Перакладчыцкая майстэрня: першы сезон фінішаваў. Працягу – быць!

Апошняе абнаўленне: 28 кастрычніка 2024
Перакладчыцкая майстэрня: першы сезон фінішаваў. Працягу – быць!

Беларускі ПЭН вяртаецца сёлета, пасля некалькі гадоў змушаных канікул, да правядзення Перакладчыцкай майстэрні. З улікам абставін – у анлайн-фармаце. Але гэта не зменшыла цікавасці да праекта: на ўдзел падаліся сто чалавек! Арганізатары адабралі сорак удзельнікаў, бо давялося лічыцца з тэхнічнымі патрабаваннямі платформы Zoom. І вось прыйшоў час падсумавання заняткаў.

Адштурхоўвацца ад чужых памылак, каб не рабіць сваіх

«Канечне, нішто не заменіць жывой камунікацыі, але ж неяк трэба пераадольваць межы, – разважае бяззменны вядоўца майстэрні, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч. – Скончанай працай вельмі задаволены. Адразу алібі для крытыкаў: задаволены не столькі сабой, колькі зваротнай рэакцыяй і супрацай з групай. Феноменам чалавечых стасункаў на самых розных узроўнях.

Сотня заявак на майстэрню – гэта вельмі шмат. Уражвае! Арганізатары, што называецца, плакалі, але мусілі выбіраць з улікам спецыфікі інтэрнэту. Мы правялі дзевяць заняткаў. І больш за восемдзесят працэнтаў удзельнікаў пратрымаліся да канца: актыўна абмяркоўвалі розныя праблемы перакладу. Хоць часта няпроста было нават слоўца ўставіць у гэтую шматгалосую размову-дыскусію. Дарэчы, пад час кожнай разглядалі па дзве дэбютныя працы. Агулам васямнаццаць чалавек мелі добразычлівую крытыку ад калег і кансультантаў».

Абмяркоўваем з удзельнікамі практыку майстэрні. З улікам спецыфікі моманту быцця большасць суразмоўцаў прасілі дазволу застацца ананімнымі.

«Добра памятаю старт: хоць Zoom у пэўным сэнсе і дазваляе схавацца, аднак шмат каму пераадолець псіхалагічны бар’ер – выкласці свой варыянт перакладу на агульнае абмеркаванне – зусім не проста. І ў гэтым сэнсе я ацаніла далікатны крок вядоўцы: каб група расслабілася, прапанаваў разгледзець уласны дэбютны чарнавік, зроблены шмат гадоў таму. Гэта класна: пераканацца ўвачавідкі, як такі прызнаны зараз аўтарытэт у прафесіі праходзіў праз памылкі, уласцівыя і сённяшнім навічкам.

Дарэчы, пры канцы таго абмеркавання Хадановіч даў і свой апошні варыянт перастварэння славутага “Альбатроса” Шарля Бадлера. Што тут скажаш: час і бясконцая практыка не маглі не адбіцца на якасці».

На працяг размовы – яшчэ адна згадка ўдзельніка праекта:

«Я бачу плюс і ў тым, што апроч пачаткоўцаў у групе былі і людзі з досведам. Напрыклад, Марыя Бадзей мела паэтычны зборнік “Мёд і дым” – вельмі годны дэбют! Мае ўласны – і не абы які – досвед, але як няпроста і ёй працаваць з паэтыкай Арцюра Рэмбо! Праблемы пачаліся літаральна адразу, з загалоўка. Куды дзецца ад цяперашняй паліткарэктнасці: назваць санет класічна “Мая багема” – ці лепш усё ж “Мая цыганшчына”? Марыя прапанавала свой варыянт – “Маё бадзянне”. Знаходка! Мы «за», але нешта вярэдзіць калектыўную творчую свядомасць, працягваем круціць варыянты – і нарэшце спыняемся на такім: “Мае бадзянні”… А колькі ідэяў нарадзіў пераклад усім вядомага выразу “мальчик-с-пальчик”! Наўпроставую кальку Марыі з рускай “хлопчык-з-ногцік” адразу адмялі, але ж як цяжка знайсці сваё! І тады разам згадалі прыклады з практыкі ўкраінскіх калег, ухвалілі і знаходку нашага вядомага выдаўца Змітра Коласа, якому належыць такі варыянт: “малое пальчанё”.

