• Навiны
  • Статут Прэміі імя Міхала Анемпадыстава

Статут Прэміі імя Міхала Анемпадыстава

Апошняе абнаўленне: 22 красавіка 2024
Статут Прэміі імя Міхала Анемпадыстава

СТАТУТ

ПРЭМІІ ІМЯ МІХАЛА АНЕМПАДЫСТАВА

I. ПРЭМІЯ ІМЯ МІХАЛА АНЕМПАДЫСТАВА: АСНОЎНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1.1. Арганізатарамі прэміі імя Міхала Анемпадыстава (далей у тэксце – Прэмія) з’яўляюцца асацыяцыя «Беларускі ПЭН» (далей у тэксце – Беларускі ПЭН), фонд «Адкрытая культура» (Fundacja Open Culture). Прадстаўнікі сузаснавальнікаў з’яўляюцца Аргкамітэтам Прэміі (далей у тэксце – Аргкамітэт). Аргкамітэт у сваёй дзейнасці кіруецца Статутам Прэміі (далей у тэксце – Статут) і Рэгламентам Прэміі (далей у тэксце – Рэгламент) на бягучы год.

1.2. Мэты Прэміі:

1.2.1. вызначэнне найлепшых вокладак беларускіх кніг;

1.2.2. падтрымка дызайнераў беларускай кнігі;

1.2.3. ушанаванне памяці выбітнага дзеяча беларускай культуры Міхала Анемпадыстава (1964–2018).

1.3. Прэмія прысуджаецца аўтару або камандзе аўтараў за найлепшую вокладку беларускай кнігі, выдадзенай у годзе, што папярэднічае году намінацыі на Прэмію.

1.4. Да ўдзелу можна заяўляць вокладкі беларускіх кніг. Беларускай кнігай лічыцца кніга:

  • выдадзеная на беларускай мове, незалежна ад месца выдання;
  • выдадзеная на іншай мове (пры гэтым адпаведнасць намінаванай кнігі панятку «беларуская кніга» ў кожным канкрэтным выпадку вызначаецца сябрамі Журы Прэміі (далей у тэксце – Журы) большасцю галасоў).

1.5. Кніга, якая намінуецца на конкурс Прэміі, мусіць быць выдадзена ў папяровым выглядзе ў прамежку часу паміж 1 студзеня і 31 снежня каляндарнага года, за які быў абвешчаны конкурс Прэміі. Калі кніга, якая намінуецца на конкурс Прэміі, выйшла ў прамежку часу паміж 1 студзеня і 31 снежня каляндарнага года, за які быў абвешчаны конкурс, але з нейкай прычыны не была заяўлена на ўдзел у Прэміі, яна можа быць заяўлена на ўдзел у наступным каляндарным годзе.

1.6. Для ўдзелу ў конкурсе Прэміі адсутнічаюць абмежаванні для аўтараў вокладак паводле ўзросту, грамадзянства, месца жыхарства і месца публікацыі твораў. Намінуюцца кнігі жывых аўтараў вокладак.

1.7. Рашэннем  Аргкамітэта дзеля бяспекі аўтара твор можа быць зашыфраваны.

1.8. Парадак рэалізацыі конкурсу Прэміі на бягучы год, працэдуры прыёму заявак, а таксама ўзнагароды пераможцам вызначаюцца Рэгламентам, які зацвярджаецца Аргкамітэтам, з’яўляецца Дадаткам № 1 да Статута і можа змяняцца на працягу правядзення конкурсу Прэміі.

II. ЭТАПЫ ПРЭМІІ

2.1. Конкурс Прэміі складаецца з наступных этапаў:

I этап: прыём заявак і кніг Аргкамітэтам на конкурс Прэміі;

II этап: публічнае абвяшчэнне Поўнага спіса вокладак кніг, прынятых да ўдзелу ў конкурсе Прэміі;

III этап (апцыянальна): публічнае абвяшчэнне Доўгага спіса вокладак-намінантак конкурсу Прэміі;

IV этап: публічнае абвяшчэнне Кароткага спіса вокладак-фіналістак конкурсу Прэміі;

V этап: абвяшчэнне і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэата/лаўрэатаў Прэміі.

2.2. З удзелу ў конкурсе Прэміі выключаюцца кнігі і вокладкі, аўтарамі ці суаўтарамі якіх з’яўляюцца сябры Журы, Каардынатар Прэміі (далей у тэксце – Каардынатар) і/ці асобы, якія маюць дачыненне да падліку галасоў, а таксама асобы, якія маюць дачыненне да кантрольна-рэвізійных органаў арганізатараў.

2.3. Лаўрэаты Прэміі могуць удзельнічаць у якасці намінантаў у наступных сезонах Прэміі.

2.4. Заяўляць вокладкі на конкурс Прэміі ўпаўнаважаны:

а) выдавецтвы;

б) сябры Журы;

в) сябры Аргкамітэта;

г) творчыя аб’яднанні, культурніцкія інстытуцыі, літаратурныя СМІ.

Форма і змест заяўкі на конкурс Прэміі, а таксама адрас, на які неабходна дасылаць заяўкі, вызначаны ў п. 3 Рэгламенту.

