце гарантаваць: праз год я не буду вылучаць па тры калгасныя аўтобусы, каб штодня вазіць малых на заняткі і назад?»

Мы паабяцалі.

Так запусціўся праект «Аптымізацыя ладу жыцця постчарнобыльскай беларускай вёскі».

Калі напрыканцы дзевяностых экспертка ЮНІСЕФ з Жэневы прыехала ацэньваць магчымасць фінансавання нашага праекта комплекснай рэабілітацыі, на фінішы сказала: «Вы ўзялі найлепшую мадэль – яйкі вучаць курыцу».

Для мяне гэты прынцып і стаў галоўным: не прыходзіць да людзей з гатовым рашэннем, а ствараць умовы, каб яны самі пачыналі разбірацца і дзейнічаць.

– Чаму Чарнобыль так хутка стаў не толькі экалагічнай і медыцынскай, але і грамадскай, палітычнай тэмай?

– Ды сябраваць супраць кагосьці заўсёды лягчэй! Людзі прасцей аб’ядноўваюцца, калі ёсць агульная перашкода ці вораг. Або сітуацыя, якая спачатку выглядае непераадольнай.

Тады ўдзел у Чарнобыльскім шляху быў для многіх спосабам сказаць ураду, партыі: мы не згодныя. Разлічваць няма на каго – трэба самім ратаваць сваё жыццё і будучыню дзяцей. Але аўтаматычна грамадзянскасць з гэтага не ўзнікае. Яе таксама трэба вырошчваць.

Вось прыклад з той жа Сівіцы.

Беларускі камітэт «Дзеці Чарнобыля» меў магчымасць выкарыстоўваць спецыяльныя бактэрыяльныя прэпараты, якія дапамагалі атрымліваць на забруджаных тэрыторыях больш бяспечную прадукцыю. Грошы на іх былі, але мы прынцыпова не хацелі проста раздаваць прэпараты жыхарам. Важна, каб людзі самі зразумелі, навошта ім гэта.

Старшыня калгаса даў два эксперыментальныя полі: адно – з мінеральнымі ўгнаеннямі, другое – з біяпрэпаратамі. Там вырошчвалі аднолькавую прадукцыю. Стварылі і прышкольны ўчастак. Для чаго нават давялося атрымаць спецыяльны дазвол Міністэрства адукацыі, бо ў пацярпелых раёнах праца дзяцей на зямлі забаранялася. І педагогам, і вучням тлумачылі, што і навошта робім менавіта так.

А дома дзеці бачылі іншае. Пыталіся ў бацькоў, а тыя адмахваліся: «Не слухай сваіх настаўніц, усё тое дурата ад розуму. Рабі, як я сказала!»

Увосень у вёску прыехала радыеэкалагічная лабараторыя. Праверылі прадукцыю з калгасных палёў, са школьнага ўчастка і з прысядзібных агародаў. Мы зрабілі вялікую табліцу і вывесілі вынікі на дошцы.

Калі людзі на свае вочы пабачылі розніцу – усё змянілася. Наступнай вясной ужо самі скінуліся грашыма і папрасілі прывезці ім тыя біяпрэпараты.

Ніхто больш не ўгаворваў.

Штучную працу вырошчвання новай чалавечай супольнасці – савецкага народа – у Беларусі правялі вельмі паспяхова

– Як вы думаеце, калі СССР распаўся, беларусы ўжо адчувалі сябе асобным народам – ці хутчэй жыхарамі асобнай рэспублікі? У 1991-м на рэферэндуме большасць галасавала за захаванне Саюза, а калі ён знік, ніхто не выйшаў яго бараніць. Чаму?

– Я не сказала б, што тады адбылася менавіта нацыянальная самаідэнтыфікацыя беларусаў. Хутчэй людзі адчулі сваю значнасць, што разам могуць на нешта ўплываць. І гэта ўжо падрывала ранейшы безумоўны давер да дзяржавы.

Увесну на рэферэндуме выказалі свой настрой: Саюз быў вялікім, звыклым, у ім прайшло ўсё жыццё. А ў снежні, калі яго не стала, навыку выходзіць на плошчу і патрабаваць вярнуць страчанае яшчэ проста не мелі.

Абурэнне, разгубленасць ішлі па кухнях: як жыць далей, куды рухацца – ніхто толкам не ўсведамляў.

