Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 красавіка 2025 года

Апошняе абнаўленне: 17 красавіка 2025
Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 красавіка 2025 года

На 15 красавіка 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 36, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 165.

Не выйшаў на волю Мікола Дзядок – актывіст анархісцкага руху, аўтар турэмнай літаратуры, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча. 

Літаратара і журналіста Анатоля Санаценку асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. 

Міністэрства інфармацыі папоўніла спіс забароненых выданняў. Цяпер у спісе кніг, «распаўсюджанне якіх здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», 92 выданні – у спіс дадалі 27 кніг, у тым ліку бестселеры сусветнай літаратуры XX–XXI стагоддзяў. 

«Экстрэмісцкімі» прызнаны кнігі «Даведнік беларускага журналіста» – аўтары Фенрых Пшэмыслаў і Вінцук Вячорка; «Беларусь на разломе» – аўтары Яраслаў Раманчук і Леанід Заіка

У магілёўскай калоніі палітвязням няголасна забаронена вывучаць польскую, чэшскую, латышскую, украінскую мовы.


I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

4 красавіка пасля заканчэння тэрміну зняволення не выйшаў на волю Мікола Дзядок – актывіст анархісцкага руху, аўтар турэмнай літаратуры, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча за кнігу «Фарбы паралельнага свету» (напісана падчас першага зняволення аўтара, выдадзена ў 2017 годзе). 10 лістапада 2021 года ў Мінскім гарадскім судзе Міколу Дзядку вынеслі прысуд: на падставе трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: (342, 361 і 295-3) яго асудзілі на 5 гадоў калоніі. У сакавіку 2025 года стала вядома, што Міколу Дзядка перавялі ў СІЗА № 1 у Калядзічах у сувязі з новай  крымінальнай справай. 

II. Адміністрацыйны пераслед 

1 красавіка стала вядома, што 28 сакавіка ў Бабруйску затрымалі літаратара Анатоля Санаценку. 31 сакавіка ў судзе Бабруйскага раёна і Бабруйска Анатоля Санаценку асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюджанне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць). Анатоль Санаценка – паэт, празаік, драматург, перакладчык, былы галоўны рэдактар рэгіянальнай газеты «Бабруйскі кур’ер».

III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі

1. Журналістка, сцэнарыстка і папулярызатарка гісторыі Ларыса Шчыракова, са звестак праваабаронцаў, працуе ў швейным цэху на малааплатнай працы, шыючы вопратку для ўнутраных войск – персаналу СІЗА, калоній. Ларыса Шчыракова асуджана на тры года і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму на падставе абвінавачання паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Беларусі). Месца зняволення Ларысы Шчыраковай – жаночая папраўчая калонія № 4 у Гомелі. Жанчын, асуджаных паводле палітычна матываваных спраў, адміністрацыя калоніі пазначае біркамі жоўтага колеру.

2. Палітзняволены журналіст і паэт Дзяніс Івашын пазбаўлены тэлефанавання чатыры месяцы запар – у снежні, студзені, лютым і сакавіку. Дзяніс Івашын адбывае пакаранне ў турме № 8 у Жодзіне. Апошняе тэлефанаванне ад яго было 12 лістапада 2024 года.

3. У магілёўскай калоніі палітвязням няголасна забаронена вывучаць польскую, чэшскую, латышскую мовы. А таксама ўкраінскую, бо гэта «мова ворагаў». 

ІV. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы

1. 1 красавіка Міністэрства інфармацыі папоўніла спіс забароненых выданняў. Цяпер у спісе кніг, «распаўсюджанне якіх здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», 92 выданні. У спіс дадалі 27 кніг: «Давай пагаворым пра ГЭТА: пра дзяўчатак, хлопчыкаў, немаўлят, сям’ю і цела» Робі Гэрыс, «Пакой Джавані» Джэймза Болдуіна, «Самотны мужчына» і «Бывай, Берлін!» Крыстафэра Ішэрвуда, «Дом на краі свету» Майкла Канінгема, «Арыстоцель і Дантэ адкрываюць таямніцы сусвету» Бэнджаміна Алірэ Саэнса, «Тонкая праца» і «Аксамітныя кіпцікі» Сары Уотэрз, «Годзе хлусіць» Філіпа Бэсона, «Нябачныя фурыі сэрца» Джона Бойна, «Сара» Дж. Т. Лерой, «Мы ўмелі верыць» Рэбэкі Макай, «Добра быць ціхоням» Стывэна Чбоскі, «Карміла» Джозэфа Шэрыдана Ле Фаню, «Дзеці з камеры захоўвання» Ру Муракамі, «Лісіная нара», «Кароль крумкачоў» і «Світа караля» Норы Сакавіч, «Воблачны атлас» Дэйвіда Мітчэла, серыя кніг «Фехтавальшчыкі» К. С. Паката, «Сцёрты хлопчык» Гэрарда Конлі, «Дылема ацалелага» Крысціны Двайных, «Мядзведжы кут», «Мы супраць вас» і «Пасля буры» Фрэдрыка Бакмана

У пералік забароненых трапілі кнігі, паводле якіх былі зняты фільмы. Напрыклад, на падставе твору «Бывай, Берлін» Крыстафэра Ішэрвуда пра жыццё ў Нямеччыне перад і падчас прыходу да ўлады нацыстаў  быў зняты фільм «Кабарэ».

Сярод забароненых – кнігі Эн Эплбаўм «Гулаг» і «Жалезная заслона. Задушэнне Усходняй Еўропы (1946–1956)», прысвечаныя савецкаму таталітарызму. Эн Эплбаўм – амерыканская журналістка, займаецца даследаваннем гісторыі камунізму і Усходняй Еўропы, лаўрэатка Пуліцэраўскай прэміі.

2. 4 красавіка судом Партызанскага раёна Мінска «экстрэмісцкімі» прызнаны кнігі «Даведнік беларускага журналіста», Фенрыха Пшэмыслава і Вінцука Вячоркі, «Беларусь на разломе» Яраслава Раманчука і Леаніда Заікі

V. Пераслед сваякоў культурных дзеячаў

9 красавіка ў Гродне прадстаўнікі спецслужбаў прыходзілі да маці Валера Руселіка – блогера, аўтара Youtube-канала «Daroha» з праграмамі, прысвечанымі культуры, гісторыі, нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. 10 красавіка Валер Руселік напісаў у Facebook: «Учора пад вечар да маёй мамы ў Горадні зноўку прыходзілі […] гэтым разам не ў пагонах, апранутыя ў цывільнае. Зноўку пыталі пра мяне: дзе жыву, ці збіраюся вяртацца, ці кантактуе мама са мною і г. д. З новага – ці ёсць у мяне татуіроўкі і шнары, а таксама які ў мяне рост. Зноўку перапісалі дадзеныя маіх блізкіх сваякоў». Сацыяльныя сеткі Валера Руселіка прызнаны ў Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыялам». Валер Руселік жыве не ў Беларусі.