І гэта ўсяго адзін прыклад: праца групы іскрыла і палала! Вельмі шкадую, што такім чынам мы “праанатаміравалі” спробы толькі паловы ўдзельнікаў семінара».

А вось каментар вядомай беларускай перакладчыцы, якая была госцяй на адным з заняткаў і дзялілася ўласным досведам:

«У нашай справе эфект чалавека-адзіночкі, нават хоць ён тысячу разоў геній, найчасцей саступае супольнаму. Бо пераклад – гэта тое, чаму варта вучыцца ў іншых – не толькі праз тэксты класікаў цэха, але і праз абмеркаванне тэкстаў тых, хто з табой на адной прыступцы. Тады вы будзеце разам падымацца да вяршынь сапраўды зорных. Такая практыка найбольш плённая для пачаткоўцаў, яна рэальна спрыяе якасці. А што да паўставання першых перакладчыцкіх школ, дык тут адназначна: гэта не пустыя словы, а рэальная эфектыўная практыка – аб’ядноўвацца дзеля стварэння добрых тэкстаў. Гэта тое, што дазваляе адштурхоўвацца ад чужых памылак, каб не рабіць сваіх».

Фантазіі перакладчыка на маргінэсе

Працягваем падсумаванне з Андрэем Хадановічам:

«Другі важны чыннік працы майстэрні: амаль кожная сустрэча адбывалася з экспертам, апроч мяне як кіраўніка працэсу. Хоць бы таму, што не валодаю ўсімі мовамі, з якіх перакладалі нашыя ўдзельнікі.

Так, чэшская паэзія абмяркоўвалася ў прысутнасці пражаніна і паліглота Сяргея Шупы.

Ганна Янкута аналізавала ёркшырскі акцэнт і перадачу шматсэнсоўнасці сучаснай новазеландскай паэзіі.

Нямецка-беларускія сувязі аналізавалі не толькі з Альгердам Бахарэвічам, які даўно жыве і плённа працуе ў Нямеччыне, але і з яго нямецкім перакладчыкам Томасам Вайлерам – так бы мовіць, абмяркоўвалі праблему ў два бакі.

Тое самае можна сказаць пра Анхелу Эспіносу Руіс, якая піша па-беларуску і перакладае на родную іспанскую мову беларускую паэзію. Як жа здорава гучаць тыя вершы ў яе выкананні! Анхела кансультавала нашых «іспанцаў» Наталлю і Андрэя. Гэта ўражвала: усе адчулі, як важна ведаць не толькі слова, але і тое глыбокае, што стаіць за ім – культурныя кантэксты, асацыяцыі, падводныя камяні эпох, да якіх адсылаюць тыя ці іншыя тэксты».

Многія ўдзельнікі майстэрні пацвердзілі словы Андрэя: парады прызнаных прафесіяналаў моцна дапамагалі. Слухаючы шчырыя ўспаміны, развагі карыфеяў пра іхнае сталенне, пачаткоўцы прасцей развітваліся з уласнай сарамяжлівасцю, а то і з перыядычным адчуваннем нібыта бездапаможнасці, мелі магчымасць набрацца досведу рэальнай перакладчыцкай практыкі.

«Трэба прызнаць: большасць з нас – неафіты. Я – у прыватнасці. І хоць маю пэўную амбітнасць, аднак разумею: бракуе тэарэтычнага грунту. Дарэчы, у гэтым бачу і слабасць нашых заняткаў у майстэрні. Як яны не ў выглядзе лекцый, то варта даць нам хаця б спіс адпаведных сучасных даследаванняў на тэму мастацтва перакладу. Пэўнай кампенсацыяй сталіся ўрокі мэтраў, якія прыходзілі да нас. Што ні прыклад ад цэхавых профі – то паўнавартасны ўрок. Мяне ўразіла: вялікія праколы здараліся нават у вялікіх жа перакладчыкаў! Тут характэрныя прыклады прывёў бліскучы Сяргей Шупа ў расповедзе пра савецкія беларускія пераклады Мойшы Кульбака. Нават адпаведная праца Язэпа Семяжона фактычна сталася добрай любоўнай лірыкай. Але менавіта яго, Семяжона – а ні ў якім разе не Кульбака. Было надзвычай цікава і павучальна пачуць аргументацыю: вось жа праўда, што размову варта весці пра фантазіі перакладчыка на маргінэсе».

