Спампаваць pdf-версію 59-га выпуску маніторынга культурнага супраціву
Пераслед, прысуды, культурная палітыка
Паўла Белавуса, заснавальніка крамы сувеніраў з нацыянальнай сімволікай Symbal.by, якую вымусілі перайсці з афлайна ў анлайн у 2020 годзе па палітычных матывах, асудзілі на 15 сутак за “Парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў”. Па інфармацыі з медыя, Паўла затрымалі за тое, што ён перасылаў кнігу “Беларуская нацыянальная ідэя” Змітра Лукашука, якую прызналі экстрэмісцкай.
Справу Эдуарда Пальчыса перадалі ў суд. Эдуард — палітзняволены палітычны блогер, грамадскі дзеяч, затрыманы ў кастрычніку 2020 года. Яго вінавацяць у “арганізацыі масавых беспарадкаў”, “дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”, “дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці” і “закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь”.
Фёдар Чаранкоў, вакаліст гурта “Ня Варта”, атрымаў 5 содняў арышту за падпіску на аккаўнт медыя, прызнанага экстрэмісцкім. Падчас працэсу Чаранкоў паспеў крыкнуць, што ён спіць на драўляных нарах без матраца, а замест падушкі выкарыстоўвае рулоны туалетнай паперы.
Спявак Аляксандр Патліс быў запрошаны выступіць на канцэрце памяці Мулявіна, які плануецца ў студзені ў філармоніі. Але некалькі дзён таму даведаўся, што з “палітычных прычын” яго выкраслілі з праграмы.
Крысціна Башарымава, мастачка і акцыяністка, была затрыманая за падпіску на каналы, прызнаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі. У праўладных тэлеграм-каналах з’явілася “пакаяльнае відэа” з дзяўчынай. У пятніцу стала вядома, што яе адпусцілі.
Зміцер Шыманскі, дудар, якога асудзілі на 3 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія») па артыкуле аб “арганізацыі і ўдзелу ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак” за гранне на дудзе на маршы 16 жніўня 2020 года, здолеў пакінуць Беларусь — цяпер ён знаходзіцца ў Варшаве.
У Віцебску затрымалі Барыса Хамайду, культурнага актывіста, які з 1980-х гадоў распаўсюджвае беларускую культуру проста на гарадской вуліцы. Раней працоўнае месца Барыса, так званую “Выспу свабоды”, аздаблялі бел-чырвона-белы парасон і вышыванкі, там ладзіліся пікеты і распаўсюджвалася незалежная прэса. На гэтым тыдні міліцыя канфіскавала ў яго кнігі на беларускай мове: іх будуць правяраць на “экстрэмізм”. Але Барыс кажа, што не пакіне сваёй працы, нават калі ў яго канфіскуюць усё да рэшты: ён будзе прыходзіць на вуліцу з раскладным крэслам і проста размаўляць з людзьмі.
Жыццё ў няволі
Арцём Федасенка, палітвязень і аўтар музычнага праекта AF, за кратамі піша вершы. Арцём — дырэктар мінскай прыватнай тыпаграфіі, які быў затрыманы 19 сакавіка 2021 г. Яму пагражае да пяці гадоў турмы за “друк незарэгістраваных газет, налепак, лістовак пратэстнага характару”. Незадоўга да арышту Арцём выпусціў два сінглы, але не паспеў нават паведаміць пра рэліз.
Алесь Пушкін, палітзняволены мастак, даслаў з турмы новую серыю малюнкаў “Сукамернікі”. Пазней стала вядома, што Алеся накіравалі на псіхіятрычную экспертызу. Ён знаходзіцца за кратамі ўжо амаль 8 месяцаў.
Віктар Бабарыка, мецэнат і палітычны зняволены, “зарабляе” ў калоніі ўсяго 50 рублёў. Раней гэта сума была 1,6 рублі ў месяц.
Творчы супраціў і культурны актывізм
15 лістапада — Міжнародны дзень пісьменніка ў няволі. Радыё Свабода і Беларускі ПЭН абвясцілі сем пераможцаў прэміі Францішка Аляхновіча за творы, якія грунтуюцца на асабістым аўтарскім турэмным досведзе:
- Андрэй Аляксандраў. Вершы з-за кратаў;
- Аляксандр Васілевіч. “Папа и пингвин”. Казкі пра ўнутраную свабоду, напісаныя ў Менскім СІЗА;
- Максім Знак. Цыкл турэмных вершаў;
- Вольга Калацкая. Турэмны дзённік;
- Святлана Купрэева. Цыкл турэмных вершаў;
- Мікола Папека. Цыкл турэмных вершаў;
- Андрэй Скурко. Казкі і вершы для сына.
