Пасольства Італіі ў Рэспубліцы Беларусь паведамляе выдаўцам і ўсім зацікаўленым, што Міністэрства замежных спраў і міжнароднага супрацоўніцтва Італьянскай Рэспублікі мае адпаведныя фонды, прызначаныя для заахвочвання перакладаў італьянскіх кніг на замежныя мовы і запрашае выдаўцоў накіроўваць заяўкі ў дзвюх катэгорыях: прэмія і фінансавая падтрымка.
Гарантыі якасці перакладу, пацверджаныя Пасольствам Італіі, будуць улічвацца як дадатковыя элементы падчас ацэнкі мэтазгоднасці фінансавання або прэміравання праекта.
Зацікаўленыя могуць падаваць заяўкі кожны год да 31 сакавіка або да 30 верасня ў Пасольства Італіі.
1. Прэмія — грашовая ўзнагарода за ўжо перакладзены з італьянскай мовы, выдадзены і размеркаваны ў гандлёвай сетцы твор, на які падаецца заяўка на фінансаванне за самастойны выдавецкі праект. Заяўка на атрыманне прэміі павінна ўтрымліваць наступны пакет дакументаў:
а) Перакладзены і выдадзены тэкст, а таксама копію першай і чацвёртай старонак вокладкі кнігі на італьянскай мове;
б) Кароткае апісанне або абгрунтаванне твора, абранага для перакладу і/або выдавецкага праекту;
в) Біяграфію перакладчыка і яго кантракт (дамову) з беларускім выдавецтвам;
г) Для заяўкі на атрыманне прэміі неабходна таксама падаць дакумент, які пацвярджае набыццё выдавецтвам адпаведных аўтарскіх правоў.
2. Фінансаванне — грашовыя сродкі для будучага перакладу і выдання твора (твораў) з італьянскай мовы на беларускую. Не прымаюцца да разгляду ўжо апублікаваныя творы і творы, публікацыя якіх адбудзецца ў дадзены семестр. Выплата фінансавання — толькі пасля перакладу і публікацыі кнігі, на вокладцы якой павінна быць указана на беларускай і італьянскай мовах: “…гэтая кніга была перакладзена дзякуючы фінансаванню, выдзеленаму на пераклад Міністэрствам замежных спраў Італьянскай Рэспублікі” (“…questo libro è stato tradotto grazie ad un contributo alla traduzione assegnato dal Ministero degli affari esteri italiano”) ці нешта падобнае.
Нагадваем, што фінансаванне прадугледжана выключна за працу перакладчыка і будзе ажыццяўляцца праз Пасольства Італіі.
Неабходны пакет дакументаў:
а) Кароткае апісанне або абгрунтаванне твора, абранага для перакладу і/або выдавецкага праекту;
б) Біяграфічныя звесткі аб перакладчыку і яго кантракт з беларускім выдавецтвам;
в) Сціслы каштарыс выдаўца з указаннем агульных коштаў публікацыі, перакладу і указаннем памера фінансавання, на якое падаецца заяўка;
г) Тэрміны, прадугледжаныя для публікацыі;
д) Копію першай і чацвёртай старонак вокладкі кнігі на італьянскай мове;
е) Для падачы заяўкі на атрыманне фінансавання неабходна таксама прадставіць кантракт на набыццё выдавецтвам адпаведных аўтарскіх правоў або ліст аб намерах беларускага выдаўца італьянскаму выдаўцу аб будучым набыцці аўтарскіх правоў (у выпадку выдзялення фінансавання яго выплата будзе ажыццяўляцца толькі ў выпадку прадстаўлення дакумента, які пацвярджае набыццё аўтарскіх правоў).
N.B. Копіі кантрактаў, лісты выдавецтваў, матэрыялы друку і іншыя дадатковыя матэрыялы павінны быць перакладзены на італьянскую або англійскую мовы.
Няпоўныя заяўкі або заяўкі з няправільна аформленым пакетам дакументаў да разгляду прымацца не будуць.
Матэрыялы просім накіроўваць:
Данільчык Аксане Аляксееўне
Аддзел перакладаў
Пасольства Італіі ў Мінску
вул. Ракаўская, 16б
г. Мінск
220004 Беларусь
e-mail: [email protected]
тэл. 220 29 69