Цана поспеху кнігі і складнікі яе якасці, нараджэнне аўтараў-зорак і літаратурных хітоў, стымуляцыя пісьменнікаў заробкам і грамадскай павагай… Пра гэта ды іншае – вялікая размова з кнігавыдаўцом Андрэем Янушкевічам.
Я стаў «авантурыстам» не ад добрага жыцця: проста інакш ну ніяк!
Некалі вы рызыкнулі выдаць аўтара, пра якога практычна нічога не ведалі – нават сапраўднага імя, толькі псеўданім.
Каміла Цень. Мяне зацікавіла найперш тое, што гэта быў дэтэктыў – такога жанру ў беларускай літаратуры бракуе. Ну і тэкст цікавы, адметны. Звязаўся праз электронку з невядомым літаратарам, дамовіліся. Я рызыкнуў – чытач ацаніў. Выдатны вынік для ўсіх трох бакоў.
Сапраўды: атрымалася хораша. І шмат такіх авантурных прыкладаў?
Тая, як вы кажаце, «авантура» – зусім не ад добрага жыцця. Тут сапраўды парадокс: маем афіцыйна недзе сотні празаікаў, паэтаў, драматургаў, але… Роспачна гукаю ва ўсе бакі: куды вы зніклі? Дзе вашыя навінкі?! Заклікаю ў сацыяльных сетках: «Пішыце, дасылайце рукапісы! Як хто ў Беларусі, будзем выдаваць пад псеўданімамі»…
І што ў адказ? Даходзіць да неймаверна дзіўнага: некаторыя пісьменнікі баяцца аддаваць рукапісы – іх, бач ты, палохае магчымая адмова! Але ж ваўкоў баяцца – у лес не хадзіць!
Наогул, мая ініцыятыва самому грукацца з запытам: «Можа, ты нешта напісаў?» – няправільная. Бо прапанова, прычым настойлівая, мусіць ісці ад аўтара.
А чаму беларускія літаратары мала пішуць?
Тут усё зусім не проста, не варта з разбегу выносіць нейкі выдавецкі або чытацкі прысуд, без ценю сумненняў папракаць літаратараў у творчай ляноце, нейкіх страхах.
Трэба разумець: кніжкі звычайна не пішуцца проста так. Хоць бы таму, скажам, што ці не любы пісьменнік разлічвае на славу і прызнанне. Бо тады ён ад гэтага будзе мець прамыя дывідэнды ў выглядзе ганарару ці медыйнай славы, грамадскага прызнання.
То-бок для большасці насамрэч вялікае значэнне маюць медыйныя і эканамічныя чыннікі. Але ў беларускай выдавецка-літаратурнай прасторы іх фактычна няма! У выніку літаратар не хоча працаваць фактычна ўхаластую.
Не думаючы пра гэта, нястомна творыць толькі той, хто сапраўды бачыць у пісьменніцтве сваё прызванне, мае яркі талент і насамрэч не можа не пісаць. Гэта бачу, напрыклад, у Альгерда Бахарэвіча, Зараславы Камінскай…
Зорны старт: Марціновіч мае адзін вынік, а Горват – супрацьлеглы
Скажу яшчэ адну спрэчную для многіх рэч. Ёсць у нас выдатная прэмія для заахвочвання маладых літаратараў, «Дэбют». Так бы мовіць, зорны старт. Але з маіх назіранняў, за апошнія 10 гадоў з’яўленне і далейшае сталенне новых літаратурных асоб не стала сістэмнай з’явай.
Можна паспрачацца!
Раблю папраўку: напрыклад, гэтую прэмію на пачатку літаратурнай кар’еры атрымаў Віктар Марціновіч.
А, скажам, Андрэй Горват?
А што Горват? Пасля «Радзіва “Прудок”» выдаў яшчэ адну кніжку і ўсё – закінуў гэтую справу. Мне падаецца, у пісьменніцтве ён выпадковы чалавек. Хаця буду рады, калі памыляюся.
Дык што – вы зусім зняверыліся ў маладых талентах?
Чаму? Вялікі патэнцыял бачу, напрыклад, у той самай Зараславы Камінскай. Чалавек любіць пісаць, выдала тры кніжкі – усе добрыя, заўважны рост.
Але возьмем, напрыклад, іншага аўтара – Уладзіміра Садоўскага. Здаецца, такі гучны быў пачатак у 2017 годзе – «1813», першы беларускі зомбі-хорар… І ўсё – далей маўчок, жыццёвыя абставіны не спрыяюць пісьменніцтву.