І Чарнобыльскі шлях выводзіў дзясяткі тысяч не таму, што ўсе яны супраць СССР. Тут усё канкрэтна: маё здароўе, здароўе маіх дзяцей – вось гэта чалавеку важна.

А як рэагаваць на распад вялікай краіны, звычайны абывацель не ведаў. Ды, шчыра кажучы, не заўсёды і хацеў разбірацца.

Але менавіта ў тых маршах беларусы ўпершыню адчувалі сябе не проста насельніцтвам, пра якое мусіць клапаціцца ўлада. Яны выходзілі і самі заяўлялі, што для іх важна. Залежнасць ад дзяржавы адступіла на крок.

– Выходзіць, незалежная Беларусь таксама мусіла вучыцца жыць без гатовых рашэнняў зверху?

– Менавіта.

Суб’ектнасць Беларусі як краіны толькі вырошчвалася. Масавага нацыянальна-вызваленчага руху ў познесавецкі час у нас не назіралася – толькі асобныя праявы, найперш у асяроддзі інтэлігенцыі.

І яшчэ важная рэч: пасля вайны на аднаўленне Мінска і Беларусі прыехала вельмі шмат інжынерна-тэхнічных кадраў з усяго Савецкага Саюза. У многіх заставаліся блізкія сваякі ў розных яго канцах, яны жылі ў каардынатах адной вялікай краіны.

Беларусь у гэтым сэнсе вельмі спецыфічная. Штучную працу вырошчвання новай чалавечай супольнасці – савецкага народа – тут правялі вельмі паспяхова. На жаль.

– А сваю працу ў чарнобыльскіх рэгіёнах вы лічыце паспяховай? Пабачылі тое, чаго чакалі?

– Так. Яна дала сур’ёзны навуковы і практычны вынік. Найперш таму, што працавала міждысцыплінарная каманда – лекары, педагогі, псіхолагі, сацыёлагі, культуролагі, менеджары.

У 1999 годзе мы падрыхтавалі для ЮНІСЕФ вялікую справаздачу па выніках праграмы.

А ў 2002-м ААН абвясціла змену падыходу да чарнобыльскіх рэгіёнаў: ад надзвычайнай дапамогі і ліквідацыі наступстваў – да доўгатэрміновага аднаўлення і развіцця.

Калі мы чыталі новы стратэгічны дакумент, было адчуванне: працэнтаў на семдзесят пазнаём тое, пра што самі пісалі, толькі ўжо пераказанае бюракратычнай мовай.

Пазней пад эгідай ААН вывучалі інфармацыйныя патрэбы людзей у пацярпелых рэгіёнах. Спачатку паказвалі, што ўвогуле можна змяніць, а ўжо потым пыталіся: што вам самім патрэбна, чаго самім не стае?

І вось на сустрэчы ў Хойніках адна маладая жанчына ўстала і абураецца: «Хопіць тут пужаць, нібыта ў лес нельга хадзіць! Няхай лепш мае ўнукі сканаюць праз трыццаць гадоў ад радыяцыі, чым сёння дзеці памруць ад голаду!»

Вось вам і ўся тэорыя. Чалавека найперш рухае тое, як выжыць цяпер. Да здольнасці думаць пра будучыню і браць за яе адказнасць яшчэ трэба дарасці.

– Калі згадаць гэтую маці: можа, звычка жыць пад чужым рашэннем пачынаецца значна раней за палітыку? У сям’і, дзе за дзіця ўсё вырашаюць, у школе, дзе настаўнік заўсёды мае рацыю, на працы – шматмудры начальнік. Як гэтую схему паламаць?

– Таму і займаліся перападрыхтоўкай менеджараў у сферы адукацыі. Нам патрэбныя былі людзі, здольныя не проста кіраваць школай, а падтрымліваць змены.

Падлетку ад прыроды ўласціва супраціўляцца дарослым нормам. І гэта нельга душыць.

Важна, каб адукацыя не была толькі перадачай ведаў зверху ўніз – ад настаўніка да вучня. Мусіць існаваць і зваротны рух.

Для мяне добры вынік адукацыі – выхаванец, у якога ты сам пасля з задавальненнем вучышся.

