Зацверджаны 22.01.2024
Дадатак 1
Рэгламент
Прэміі імя Міхала Анемпадыстава на 2023 і 2024 гг.
1. Прэмія прысуджаецца аўтару або камандзе аўтараў за найлепшую вокладку беларускай кнігі, выдадзенай у годзе, што папярэднічае году намінацыі на гэтую Прэмію. У 2024 годзе адбудзецца ўручэнне дзвюх прэмій: Прэміі імя Міхала Анемпадыстава за 2023 год (да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца кнігі, выдадзеныя ў 2022 годзе) і Прэміі імя Міхала Анемпадыстава за 2024 год (да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца кнігі, выдадзеныя ў 2023 годзе).
Мэты Прэміі:
- вызначэнне найлепшых вокладак беларускіх кніг;
- падтрымка дызайнераў беларускай кнігі;
- ушанаванне памяці выбітнага дзеяча беларускай культуры Міхала Анемпадыстава (1964–2018).
Да ўдзелу можна падаваць вокладкі беларускіх кніг. Беларускай кнігай лічыцца кніга:
- выдадзеная на беларускай мове, незалежна ад месца выдання;
- выдадзеная на іншай мове (пры гэтым адпаведнасць намінаванай кнігі панятку «беларуская кніга» ў кожным канкрэтным выпадку вызначаецца сябрамі Журы большасцю галасоў).
Кніга, якая намінуецца на конкурс Прэміі, мусіць быць выдадзена ў папяровым выглядзе ў прамежку часу паміж 1 студзеня і 31 снежня каляндарнага года, за які быў абвешчаны конкурс Прэміі. Калі кніга, якая намінуецца на конкурс Прэміі, выйшла ў прамежку часу паміж 1 студзеня і 31 снежня каляндарнага года, за які быў абвешчаны конкурс, але з нейкай прычыны не была заяўлена на ўдзел у Прэміі, яна можа быць заяўлена на ўдзел у наступным каляндарным годзе.
Для ўдзелу ў конкурсе Прэміі адсутнічаюць абмежаванні для аўтараў вокладак паводле ўзросту, грамадзянства, месца жыхарства і месца публікацыі твораў. Намінуюцца кнігі жывых аўтараў вокладак.
2. Конкурс Прэміі складаецца з наступных этапаў:
I этап: прыём заявак на конкурсы Прэміі 2023 года і Прэміі 2024 года;
II этап: публічнае абвяшчэнне Поўных спісаў вокладак кніг, прынятых да ўдзелу ў конкурсах Прэміі 2023 года і Прэміі 2024 года;
III этап (апцыянальна): публічнае абвяшчэнне Доўгіх спісаў вокладак-намінантак конкурсаў Прэміі 2023 года і Прэміі 2024 года;
IV этап: публічнае абвяшчэнне Кароткіх спісаў вокладак-фіналістак конкурсаў Прэміі 2023 года і Прэміі 2024 года;
V этап: абвяшчэнне і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Прэміі 2023 года і Прэміі 2024 года.
З удзелу ў конкурсе Прэміі выключаюцца кнігі і вокладкі, аўтарамі ці суаўтарамі якіх з’яўляюцца асобы, якія маюць дачыненне да арганізацыі прэміяльнага працэсу, вызначэння лаўрэатаў, падліку галасоў, а таксама асобы, якія маюць дачыненне да кантрольна-рэвізійных органаў арганізатараў.
Лаўрэаты Прэміі могуць удзельнічаць у якасці намінантаў у наступных сезонах Прэміі.
Кніга можа ўдзельнічаць у конкурсе Прэміі cа згоды аўтара вокладкі (усяго аўтарскага калектыву ці яго асобных чальцоў).
У конкурсе можа ўдзельнічаць любая колькасць вокладак аднаго аўтара.
Па рашэнні Аргкамітэта дзеля бяспекі аўтара твор можа быць зашыфраваны.
3. Заяўка на Прэмію мусіць утрымліваць наступныя звесткі і матэрыялы:
- інфармацыя пра намінатара, які вылучае вокладку кнігі на Прэмію: імя, прозвішча ці назва арганізацыі, кантактныя нумары тэлефонаў, e-mail;
- кароткая інфармацыя пра аўтара (аўтараў, у такім выпадку – пра ступень іх удзелу ў стварэнні вокладкі), кантактныя нумары тэлефонаў, e-mail;
- поўная назва кнігі, выдавецтва, месца, год выдання і ISBN кнігі;
- выява вокладкі кнігі ў электронным фармаце (jpeg + png ці pdf): пярэдні бок і разварот цалкам, а таксама іншыя элементы афармлення кнігі, якія намінатар лічыць важнымі для разгляду Журы (напр., форзацы).
Заяўкі на конкурс Прэміі неабходна дасылаць:
а) праз гугл-форму: https://docs.google.com/forms/d/1OEoeSrX-OyZTS_jR0PTcPeWwQHVbRBu482ERI1KegUY/edit;
б) электронныя выявы вокладак мусяць быць дасланы на e-mail [email protected] з пазнакай у тэме ліста назвы кнігі, імя і прозвішча аўтара вокладкі;
в) папяровы асобнік перадаецца ў індывідуальным парадку, пра што намінатару будзе паведамлена асобна.
4. Усе этапы Прэміі, у тым ліку абвяшчэнне Поўнага, Доўгага (апцыянальна), Кароткага спісаў і лаўрэатаў, будуць асвятляцца ў сацыяльных сетках Беларускага ПЭНа @pen_belarus і на сайце /.
5. Генеральным партнёрам у 2024 годзе з’яўляецца тэлекампанія BELSAT.
6. Партнёрамі Прэміі ў 2024 годзе з’яўляюцца: ТАА «H&L» (H&L sp. z o. o.) і кампанія Laut.