Для параўнання. Ва Украіне ёсць пісьменнік – Андрэй Какацюха. Яму цяпер за пяцьдзясят гадоў. Паспеў ужо выдаць пад сотню кніжак! Піша і нон-фікшн, і рэтрадэтэктывы, і раманы пра каханне, і кнігі для дзяцей – кажуць, неблагія рэчы. Гэта прыклад літаратурнай прадуктыўнасці ва ўмовах, калі твая творчая праца мае сэнс. Яна дае і вядомасць, і дабрабыт.
Контрпрыклад: прыблізна за такі самы час наш журналіст, літаратар Аляксандр Тамковіч надрукаваў пад 30 дакументальных кніжак. Таксама не абы-што!
Але пра іх мала ведалі!
Не пагаджуся. Іншая рэч, ён не меў з таго ні асаблівых лаўраў, ні грошай. Як вы і кажаце…
Вось-вось! Сярод іншага, ёсць яшчэ адна праблема: часта мы выдаём нешта, скажам так, выключна для архіва.
Супербестселеры, кніжныя хіты: ці рэальна іх пралічыць
Тут без падрабязнасцяў не атрымаецца. Патлумачыце?
Памятаеце славутыя радкі Максіма Багдановіча пра шчасце аўтара мець кнігу ад Марціна Кухты? А ці задумваліся калі пра неадназначнасць сэнсу тых слоў? Як па мне, дык гэта выключна пра эмоцыі ад самога факта з’яўлення, публікацыі твора.
Часам кажу аўтарам адкрытым тэкстам: а давайце дзеля эканоміі зробім толькі два экзэмпляры: адзін – для Кніжнай палаты (гэта ваша траплянне праз бібліяграфічныя спісы ў творчую гісторыю Беларусі), а другі – для вашай палічкі. Будзеце сябрам-гасцям-дзецям паказваць, ганарыцца…
Такі вось варыянт спрошчанага прачытання Багдановіча.
Ён падыходзіць у размове пра графаманства. Але ж ёсць і глыбейшае разуменне: ты хочаш, разлічваеш, верыш, што твая творчасць будзе ўспрымацца шырокім колам, стане з’явай, якую чакаюць!
Я таксама супраць працы выключна дзеля так званага вузкага кола.
Які выдавец не марыць пра суперхіт?
Маю на ўвазе якраз зусім іншае: трэба пазбаўляцца ад ілюзій, што кожная твая кніга стане бестселерам.
У нашых умовах прэтэндаваць на такую вышыню прызнання можна толькі з брэндавым аўтарскім імем. Як у таго ж Альгерда Бахарэвіча. Але ён заслужыў сваё талентам і шматгадовай нястомнай працай.
Ці апошняя нашая навінка – «Ззянне» Стывена Кінга. Другі яго раман, які выйшаў у 1977 годзе і здабыў агульнапрызнаную сусветную славу. Мы выдалі гэты твор у калекцыйным выглядзе, моцна папрацавалі над вокладкай, афармленнем – дзякуй Настассі Пазняк (і яшчэ аднаму дызайнеру, імя не будзем раскрываць), гэта другая яе праца ў «Янушкевічы» ўслед за вокладкай «Уладара пярсцёнкаў». Выдатным лічу і пераклад Насты Карнацкай – дарэчы, яе дэбют.
Кінг жа адмовіўся ад супрацы з расійскімі выдавецтвамі?
Чырвонае святло запалілася перад новымі творамі, а старыя дамовы захоўваюць сваю моц на абумоўленыя тэрміны. А мы цяпер якраз нацэльваемся менавіта на нешта яго новенькае. Каб мелі датацыі, знешнія грошы, то і не задумваліся б! Хаця, заўважу, нават папулярнасць гэтага класіка зусім не азначае, што чарговая кніжка аўтаматычна стане хітом. А мы пакуль не маем сіл выдаваць яго толькі таму, што гэта ён. Любы пракол у нашых умовах вельмі балюча адгукаецца. Рускія і ўкраінцы прапануюць усяго Кінга цалкам, таму па інерцыі любая навінка ў іх чытачоў не застанецца незаўважанай. У беларусаў, на жаль, іншая сітуацыя.
І якія творы ў гэтых умовах ачольваюць рэйтынгі?
Стабільным поспехам карыстаецца «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец. Феномен: тры гады высокага чытацкага попыту!