У нас жа вельмі моцна засела: атрымаў дыплом, значыць, ужо адукаваны чалавек. Нехта з гонарам кажа: «У мяне тры інстытуты». А насамрэч можна скончыць хоць пяць – і проста набыць пяць прафесійных кваліфікацый без адзiнай адукаванасцi.

Ёсць такая прымаўка: «Не плач, хлопчык: у цябе галоўка круглая, а вугалок квадратны – абміне». Вось так часам і адукацыя нас абмінае. Вывучылі новыя словы і здаецца, што ўжо робім нешта па-новаму. А насамрэч старымі метадамі проста паўтараем ранейшае.

На базе выпускнікоў той перападрыхтоўкі потым вырасла партнёрская сетка школ устойлівага развіцця. Для мяне там важная была не сама назва, а прынцып: школа не замыкаецца ў сваіх сценах, а робіцца месцам, вакол якога людзі пачынаюць нешта мяняць у сваёй супольнасці.

Дракон жывы. І ён жыве ў кожным з нас

– БРСМ ці «Белая Русь» многім здаюцца карыкатурай на старыя савецкія арганізацыі. Але яны працуюць з тысячамі людзей – і, відаць, небезвынікова. Гэта проста рэцыдыў – ці той самы дракон сапраўды выжыў?

– Так і ёсць. Дракон жывы. І вельмі нават…

Што да эфектыўнасці гэтых ілжэграмадскіх структур, ім дапамагае вялікая дзяржаўная машына: школа, медыя, сімволіка, рытуалы, кіраўнікі ўсіх узроўняў… Іншай мадэлі дзіця сёння часта проста не бачыць.

Але яшчэ страшней, калі той самы дракон вылазіць з нас саміх. Напрыклад, чую: «Што такога Каардынацыйная рада зрабіла для нас?»

Тут жа ранейшае чаканне: нехта зверху мусіць прыйсці і вырашыць мае праблемы.

Калісьці мы з калегамі выпрацавалі паняцце «зона адказнага клопату». Гэта прастора ці сітуацыя, за якую ты сам бярэш адказнасць і дзе адчуваеш сябе гаспадаром. Табе не патрэбны панукальнік. Ты не чакаеш нечага ад іншых, а разбіраешся: што я магу тут зрабіць? Мне здаецца, такую перамену ў сабе – ад савецкай звычкі спадзявацца на рашэнні зверху да ўласнай адказнасці – мы якраз цяпер маем шанец праходзіць і ў эміграцыі.

– Людзі гадоў сарака часта лёгка пазнаюць «саўка» ў старэйшым пакаленні. Але самі яны раслі ўжо пры вяртанні БРСМ, піянерыі, дзяржаўнага рытуалу. І што – сапраўды сталі іншымі?

– Цудоўная тэма для даследавання. Па сутнасці, яны нашыя выхаванцы. Мы вучылі іх акурат у той час, калі самі развітваліся з савецкім.

Ёсць жа старая метафара: трэба прайсці сорак гадоў па пустыні, каб выціснуць з сябе па кроплі раба. І я часам нават цяпер адчуваю: вось жа, дзейнічаю як гома саветыкус!

Сённяшнія 40-гадовыя Савецкі Саюз заспелі хіба дзецьмі, але яго рэцыдывы бачылі ўжо добра. І мяне цешыла, што прымус да ўдзелу ў БРСМ ці піянерыі часта сустракаў супраціў – і іх саміх, і бацькоў. Мы стараліся зрабіць сваім нашчадкам прышчэпку ад той ідэалогіі, у якой самі выраслі.

Сёння голас гэтага пакалення вельмі моцна прыглушаны рэпрэсіямі. Ціск вырас неймаверна, а чалавеку ўласціва прыстасоўвацца дзеля бяспекі.

Таму я б не спяшалася кагосьці судзіць.

– Як атрымалася, што дзяржава рабілася ўсё больш аўтарытарнай, а ўнутры яе яшчэ доўга маглі працаваць школы, НДА, праекты, дзе людзей вучылі ўдзелу і самастойнасці? Улада не бачыла небяспекі?

– Не думаю. Насамрэч такія арганізацыі часта вырашалі праблемы, з якімі бюракратыя сама не спраўлялася – праз недахоп рэсурсаў ці таму, што мяняць трэба было не толькі інструкцыі, але і галовы людзей.

Выканкамы мірыліся з удзелам грамадскасці ў пытаннях інваліднасці, экалогіі, адукацыі, прадпрымальніцтва… Мы фактычна здымалі з чыноўнікаў частку нагрузкі.

