Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
21 кастрычніка 2024 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розную пратэсную актыўнасць выкарыстоўваецца ўладамі для ўціску грамадскай ды палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў.
Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе было істотна больш жорсткім і дапоўненае новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб’яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і яе палітыцы, таксама экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў. Так, заключаныя пад варту:
- Аляксандр Якушкоў паводле абвінавачвання ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні паводле арт. 361-1 КК;
- Арцём Зянькоў паводле абвінавачванні ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці за ахвяраванні ў ініцыятывы, прызнаныя экстрэмісцкім фармаваннем, паводле арт. 361-2 КК;
- Валерый Мяфодзіенка паводле абвінавачвання ў фінансаванні экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці за ахвяраванні ў ініцыятывы, прызнаныя экстрэмісцкім фармаваннем, паводле арт. 361-2, 290-1 КК;
- Андрэй Лабада паводле абвінавачвання ў абразе прадстаўніка ўлады і ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці за выказванні ў інтэрнэце і за ахвяраванні ў ініцыятывы, прызнаныя экстрэмісцкім фармаваннем паводле арт. 369 і 361-2 КК;
- Марына Леановіч паводле абвінавачвання ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці і ўдзелу грамадзян у ваенных канфліктах за ахвяраванні пратэсным ініцыятывам і беларускім добраахвотнікам у складзе Узброеных сіл Украіны паводле арт. 361-2 і 361-3 КК;
- Таксама Яўген Зайцаў асуджаны паводле абвінавачвання ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак паводле арт. 361-4 і 342 КК да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Яўген Сцяпанаў асуджаны паводле абвінавачвання ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні паводле арт. 361-1 КК да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Сяргей Паўлавіцкі асуджаны паводле абвінавачвання ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці паводле арт. 361-2 КК да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Мы прызнаем названых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- неадкладна вызваліць палітвязняў Аляксандра Якушкова, Арцёма Зянькова, Валерыя Мяфодзіенку, Андрэя Лабаду, Марыну Леановіч, Яўгена Зайцава, Яўгена Сцяпанава, Сяргея Паўлавіцкага;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Беларускі Хельсінкскі Камітэт;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Прававая ініцыятыва;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі ПЭН.