Сярод іншых чыннікаў мо і таму, што аўтарка – вельмі медыйная персона. Нават калі яе шматлікія інтэрв’ю зусім не пра літаратуру, аднак імя на слыху, хай і праз коску, але пры гэтым бясконца згадваецца яе бестселер. То-бок паўстае адвечнае пытанне рэкламы?
З маіх назіранняў, медыйнай асобай яна стала за апошнія года паўтара. А кніга выйшла ў 2020-м.
Не, найперш раман цікавы шырокай аўдыторыі сваёй тэмай – яна пацэліла ў яблычак. Ну і якасць прозы, безумоўна. Нагадаю: кніга ўзяла найвышэйшую беларускую ўзнагароду – прэмію Гедройця. Прычым з абсалютнай згодай журы і чытачоў: гісторыя ўнікальная для любога творчага конкурсу, што нацыянальнага, што міжнароднага.
Аб’ектыўны паказчык якасці – і пераклады на некалькі еўрапейскіх моваў. Безумоўна, тут важную ролю адыгрывае актыўнасць выдаўцоў Евы Вежнавец, але заходнія спецыялісты не стануць укладваць свае грошы ў твор з сумнеўнай якасцю і перспектывай. Так што хоць медыйнасць і спрыяе, але ў нашых варунках найлепшую рэкламу дае сяброўскае радыё: нехта дзесьці нешта пачуў – і пачалося дзяленне меркаваннямі праз тыя самыя сацсеткі…
Папулярнасць аўтара – непрадказальная рэч, нібы закручаны сюжэт класнага рамана
Гэта пра тое, што ў вядомасці аўтара, у грамадскага прызнання шлях пакручасты?
Наогул, для мяне з маім досведам па-ранейшаму сакрэт папулярнасці той ці іншай навінкі, нават не бестселера, цікавы сваёй непрадказальнасцю. Гэта нібыта інтрыга сюжэта ў класнага аўтара… Як толькі кніга расчытваецца, яе продажы і папулярнасць становяцца свайго роду кругамі па вадзе – кожны новы ўсё шырэйшы і нараджае чарговы.
Возьмем апошнія кнігі «Янушкевіча»: ад якога твора заўважныя тыя самыя кругі?
Ад «Часа пустазелля» Ганны Янкуты.
А ці здараюцца адваротныя гісторыі, калі і аўтары знаныя, і ёсць медыйны розгалас, і ў рэкламу грошы ўкладзеныя – а ніякага руху?
Кожная выдадзеная мной кніга – харошая, гарантую! Але адна – ідзе, другая – не заходзіць.
Творы з незаслужанай чытацкай няўвагай – боль не толькі аўтара. Часам гэта больш дапякае выдаўца.
Але тут важнае наступнае ўдакладненне: не кожная кніга можа быць разлічаная на шырокую аўдыторыю. І, на жаль, шырыню гэтую ты не можаш памераць без практыкі.
Паводле адукацыі я гісторык, таму выдатна разумею, што такое нон-фікшн. Быў упэўнены, што «Слюнькоў» Дзяніса Марціновіча мусіць карыстацца безумоўнай папулярнасцю. Але выйшла не так, як думалася, хоць вузкая зацікаўленая аўдыторыя – проста ў захапленні.
Ці выдалі мы безумоўна класны, таленавіты раман папулярнага ўкраінскага пісьменніка Сяргея Жадана «Месапатамія». Аднак не ўлічылі нейкіх чыннікаў – магчыма, у тым ліку блізкасці нашых моваў, што дазволіла многім пачытаць кнігу ў арыгінале, ці тую самую вузкасць аўдыторыі… І ў фінансавым плане атрымалі правальнае фіяска.
Якую выснову зрабілі?
Нібыта відавочную: вельмі важна дакладна разумець, на якую аўдыторыю разлічана тое ці іншае выданне. І рэкламную кампанію трэба ўжо будаваць менавіта з ёй. Проста слоган «Купляйце кнігу Жадана!» наўрад ці пачуюць нават прыхільнікі славутага аўтара. Патрабуецца насамрэч патлумачыць чытачам, што гэтая кніга важная, арыгінальная і цікавая.
І тут жа сам сабе запярэчу: нягледзячы на рэкламныя высілкі цалкам можа здарыцца так, што памыляюся я, выдавец, што гэта мне тая кніга падаецца адпаведнай моманту, а чытачы палічаць такое меркаванне памылковым. Скажуць: яна сапраўды стане класікай, але зусім не цяпер, а праз некалькі дзесяцігоддзяў…
Немагчыма чытаць усё жыццё аднаго Караткевіча ці Купалу з Коласам. Хаця…
Час, сапраўды, шмат што карэктуе зусім нечакана.