А з нашымі школамі было яшчэ смяшней. Раён мог засыпаць іх праверкамі, але як толькі прыязджала высокая камісія з вобласці ці міністэрства, яе везлі менавіта туды. Бо там была рэальная праца, а не папяровая імітацыя.

Вось такі парадокс.

Перад пачаткам праектаў мы правяралі кожную ідэю: ці не супярэчыць яна заканадаўству, афіцыйным нормам? А потым ішлі па кабінетах і паказвалі:

– Глядзіце: гэта адпавядае і вашым правілам, і міжнародным патрабаванням.

У адказ чулі:

– Добра, рабіце. Толькі не высоўвайцеся.

Дзякуй. Будзем маскавацца. І рабілі сваё.

Так існавалі многія.

Мы былі проста «бабулямі з добрым чаем». А потым высветлілася: нешта важнае ведаем і пра самакіраванне

– Калі пачаўся 2020 год, ці адчулі, што нездарма працавалі?

– Так. Я глядзела на ўсё гэта і думала: вось яно – тое, што столькі гадоў спрабавалі вырошчваць.

Гэта быў абсалютны гонар. Захапляла, колькі крэатыву, дваровых сустрэч, самых розных мясцовых ініцыятыў! Кожны дваровы чат рабіўся інструментам самакіравання. У Серабранцы, Сляпянцы, на Залатой Горцы і ў іншых раёнах з’яўляліся ўласныя сцягі. Розныя сталі разам.

Мы з прыяцелькай у сваім двары спачатку лічыліся проста «бабулямі з добрым чаем». А потым у маладых арганізатараў пачалі ўзнікаць пытанні, як увогуле працуе самакіраванне. І тут высветлілася: тыя самыя «бабулі з добрым чаем» яшчэ нешта важнае пра гэта ведаюць.

– А слабыя месцы нечаканага народнага руху вы ўжо тады бачылі?

– Мяне вельмі непакоіла, што ў маладых шмат энергіі, але не заўсёды хапала досведу. Часта ішлі наперад на адных эмоцыях, не думаючы пра бяспеку, і самі сябе падстаўлялі.

Перад адным з нядзельных маршаў ўбачыла, як у наш раёнчык заехала і схавалася ў дварах невялікая міліцэйская машына. А побач якраз пачалі збірацца хлопцы і дзяўчаты, расчахляюць сцягі.

Кажу: «Дзеці, пакуль не даставайце, схавайце гэта. Там міліцэйская пастка». А яны ж разумныя і адважныя – маўляў, што ты, бабка, расказваеш, каго палохаеш? Але не паспелі нават да праспекта дайсці – перахапілі ланцугом і павялі ў аўтазакі. Першае масавае затрыманне ў раёне.

Або іншы выпадак. Пасля сутыкненняў каля плошчы Перамогі мяне вёз малады таксіст. Яго аж трэсла ад узбуджэння: «Мы ўпершыню далі адпор АМАПу! Да нас наогул нічога такога раней не было!»

Я пачала расказваць пра супраціў на Чарнобыльскіх шляхах, міліцэйскія пасткі, падрыхтоўку да іх. Глядзіць шырока расплюшчанымі вачыма – упершыню чуе. І тады вельмі востра адчула: мы не перадалі ім свайго досведу. Кожнае пакаленне схільнае чуць найперш сябе і адкрываць свет нанова.

Ніна Мікалаеўна Кошаль любіла паўтараць услед за Фанвізіным: «Усё дурата, чаго не ведае Мітрафанушка!» Часта робім гэтаксама і мы. Не цікавімся папярэднім досведам і пачынаем усё спачатку.

– Але, можа, маладзейшаму пакаленню проста не хочацца атрымліваць ад старэйшых яшчэ адну гатовую правільную кніжнасць?

– Таксама праўда. Часта чую: «Вы мне тэорыю не суньце, я практык!»

Але практыка без разумення, навошта і што ты робіш, таксама неэфектыўная.

Сябе самастойнымі ўжо адчулі. А ў паводзінах яшчэ не заўсёды такімі сталі

– Калі параўнаць маладога чалавека вашай маладосці і сённяшняга, што змянілася найбольш?

