Алег Сычоў

Апошняе абнаўленне: 28 кастрычніка 2024
Алег Сычоў

Алег Сычоў – друкар, супрацоўнічаў з выдавецтвам «Зміцер Колас», што існуе з 1998 года і спецыялізуецца ў выданні беларускіх перакладаў тэкстаў еўрапейскіх аўтараў.

3 сакавіка 2023 года Алега Сычова затрымалі разам з жонкай Настассяй Пілько, якая працавала дырэктаркай друкарні ААТ «Электронны агент». Абое былі змешчаны ў СІЗА КДБ.

Алег Сычоў быў абвінавачаны ў крымінальнай справе паводле арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму) за нібыта «спробу здзяйснення акту тэрарызму» ў Мачулішчах.

4 сакавіка ў доме Алега Сычова пад Мінскам у садовым таварыстве «Бярозавы гай» затрымалі Мікалая Швяца, абвінавачанага ў тым, што 26 лютага 2023 года на аэрадроме ў Мачулішчах ён пашкодзіў вайсковы расійскі самалёт ДРЛВ-50, які выкарыстоўваўся для навядзення расійскіх ракет на аб’екты ва Украіне. 28 чэрвеня Мікалай Швец быў вызвалены з турмы ў Беларусі ў выніку абмену палоннымі паміж расійскімі і ўкраінскімі ўладамі.

7 снежня 2023 года Алег Сычоў быў прызнаны палітвязнем.

19 жніўня ў Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме распачаўся працэс паводле справы дыверсіі ў Мачулішчах. Абвінавачаным інкрымінаваны 11 артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 361.4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 1 арт. 290.1 (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці), ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 358 (агентурная дзейнасць), ч. 4 арт. 309 (прывядзенне ў няспраўнасць транспартнага сродку), ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму), ч. 3 арт. 361.1 (стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні), арт. 361.2 (фінансаванне экстрэмісцкага фарміравання), ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да выбуховых рэчываў), арт. 290.3 (праходжанне навучання для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці).

3 кастрычніка 2024 года Мінскі гарадскі суд вынес вырак паводле крымінальнай справы Алега Сычова: 9 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Адрас для ліставання: Алегу Ігаравічу Сычову, СІЗА КДБ, Галоўпаштамт, а/с № 8, 220050, г. Мінск