Раней, дома, вы амаль дзевяць гадоў працавалі з рускамоўнымі чытачамі, для якіх беларуская кніга вельмі часта была проста нечым незвычайным – свайго роду маркерам арыгінальнасці, элітарнасці… Ці вернае назіранне, што цяпер гэткае стаўленне памянялася: беларускае выданне ў замежжы становіцца прыкметай хіба што патрыятызму яго ўладальніка? Прычым шчырага!
Думаю, справа не ў патрыятычнасці. Ведаеце, кніга патрабуе цішыні і непублічнасці. Я не прыхільнік такога вось нібыта цалкам лагічнага ланцужка: раз люблю Радзіму, то мушу чытаць па-беларуску. Бачу, як асабліва пасля пачатку вайны ва Украіне ўсё больш мыслячых беларусаў задумваюцца пра ўласную ідэнтычнасць. Пра сваё нежаданне лічыцца і быць расейцамі, нават у беларускім варыянце. А як ты хочаш пачувацца беларусам, то проста мусіш спажываць сваю, нашую нацыянальную культуру. Гэта першы момант.
А другі – патрабуецца якасны, талковы культурны прадукт, да якога гэты чалавек будзе звяртацца. Прычым настойліва і часам нечакана. Груба кажучы, калі чалавек вырашыў набыць Толкіна і не знойдзе яго на беларускай мове, то прачытае на самай блізка даступнай – у нашым выпадку, хутчэй за ўсё, на рускай.
Перакананы: як не адшукаеш такіх кніжак у беларускім перакладзе, то не станеш з прынцыпу чытаць Купалу з Коласам… Бо тое папросту глупства! Яшчэ раз: немагчыма чытаць усё жыццё аднаго Караткевіча. І тое, што па сённяшні дзень ён самы папулярны сучасны аўтар у рэйтынгах і апытаннях (нагадаю, памёр у 1984 годзе) – падстава хутчэй для засмучэння, чым для гонару.
То-бок вы не казалі б выключна пра патрыятызм, калі размова ідзе пра сённяшні рост цікавасці да беларускай літаратуры?
Проста цяпер вельмі важная задача – задавольваць інтарэсы нашых людзей у культурным прадукце. Гэта, даруйце, тое самае, як мы любім хадзіць у гіпермаркеты, бо там безліч варыянтаў таго, што хочацца набыць на сваю цяперашнюю патрэбу… І там можна выбіраць на самае тонкае адчуванне… У нашым кніжным выпадку ўсё тое самае: чым большы выбар – тым лепей.
І наогул, гэтаксама справа складваецца яшчэ шырэй – са спажываннем усёй культуры.
Чытач становіцца ўсё больш пераборлівым?
Я ведаю, што кажу: людзі не будуць без разбору чытаць нашыя кніжкі толькі таму, што яны выдадзены па-беларуску. Цяпер шукаецца менавіта сваё – тваё, яго, нашае, якое хочацца мець са збегу розных прычын якраз вось у гэты момант. І пажадана – на роднай мове. Бо час таму спрыяе.
Як глядзець на суседзяў, мы ад іх адстаём – ці не?
На жаль, так. Возьмем літоўцаў. У іх увогуле ніякіх праблем са спажываннем класікі і навінак сусветнай літаратуры – літаральна ўсё самае-самае цяпер у Еўропе і Амерыцы можна знайсці на літоўскай.
А колькі кніжак уласных нацыянальных аўтараў?
Больш, чым мелі беларусы ў свае найлепшыя часы.
Гэтаксама паспяхова справілася з праблемай і другая нашая суседка, Украіна.
Вайна не нашкодзіла?
Два апошнія гады там сапраўдны бум: адкрываюцца новыя кнігарні, выдавецтвы, продажы кніг павялічыліся ў некалькі разоў.
Расійская кніга капітулявала?
Так, яна пакінула Украіну. Пасля вайны з гэтым наогул усё – крыж. Хоць раней там было шмат легальнага кніжнага кантрафакту: маскоўская кантора адкрывала даччыную кампанію ў Кіеве ці Адэсе і друкавала рускамоўныя кніжкі расійскіх аўтараў, распаўсюджвала па ўсёй краіне… А цяпер – час украінскіх і замежных творцаў.
