Спампаваць pdf-версію 63-га выпуску маніторынга культурнага супраціву
Пераслед, прысуды, культурная палітыка
Надзеі і Уладзіміру Калачам, лідарам гурта Irdorath, прысудзілі 2 гады калоніі за ўдзел у мірных маршах пратэсту. Справу разглядаў суддзя Аляксандр Якунчыхін, дзяржабвінаваўцай выступіла Вольга Емельянчанка. Надзею і Уладзіміра абвінавачвалі ў “арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і навучанні ці іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама фінансаванні ці іншым матэрыяльным забеспячэнні такой дзейнасці”. Яшчэ трое музыкаў з гурта Irdorath, затрыманых 2 жніўня, – Пётр і Юлія Марчанкі, Антон Шніп — застаюцца ў СІЗА ў чаканні суда.
У Андрэя Палупанава, заснавальніка мінскай кінашколы-студыі, 16 снежня адбыўся вобшук.
Раніцай 16 снежня ў Мастах на працы затрымалі Галіну Цярэнцьеву — выкладчыцу сальфеджыа і музычнай літаратуры мясцовай Дзіцячай школы мастацтваў. Па словах самой Галіны, яе затрымалі за “фота ў Фэйсбуку”.
15 снежня затрымалі 2D-мастачку Галіну Семечка з кампаніі Vizor Games. У “пакаяльным відэа” Галіна “прызнаецца”, што была падпісана на “экстрэмісцкія” тэлеграм-каналы, а ў жніўні 2020 года ўдзельнічала ў акцыях пратэсту і перакрыцці дарог. У тэлеграм-каналах таксама паведамляецца пра затрыманне яе мужа.
Павел Белавус, менэджар культурнай прасторы і сувенірнай крамы Symbal.by, не выйшаў на волю пасля сканчэння другіх “сутак”. 17 снежня яму дадалі яшчэ 7 сутак адміністратыўнага арышту па артыкуле “дробнае хуліганства”. Павел знаходзіцца за кратамі ўжо больш за месяц.
На Паўла Латушку, палітыка, былога Міністра культуры і дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, які быў вымушаны з’ехаць з Беларусі, пачалі чарговую крымінальную справу за “Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў” і шкоду дзяржаве “ў асабліва буйным памеры”. У 2012 годзе тагачасны міністр культуры даў указанне аб уключэнні “шэрагу загадзя незапатрабаваных кінапраектаў” у тэматычны план па вытворчасці фільмаў, якія былі прафінансаваны з дзяржбюджэту. Гаворка ідзе пра фільм “У тумане” Сяргея Лазніцы, зняты па аповесці выбітнага беларускага пісьменніка Васіля Быкава.
Па інфармацыі з медыя, Аляксандр Багданаў (Papa Bo), арт-менеджар і дыджэй і Максім Крук, сцэнограф, 17 снежня былі асуджаныя суддзёй Марынай Клімчук на 3 гады “хіміі” з накіраваннем. Іх затрымалі 2 верасня пасля вобшуку і абвінавацілі ва “ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”.
Паводле індэксу Беларускага Хельсінкскага Камітэта, ацэнка права беларусаў на ўдзел у культурным жыцці – 2,8 з 10. Ацэнка па кампанентах:
⁃ Прыняцце ўдзелу ў культурным жыцці – 2,7;
⁃ Доступ да культурнага жыцця – 3,5;
⁃ Магчымасць унёску ў культурнае жыццё – 2,3;
⁃ Абарона культурнай разнастайнасці – 2,6.
У ацэнцы стану права на ўдзел у культурным жыцці прынялі ўдзел эксперты ПЭН.
Жыццё ў няволі
Ігар Банцэр, палітзняволены музыка, павінен быў выйсці з карцару 15 снежня, а на волю – 17, але 16 снежня стала вядома, што пакаранне карцарам яму працягнулі да дня вызвалення. Яго суседзі па “хіміі” лічаць, што прычына магла быць у тым, што Банцэр сядзеў “на сутках” у ІЧУ за 30 кіламетраў ад месца “хіміі”. Калі б музыка вызваліўся адразу з карцара, то ўжо не лічыўся б зняволеным і за рэчамі палітзняволенаму прыйшлося б дабірацца самастойна. 17 снежня Ігар выйшаў на волю.
Адміністрацыя магілёўскай турмы аказвае ціск на Мікалая Дзядка, палітзняволенага актывіста і літаратара, складаючы рапарты за “парушэнні”, якія ён не здзяйсняў. Таксама вязню адмаўляюць у аказанні медыцынскай дапамогі.