Да гэтай даты на сайце Беларускага ПЭНа з’явіўся банер, з якога можна даведацца пра кожнага з Людзей Слова ў няволі ў Беларусі.
Мастачка Вольга Якубоўская прысвяціла новую работу палітзняволенай Наталлі Хершэ.
У Беластоку адкрылася выстава маляваных дываноў “Я ўсё магу патлумачыць” мастака Максіма Осіпава. Яна прадстаўляе біблейскія ці гістарычныя постаці з вядомых карцін ці іконаў у кантэксце сучасных падзей у Беларусі.
Новы раман “Гэй Бэн Гіном” Уладзіміра Някляева, пісьменніка, паэта, сябра ПЭНа, выйдзе на беларускай мове ў Польшчы, бо, як лічаць выдаўцы, праз палітычныя матывы выдаць кнігу ў Беларусі зараз нерэальна. Прэзентацыі рамана адбудуцца ў лістападзе-снежні гэтага года.
Установа “ЭтнаТрадыцыя” працягвае папаўняць анлайн-энцыклапедыю традыцыйных беларускіх строяў.
Сяргей Грыневіч, міжнародна вядомы беларускі мастак, чые карціны не раз здымалі з выставаў за “неадпаведны” змест, правёў лекцыю пра сваю творчасць для беларускага Віртуальнага Універсітэта Залатога Веку.
Выйшаў буктрэйлер да кнігі Артура Клінава “Локісаў”, а таксама буктрэйлер да кнігі Евы Вежнавец “Па што ідзеш, воўча?”, шорт-лістароў прэміі Ежы Гедройця 2021.
У Польскім горадзе Лягніца адбылася прэм’ера спектакля па дакументальнай п’есе Андрэя Курэйчыка, драматурга і сябра Беларускага ПЭНа. Героямі спектакля сталі Марыя Калеснікава, палітзняволеная музыка і дзяячка, Мікалай Статкевіч, Ігар Лосік, асуджаныя і затрыманыя па гучных справах студэнтаў, пенсіянеры, паэты і многія іншыя — усяго больш за 20 пранізлівых гісторый людзей, якія трапілі ў жорны сістэмы.
Берасцейскі паэт Уладзімер Глазаў, дачка якога Марына Глазава — палітзняволеная, асуджаная на 1,5 гады хатняга зняволення па “карагоднай справе”, выпусціў новы зборнік “Брестский мир”.
Вольга Севярынец зрабіла 10 паштовак паводле малюнкаў і цытат Паўла Севярынца, яе мужа — палітыка, пісьменніка, палітзняволенага.
Руфіна Базлова, беларуская мастачка, якая рэфлексуе пратэсты ў Беларусі ў стылізаваных пад традыцыйныя вышыўкі творах, увайшла ў спіс шортлістараў прэстыжнай польскай узнагароды Allegro Prize, якую ладзіць уплывовае міжнароднае выданне, прысвечанае сучаснаму мастацтву.
З’явіўся дакументальны фільм, прысвечаны Вітольду Ашурку, грамадскаму дзеячу, палітзняволенаму, які памёр паўгода таму ў шклоўскай калоніі пры нявысветленых абставінах.
У Варшаве завяршыўся сёмы фестываль беларускага кіно Bulbamovie. Лепшым ігравым фільмам абралі стужку «SOYKA» Анастасіі Сергіеня, лепшым дакументальным — «Цудоўныя ўзгоркі» Алены Буяковай. Большая частка конкурсу маладога кіно тычылася пратэстаў.
Галасы асобаў
Ігар Варашкевіч, музыка, лідар гурта “Крама”, на пытанне аб мажлівай эміграцыі адказаў: “Я хачу жыць на сваей зямлі”, — і паразважаў над пытаннем “Чаго беларусам не хапае?”:
“Зараз, калі ўсё беларускае фактычна знішчана, то ў галаву прыходзіць толькі адзін адказ — гэтага і не хапае. Самага галоўнага. Беларусам не хапае беларускасці. Мова, культура — усё ўтаптана ў зямлю, нішчыцца. Колькі людзей сядзіць, колькі з’ехала… Але без надзеі няма сэнсу жыць”.