2.5. Іншыя фізічныя і юрыдычныя асобы (у тым ліку самі аўтары кніг і аўтары вокладак) могуць падаваць прапановы для падачы заявак у Аргкамітэт. Аргкамітэт можа адмовіць або прыняць прапанову і дазволіць падачу заяўкі на конкурс Прэміі ў адпаведнасці з п. 2.4. Статута і п. 3 Рэгламенту.

2.6. Кніга можа ўдзельнічаць у конкурсе Прэміі cа згоды аўтара вокладкі (усяго аўтарскага калектыву ці яго асобных чальцоў). 

2.7. У конкурсе Прэміі можа ўдзельнічаць любая колькасць вокладак аднаго аўтара.

III. АРГКАМІТЭТ ПРЭМІІ

3.1. Аргкамітэт складаецца са старшыні Беларускага ПЭНа (або іншага прадстаўніка арганізацыі, дэлегаванага ў Аргкамітэт), прадстаўнікоў фонду «Адкрытая культура» (Fundacja Open Culture).

3.2. Аргкамітэт прызначае Каардынатара – асобу, якая каардынуе працу Аргкамітэта, Журы і ўсяго прэміяльнага працэсу. У некаторых выпадках пасада і абавязкі Каардынатара могуць быць падзелены паміж некалькімі асобамі.

3.3. Каардынатар не мае права голасу пры выбары лаўрэатаў Прэміі. Абавязкі Каардынатара вызначаюцца Дадаткам № 2.

3.4. Перад абвяшчэннем прыёму вокладак на конкурс Прэміі Аргкамітэт зацвярджае Рэгламент на бягучы год.

3.5. Аргкамітэт прымае рашэнні на падставе Статута і Рэгламенту на бягучы год. Наконт пытанняў, не ўрэгуляваных Статутам і Рэгламентам, Аргкамітэт прымае рашэнні, кіруючыся прынцыпам слушнасці, характарам Прэміі і яе падставамі.

3.6. Склад Аргкамітэта можа пашырацца. Новых кандыдатаў у сябры Аргкамітэта могуць прапаноўваць дзейныя сябры Аргкамітэта. Новыя сябры Аргкамітэта прымаюцца толькі кансэнсусам.

3.7. Сяброўства арганізацыі ў Аргкамітэце можа быць прыпынена паводле ўласнага жадання або ў выпадку абгрунтаванага рашэння Аргкамітэта (рашэнне пра гэта прымаецца не менш чым 2⁄3 галасоў ад агульнага колькаснага складу Аргкамітэта).

3.8. Сябры Аргкамітэта абавязаны захоўваць у таямніцы пытанні ходу пасяджэнняў і галасавання Журы.

IV. ЖУРЫ ПРЭМІІ

4.1. Колькасць сябраў Журы кожны год вызначаецца Аргкамітэтам.

4.2. Сябры Журы прызначаюцца Аргкамітэтам.

4.3. Сябры Аргкамітэта не маюць права абірацца ў Журы.

4.4. Працу Журы курыруе Каардынатар у шчыльнай супрацы з Аргкамітэтам.

4.5. Сяброўства ў Журы заканчваецца: 

а) з уручэннем узнагароды,

б) калі сябра Журы не мае магчымасці выконваць свае абавязкі далей, 

в) калі сябра Журы падае афіцыйную пісьмовую адмову на адрас Аргкамітэта, 

г) у выніку парушэння сябрам Журы Статута або Рэгламенту. 

У гэтым выпадку Аргкамітэт можа прызначыць новага сябра Журы.

V. ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ СЯБРАЎ ЖУРЫ ПРЭМІІ

5.1. Сябры Журы абавязаны вывучыць усе вокладкі кніг, прынятыя да ўдзелу ў конкурсе Прэміі, а таксама прачытаць усе кнігі, абраныя для Кароткага спіса, і прысутнічаць на пасяджэннях Журы.

5.2. Прысутнасць сябраў Журы на пасяджэннях Журы ў абгрунтаваных выпадках можа адбывацца ў фармаце відэа- або аўдыяканферэнцый. Сябра Журы, які не мае магчымасці прыняць удзел у пасяджэнні, можа даць Каардынатару пісьмова свае прапановы, у адпаведнасці з мэтай і прадметам дадзенага пасяджэння.

5.3. Кожны з сябраў Журы абавязаны зацвердзіць Поўны, Доўгі, Кароткі спіс кніг, якія прэтэндуюць на Прэмію, лаўрэатаў Прэміі ў адпаведнасці з працэдурамі, прынятымі Статутам і Рэгламентам. Журы ацэньвае дызайн, паліграфічнае выкананне, таксама можа браць пад увагу іх адпаведнасць зместу кнігі.

5.4. Сябры Журы абавязаны захоўваць у таямніцы пытанні ходу пасяджэнняў, галасаванняў і абмеркаванняў. Сябры Журы абавязаны захоўваць у таямніцы прынятыя падчас пасяджэнняў рашэнні да моманту іх афіцыйнага абвяшчэння.