Тэму падхоплівае чарговы навучэнец:

«Памылак не пазбеглі нават культавыя аўтарытэты – Васіль Сёмуха і Рыгор Барадулін. Найперш з таго, што працавалі не з арыгінальнымі творамі. І як Альгерд Бахарэвіч з Томасам Вайлерам неўзабаве ўзяліся рэцэнзаваць нашыя ўрыўкі з працы над тэкстам Рэмарка, то я асабіста ўжо не пераймаўся ўласнымі хібамі, а заняў куды больш рацыянальную пазіцыю: зрабіў практычныя высновы. У прыватнасці, наконт адсябяціны –  дагаворвання не да канца зразумелага ў арыгінальным тэксце, той спакусы, калі не знаходзіцца адзінае трапнае слова…

Напрыклад, у нас быў такі пераклад афарызма славутага немца: “Чалавек без пашпарта – нябожчык, адпушчаны на вакацыі зноў пажыць”. А госці семінара, сапраўды глыбокія знаўцы мовы арыгінала, давялі іншы канструкт: “Чалавек без пашпарта – нябожчык у адпачынку”. Як ёмка і сцісла! Вось дзе Рэмарк сапраўдны, ды ў беларускім варыянце… Класічны выпадак для разумення таго, што вялікаму раманісту не патрэбныя твае дапісванні».

Яшчэ меркаванні:

«Мне спадабалася сачыць у рэальным часе за рэдагаваннем тэкстаў дасведчанымі перакладчыкамі і рэдактарамі, бачыць, на што яны звяртаюць увагу, над якімі нюансамі арыгіналу задумваюцца… Вельмі добра быў зроблены акцэнт на тым, як перакладаць адэкватна арыгіналу, не прыносіць занадта шмат ад сябе, захоўваць баланс паміж дакладнасцю перакладу і мастацкасцю».

«Сапраўды, у выніку для мяне сталі больш відавочнымі чырвоныя лініі ў перакладзе».

Піраміда літаратурнай славы грунтуецца на вас…

Пытаемся ў Альгерда Бахарэвіча пра ўражанні ад наведвання Перакладчыцкай майстэрні.

«Гэта напраўду важны праект. І не толькі для будучых перакладчыкаў – гэта важна для беларускай літаратуры. Таму што пераклад змяняе яе – робіць больш еўрапейскай. Набліжае да тых нязведаных тэрыторый, пра якія мы не маем яшчэ аніякага ўяўлення, пашырае далягляды.

І Андрэй Хадановіч з ягоным веданнем літаратуры, густам і талентам выкладчыка робіць проста неацэнную справу.

А найгалоўнае – робіць бачнымі саміх перакладчыкаў. Тых, напрыклад, каго запрашае на заняткі майстэрні, каб яны дзяліліся досведам. Перакладчык насамрэч – асноўная фігура, галоўная постаць сучаснай культуры. Межы мовы – самыя цяжкапераадольныя ў сучасным свеце.

Агулам лічыцца, што пісьменнікі становяцца вядомымі дзякуючы выключна іхнай творчасці. Але насамрэч – найперш праз пераклад. І хоць на перакладчыках у выніку стаіць уся піраміда зорнасці, пра іх вельмі мала гавораць. Гэта тая прафесія, калі чалавек свядома адмаўляецца ад нейкай славы, амбіцый на карысць сваёй працы. Думаю, таму важны і вось такі момант дзейнасці Перакладчыцкай майстэрні: яна робіць гэтых людзей больш вядомымі і пазнавальнымі».

