Павел Мажэйка – адзін з першых палітвязняў Беларусі, у 2002 годзе яго асудзілі на два гады «хіміі» за «паклёп» на прэзідэнта ў матэрыяле газеты «Пагоня». Адбываў пакаранне ў Жлобіне ў папраўчай установе адкрытага тыпу – працаваў чорнарабочым на тартаку.
У сакавіку 2021 года Паўла Мажэйку затрымалі разам з мастаком Алесем Пушкіным, які выставіў у «Цэнтры гарадскога жыцця» партрэт антысавецкага дыверсанта Яўгена Жыхара. 26 сакавіка Паўла Мажэйку выклікалі на допыт у гродзенскую пракуратуру, дадому ён не вярнуўся, бо быў затрыманы. У дачыненні да Паўла, разам з Алесем Пушкіным, распачалі крымінальную справу «за наўмысныя дзеянні, скіраваныя на рэабілітацыю і апраўданне нацызму». Пасля 72 гадзін затрымання Паўла тады вызвалілі з фармулёўкай «зніклі падставы для затрымання».
12 траўня 2021 года эканамічны суд Гродзенскай вобласці пастанавіў ліквідаваць «Цэнтр гарадскога жыцця», у якім за пяць гадоў дзейнасці ладзіліся выставы, канцэрты, дыскусіі, прэзентацыі кніг і фільмаў.
30 жніўня 2022 года Паўла Мажэйку затрымалі ў Гродне і даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання. 2 верасня яго перавялі з ізалятара часовага ўтрымання ў следчы ізалятар. Гэта можа азначаць, што Паўлу выстаўлена абвінавачванне і выбрана мера стрымання – за кратамі.
10 ліпеня 2023 года ў Гродзенскім абласным судзе пачаўся суд над Паўлам Мажэйкам і адвакаткай Юліяй Юргілевіч, якая была абаронцай мастака-палітзняволенага Алеся Пушкіна. Суд пачаўся ў адкрытым рэжыме, але перад апошнім словам працэс зрабілі закрытым.
Паўла Мажэйку і Юлію Юргілевіч судзілі паводле ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса за “спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці, учыненае паўторна групай асоб па папярэдняй змове”. Іх абвінавацілі ў перадачы звестак тэлеканалу «Белсат», які з 3 лістапада 2021 года ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Паводле матэрыялаў справы, Павел Мажэйка, «па папярэдняй змове з Юліяй Юргілевіч», з лютага па сакавік 2022 года перадаў для «Белсата» інфармацыю ад Юліі Юргілевіч пра пазбаўленне яе ліцэнзіі адваката і выключэнне з Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў і пра разгляд Мінскім гарадскім судом крымінальнай справы мастака Алеся Пушкіна.
26 ліпеня Гродзенскі абласны суд вынес прысуд: 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму Паўлу Мажэйку, Юліі Юргілевіч — 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
17 кастрычніка 2023 года Вярхоўны суд у закрытым рэжыме разгледзеў апеляцыйныя скаргі Паўла Мажэйкі і Юліі Юргілевіч. Судовая калегія пакінула прысуд у сіле, а скаргі — без задавальнення.
Адрас для ліставання: Паўлу Іванавічу Мажэйку, турма № 1, вул. Кірава, 1, 230023, г. Гродна.
Выдавецкая ініцыятыва «Гарадзенская бібліятэка»