Пераможцай прэміі Анемпадыстава сёлета стала дызайнерка Алена Дашкевіч за вокладку да кнігі “Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў”.
“Прэмія мела пэўныя асаблівасці сёлета, і гэтыя асаблівасці дадаліся ў знакі сябрам журы. Так, у кнізе “Беларуская нацыянальная ідэя” былі “обноружены” элементы экстрэмізму, а кніга “Простыя словы” – пра патрона гэтай прэміі, пра Міхала Анемпадыстава, і магчыма кагосьці гэта здзівіць, але як ёсць. Гэты няпросты час, у якім мы знаходзімся, абудзіў творчы патэнцыял людзей. У гэтым годзе вокладкі былі надзвычай цікавымі, са свежымі формамі і незвычайнымі каляровымі рашэннямі. Таму вельмі складана было з вартых выбіраць вартае”,
– адзначыла літаратарка Вольга Бабкова, якая сёлета не толькі ўваходзіла ў склад журы, але і стала адной з вядоўцаў цырымоніі.
“Я адразу хацела, каб гэта быў менавіта фотаздымак. Каб вокладка паказвала, што кніжка – вось пра гэтага чалавека. Трэба было знайсці фотаздымак, які б адпавядаў характару Міхала, які б паказваў яго прынцыповасць і тое, што Міхал быў правадыром ідэй і што яму было важна, каб яго слухалі. І вось гэты жэст на фота– гэта ягоны жэст. Я зрабіла некалькі варыянтаў, але менавіта гэты варыянт падтрымалі мае сябры”,
– прамовіла пераможца Прэміі, дызайнерка Алена Дашкевіч.
У конкурсе сёлета бралі ўдзел 28 вокладак. Фіналістамі сталі:
- Анатоль Лазар – аўтар вокладкі кнігі “Беларуская нацыянальная ідэя”, Зміцер Лукашук, Максім Гаруноў. Медысонт, 2020.
(Мінская абласная экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі дала заключэнне, што кніга змяшчае “прыкметы праяўлення экстрэмізму”). - Кацярына Даманікава, Андрэй Ганчарук – аўтары вокладкі кнігі “Лотас на асфальце”, Алесь Плотка. Люта Справа, 2020.
- Павел Дарохін – аўтар вокладкі кнігі “Нарысы сучаснага краязнаўства”, Збых Слупоўскі. Галіяфы, 2020.
- Павел Дарохін – аўтар вокладкі кнігі “Папяросы”, Юры Іздрык (пераклад на беларускую – Алесь Плотка). Галіяфы, 2020.
- Алена Дашкевіч – аўтарка вокладкі кнігі “Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў”. Stowarzyszenie Młodych Twórców -“Ku Teatrowi” (сувыдавец – Agencja Wydawnicza Ekopress), 2020.
- Наталля Паваляева – аўтарка вокладкі кнігі “ROT”, Юля Цімафеева. Янушкевіч, Вясна, 2020.
Пераможцу вызначала журы, у якое ўвайшлі літаратарка і архівістка Вольга Бабкова, графік, дызайнер і фатограф Адам Бароўскі, дызайнер і каліграф Генадзь Мацур, дызайнерка Кацярына Пікірэня, мастачка Антаніна Слабодчыкава.
Ініцыятыва адзначаць найлепшую вокладку да беларускай кнігі належыць Беларускаму ПЭН-цэнтру сумесна з Саюзам беларускіх дызайнераў і “Лятучым універсітэтам”, а таксама польскім партнёрам ТАА “H&L” і фондам “Адкрытая культура”. Генеральным партнёрам прэміі з’яўляецца тэлеканал “Белсат”.
Прэмія заснавана ў 2019 годзе ў памяць пра чалавека многіх талентаў – мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця тры гады таму. Першым пераможцам прэміі стаў Грыгорый Кацнэльсон за вокладку кнігі “Віленскі покер” Рычарда Гавяліса, у 2020 годзе прэмію атрымала дызайнерка Кацярына Пікірэня за вокладку кнігі “Трое ў чоўне і пёс з імі” Джэрома К. Джэрома.