Лабірынты прэміі Гедройця: містыка і статыстыка, чуткі і факты

Апошняе абнаўленне: 22 лістапада 2024
Лабірынты прэміі Гедройця: містыка і статыстыка, чуткі і факты

26 лістапада ў Гданьску адбудзецца чарговы фінал галоўнай беларускай літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця. Між іншым, трынаццаты сезон! Лік магічны, ці не большасцю ўспрымаецца з эмацыйным напружаннем, а то і страхам.

Паблукаем прэміяльнымі лабірынтамі, пашукаем у іх забытае, малавядомае, а мо і містычнае, згадаем фанфарнае і мінорнае… Каб пабачыць, чаго насамрэч больш у гэтым чортавым тузіне: страт – ці знаходак? Узлётаў – ці няўдач? Суб’ектыўнага, ценявога – ці аб’ектыўнага, неперадузятага?

А хто ж з творцаў не хоча пад сафіты?!

Пачнём з прызнання відавочнага: грэшны свет наш не без цемры. Тым больш творчы. З яго схільнасцю да фантазій, што часам перацякаюць у канспіралагічныя сюжэты. Асабліва калі размова пра магчымасць трапіць на прыгожую сцэну ды пад яркія сафіты.

Хоць гэта цалкам нармальна – жадаць прафесійнага і грамадскага прызнання, якое, уласна, прэмія і дае. Праблема для адных, бяда для другіх і катастрофа для трэціх у тым, што пераможца сезона ўсяго адзін, побач з ім толькі двое лаўрэатаў, а воддаль яшчэ трое куды менш заўважных шорт-лістараў.

Гэтым шасцярым удаецца выбіцца ў сафітны фінал з лонг-ліста – трапіць у які таксама, дарэчы, гонар. Ён 11 гадоў традыцыйна складаўся з 12 месцаў.

Доўгі спіс прэміі Гедройця за 2013 год

Але на пятай цырымоніі мы мелі шчасце бачыць 13 творчых персон – ізноў яна, магія лічбаў! Відаць, той дадатковы прэтэндэнт на перамогу меў абсалютна важкія аргументы на карысць свайго таленавітага твора, калі журы пайшло на гэткі нечаканы крок. Дарэчы, у поўным спісе таго года было 29 літаратараў, з якіх першае месца атрымаў Макс Шчур. І наўрад ці менавіта яму выпаў дадатковы «няшчасны» нумар.

Лонг-ліст спатыкнуўся яшчэ раз і на падрыхтоўцы да сёлетняй цырымоніі – ды што тут дзіўнага, як яна, ізноў жа, трынаццатая?! Вось цёмны статыстычны адгалосак лічбаў: колькасць прэтэндэнтаў зляцела ўніз і зафіксавалася на адзнацы 10. Журы патлумачыла сваё рашэнне досыць рацыянальна: тое ўсё ад агульнай неспрыяльнай сітуацыі для творцаў і ўпадку кнігавыдання – у выніку ўтварылася крытычна малая розніца паміж колькасцю пазіцый поўнага і доўгага спісаў, што прафанавала працэдуру.

Такім чынам, выніковая статыстыка: у доўгія спісы за ўсе гады трапілі 155 кніг, у кароткія – 78. 39 з іх сталіся лаўрэатамі.

Але ў 2019 годзе Святлана Алексіевіч прапанавала арганізатарам прэміі дадаць да афіцыйнай тройкі яе асабістую ўзнагароду чацвёртаму літаратару – новенькі айфон. Тэлефон атрымаў тады Сергей Календа.

Што да поўных спісаў (то-бок усіх, хто падаваўся на прэмію), дык у розныя гады канстатавалі абсалютна розную колькасць. Не дзіва: літаратурная творчасць – працэс ненармаваны. Сёння пішацца, а заўтра і пасля то крызіс крэатыўнасці, то трайня ў сям’і нарадзілася, то вайна і трэба ўцякаць, а не сядзець за камп’ютарам…

Для пацвярджэння – некалькі лікаў на гэты конт. Самы плённы перыяд выпаў фактычна на старт прэміі. І рэч тут, відаць, не столькі ў шалу навізны, колькі ў збегу акалічнасцяў – быў перыяд нарастання хвалі лібералізацыі, што стымулявала і майстроў прыгожага пісьменства.

