На 30 верасня 2024 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 37, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 164.
Палітычнага вязня, аўтара турэмнай літаратуры Змітра Дашкевіча асудзілі яшчэ на 1 год і 3 месяцы зняволення.
Пачаўся разгляд крымінальнай справы сцэнарыста Кірыла Вевеля з абвінавачаннем паводле арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да санкцый).
У закрытым рэжыме пачаўся завочны суд над праваабаронцай, настаўніцай гісторыі Аленай Маслюковай.
Затрыманы краязнаўца і грамадскі актывіст Павел Лаўрыновіч і фотамастак Айвар Удрыс.
Аўтара турэмнай літаратуры Ігара Аліневіча, асуджанага на 20 гадоў зняволення, змясцілі ў ШІЗА (штрафны ізалятар).
З сайта Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Акадэміі навук знікла старонка, прысвечаная паэтцы, палітычнай дзяячцы, зняволенай савецкага ГУЛАГа Ларысе Геніюш.
YouTube-каналу «Каля культуры» нададзены «экстрэмісцкі» статус.
У бібліятэцы калоніі № 15 у Магілёве спалілі кнігі на беларускай мове і раманы Джорджа Оруэла «Ферма» і «1984».
I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 18 верасня ў судзе Першамайскага раёна Мінска пачаўся разгляд новай крымінальнай справы палітычнага вязня, аўтара турэмнай літаратуры Змітра Дашкевіча, якому за нібыта непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і прысудзілі яшчэ 1 год і 3 месяцы зняволення.
2. 23 верасня пачаўся разгляд крымінальнай справы сцэнарыста Кірыла Вевеля, абвінавачанага паводле арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да санкцый). Кірыл Вевель быў затрыманы ў студзені 2024 года.
3. 30 верасня ў Гомельскім абласным судзе ў закрытым рэжыме пачаўся завочны суд над праваабаронцай, настаўніцай гісторыі Аленай Маслюковай паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Спецыяльнае вядзенне ў дачыненні да Алены Маслюковай, якая з 2021 года жыве не ў Беларусі, распачалі 23 траўня 2024 года.
II. Затрыманні дзеячаў культуры
1. 20 верасня стала вядома, што ў Глыбокім затрыманы краязнаўца і грамадскі актывіст Павел Лаўрыновіч.
2. 20 верасня стала вядома, што ў Глыбокім затрыманы фотамастак Айвар Удрыс, яго асудзілі паводле ч. 1 арт. 24.23 Адміністрацыйнага кодэкса за падпіску на незалежныя інфармацыйныя рэсурсы.
3. 24 верасня ў Лепелі за падпіску на незалежныя інфармацыйныя рэсурсы асудзілі паводле Адміністрацыйнага кодэкса Максіма Гарэлікава – артыста духавога аркестра вайсковай часткі, размешчанай у пасёлку Заслонава Лепельскага раёна.
III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
1. 26 верасня стала вядома, што ў літаратара, літаратуразнаўцы і палітолага Аляксандра Фядуты ў калоніі пагоршыўся стан здароўя. Таксама ён зазнае псіхалагічныя катаванні – адміністрацыя калоніі не дазваляе іншым зняволеным кантактаваць з ім.
2. Аўтара турэмнай літаратуры Ігара Аліневіча, асуджанага на 20 гадоў зняволення, змясцілі ў ШІЗА (штрафны ізалятар). З 13 па 26 чэрвеня Ігар Аліневіч трымаў галадоўку ў ШІЗА жодзінскай турмы. У бальніцу яго забралі проста з карцара. Ігара Аліневіча затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. Яго абвінавацілі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў за нібыта падпальванне службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ, Дзяржаўнага камітэта экспертыз і асудзілі на 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ігар Аліневіч – літаратар, публіцыст, актывіст анархісцкага руху. Напісаная ў турме кніга «Еду ў Магадан» выйшла ў 2013 годзе. Ігар Аліневіч стаў першым лаўрэатам прэміі Францішка Аляхновіча, што была заснавана ў 2013 годзе Беларускім ПЭНам і «Радыё Свабода» і ўручаецца за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні.
IV. Цэнзура
1. 19 верасня YouTube-каналу «Каля культуры», які вядзе былы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Мікіта Моніч, нададзены «экстрэмісцкі» статус. «Каля культуры» – беларускі канал пра тое, «як атрымліваць задавальненне ад культурных прадуктаў, як і навошта хадзіць у музеі і тэатры».
2. З сайта Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Акадэміі навук знікла старонка, прысвечаная паэтцы, палітычнай дзяячцы, зняволенай савецкага ГУЛАГа Ларысе Геніюш (1910–1983). Ларыса Геніюш – сімвал антысавецкага супраціву, прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства, да смерці пражыла з адзнакай у пашпарце «без грамадзянства».
V. Знішчэнне кніг
24 верасня стала вядома, што ў Магілёве ў бібліятэцы калоніі № 15 на загад адміністрацыі спалілі кнігі на беларускай мове і раманы Джорджа Оруэла «Ферма» і «1984».