Андрэй Пятроўскі, палітзняволены настаўнік гісторыі і грамадазнаўства, даслаў з-за кратаў спіс кніг, якія лічыць вартымі ўвагі: сярод іх кнігі Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Арлова, Леаніда Дайнекі, Францішка Аляхновіча і іншых.
Творчы супраціў і культурны актывізм
Беларусы Ірына Паўловіч і Антось Сівых пераехалі ў польскі горад Лодзь. Маладыя людзі знялі фільм “Праз рэйкі” пра студэнтаў, якія зведалі такую ж дарогу з Беларусі ў Польшчу.
Беларускі Свабодны тэатр пад кіраўніцтвам Мікалая Халезіна і Наталлі Каляды пераехаў у Польшчу, дзе працягне сваю працу над спектаклямі.
Таццяна Вадалажская, каардынатарка праграм Лятучага ўніверсітэта, і Марыя Мартысевіч, перакладчыца, паэтка, эсэістка, літаратуразнаўца, былы член праўлення ПЭНа, абмеркавалі вынікі літаратурнага года ў праграме “Што гэта было?”: выбух творчасці ў 2020-21 гг., феномен турэмнай творчасці і творчасці рэпрэсаваных, а таксама цікавасць да беларускай культуры ў свеце.
https://www.youtube.com/watch?v=dZ4KAKoZU4o
Лявон Вольскі і Маргарыта Ляўчук прэзентавалі анімацыйны кліп на песню “Палон”. Песня была запісана на словы Аляксандра Лукашука некалькі год таму і прысвечана палітвязням. Мастачка анімацыйнага кліпа — Маргарыта Ціхановіч.
Суполка беларусаў ва Уроцлаве, Польшча, 19 снежня правяла калядны канцэрт, на якім выступілі Зміцер Цярэнцьеў з праектам “Добрая музыка”, пісьменнік і бард Зміцер Бартосік, а таксама Алесь Дзянісаў, лідар рок-гурта “Дзецюкі”.
З 18 снежня Сяржук Доўгушаў з камандай Tradycyja адправіўся ў святочнае турнэ па ЗША і Канадзе з інтэрактыўным канцэртам, госці якога змогуць навучыцца спяваць традыцыйныя беларускія песні, калядаваць і разам правесці калядны абрад.
Галасы асобаў
Мікалай Статкевіч, палітзняволены палітык, якога 14 снежня асудзілі на 14 гадоў зняволення, даслаў з следчай турмы свае разважанні пра сэнсы жыцця, грамадства і з парадамі:
“Прымай у якасці ўласных жыццёвых сэнсаў тыя чалавечыя, грамадзянскія, маральныя абавязкі, якія адпавядаюць твайму пачуццю справядлівасці. Чалавецтва выжыла і развілася дзякуючы салідарнасці супляменнікаў, палоў і пакаленняў. Ты прыйшоў на шмат што гатовае. Не будзь няўдзячны і зрабі свой унёсак. Імкніся жыць у адпаведнасці са сваім маральным пачуццём і не ахвяруй уласнай годнасцю. Гэтыя якасці закладзеныя шмат каму з нас генетычна. Грэбуючы імі ты ствараеш унутранае напружанне і запускаеш працэс унутранага самаразбурэння, якое праявіць сябе ў фізічных і псіхічных хваробах, у неабходнасці алкагольнай ці наркатычнай кампенсацыі”.
Крысціна Дробыш, актрыса з трупы Купалаўцы — былых актораў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якія звольніліся ў 2020 годзе на знак пратэсту, паведаміла пра вымушаны ад’езд з Беларусі:
“Мае чалавечыя рэсурсы ў нейкі момант проста развіталіся са мной. За апошнія 490 дзён я аддала усё, што ў мяне было, акрамя аднаго — маёй фізічнай свабоды. Са мной забаронена працаваць на радзіме. Хтосьці і сам баіцца супрацоўнічаць, хтосьці проста знікае. Не асуджаю і бясконца ўдзячная тым, хто дагэтуль застаецца побач. Часам адчуванне, што краіна пражавала мяне і выплюнула. Кажучы словамі аднаго мудрага чалавека, я працую і жыву ў Беларусі, толькі не фізічна. Не маю ні злосці, ні расчаравання. Як заўсёды бясконца веру ў людзей. Была, застаюся і буду Купалаўцам. Буду рабіць і надалей тое, што магу і ўмею, пакуль хопіць сілы”.