Такім чынам, сезон-2013 стартаваў заяўкай з 43 новых кніг. Рызынкай не толькі прэміі, але і ўсяго тагачаснага літаратурнага працэсу стаўся факт: многія аўтары мелі тады ажно два новенькія творы! Столькі і прэзентавалі Альгерд Бахарэвіч («Гамбурскі рахунак Бахарэвіча», «Шабаны»), Сяргей Календа («Кантынентальны сняданак», «Трохлітровая проза»), Людміла Рублеўская («Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега», «Сутарэнні Ромула»), Сяргей Рублеўскі («Паспець надыхацца», «Святло Лускі»), Андрэй Федарэнка («Ланцуг», «Сечка»).

Аднак рэкордным стаўся наступны, 2014 год – журы атрымала на свой суд 46 кніг! Сезон-2015 трошкі падвёў: «усяго» 42 творы.

Падсумоўваем старт Гедройця ў колькасным вымярэнні: за тры гады намінавалася 131 кніга.

І для параўнання – паказчык апошняга трохгоддзя: роўненька 50 кніг…

Мо які зласлівец пабачыць тут прыкмету заняпаду прэміі, але гэткая выснова будзе перадузятаю. Толькі-толькі пабачыў свет зборнік разваг Альгерда Бахарэвіча «Папяровы голем», дзе ёсць такая прыкрая і адначасова з промнямі пазітыву выснова: «Літаратура цяпер у заняпадзе, яе роля і вага ўвесь час змяншаюцца, але менавіта яна сфармавала маё мысленне, мяне як асобу і мае каштоўнасці».

А Гедройць і ёсць у пэўным сэнсе адбітак менавіта літаратурнага працэсу, кардыяграфікі яго развіцця. Які час – такія і кнігі. Якая літаратура – такая і прэмія. І хай новых твораў менш, хай шмат спрэчак пра іх якасць, аднак яны па-ранейшаму прыцягваюць увагу, а значыць, працягваюць фармаваць густы, светапогляды, напрамкі, тэндэнцыі. То-бок жывуць, нягледзячы на ўсялякія перашкоды. Як і мы ўсе.

Шкада, але славы і грошай на ўсіх не хапае…

Дарэчы, пра прэмію Гедройця і яе закуліссе чаго толькі ні казалі, як толькі ні пераціралі чуткі пра кандыдатаў і лаўрэатаў ва ўсе сезоны! З гэтага на дзіва ўрадлівага нечарназёму лёгка нават плёткавую кнігу стварыць! Стоп-стоп: ідэя ўжо не арыгінальная, бо запозненая: у сеціве можна знайсці цэлы «таксічны раман»!

Там рознае пра старт прэміі ў далёкім 2012-м, яе хрост. Бо як адштурхнешся, так і паплывеш у шматгадовае кругабеларускае літаратурнае падарожжа.

Шырокія культурныя колы той посттраўматычнай пары (брутальны разгон Плошчы, арышт апазіцыйных кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах, заняпад грамадскага жыцця) віталі з’яўленне новай прэміі. Ды яшчэ якой: пераможцу прызначаліся дзесяць тысяч еўра ды адпачынак на шведскім востраве Готланд – шыкоўна на той момант! Не заставаліся без добрай падзякі за свае добрыя кніжкі і тыя, каму давялося апынуцца на другім і трэцім месцах: месячны побыт ва Уроцлаве і выданне кнігі ў Польшчы.

Уладзімір Някляеў стаў лаўрэатам прэміі Гедройця за 2012 год і атрымаў грашовы прыз. Фота: generation.by

Адсюль цуг намінантаў, эмацыйныя абмеркаванні перспектыў чыёйсьці вікторыі, чыіхсьці параз – жарсці віравалі!