– Ён убачыў свет. Розны. І ведае: Беларусь – гэта не ўсё, што існуе навокал. У цяперашняга маладога чалавека значна больш магчымасцяў ведаць мовы, размаўляць з палякамі, немцамі, французамі, кітайцамі, амерыканцамі…

Я цалкам падтрымліваю неабходнасць пераходу на беларускую мову. Але крый божа нам вырашыць, што гэтым усё і заканчваецца.

Калісьці філосаф Аляксандр Грыцанаў казаў: «Беларусь – ключ да сферы кірыліцы». Мне ў яго думцы важнае тое, што нашая краіна стагоддзямі існавала на мяжы розных культурных і моўных светаў. Мы можам не толькі адгароджвацца, але і быць тымі, хто разумее розныя бакі.

Сусед з усходу нікуды не дзенецца. І ўжо цяпер трэба думаць, як з ім жыць побач пасля вайны.

– А што вам бачыцца самым жывучым з савецкай спадчыны ў пакаленні 40-гадовых?

– Страх і патэрналізм.

Гэта як у маладой сям’і: «Мы ўжо самастойныя і будзем жыць сваім жыццём. Бацькі, вы мусіце аплаціць нам кватэру, падкінуць прадуктаў… Але не маеце права ўмешвацца, бо мы – паўналетнія!»

Сябе самастойнымі яны ўжо адчулі. А ў паводзінах яшчэ не заўсёды такімі сталі напоўніцу.

– А калі павярнуць гэтае пытанне на вас саму? Што савецкае дагэтуль жыве ў Соф’і Савелавай насуперак уласнаму разуменню?

– З аднаго боку, жартую: апошнія гады асвойваю дзве новыя для сябе ролі – эмігранткі і ўтрыманкі. І часткова мне гэта ўжо пачынае падабацца…

Раней такога не было. Я ўсё ў жыцці здабывала ўласнай працай і лічыла, што ніхто мне нічога не вінен. Ніколі не ўмела прасіць дапамогі, а тут давялося перасільваць звычку. Спачатку нават узнікала адчуванне, нібы губляю сябе.

З іншага боку, калі-нікалі дастаю старыя флэшкі з напрацоўкамі па адукацыі, рэабілітацыі і разумею, як мы апераджалі тады рэальнасць! Былі сумленнымі, не цураліся складанай працы і, галоўнае, не баяліся прызнаць: не заўсёды ведаем, у які бок ісці.

А што мяне сёння засмучае ў сабе? Лічу сябе самастойнай, адчуваю сябе менеджаркай, але не маю адвагі пачаць у эміграцыі ўласную справу. Я занадта добра ведаю, як усё гэта ўладкавана і колькі высілкаў патрабуе. Не вельмі ўпэўненая і ў магчымасцях свайго здароўя.

А самае галоўнае – тут няма маёй каманды. І вось пачынаць без яе баюся.

– У пачатку нашай размовы вы казалі, што савецкая дзяржава прапаноўвала чалавеку гатовы маршрут жыцця. А цяпер самі жывяце без яго. На чым тады можа трымацца новае, добраахвотнае беларускае «мы»?

– Чакайце, а каго мы ўключаем у гэтае «мы»? Толькі тых, хто беларус па паходжанні, ці ўсіх, хто лічыць гэтую краіну сваёй?

У мяне, напрыклад, беларуска-яўрэйскія карані. Тут стагоддзямі жылі людзі розных веравызнанняў і культур, гаварылі на розных мовах. І вельмі важна гэтага не страціць.

Дзяржаўнай мусіць быць беларуская мова. Яна можа аб’ядноўваць, але гэта ж не значыць, што іншым мовам тут няма месца.

Нам наогул трэба навучыцца не баяцца няпэўнасці. Нават эміграцыю можна ўспрымаць не толькі як страту, але і як магчымасць знайсці сябе сярод сваіх і iншых, захаваць сувязі, якія ўжо не залежаць ад дзяржаўных межаў. Аднак такое «мы» нельга сабраць паводле чарцяжа.

Яго можна толькі вырасціць.

І вельмі важна не згубіць тое, што я хачу бачыць нашай каштоўнасцю: здольнасць не шукаць канфлікту, дамаўляцца з рознымі людзьмі. Пры гэтым – не саступаць, калі тое, што для цябе сапраўды важнае, спрабуюць ператварыць у тлен.