Кароткі спіс прэміі Арсенневай за 2022 год

Апошняе абнаўленне: 11 верасня 2024
Кароткі спіс прэміі Арсенневай за 2022 год

Журы паэтычнай прэміі Наталлі Арсенневай вызначылася з кароткімі спісамі за 2022 і 2023 гады! Гэта апошні крок перад тым, як мы даведаемся пра назвы найлепшых паэтычных кніг за два апошнія сезоны.

Кароткі спіс за 2022 год выглядае наступным чынам:

  1. Альгерд Бахарэвіч, «Вершы» (выдавецтва «Viasna»)

  2. Наста Кудасава, «Побач» (выдавецкая ініцыятыва «Skarynyčy»)

  3. Вальжына Морт, «Песні для мёртвых і ўваскрэслых» (выдавецтва «Пфляўмбаўм»)

Пераможцаў назавуць на цырымоніі ўзнагароджання, якая адбудзецца 20 верасня, у дзень нараджэння патронкі прэміі Наталлі Арсенневай. Імпрэза пройдзе ў Варшаве, на пляцоўцы партнёра цырымоніі – Моладзевага хаба.


Сёлета ў складзе журы – вядомыя імёны літаратурнага свету. Эксперты і эксперткі, якія будуць вызначаць пераможцаў за два гады:

  • Дар’я Бялькевіч – паэтка, перакладчыца песень. Яе першы паэтычны зборнік вершаў «Слёзы на вецер» стаў найлепшай паэтычнай кнігай 2021 года паводле версіі беларускага «Радыё Свабода» і атрымаў прэмію Наталлі Арсенневай за 2021 год.
  • Міраслава Лукша – журналістка, пісьменніца і перакладчыца, аўтарка кніг паэзіі і прозы.
  • Аляксандр Распапоў – славіст, літаратуразнаўца, перакладчык, доктар гуманітарных навук, дацэнт Інстытута ўсходнеславянскай філалогіі ва Універсітэце імя Адама Міцкевіча. Сябра Славістычнай камісіі Польскай акадэміі навук і Еўрапейскага філалагічнага таварыства.
  • Андрэй Хадановіч – паэт, перакладчык, літаратуразнаўца, пераможца прэміі імя Наталлі Арсенневай за 2019 год.

Паэтычная прэмія была заснаваная ў гонар Наталлі Арсенневай, выдатнай паэткі  і зоркі літаратуры Заходняе Беларусі, аўтаркі знакавага верша «Малітва» («Магутны Божа»), якая працягвала сваю дзейнасць на эміграцыі, уносячы неацэнны ўклад у захаванне і развіццё беларускай культуры і літаратуры. Арганізацыяй прэміі займаюцца Беларускі ПЭН і  Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, якія выступаюць за падтрымку і развіццё беларускай літаратурнай традыцыі.