Найгоршы бок дыскусіі каларытна прадэманстраваў аўтар ужо згаданага «раману». Ён паводле рэгламенту не мог прэтэндаваць на ўшанаванне сваёй тагачаснай кнігі, але пры ўсім тым выклаў грамадскасці наступныя развагі: «Дый х** вы ёй дасце, дыскрымінацыя, б**, ды я ўжо змірыўся… Дадуць якое-небудзь г**но, якое мне і так не патрэбна. Тыпу магчымасць выдаць кнігу, дык я ўжо і без вас яе выдаў».

Што ж, як той спяваў – «без цябе бальшавікі абыдуцца»!

Першы сезон фінішаваў 3 сакавіка – адмыслова падабралі Міжнародны дзень пісьменніка. Ужо згаданы раманіст апавядае пра сваю рэакцыю на абвяшчэнне выніку: «Я не мог заснуць і напісаў у «ЖЧ» гнеўны пост».

Павал Касцюкевіч стаў першым пераможцам прэміі Гедройця. Фота: budzma.org

Не ён адзін, варта зазначыць, быў абураны: лаўры – нечакана для пераважнай большасці – дасталіся малавядомаму на той момант пачаткоўцу Паўлу Касцюкевічу за зборнік апавяданняў, а куды больш вядомыя намінанты – Альгерд Бахарэвіч і Андрэй Федарэнка – апынуліся за ім.

Словы «больш» і «большасць» для многіх апрыёры асацыіруюцца з моцай, пераканаўчасцю і, адпаведна, з магчымасцю, найвышэйшай імавернасцю перамогі. Але перамогу вызначае ці не абсалютная меншасць (апроч уласна аўтараў) ва ўсім гэтым зацікаўленым коле – журы. І найчасцей меркаванне апошняга не проста, а радыкальна іншае, чым масавае.

Напрыклад, не ўзялі ў розныя гады прызавых месцаў такія нашумелыя творы, як «Мова» і «Ноч» Віктара Марціновіча, «Радзіва “Прудок”» Андруся Горвата…

Гэта ўласцівасць не толькі найгучнейшай беларускай, але і самых вядомых еўрапейскіх ды сусветных літаратурных прэмій. Згадайце хоць колішнюю нобелеўскую перамогу Святланы Алексіевіч ці зусім свежую – паўднёвакарэянкі Хан Ган. Тыповыя масавыя рэакцыі – «Ды хто яны такія?! Скуль выскачылі?!!» Карацей, наш Гедройць – у сусветным мэйнстрыме. Адна з прыкмет якога – няўдачы фаварытаў грамадскага выбару. Слава ўсё часцей цалуе тых, хто заставаўся ў цяні.

Так і беларускае журы – раз за разам прысуджала першынство тым, каго дагэтуль у краіне мала ведалі. Назавём колькі імёнаў: Павел Касцюкевіч, Макс Шчур, Зміцер Бартосік, Ілля Сін, Ганна Кандрацюк – практычна палова пераможцаў! Хоць можна, зразумела, і горача падыскутаваць наконт іх вядомасці. Але мы кажам пра шырокае чытацкае кола, увагу да іх розных СМІ, шлейф прызнання…

Напрыклад, згадаем Уладзіміра Някляева і Віктара Казько: да Гедройця першы ўжо меў Дзяржаўную прэмію імя Янкі Купалы, а другі – Дзяржаўную прэмію імя Якуба Коласа. Ясна, што залаты ветэранскі дуэт напраўду шырока вядомы.

Парадны спіс можна дапоўніць і куды маладзейшым Ігарам Бабковым з трыма ранейшымі трафеямі («Гліняны Вялес», «Залатая літара», «Залаты апостраф»), і трохі старэйшым Уладзімірам Арловым (паводле «Вікіпедыі», да свайго зорнага трыумфу-2018 ён меў – увага! – ужо 13 нацыянальных і міжнародных літаратурных узнагарод).