5.5. Сябры Журы абавязаны не перадаваць нікому дасланых ім электронных версій кніг, пададзеных на конкурс Прэміі. Папяровыя кнігі, пададзеныя на конкурс Прэміі, з’яўляюцца ўласнасцю Аргкамітэта.

5.6. Сябры Журы прымаюць рашэнні на пасяджэннях на падставе Статута і Рэгламенту на бягучы год.

5.7. Паводле пытанняў, не ўрэгуляваных Статутам і Рэгламентам, Журы прымае рашэнні згодна з уласным меркаваннем, кіруючыся прынцыпам слушнасці, характарам Прэміі і яе падставамі.

5.8. Абмеркаванні Журы падчас пасяджэнняў і прынятыя рашэнні фіксуюцца ў пратаколах пасяджэнняў.

5.9. Для вырашэння спрэчных пытанняў сябры Журы могуць ініцыяваць скліканне дадатковага пасяджэння Журы і прадстаўнікоў Аргкамітэта. За прыняцце рашэння пра дадатковае пасяджэнне мусяць прагаласаваць мінімум двое сябраў Журы.

5.10. Рашэнне Журы наконт прысуджэння/непрысуджэння Прэміі з’яўляецца канчатковым і не можа быць абскарджана.

VI. МЕХАНІЗМ ГАЛАСАВАННЯ І ВЫЗНАЧЭННЯ ЛАЎРЭАТАЎ

6.1. Журы прымае рашэнні адносна Поўнага, Доўгага (калі ён вызначаецца) і Кароткага спісаў шляхам галасавання.

6.2. Пераможца вызначаецца на пасяджэнні Журы таемным галасаваннем простай большасцю галасоў. Сябры Журы галасуюць пісьмова, пазначаючы ў бюлетэні сваё імя.

6.3. Таямніца галасавання захоўваецца Каардынатарам – адзіным, хто ведае пра выбар кожнага з сябраў Журы.

6.4. Бюлетэні за сябраў Журы, якія галасуюць дыстанцыйна, запаўняе Каардынатар, які мусіць далучыць да бюлетэня раздрукаваны электронны ліст ці іншы дакумент, што пацвярджае выбар.

6.5. Механізм фармавання Доўгага спіса (калі ён вызначаецца):

6.5.1. Кожны сябра Журы ацэньвае кожную з вокладак Поўнага спіса паводле дзесяцібальнай сістэмы (дзе адзін бал – найніжэйшая адзнака, дзесяць балаў – найвышэйшая).

6.5.2. Вокладкі, якія набралі больш за ўсё балаў, праходзяць у Доўгі спіс. Канчатковая колькасць вокладак у Доўгім спісе вызначаецца калегіяльна сябрамі Журы.

6.5.3. Калі за месца ў Доўгім спісе спаборнічае некалькі вокладак, наконт іх праводзіцца дадатковае галасаванне. Кожны з сябраў Журы мае адзін голас, які аддаецца за адну з вокладак, што прэтэндуюць на месца ў Доўгім спісе.

6.5.4. Каардынатар не дае сябрам Журы інфармацыю, колькі балаў атрымала кожная з кніг, якая прайшла ў Доўгі спіс.

6.6. Механізм фармавання Кароткага спіса:

6.6.1. Кожны сябра Журы ацэньвае кожную з вокладак Доўгага спіса (калі ён вызначаецца) ці Поўнага спіса намінаваных кніг паводле дзесяцібальнай сістэмы (дзе адзін бал – найніжэйшая адзнака, дзесяць балаў – найвышэйшая).

6.6.2. Вокладкі, якія набралі найбольш балаў, праходзяць у Кароткі спіс. Канчатковая колькасць вокладак у Доўгім спісе вызначаецца калегіяльна сябрамі Журы.

6.6.3. Калі за месца ў Кароткім спісе спаборнічае некалькі кніг, наконт іх праводзіцца дадатковае галасаванне. Кожны з сябраў Журы мае адзін голас, які аддаецца за адну з кніг, што прэтэндуюць на месца ў Кароткім спісе.

6.6.4. Каардынатар Прэміі не дае сябрам Журы інфармацыі, колькі галасоў атрымала кожная з кніг, якая прайшла ў Кароткі спіс.

6.7. Механізм галасавання за пераможцу:

6.7.1. Кожны сябра Журы абірае трох кандыдатаў у пераможцы.

6.7.2. Кніга, якая набрала найбольшую колькасць балаў, становіцца пераможцай.

6.7.3. У выпадку, калі за перамогу спаборнічае дзве або больш кніг, наконт іх праводзіцца дадатковае галасаванне. Кожны з сябраў Журы абірае найлепшую кнігу з тых, што спаборнічаюць за перамогу, абраная кніга атрымлівае адзін бал. Перамагае кніга, якая набрала найбольшую колькасць балаў.

6.8. Таямніца галасавання Журы раскрываецца Каардынатарам толькі Аргкамітэту.

VII. ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

7.1. Змены ў Статут уносяцца і зацвярджаюцца Аргкамітэтам. Статут пачынае дзейнічаць з даты зацвярджэння яго Аргкамітэтам.