12 жніўня выйшаў новы, дванаццаты, нумар інтэрнэт-часопіса “ПрайдзіСвет”, прысвечаны нямецкамоўнай літаратуры. Нумар называецца “Deutsche Vita” і змяшчае творы, напісаныя не толькі на тэрыторыі Германіі, але і Аўстрыі, Румыніі і Расіі.
Сярод аўтараў новага нумару — і класічныя пісьменнікі Вільгельм Гаўф, Эрых Марыя Рэмарк, Генрых Гайнэ, Герман Гесэ, Райнэр Марыя Рыльке, і не перакладаныя раней на беларускую мову Тэадор Крамер, Курт Тухольскі, Людвіг Бехштайн, і сучасны паэт Ян Вагнер. Таксама ў нумары змешчаная “Песня пра Гільдэбранда”, якая выйшла дадаткам да “Бэўвульфа”, перакладзенага Антонам Францішкам Брылём і зусім нядаўна выдадзенага З. Коласам. Два вялікія матэрыялы ў нумары прысвечаныя перакладам песень: песень расійскіх немцаў (пераклад Васіля Сёмухі) і папулярных нямецкіх песень 1930-х гадоў (пераклад Ігара Крэбса). У якасці майстар-класа ў нумары даецца гутарка па праблемах перакладу, у асноўным нямецкамоўнай літаратуры. Перакладчыкі нумару — Васіль Сёмуха, Андрэй Хадановіч, Антон Францішак Брыль, Уладзімір Папковіч, Ганна Янкута, Кацярына Маціеўская, Альгерд Бахарэвіч, Аляксей Жбанаў, Яніна Прыстаўка, Ігар Крэбс, Арцём Арашонак.
З прадмовы да нумару:
На першы погляд можа падацца, што нямецкая мова — вельмі маналітная: гавораць на ёй у адным рэгіёне, ніякай экзотыкі. Варта, аднак, успомніць, што рэгіён гэты ўлучае не толькі Германію і Аўстрыю, але яшчэ і Швейцарыю і Ліхтэнштэйн. Усё ўжо робіцца трошкі складаней. А што рабіць з нямецкамоўнай паэзіяй Румыніі? З песнямі, якія на самай сапраўднай нямецкай мове спявалі немцы Паволжа? Ладна з той Румыніяй і з тым Паволжам — што рабіць з беларускім паэтам Алесем Разанавым, які раптам вырашыў напісаць па-нямецку цэлую кнігу вершаў? А калі сюды дадаць яшчэ і розныя варыянты і дыялекты — ну, хаця б тую ж стараверхненямецкую, — нямецкамоўны свет акажацца нашмат больш загадкавым і стракатым. І гэта мы яшчэ не згадваем ідыш, які таксама ўзнік на аснове сярэдненямецкіх дыялектаў.