Фотасправаздача з цырымоніі ўзнагароджання прэміі. Аўтар фота: Аляксандр Драгавоз.
Прэмія імя Наталлі Арсенневай – самая прэстыжная ў паэзіі на беларускай мове. Гэта не толькі стымул творцаў да новых адкрыццяў, але і магчымасць данесці свой голас да шырокай аўдыторыі, асабліва ў часы, калі многія паэты і паэткі вымушаныя пісаць у эміграцыі.
Нязвыкла цёплы восеньскі вечар пад сінім небам Варшавы сабраў у двары Моладзевага хаба некалькі дзясяткаў аматараў прыгожага слова. Новы фармат – паэтычны пікнік – стаў рызынкай сёлетняга ўганаравання лаўрэатаў. Прэмія Арсенневай дынамічная, змяніла і свой візуал – галоўнымі колерамі сталі блакітны ды белы. Чаму? Адказ дызайнера – мастацкі, то бок паэтычны: пад сінім небам усё іначай! І сапраўды, новая гама дапамагала ствараць лірычны настрой імпрэзы.
Нашая гісторыя кружыць па коле…
Чаму дзея адбывалася менавіта 20 верасня?
Адна з дзвюх шляхетных мэтаў – аддаць даніну павагі Наталлі Арсенневай, нашай славутай паэтцы. У яе багатай творчай спадчыне – знакавы для беларусаў верш «Малітва» («Магутны Божа»), створаны ў змушанай эміграцыі. І менавіта 20-га ў аўтаркі шэрагу зорных шэдэўраў, у тым ліку музычных, – дзень народзінаў. Сто дваццаць першы.
Так, хоць цяпер зусім іншая эпоха, аднак прасцей не становіцца. І ўсё ж, як і ў мінулым стагоддзі, беларускі паэтычны свет пульсуе, нараджае кнігі насуперак драматычным абставінам. Прэмія Наталлі Арсенневай якраз і мае на мэце паказаць новыя выдатныя творы, захапіць чытачоў багаццем, адметнасцю мовы, вызначыць літаратурныя вышыні, на якія варта арыентавацца. Гэта і ёсць другая важная мэта арганізатараў.
Гутарым з сябрам журы Андрэем Хадановічам:
– Вельмі сімвалічна, што ці не ўсе цяперашнія прэтэндэнты на лаўрэацтва параскіданыя па ўсім свеце. Яны нясуць Беларусь з сабою туды, дзе апынаюцца. Як згадаць лёс Наталлі Арсенневай, то атрымліваецца, быццам нашая гісторыя кружыць па коле…
– І што ў гэтым бачыцца?
– На першы погляд, лёс знакамітай паэткі горкі: яе вяртанне на радзіму адбывалася вельмі павольна і сімвалічна – тэкстамі, якія ў асноўным трапілі да нас пасля смерці аўтаркі. З іншага боку, Наталля Арсеннева перажыла сваіх катаў, ганіцеляў – ворагаў Беларусі і беларушчыны. Ліха мінае, а паэзія застаецца. Вось і нам трэба мець на ўвазе, што культурная, літаратурная – любая беларуская стваральная дзейнасць спрыяе веры ў вяртанне на радзіму. Хочацца, зразумела, каб муры рухнулі раней і на мінскай плошчы праспявалі б арсеннеўскі «Магутны Божа»…
– А ці пабачыла журы такія самыя тэксты найвышэйшага ўзору ў паэтычных кніжках канкурсантаў?
– Вельмі ўсцешаны знаёмствам з творчасцю цэлага сузор’я літаратараў і літаратарак, любы і любая з якіх мог і магла быць пераможцам і пераможцай. Мы прэзентавалі чытачам шэсць кніг выдатных прэтэндэнтаў. Насуперак таму, што робіцца цяпер супраць нашай культуры, што глушыць яе, творцы дзейнічаюць, робяць годныя рэчы.
Паралелі беларускай літаратурнай геаграфіі
Заснавальнікамі прэміі ў 2016 годзе сталі Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». А з 2021-га арганізацыяй прэстыжнай імпрэзы займаюцца Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў. Іх партнёры сёлета – фонд «Estate of Vitaut Kipel» ды Беларускі харытатыўны траст. Партнёр цырымоніі – Беларускі Моладзевы Хаб.
Хто прычыніўся да вызначэння лаўрэатаў? Найскладанейшую задачу пагадзіліся рашаць паэтка і перакладчыца Дар’я Бялькевіч, паэт і літаратуразнаўца Андрэй Хадановіч (ён браў прэмію ў 2019-м), разам з імі шчыравалі таксама журналістка, літаратарка Міраслава Лукша ды Аляксандр Распапоў – славіст, доктар гуманітарных навук.