Альгерд Бахарэвіч з перакладчыкам свайго рамана на нямецкую Томасам Вайлерам. Фота: Яўген Ерчак, budzma.org

Хай і не наўпроставае, але вось яшчэ адно пацвярджэнне словам Альгерда Бахарэвіча: з уласнай ініцыятывы ў госці да навучэнцаў прыходзілі вядомыя беларускія незалежныя выдаўцы: Андрэй Янушкевіч з выдавецтва «Янушкевіч» і прадстаўніца «Gutenberg Publisher» Валянціна Андрэева. Ці ж не падтрымка гэта тых, хто заўтра можа стаць гонарам беларускай перакладчыцкай школы? Тут – вера ў маладую змену і спроба будаўніцтва мастка супрацы з будучымі прафесіяналамі.

А працы для перакладчыкаў – процьма. У гэтым сэнсе сімвалічнай стала тэма апошняй сустрэчы майстэрні: разбор толькі што выдадзенай «Полацкімі лабірынтамі», але ў Варшаве, гамераўскай «Іліяды».

Андрэй Хадановіч:

«Беларусь там, дзе ёсць мы і штосьці робім дзеля Бацькаўшчыны. Як Лявон Баршчэўскі – бліскучы педагог, паліглот і перакладчык. Гэта адзіны поўны ў нас на сёння пераклад “Іліяды”. Лёс ранейшага, зробленага легендарным Браніславам Тарашкевічам, драматычны: захаваліся толькі невялічкія фрагменты. Астатняе, хутчэй за ўсё, так і не ўдасца адшукаць у архіўных скляпеннях сённяшніх МУСа ці КДБ… Хоць заўсёды ёсць спадзеў на цуд!»

Але навучэнцы атрымалі магчымасць параўнаць паэтыку, падыходы, стратэгію ранейшага і сучаснага перакладаў. Што сталася нечаканай магчымасцю гаварыць у тым ліку і аб праблеме папсовасці, літаратурнай зіхатлівасці пры перакладзе класікі, аб удачах і праблемах яе набліжэння да сённяшняга беларускага чытача. Выснова з усяго сказанага наступная: ёсць музейная дыстанцыя і ў перастварэнні геніяльных старажытнагрэцкіх тэкстаў, лацінскіх…

А вось цікавыя дапаўненні ад мэтраў перакладу.

Сяргей Шупа:

«Мы ступілі на парог новага цывілізацыйнага скачка беларускай культуры. Бо мець свой пераклад «Іліяды» – гэта сведчанне спеласці. Ён ці не такой самай вагі, як пераклад Бібліі і некаторых іншых тэкстаў, закладзеных у культурны код любога народа, часткі сусветнай цывілізацыі».

Зміцер Колас:

«Праз “Іліяду” я сапраўды бачу скачок у беларускай культуры. І гэта зусім не прыгожая метафара: прыклад Лявона падбіў нас узяцца за перастварэнне шэрагу сусветных эпасаў – мы з калегамі закладаем новую эпічную серыю. Так што далучайцеся!»

«Іліяда» ў перакладзе на беларускую мову, выдавецтва «Полацкія лабірынты»

Каманда Беларускага ПЭНа вельмі ўсцешаная, што вяртанне Перакладчыцкай майстэрні так цёпла прынялі і навучэнцы, і мэтры. Таму выдатная навіна – працяг абавязкова будзе!

Андрэй Хадановіч:

«Ужо дакладна можна гаварыць пра другі і трэці сезоны. Адпаведна, другі і трэці набор. Падавайце свае заяўкі, сябры!

Але мы, канешне, выканаем і свае абавязкі перад навучэнцамі першай хвалі – абмяркуем творчасць тых, хто пакуль застаўся па-за ўвагай. Такім чынам, да новага складу навучэнцаў часткова далучыцца і ранейшы. Ну а тыя, хто прайшлі баявое хрышчэнне, – то бок абмеркаваліся, змогуць узяць тайм-аўт, каб падумаць над зробленымі ім заўвагамі, працягнуць свой пераклад і вярнуцца ў трэцюю майстэрню дзеля новых прафесійных прыступак і творчага натхнення».