Не варта, аднак думаць, што Гедройць плыве выключна ў фарватары Нобеля ці Букера. Вось хоць бы такая беларуская тэндэнцыя: кожная трэцяя кніжка-пераможца – нон-фікшн. Згадаем гісторыю: сезон-2017 – «Быў у пана верабейка гаварушчы…» Змітра Бартосіка, 2020 – «Тантамарэскі» Сяргея Дубаўца, 2022 – «Невядомы Менск» Сяргея Абламейкі, 2023 – «У прысценку старога лесу» Ганны Кандрацюк.

Сяргей Дубавец стаў пераможцам дзявятай прэміі Гедройця. Фота: nashaniva.com

Цікава: замацуе ці перарве гэты працэс сезон-2024?

Датычна пераможцаў прэміі можна згадаць і такое: палова з іх маюць філалагічную ці блізкую да яе адукацыю, двое – гістарычную, ёсць таксама псіхолаг і філосаф.

Што яшчэ? О, тонкі момант – гендарны! Тут процьма працы, бо дысбаланс навідавоку: 10:2 на карысць мужчын без уліку пакуль яшчэ невядомага трынаццатага / невядомай трынаццатай пераможцы…

Ева Вежнавец здабыла перамогу ў прэміі з кнігай “Па што ідзеш, воўча”. Фота: euroradio.fm

І такое: яшчэ нікому з пераможцаў не ўдавалася здабыць чэмпіёнства наноў. Хоць спробы былі. Згадаем, напрыклад, другі паход па золата Уладзіміра Някляева з «Гэй Бэн Гіномам» у 2022 годзе (вынік – толькі шорт-ліст). Макс Шчур таксама спрабаваў паўторна ўзяць вяршыню з «Там, дзе нас няма» (фінал – ізноў жа толькі кароткі спіс).

Заўважым: пры ўсім тым – гэта гонар, а не параза.

А цяпер, у 2024-м, паўторна штурмуе беларускі празаічны алімп Зміцер Бартосік з «Забіць упалмінзага». Што яго чакае: лёс папярэднікаў – ці падзабытыя абдымкі фартуны? Неўзабаве пабачым.

Адзін – адразу ў яблычак, а іншаму і пяты раз не шанцуе…

Цяпер колькі назіранняў за тымі, хто стаў найбольш упартым у змаганні за Гедройця.

І тут варта зрабіць прафілактычную рэмарку: арганізацыяй прэміі за гэтыя 13 гадоў займаліся некалькі камандаў, і не заўсёды пасезонная інфармацыя падбівалася з аднолькавымі лякаламі, таму ў нашых статыстычных падборках могуць быць памылкі… Як што – не судзіце строга, пастаўцеся да гэтага па-філасофску: справядлівасць будзе абавязкова адноўленая і ў гэтым матэрыяле, і наагул у гісторыі Гедройця.

Такім чынам, бясспрэчны лідар 13-гадовай гонкі з колькасцю ўзятых прызавых месцаў – Альгерд Бахарэвіч: на ягоным рахунку чатыры другія месцы і адно трэцяе. Важна падкрэсліць такую акалічнасць: пасля 2018 года пісьменнік больш не намінаваўся.

Альгерд Бахарэвіч на другім месцы прэміі Гедройця ў 2012 годзе. Фота: budzma.org

У Адама Глобуса адразу некалькі рэкордаў. Так, усяго ён удзельнічаў 7 разоў, прычым аднойчы – 4 сезоны запар. І двойчы за ўвесь гэты час забіраў трэцяе месца.

6 спроб мае Людміла Рублеўская, з якіх у 2017-м узяла другое месца.

Столькі ж разоў прабіваўся ў спісы ўдзельнікаў Сяргей Календа.

4 разы намінаваўся Сяргей Дубавец, у 2020-м ён стаў пераможцам.

