Доўгі спіс прэміі Арсенневай за 2023 год

Апошняе абнаўленне: 5 верасня 2024
Доўгі спіс прэміі Арсенневай за 2023 год

Паэтычная прэмія імя Наталлі Арсенневай набліжаецца да моманту ікс! Сёлета журы выбірае пераможцаў адразу за два папярэднія гады. Згодна са статутам прэміі, доўгі спіс вызначаецца ў выпадку, калі поўны спіс мае не менш за адзінаццаць кніг. Нагадаем, што ў поўны спіс за 2022 год увайшлі шэсць намінантаў, таму журы будзе вызначаць адразу кароткі спіс. А сёння мы гатовы агучыць доўгі спіс за 2023 год, у ім – дзевяць кніг:

  1. Валянціна Аксак, «Уцёкі з Палесся» (фонд «Kamunikat.org»)

  2. Ева Арлова, «Невядомы маршрут» (зашыфраваны ўдзел, сапраўдныя звесткі пра кнігу не абвяшчаюцца публічна) 
  3. Марыя Бадзей, «Мёд і дым» (выдавецтва «Пфляўмбаўм»)

  4. Вера Бейка, «Спевы на золку» (зашыфраваны ўдзел, сапраўдныя звесткі пра кнігу не абвяшчаюцца публічна)
  5. Наста Кудасава, «Я працягваю» (выдавецтва «hochroth Minsk»)

  6. Дзмітрый Рубін, «Выпадак» (выдавецтва «Skaryna Press»)

  7. Андрэй Сцепанюк, «Зямля над белай ракой» (праграмная рада тыднёвіка «Ніва»)

  8. Віктар Сямашка, «Аўтар мае рацыю заўжды» (выдавецтва «Agencja Wydawnicza Ekopress»)

  9. Ганна Шакель, «Цела мігдалу» (выдавецкая ініцыятыва «Вільма»)

Згодна са статутам прэміі, дзеля бяспекі намінанты і намінанткі маюць права захаваць ананімнасць і абраць зашыфраваны ўдзел. У такім выпадку іх імёны застаюцца схаваныя пад псеўданімамі, не абвяшчаюцца і назвы твораў. Фармат інкогніта будзе скасаваны пасля таго, як гэта стане бяспечна для аўтарак і аўтараў.


Сёлета ў складзе журы – вядомыя імёны літаратурнага свету. Эксперты і эксперткі, якія будуць вызначаць пераможцаў за два гады:

  • Дар’я Бялькевіч – паэтка, перакладчыца песень. Яе першы паэтычны зборнік вершаў «Слёзы на вецер» стаў найлепшай паэтычнай кнігай 2021 года паводле версіі беларускага «Радыё Свабода» і атрымаў прэмію Наталлі Арсенневай за 2021 год.
  • Міраслава Лукша – журналістка, пісьменніца і перакладчыца, аўтарка кніг паэзіі і прозы.
  • Аляксандр Распапоў – славіст, літаратуразнаўца, перакладчык, доктар гуманітарных навук, дацэнт Інстытута ўсходнеславянскай філалогіі ва Універсітэце імя Адама Міцкевіча. Сябра Славістычнай камісіі Польскай акадэміі навук і Еўрапейскага філалагічнага таварыства. 
  • Андрэй Хадановіч – паэт, перакладчык, літаратуразнаўца, пераможца прэміі імя Наталлі Арсенневай за 2019 год.

Працягвайце сачыць за навінамі прэміі і не прапусціце цырымонію ўзнагароджання!