Ганна Скрыпнікава, скрыпачка і заснавальніца Беларускай музычнай школы ў Варшаве, падзялілася ў інтэрв’ю сваім меркаваннем пра беларусаў, што “Людзі вернуцца і збудуюць сабе цудоўную краіну”:
“Мы добра зразумелі, што такое Бацькаўшчына, свой край і край чужы. Я думаю, што мы нават гатовыя ператрываць той складаны перыяд, што надыдзе пасля змены ўлады. Бо калі сістэма разваліцца, будзе яшчэ большая яміна: раскрыюцца рэчы, якія цяпер трымаюцца на падмане. Адкрыецца бездань усякіх непрыемнасцяў. І нас чакае доўгі шлях аднаўлення, бо ўсё павінна быць перапрацавана.”
Ганна Севярынец, пісьменніца і даследчыца літаратуры, напісала пра значэнне нематэрыяльных каштоўнасцяў такіх, як надзея, вера, любоў, мова і салідарнасць:
“Жудаснае глупства і нават злачынства — думаць, што перамога здабываецца палкамі, дубінкамі, камянямі і кулямі. Перамога здабываецца верай, надзеяй, упэўненасцю і ўнутранай непахіснасцю <…> Для мяне даўно барацьба перайшла ўнутр. Я перамагаю, пакуль я веру і раблю тое, што хачу і магу”.
Руся, музыка, вакалістка гурта ŠUMA, расказала ў інтэрв’ю, што разам з калежанкамі дыстанцыйна працуе над новымі трэкамі і чакае моманту вяртання на Беларусь:
“Мы валім вельмі энергічныя і вітальныя трэкі, якія чакаюць моманту, калі сітуацыя зменіцца і на праспекце Незалежнасці ў Мінску можна будзе стварыць вялікую рэйв-вечарыну. Калі будуць маршы і дэманстрацыі пад музыку, якую мы пішам спецыяльна для гэтых рэйваў. Уявіце, тры жанчыны спяваюць архаічныя народныя спевы. Гэта так крута! Я мару зрабіць Рэйв Перамогі! Я хачу вярнуцца ў Беларусь гучна і з шумам!”
Міжнародная салідарнасць
У межах сумеснай кампаніі Беларуская Рада культуры і Amnesty International заклікаюць беларускіх мастакоў да стварэння паштовак у падтрымку Мікіты Залатарова, 17-гадовага палітвязня, якога асудзілі па надуманых абвівачваннях на 4,5 гады калоніі.
Ксенія Сырамалот, палітзняволеная па “справе студэнтаў” паэтка, актывістка Задзіночання беларускіх студэнтаў, атрымае прэстыжную чэшскую прэмію “Гісторыі несправядлівасці” (разам з Мікітам Емяльянавым, прадстаўніком анархісцкага руху і Палінай Шарэнда-Панасюк, нязломнай маці дваіх няпоўнагадовых дзяцей). Упершыню ў гісторыі прэміі ёй ушаноўваюць грамадзян іншых краін.
Марыю Калеснікаву, палітзняволеную актывістку і музыку, узнагародзілі Прэміяй Магніцкага як “выбітную апазіцыйную дзяячку”. У лісце да ўзнагароды гаворыцца:
“Мы ўшаноўваем яе за прынцыповую і смелую пазіцыю, якую яна заняла ў абарону сваёй краіны, выступаючы супраць рэжыму Лукашэнкі”.
Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння
Па стану на 21 лістапада ў Беларусі 876 чалавек прызнаныя палітычнымі зняволенымі, іх колькасць па-ранейшаму працягвае павялічвацца.
Беларускі ПЭН-цэнтр як аб’яднанне літаратараў асабліва заклапочаны лёсам дзеячаў культуры, якія несправядліва апынуліся за кратамі. У лістападзе 5 чалавекі, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі.
Гэта Антон Шніп, музыка (1 лістапада); Кацярына Андрэева, журналістка, пісьменніца (2 лістапада); Віктар Бабарыка, мецэнат (9 лістапада); Ігар Ярмолаў, танцор (15 лістапада) і Максім Крук, сцэнограф (16 лістапада). Давайце павіншуем разам!
Адрасы для лістоў:
Антону Шніпу і Максіму Круку – СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2;
Кацярыне Андрэевай – ПК №4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3;
Віктару Бабарыку – ПК №1. 211440, г. Наваполацк, вул. Технічная, 8;
Ігару Ярмолаву – ПК №17. 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8;