На 15 кастрычніка 2024 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 37, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 165.
Гомельскі абласны суд завочна асудзіў на 3 гады калоніі агульнага рэжыму настаўніцу гісторыі і праваабаронцу Алену Маслюкову.
Супраць журналісткі і пісьменніцы Ганны Златкоўскай распачата крымінальная справа.
Адбыўся завочны суд у дачыненні да даследчыцы сталінскіх рэпрэсій Валерыі Чарнаморцавай.
За падпіску на незалежныя крыніцы інфармацыі паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў) асудзілі даследчыка сталінскіх рэпрэсій Алега Чарткова (Наваполацк), настаўніцу гісторыі Наталлю Крук (Докшыцы), краязнаўцу і дырэктара школы Аляксандра Лейкіна (Рагачоў), дызайнерку адзення Наталлю Крэміс (Віцебск).
Затрымалі музыку Паўла Акушэвіча (DjBIGACTION).
Палітзняволены адвакат, паэт, бард, аўтар кнігі «Зэкамерон» Максім Знак паўтара года застаецца ў рэжыме інкамунікада ў віцебскай ПК № 3.
Палітзняволены журналіст, эсэіст, аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі, трэвэл-блогер Ігар Карней утрымліваецца ў памяшканні камернага тыпу.
Палітзняволеная музыкантка і грамадская дзяячка Марыя Калеснікава застаецца ў рэжыме інкамунікада.
У Гродне адмянілі лекцыю паэткі і даследчыцы Ірыны Дубянецкай.
I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 8 кастрычніка стала вядома, што ў дачыненні да журналісткі і пісьменніцы Ганны Златкоўскай завочна распачата крымінальная справа, на яе маёмасць накладзены арышт, у кватэры маці адбыўся ператрус. Ганна Златкоўская ў выніку палітычнага пераследу пакінула Беларусь у лістападзе 2020 года. Паводле якога артыкула пераследуюць пісьменніцу, пакуль невядома.
2. 11 кастрычніка ў судзе Савецкага раёна Мінска адбыўся завочны суд у дачыненні да даследчыцы сталінскіх рэпрэсій Валерыі Чарнаморцавай. Пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія») зменена на пазбаўленне волі. Валерыя Чарнаморцава знаходзіцца па-за межамі Беларусі.
3. 11 кастрычніка Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўнесла ў спіс «экстрэмістаў» асуджаных паводле палітычных матываў кінадакументаліста Яўгена Глушкова і культурніцкага блогера Алеся Сабалеўскага
4. 15 кастрычніка Гомельскі абласны суд завочна асудзіў на 3 гады калоніі агульнага рэжыму настаўніцу гісторыі і праваабаронцу Алену Маслюкову на падставе ч. 1 і 2 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Алена Маслюкова ў выніку палітычнага пераследу выехала з Беларусі ў 2021 годзе.
II. Затрыманні і адміністрацыйныя суды
1. 2 кастрычніка ў Наваполацку за падпіску на незалежныя крыніцы інфармацыі паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў) асудзілі даследчыка сталінскіх рэпрэсій Алега Чарткова.
2. 8 кастрычніка ў Докшыцах за падпіску на незалежныя крыніцы інфармацыі паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў) асудзілі настаўніцу гісторыі Наталлю Крук.
3. 10 кастрычніка ў судзе Рагачоўскага раёна за падпіску на незалежныя крыніцы паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў) асудзілі краязнаўцу і дырэктара сярэдняй школы № 4 Аляксандра Лейкіна.
4. 10 кастрычніка ў судзе Віцебскага раёна за падпіску на незалежныя крыніцы інфармацыі паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў) асудзілі дызайнерку адзення Наталлю Крэміс, ужо асуджаную паводле ч. 1 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
5. 11 кастрычніка стала вядома, што ў Лідзе затрымалі музыку Паўла Акушэвіча (творчы псеўданім DjBIGACTION), які працаваў дыджэем у лідскіх барах і рэстаранах, у тым ліку ў «Hookah Place».
III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
1. Палітзняволены адвакат, паэт, бард, аўтар кнігі «Зэкамерон» Максім Знак паўтара года застаецца ў рэжыме інкамунікада ў віцебскай ПК № 3 («Віцьба»). Былы палітвязень, які выйшаў на волю сёлета, распавёў: «Калі я быў у ШІЗА, то праз вентыляцыю меў зносіны з чалавекам, які прадставіўся Максімам Знакам. Ён сказаў, што ўжо год (гэта быў канец 2023 года) сядзіць адзін у ПКТ [памяшканне камернага тыпу], што адзіночнае зняволенне маральна даецца яму цяжка, але ён трымаецца».
2. Палітзняволены журналіст, эсэіст, аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі, трэвэл-блогер Ігар Карней утрымліваецца ў ПКТ. Знаходжанне там мусіла скончыцца ў жніўні, але стала вядома, што тэрмін працягнулі і да студзеня 2025 года Ігара Карнея будуць трымаць у ПКТ. Званкі яму забаронены, пасылка з цёплымі рэчамі вярнулася адпраўшчыку. Прысуд у крымінальнай справе Ігара Карнея паводле ч. 3 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні) быў вынесены 22 сакавіка 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе – 3 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.
3. Палітзняволеная музыкантка і грамадская дзяячка Марыя Калеснікава застаецца ў рэжыме інкамунікада: ніхто не ведае, які яе цяперашні стан здароўя, яна не выходзіла на сувязь з роднымі больш за 18 месяцаў, апошні ліст быў у лютым 2023 года. Лісты да Марыі Калеснікавай «персанал калоніі рве на яе вачах», сказала яе сястра, перадаючы словы былых зняволеных.
IV. Цэнзура
6 кастрычніка ў Гродне адмянілі лекцыю паэткі і даследчыцы Ірыны Дубянецкай.
V. Рэпрэсіі ў сферы кнігавыдання
1. 11 кастрычніка ў Гродне адбылося судовае пасяджэнне паводле справы выдавецтва «Літара», што займалася выданнем кніг па гісторыі Беларусі. Выдаўцоў Аляксандра Рыжага і Іллю Рыжага судзілі паводле ч. 3 арт. 13.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць), гэты артыкул пагражае пазбаўленнем ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць.
2. 14 кастрычніка суд Баранавіцкага раёна і Баранавічаў яшчэ раз прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кнігу палітычнага дзеяча, пісьменніка, гісторыка Вацлава Ластоўскага (1883–1938), расстралянага падчас сталінскіх рэпрэсій. «Экстрэмісцкімі матэрыялам» прызналі «Выбраныя творы» (Мінск: Беларускі кнігазбор, 1997). У траўні 2024 года «экстрэмісцкай» ужо была прызнана кніга Вацлава Ластоўскага «Выбраныя творы» («Беларускі кнігазбор», 1997 год, 510 старонак).
VI. Звальненні за грамадзянскую пазіцыю
10 кастрычніка стала вядома, што ў Рагачове звольнілі з працы краязнаўцу і дырэктара сярэдняй школы № 4 Аляксандра Лейкіна, даследчыка лакальнай гісторыі Рагачоўшчыны.