Столькі ж разоў удзельнічаў Вінцэсь Мудроў. І хоць залатое чэмпіёнства яму пакуль не выпадала, але дзве бронзы палачанін заваяваў.

4 разы намінаваўся і Андрэй Федарэнка – з гэтых спроб у 2012-м яму выпала трэцяе месца.

Столькі ж спроб было ў Сяргея Абламейкі (атрымаў адно першае месца і адно трэцяе).

Тройчы намінаваліся Ганна Севярынец, Аляксандр Лукашук (абое дайшлі да шорт-лістоў) і Артур Клінаў (узяў срэбра).

Двойчы намінавалася Вольга Гапеева. У 2022-м яе «Самота, што жыла ў пакоі насупраць» узяла другое месца, а трэцяе – «Жэнька – каралева мышак» Валера Гапеева. Гэтае фінішнае суседства дало падставы шмат каму казаць і нават напісаць, што яны – муж з жонкай. Сапраўды цікава б было, каб тое сталася праўдай. Але ж не!

Дарэчы, спадар Валер намінаваўся 6 разоў, з іх тройчы трапіў у шорт-ліст і адзін раз здабыў ужо згаданую бронзу.

У Андрэя Адамовіча такіх спроб утрая менш, але ён адразу ўзяў трэцяе месца, а затым другое. Ці будзе наступная – найвышэйшая – прыступка? Пытанне адкрытае.

Двойчы намінавалася Таня Скарынкіна, яна дайшла да другой прыступкі пераможнага п’едэстала.

На рахунку Зараславы Камінскай таксама два ўдзелы (з іх – адно трэцяе месца).

Увогуле, двойчы ўдзельнікаў нямала: Зміцер Дзядзенка, Паліна Качаткова, Алесь Пашкевіч (трапіў у шорт-ліст), Юры Станкевіч (таксама шорт-лістар), Алена Брава (здабыла бронзу)…

Як не можаш жыць без яе – судзі!

І пад канец – трохі пра журы прэміі, бо менавіта яно расстаўляе ўсіх на свае месцы, дорыць адным аўтарам ды іхным фанам радасць, а іншым – расчараванне.

Ці не кожны разумее: праца літаратурных суддзяў – не проста адказная, але і надзвычай цяжкая. Але тое разуменне найчасцей абстрактнае. Каб яго зазямліць, увасобіць у нешта зразумелае, варта прывесці адзін толькі лік: 7388. Столькі старонак склалі ў суме 32 кнігі, намінаваныя на прэмію ў 2018 годзе.

І гэта быў далёка не самы цяжкі для журы сезон!

Адным словам, працы хапае, прычым малаўдзячнай, як згадвалася вышэй. Штогод сярод тых, хто ўважліва ўчытваецца ў гедройцеўскія творы, – літаратуразнаўцы, празаікі, паэты, драматургі, крытыкі, эсэісты, культуролагі, дактары і кандыдаты навук, прафесары, перакладчыкі…

І хоць склад журы пастаянна абнаўляецца, пераемнасць застаецца, таму можам назваць цяпер тых, на кім прэмія трымаецца.

Такім чынам, найчасцей «журылі»: Ціхан Чарнякевіч – 7 разоў, Андрэй Хадановіч – 6, Валянцін Акудовіч і Уладзімір Арлоў – 4 разы.

Ціхан Чарнякевіч на цырымоніі ўручэння прэміі Гедройця ў 2023 годзе.

Адно – і ці не галоўнае – з тлумачэнняў, чаму яны ды іншыя браліся і бяруцца за такую цяжкую працу: для гэтага трэба жыць літаратурай, бязмежна любіць кнігі і аўтараў.

У тым ліку – праз трыманне высокай планкі прэміі імя Ежы Гедройця. Нягледзячы ні на што. Нават на сёлетні – «нядобры» – сезонны нумар…

Праект фінансаваны Fundacja Solidarności Międzynarodowej у рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясамляцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.