Спампаваць pdf-версію заключнага выпуску маніторынга культурнага супраціву
Гэты дайджэст Беларускі ПЭН выпускаў больш за год. Штотыдзень — з кастрычніка мінулага году — мы збіралі хроніку падзеяў, якія сведчылі, што беларуская культура, нягледзячы на беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі, працягвае жыць і прарастае, як трава, у самых неспрыяльных умовах. Што на барыкадах і ў падполлі, у Беларусі і за мяжой дзеячы культуры працягвалі фармуляваць мэсаджы свабоды, гуманізму, салідарнасці.
Дайджэст фіксаваў істотныя падзеі: ад выступаў дзеячаў культуры на мірных акцыях да ліквідацыі арганізацый грамадзянскай супольнасці і масавых звальненняў паводле “спісаў нелаяльных”, а таксама тыя культурніцкія праекты, якія трымаюць і сілкуюць культурніцкае поле краіны. Разам з тым, сёння дзеля свайго выжывання беларуская культура патрабуе цішыні. Любыя публічныя згадкі пра людзей і іх дзейнасць могуць паставіць пад пагрозу свабоду і здароўе людзей, як і само існаванне культурніцкіх ініцыятываў. Не таму, што яны робяць нешта супрацьзаконнае, а таму, што закон сёння не на баку людзей: незаконным абвяшчаецца ўсё, што не супадае з афіцыйнай ідэалогіяй. У гэтай сітуацыі дзеля захавання людзей і культуры мы ўсё часцей вымушаныя схіляцца да самацэнзуры. А гэта, у сваю чаргу, можа ствараць скажоную карціну рэальнасці, нібыта ў Беларусі не засталося нічога жывога. Таму сённяшні выпуск дайджэста — з сімвалічнымі пустымі старонкамі.
Маніторынг парушэнняў правоў у сферы культуры працягваецца, Беларускі ПЭН і надалей фіксуе рэпрэсіі ў дачыненні да дзеячаў культуры, аналізуе гэтую інфармацыю, публікуе справаздачы і інфармуе міжнародныя інстытуцыі пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Сачыце за навінамі на сайце ПЭНа penbelarus.org (з Беларусі праз VPN), а таксама ў тэлеграм-канале ПЭНа. Пра вядомыя вам выпадкі рэпрэсій вы можаце паведамляць на мэйл [email protected].
Беларускі ПЭН бачыць сваёй місіяй будаваць прастору дзеля развіцця культуры, дыялогу і рэалізацыі патэнцыялу творцаў, бараніць грамадзянскія і культурныя правы і свабоды Людзей Слова. Беларускі ПЭН лічыць літаратуру і культуру падмуркам устойлівай дэмакратычнай сістэмы. Чытаць больш у Маніфесце няпэўнага часу Беларускага ПЭНа.