Спампаваць pdf-версію 55-га выпуску маніторынга культурнага супраціву
Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Студзень-верасень 2021
Беларускі ПЭН падрыхтаваў чарговы маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Гэты дакумент змяшчае статыстыку парушэнняў і падрыхтаваны на падставе абагульнення інфармацыі з адкрытых крыніц, камунікацыі з дзеячамі культуры за перыяд са студзеня па верасень 2021 года.
Пераслед, прысуды, культурная палітыка
Павел Аракелян, музыка, вымушаны распрадаваць свае інструменты, таму што «з музыкай цяпер усё цалкам спынена, а жыць на нешта трэба».
Гомельскі дабрачынны фонд «Разам тут», які займаўся дапамогай у сацыялізацыі людзей з інваліднасцю, а таксама рознымі творчымі ды тэатральнымі праектамі з удзелам такіх людзей, ліквідавалі праз згадку на гомельскім незалежным партале «Флагшток», чые матэрыялы прызнаныя экстрэмісцкімі.
У бабруйскай крэатыўнай прасторы «13:87», дзе праводзяцца адукацыйныя мерапрыемствы — семінары і лекцыі, творчыя майстар-класы, паэтычныя вечары, курсы для пенсіянераў і школьнікаў, — 20 кастрычніка прайшоў ператрус. Ён цягнуўся каля 4 гадзін і пакінуў пасля сябе поўны разгром. Заснавальніцу клуба Наталлю Халанскую і дырэктарку Сэм вечарам адпусцілі, забраўшы тэлефоны.
У Аксаны Зарэцкай, культуролага і эксперткі па этыкеце, 21 кастрычніка зноў адбыўся ператрус.
З лістапада ў СІЗА-1 зняволеным уводзяць абмежаванні на падпіску на газеты і часопісы: аформіць падпіску змогуць толькі самі вязні за грошы, што маюць на асабістых рахунках, і толькі на беларускія выданні — раней гэта мог зрабіць хто-заўгодна, а падпісаць можна было яшчэ і на расійскія выданні.
Жыццё ў няволі
Уладзімір Мацкевіч, філосаф і метадолаг, заснавальнік Лятучага Універсітэта, піша з-за кратаў:
«Цаніце свабоду, жывіце поўным жыццём. І на азёры не лянуйцеся з’ездзіць і ўсё іншае. У турме разумееш, як шмат рэчаў у свеце, без якіх ты можаш абысціся, але гэта з аднаго боку. А з іншага, разумееш, як шмат усяго, чаму не надаваў патрэбнай увагі, калі гэта было магчыма».
Алесь Мінаў, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, паэт, затрыманы ў канцы жніўня па справе аб масавых беспарадках, піша з турмы, што вельмі дапамагаюць і падтрымліваюць дух вершы, шмат якіх ён трымае ў галаве. «Надзвычайна ўздымаюць дух лісты». Не хапае музыкі. Алесь даволі спакойна ўспрымае ўсё і ні пра што не шкадуе.
На Радыё Свабода выйшаў вялікі матэр’ял на аснове лістоў, якія прыходзяць ад Віктара Бабарыкі — у іх ён дзеліцца сваім меркаваннем на тэму культуры і грамадства, расказвае пра сваё жыццё ў калоніі, раіць, якія кнігі пачытаць, выказвае думкі пра Беларусь і паслявыбарчыя падзеі.
«Не журыся», — пра што піша Алесь Бяляцкі ў лістах з-за кратаў.
Касю Будзько, мастачку, Ксюшу Сырамалот, актывістку, паэтку, Марыю Каленік, студэнтку Акадэміі мастацтваў, асуджаных на 2,5 гады зняволення па «справе студэнтаў», перавялі з СІЗА ў калонію ў Гомелі.
Творчы супраціў і культурны актывізм
Другі сезон перадачы «Шокінг Культ» з Максімам Жбанковым.
Гарадзенская творчая студыя А4 стварыла і выдала гульнявыя карты з аўтарскімі выявамі знакамітых постацяў часоў Вялікага Княства Літоўскага.
Вышыўку Руфіны Базловай «Алесь Пушкін» з серыі «Гісторыя беларускай выжыванкі» на аўкцыёне набыў Іван, праграміст з Беларусі, які цяпер жыве ў Грузіі. Ён выказаў намер перадаць свой набытак у Музей Новай Беларусі.
Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа стварае лічбавую калекцыю выданняў Інстытута беларускай культуры — першай навуковай установы ў найноўшай гісторыі Беларусі.
«Творчая кухня» з шорт-лістарамі сёлетняй прэміі Гедройця Сяргеем Абламейкам і Таняй Скарынкінай.
«Замецены след» — выйшла новая кніга апавяданняў Вінцэся Мудрова.