Варта нагадаць, што ў розныя гады лаўрэатамі прэміі станавіліся Алеся Башарымава, Марыя Мартысевіч, Алесь Разанаў, Уладзімір Някляеў…
Сёлета на прэміі Наталлі Арсенневай быў прадстаўлены мо дзясятак выдавецтваў з Беларусі, Польшчы, Германіі і Вялікабрытаніі. Лідары паводле колькасці кніжак-намінантаў – «hochroth Minsk» Дзмітрыя Строцава і «Skaryna Press».
Многія аўтары таксама жывуць цяпер за мяжой…
У гэтай найноўшай беларускай літаратурнай геаграфіі бачацца сумныя паралелі са змушаным падарожным лёсам Наталлі Арсенневай. Яна з болем пакінула Беларусь, зусім не са сваёй волі нямала павандравала па свеце… Напоўніцу зведала эмігранцкія пакуты, але – мацавала лёс творчасцю, выжывала, у тым ліку і дзякуючы паэзіі. Свой узвышаны верш-малітву «Магутны Божа» напісала якраз у эміграцыі. Узор для нашых сучаснікаў?
Так, пішуць, твораць нягледзячы на рэпрэсіі, пераслед і вайну.
Поўны спіс прэміі за 2023 год складаўся з 17 кніг. З іх у кароткі спіс увайшлі тры: «Уцёкі з Палесся» Валянціны Аксак (фонд «Kamunikat.org»), «Мёд і дым» Марыі Бадзей (выдавецтва «Пфляўмбаўм»), «Цела мігдалу» Ганны Шакель (выдавецкая ініцыятыва «Вільма»).
Ваенны 2022 год моцна прытармазіў выпуск літаратуры – таму на прэмію падалося толькі 6 кніг. У фінале мы пабачылі «Вершы» Альгерда Бахарэвіча (выдавецтва «Viasna»), «Побач» Насты Кудасавай (выдавецкая ініцыятыва «Skarynyčy»),«Песні мёртвых і ўваскрэслых» Вальжыны Морт (выдавецтва «Пфляўмбаўм»).
Заўважце: з шасцярых намінантаў толькі адзін – мужчына. Альгерд Бахарэвіч, якога большасць звыкла ўспрымае знакамітым празаікам. І вось цудоўная магчымасць адкрыць у ім яшчэ і выдатнага паэта!
Пра ўзровень канкурэнцыі гавораць прозвішчы тых майстроў слова, кнігі якіх разглядала сёлета журы: Марыя Мартысевіч, Ганна Комар, Ганна Янкута, Артур Камароўскі, Алесь Плотка, Дзмітрый Рубін, Андрэй Скурко, Андрэй Сцепанюк, Віктар Сямашка…
Калі паэзія пераплятаецца з лёсам, а той – з надзеяй…
Прэс-сакратар Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў Ціхан Чарнякевіч:
– Відаць нават з сённяшніх чытанняў, што ў нас вельмі крутая і класная паэзія. Я шмат бываў у розных журы, але як узяць, напрыклад, кароткі спіс за 2022 год, то гэта абсалютная фантастыка! Можна толькі марыць пра такія тройкі… І як жа цяжка выбіраць з іх пераможцу! Той выпадак, калі пасля прэміі выходзіш са змяшанымі пачуццямі…
Наталля Арсеннева – галоўны голас тагачаснай беларускай эміграцыі – чакала сваю другую кнігу «Між берагамі» 52 гады. Спадзяюся, гэткі лёс абміне паэтак, якія чыталі сёння свае вершы. Бо выдавецтвы працуюць, кнігі з’яўляюцца – адным словам, з паэзіяй цяпер някепска. А значыць, прэмія будзе жыць.
Лаўрэатка-2022 Наста Кудасава падтрымала думку Ціхана Чарнякевіча:
– Сапраўды, падбор аўтараў быў такі, што перамога – ужо апынуцца сярод шортлістараў. Для мяне гэта прэмія – найперш падтрымка. Бо пісаць цяпер усё цяжэй: ад таго, што адбываецца вакол, неяк страчваецца голас…
Пытаюся ў Насты:
– Пра што вашая сённяшняя паэтычная малітва?
– Па шчырасці, нават не ведаю, ці засталіся ў мяне словы для яе… Часамі падаецца, ужо не хапае іскрынак, праменьчыкаў свету… Нібыта ў душы нешта дагарае. Але як бачыш, колькі вакол зацікаўленых, шчырых беларусаў, як яны сёння, скажам, рэагавалі на вершы намінантаў, слухалі беларускі вініл і «жывыя» песні нашай юнай зорачкі Юстыны Карпіловіч, то з’яўляецца ды мацнее вера ў светлае. І выдатна, што свой унёсак у гэта робім і мы сваімі кніжкамі.
Надыходзіць час абвясціць лаўрэата-2023.