Шанц стварыць змычку «пісьменнік – чытач» ёсць. І ён вельмі рэальны
Бізнес змушае вас прыслухоўвацца да таго цікання – што чуеце цяпер?
Напрыклад, сігналы астывання інтарэсу да дзіцячай літаратуры, якая раней нас моцна выручала. Напрыклад, перавыдалі двух «Катоў Шпротаў» Ганны Янкуты, на падыходзе працяг, трэцяя кніжка. Сталі папулярнымі і фэнтэзі Валера Гапеева для падлеткаў і дарослых, «Вольнеры». Сярод навінак – яшчэ зусім нераскручаная кніга для малодшага ўзросту беларускай аўтаркі Эльгі Паповай «Мора ў горадзе». Аднак жа хваля цікавасці пачала спадаць…
Што правакуе негатыўны для вас трэнд?
Магчыма, для бацькоў тых, хто апынуўся ў эміграцыі, галоўнай задачай становіцца цяпер арганічнае ўліванне сваіх гадаванцаў у новае кола – мясцовую школьную супольнасць. Без авалодвання мовай будзеш там белай варонай. Таму малым хутчэй купяць польскую кніжку, бо ў беларускай на гэты момант не пабачаць практычнага сэнсу…
А трымаць праз тое сувязь з радзімай?
Так, гэта вельмі важна, але тут, як кажуць, сваё, унутранае. Ёсць, аднак, і знешняе, якое ў новых умовах нашага эмігранцкага быцця пачынае набіраць моц. Вось цяпер (спадзяюся, што часова) верх паступова забірае патрэба ў акліматызацыі і сацыялізацыі ў новым асяроддзі.
Але ж у цэлым цікавасць да беларускіх выданняў не падае?
Вельмі прыемна, што апошнія паўтара года стабільна трымаюцца ў першай пяцёрцы-дзясятцы продажаў менавіта нацыянальныя аўтары. А калі мы пачыналі раскручвацца дома, у Беларусі, такога не назіралася. Верхнія радкі займалі традыцыйна перакладныя бестселеры.
Цяпер жа Альгерд Бахарэвіч стаіць нароўні з тымі самымі Маркесам і Хемінгуэем, Рэмаркам… Тое ж самае можна сказаць пра Еву Вежнавец, Камілу Цень, Ганну Янкуту.
Вельмі хочацца таму мець больш арыгінальнай беларускай літаратуры, бо ў людзей ёсць вельмі спецыфічная патрэба.
Што маецца на ўвазе?
Пра нас у літаратуры не раскажа ніхто іншы, апрача нас саміх. Возьмем, да слова, польскую літаратуру або нямецкую – у прынцыпе, яны варацца ва ўласным соку. У іх ёсць аўтары-мегазоркі, якіх, аднак, ніхто не ведае ў Францыі, Вялікабрытаніі, Амерыцы… Яны фактычна пішуць для ўнутранага спажывання. На сусветную арбіту вырываюцца зрэдку – як, скажам, вось цяпер набеліятка Вольга Такарчук.
Канцэнтрую ўсё ж увагу на іншым аспекце: аказваецца, можна паспяхова існаваць ва ўнутраных рамках! Можна станавіцца зоркамі ў сябе дома, быць аўтарамі бестселераў з той простай прычыны, што яны пішуць на ўласным грунце.
Як дэтэктывы – то на польскім жа матэрыяле, як бытавыя драмы – зноўку на сваіх, нацыянальных рэаліях. Не кажу далей пра гістарычную, дакументальную літаратуру. А ў выніку шараговец можа паглядзецца ў яе, як у люстэрка. Убачыць там уласны адбітак.
Калі ж ты будзеш чытаць французскія, англійскія, амерыканскія кніжкі, гэтага эфекту не дасягнеш. Бо тыя аўтары расказваюць пра сябе, свае краіны, свае кантэксты.
Адпаведна, такі шанц ёсць і ў беларускіх літаратараў?
Так. Але пісаць пра сябе трэба ўдала – толькі тады вашая творчасць адпаведна ўспрымаецца. Тады змычка «пісьменнік – чытач» атрымлівае ідэальна поўнае ўзаемаразуменне, і гэта класна.
Але такога якраз найчасцей і бракуе. За два апошнія гады добра, калі ў нас выйшла пяць такіх кніжак. І ў іншых выдавецтвах не могуць пахваліцца лепшымі вынікамі.
(Заканчэнне чытайце ў другой частцы артыкула)