Конкурс «Кот на Валадарцы» ў падтрымку Валяціна Стэфановіча, праваабаронцы за кратамі:
Вольга Якубоўская, «Вяртанне ката Валянціна»; Валер Вішчэня.
Новая тэматычная песня Паліны Дабравольскай (Chornabrova)
Андрэй Хадановіч прэзентаваў ва Уроцлаве сваю новую беларуска-польскую кнігу.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі прадстаўляе Віртуальны праект «На хвалі часу, у плыні жыцця» ў раздзеле, прысвечаным 120-годдзю з дня нараджэння Кузьмы Чорнага.
Прэм’ера «0908» — першага з 12 арт-фільмаў праекта Revolution, прысвечаных беларусам і іх барацьбе за свабоду. Над праектам працуюць: Даша Брыян, рэжысёрка. і Марыя Крук, прадзюсарка, — у партнёрстве з Беларускім моладзевым хабам.
Выйшарў 114-ы нумар літаратурнага часопіса «Дзеяслоў», які выдае Саюз беларускіх пісьменнікаў, ліквідаваны рэжымам.
Галасы асобаў
Сяргей Верамяюк, музыка, адлічаны з БНТУ студэнт, пра свой удзел у пратэстах:
«Гэта перш за ўсё годнасць. Мой прадзед прыпісаў сабе ўзрост, каб трапіць на фронт. Прапрадзед ваяваў у трох войнах. А я буду сядзець, калупацца ў носе, казаць, што мне трэба скончыць вучобу? Ды гары яно агнём! І потым, што я сваім унукам раскажу? Што сядзеў і супрамат вучыў, пакуль у краіне адбываліся перамены?»
Ганна Севярынец, пісьменніца, даследчыца літаратуры:
«Гэты цяжкі час, безумоўна, міне, проста таму, што ўсё мінае. Перажываць яго няпроста: нас гэтаму не вучылі. Нейкія рэцэпты выпрацоўваюцца сам-насам, для кожнага — свой, але ёсць і агульныя».
Таццяна Грыневіч, беларуская спявачка, “першая скрыпка» Плошчы Незалежнасці летам і ўвосень 2020 года, пасля турнэ па гарадах Польшчы:
«Запомніліся слёзы на вачах слухачоў — гэта быў накал эмоцый беларусаў, якія вымушаныя пасля несправядлівых выбараў пакінуць Радзіму. Адбыліся сустрэчы на чужыне, дзе пачулі і заспявалі разам песні, якія блізкія кожнаму з іх, зладзілі танцы, так, як калісьці танчылі іхнія продкі, а самае галоўнае, што ў поўнай ступені адчулі сябе беларусамі, некаторыя можа нават і ўпершыню. Запомніліся словы падзякі за мае выступы ў Беларусі, за Плошчу…»
Міжнародная салідарнасць
23-га кастрычніка ў Мульцікультурным цэнтры ў Варшаве распачала сваю працу выстава «Штучная кома». На ёй прадстаўлены працы маладых беларускіх мастакоў, вымушаных уцячы з краіны.
Віртуальнае пасяджэнне ААН, падчас якога быў прадстаўлены маніторынг Беларускага ПЭНа, а таксама абмеркаваная сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі і, у прыватнасці, парушэнні культурных правоў, адбылося 22 кастрычніка.
У польскім горадзе Быдгашч адбылося ўручэнне драматургічнай прэміі «Аўрора» за выбітны твор сучаснай драматургіі. Пераможцам стаў беларус Мікіта Ільінчык з п’есай «Dark room». Пераможцу абірала экспертнае журы, старшынёй якога была Святлана Алексіевіч.
Акцыя ў падтрымку ліквідаваных Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭНа на Франкфурцкім міжнародным кніжным кірмашы .
Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння
Па стану на 23 кастрычніка ў Беларусі 817 чалавек прызнаныя палітычнымі зняволенымі, іх колькасць па-ранейшаму працягвае павялічвацца. Гэта, безумоўна, сведчыць пра тое, што ціск і рэпрэсіі з боку ўладаў не толькі не спыняюцца, але і набіраюць моц.
Беларускі ПЭН-цэнтр як аб’яднанне літаратараў асабліва заклапочаны лёсам дзеячаў культуры, якія несправядліва апынуліся за кратамі. У кастрычніку 4 чалавекі, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі.
Гэта Андрэй Пятроўскі, былы настаўнік гісторыі і грамадазнаўства са Смаргоні (5 кастрычніка); Аляксандр Нурдзінаў, мастак (11 кастрычніка); Анжаліка Борыс, старшыня «Саюза палякаў Беларусі» (14 кастрычніка) і Павел Мазько, дызайнер адзення (21 кастрычніка).
Адрасы для лістоў:
Андрэю Пятроўскаму – Турма №1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1;
Аляксандру Нурдзінаву – ПК №1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8;
Анжаліцы Борыс – Следчая турма №8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А;
Паўлу Мазько – СІЗА-7. 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37.