Аляксей Палуян, беларускі рэжысёр, выступіў у Еўрапарламенце:
“Я не кажу вам ратаваць беларусаў, а кажу вам зрабіць тое, што вы самі абяцалі. У беларусаў засталося мала моцы і часу, таму я прашу вас не забыць 10-мільённы еўрапейскі народ, які жыве толькі ў 2 гадзінах палёту ад Брусэлю, так блізка і адначасова далёка гэта. Калі Еўропа насамрэч абараняе правы чалавека і свабоду слова, то чаму за гэтыя каштоўнасці дагэтуль забіваюць у беларускіх турмах?”
Сцяпан Стурэйка, старшыня праўлення беларускага ICOMOS — супольнасці экспертаў у сферы аховы спадчыны: рэстаўратараў, музейшчыкаў, грамадскіх актывістаў:
“Найперш хочацца паказаць, што нам ёсць чым ганарыцца. І ў мінулым, і сёння з’яўляюцца рэстаўрацыйныя праекты без перабольшвання сусветнага ўзроўню”.
Марыя Калеснікава, палітзняволеная актывістка і музыка, згадала пра добрае ў 2021 годзе:
“Цешыць кожны новы дзень майго жыцця. Нават у турэмнай клетцы мой свет — гэта выдатныя, дарагія мне людзі, якія хоць і далёка, але побач са мной, гэтае вялікае, вечнае мастацтва, музыка, кнігі, добрыя лісты і каханне. Я дакладна ведаю, што гэтыя дзіўныя часы скончацца, а ўяўляеце, як мы будзем шчаслівыя бачыць і абдымаць адно аднаго?”
Аляксандр Чахоўскі, выканаўчы дырэктар Беларускай Рады Культуры:
“Сіла беларусаў у тым, што ў моманты яднання можам забывацца на крыўды, быць напраўду мудрымі і разам дасягаць неверагодных вынікаў. Разам мы можам пабудаваць сапраўды выдатную краіну, і культура будзе важным складнікам яе жыцця”.
Міжнародная салідарнасць
18 снежня ў Лодзі адбыўся першы Дзень Беларускай Культуры. На фестывалі зайграў культавы музыка Лявон Вольскі разам з Вольным аркестрам, адбылася выстава “Лісты палітвязням”, сустрэча з Аляксеем Дзікавіцкім, аўтарам кнігі на палескай гаворцы “Оньдэ”, прэм’ера фільма пра беларускае студэнцтва Лодзі “Праз рэйкі”.
З 13 снежня ў Львове каля ратушы пачала дзейнічаць выстава, на якой прадстаўлены партрэты актывістак з Беларусі і Украіны. Сярод іх — Марыя Калеснікава, палітзняволеная актывістка і музыка. Работы выкананы маладымі журналісткамі, удзельніцамі ўкраінска-беларуска-нямецкага праекта “МедыяЛаб Фем”.
У Антона Шніпа, палітзняволенага музыкі з гурта Irdorath, з’явіўся “хросны” Юліян Пальке з Нямецкага Бундэстага. Еўрапейскія палітыкі бяруць на сябе сімвалічныя абавязкі хросных бацькоў беларускіх палітвязняў у межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, зладжанай Libereco.
Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння
Па стану на 12 снежня ў Беларусі 913 чалавек прызнаныя палітычнымі зняволенымі, іх колькасць па-ранейшаму працягвае павялічвацца.
Беларускі ПЭН як аб’яднанне літаратараў асабліва заклапочаны лёсам дзеячаў культуры, якія несправядліва апынуліся за кратамі. У снежні 6 чалавек, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі.
Гэта Ксенія Сырамалот, паэтка і студэнтка (19 снежня); Аляксандр Галкоўскі, навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН (24 снежня); Мікалай Папека, паэт і пчаляр (28 снежня); Валерыя Кацюгава, палітолаг і аналітык, рэдактарка і аўтарка «Беларускага штогодніка» (30 снежня ), Павел Севярынец, пісьменнік, сузаснавальнік партыі БХД (30 снежня ) і Мія Міткевіч, менеджарка ў сферы культуры (31 снежня).
Павіншуйма палітвязняў з днём нараджэння і надыходзячым Новым годам паштоўкай ці лістом! Адрасы для лістоў:
Ксенія Сырамалот і Мія Міткевіч: ПК №4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3;
Аляксандр Галкоўскі: Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №9. 210034, г. Віцебск, вул. 3-я Чэпінская, 39;
Мікола Папека: Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №21. 247760, г. Мазыр, бульвар Юнацтва, 24;
Валерыя Касцюгава: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2;
Павел Севярынец: ПК №17. 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8.