Паэтка, кіраўніца Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай:
– Хачу найперш падзякаваць камандзе, што адказвала за арганізацыю прэміі, а таксама Моладзеваму хабу, які дапамог правесці ўрачыстую цырымонію, і нашаму даўняму партнёру – Міжнароднаму саюзу беларускіх пісьменнікаў. Але перш, чым назваць пераможцу, трошкі інтрыгі!
У мяне сюрпрыз. Тыя, хто сочаць за высілкамі нашай каманды, маглі заўважыць: дагэтуль нідзе не называлася імя пераможцы прэміі-2021. Яно засталося ў таямніцы з прычыны бяспекі. Таму гэтаму чалавеку не дасталася тады ані належнай павагі, ані ўдзелу ў цырымоніі… Але цяпер я магу назваць імя: Дар’я Бялькевіч з кнігай «Слёзы на вецер»!
Так праз два гады паэтка атрымала доўгія шчырыя апладысменты за сваю кніжку… І, зразумела, кветкі!
– Я знаходзілася тады ў Беларусі і апублічванне магло нашкодзіць… Канечне, вельмі цешылася, але баялася падзяліцца сваёй радасцю. Ну а цяпер уся мая сям’я за мяжой… І магу ўслых пахваліцца: так, я лаўрэатка прэміі Арсенневай, чым вельмі ганаруся і пра што магу цяпер пісаць у паэтычных рэзюмэ.
Пасля сімвалічнага вяртання ў 2021-ы Таццяна Нядбай абвясціла імя пераможцы прэміі-2023: кніжка Ганны Шакель «Цела мігдалу».
– Вельмі радая, што ў кароткім спісе, апроч майго дэбютнага зборніка, быў яшчэ адзін гэткі самы, маёй сяброўкі. Цешуся, што мы дапамагалі адна адной рэдагаваць свае кніжкі-першынцы…
З месца чуецца жарт:
– То бок прэмію вы падзеліце?
Пад дружны смех гучыць адказ, які выклікае новыя апладысменты:
– А вось тут трэба падумаць! Аднак факт, што гэтая перамога – наша супольнае дасягненне. Хочацца, каб і надалей Наталля Арсеннева бласлаўляла маладых творцаў.
Масток паміж часам і прасторай, памяццю і надзеяй, намі і радзімай
Прэмія стала напамінам, што ва ўсе, нават самыя цяжкія, часы паэзія жыве, дапамагае перамагаць нягоды. І калі блакіт ды бель новага візуалу прэміі адлюстроўвалі нябёсы, што яднаюць усіх пад сабой, то вершы сталіся мастком паміж мінулым і сённяшнім, часам і прасторай, памяццю і надзеяй, мовай і паэзіяй, намі і радзімай…
…Ці не самая знакамітая кніжка Наталлі Арсенневай – зборнік «Між берагамі», выдадзеная 45 гадоў таму. Гэта назва з моцным эмігранцкім падтэкстам: дзе ты апынаешся, калі адштурхнешся ад свайго, роднага? Ці хопіць сілаў пераскочыць на іншы, чужы сёння бок? Ці выплывеш? Ці не зацягнуць цябе віры невядомасці, плынь у марнасць?
Так і ў сённяшніх паэтаў: суцэльныя пытальнікі… Каб яны не адгукнуліся клічнікамі бяды або шматкроп’ямі разгубленасці, адказы трэба шукаць ва ўласнай творчасці, у сваім паэтычным руху наперад, пажыццёвым жаданні дзяліцца з іншымі імпульсамі свайго сэрца. Здаецца, тут якраз і хаваецца сакрэт зорнай паэзіі патронкі прэміі…
Вось радкі з першага зборніка Наталлі Арсенневай:
…У сінім небе няма распачы
глухой, што гасіць паволі ўсё,
пад сінім небам усё іначай –
здаецца светлым, як сны, жыццё,
Такім нязнаным, дзіўным, узлётным,
жыццём-натхненнем…
Усім, хто быў на ўрачыстай вечарыне, якраз і дадалося ад высокай паэзіі таго самага натхнення і ўпэўненасці, што «ў сінях неба несмяротных бясконцым светам сплыве» ўрэшце і гэты не самы лепшы час, што і ў наша аконца загляне сонца…
Верш свой Наталля склала ў 17 сваіх веснавых гадоў.
Фота з цырымоніі: Аляксандр Драгавоз.
Арганізацыяй прэміі імя Наталлі Арсенневай займаюцца Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, якія выступаюць за падтрымку і развіццё беларускай літаратурнай традыцыі. Партнёрамі сёлета сталі фонд «Estate of Vitaut Kipel» ды Беларускі Харытатыўны Траст. Моладзевы хаб падтрымаў правядзенне цырымоніі і стаў яе партнёрам.