Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–30 чэрвеня 2025 года

Апошняе абнаўленне: 1 ліпеня 2025
Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–30 чэрвеня 2025 года

На 30 чэрвеня 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 38, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 156.

У Мінску затрыманы лідар фольк-мадэрн гурта «Палац», выкладчык, кампазітар, культуртрэгер, прадзюсар Алег Хаменка.

Адміністратарка беларускай Вікіпедыі Вольга Сітнік (нік Homelka) з 8 траўня знаходзіцца за кратамі на падставе палітычна матываванай справы. 

У СІЗА № 1 на падставе палітычна матываванага крымінальнага абвінавачання ўтрымліваецца рэдактар і аўтар беларускай Вікіпедыі Максім Лепушэнка.

Аўтара артыкулаў для Вікіпеды Івана (Яна) Марозава зноў затрымалі – паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).

Настаўніцы англійскай мовы Алене Бразінскай вынесены палітычна матываваны крымінальны прысуд паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

У Глыбокім пад крымінальны пераслед трапіў даследчык рэпрэсій у дачыненні да праваслаўных святароў Павел Лаўрыновіч.

Трэнерка танцаў Аляксандра (Алекса) Ашурка асуджана паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). 

Гісторыка, кіраўніка клуба «Міндоўг» Алега Зелянко асудзілі паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Каля Мінска на трасе знікла шыльда-ўказальнік «Месцы гібелі ахвяр палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты 19301940».


I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. Адміністратарка беларускай Вікіпедыі Вольга Сітнік (нік Homelka) знаходзіцца за кратамі з 8 траўня на падставе палітычна матываванай справы. 8 траўня яна трапіла пад адміністрацыйны арышт на 10 сутак. Вольга Сітнік мае траіх непаўналетніх дзяцей, з 2009 года піша ў Вікіпедыі артыкулы пра беларускую традыцыйную культуру і прыроду. Першы раз яе затрымлівалі 17 красавіка 2025 года. 

2. 16 чэрвеня з’явілася інфармацыя пра вынясенне палітычна матываванага прысуду настаўніцы англійскай мовы Алене Бразінскай, якая працавала рэпетытаркай англійскай мовы і выкладчыцай у моўным цэнтры «Чыстая граматыка». Яе асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

3. 20 чэрвеня стала вядома, што ў Глыбокім пад крымінальны пераслед трапіў краязнаўца Павел Лаўрыновіч, які даследаваў царкоўнае жыццё Глыбоччыны, удзельнічаў у рэдагаванні даведнікаў, рыхтаваных епархіяй, кніг пра новапакутнікаў, якіх забілі камуністы і нацысты. Паўла Ларыновіча асудзілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

4. 24 чэрвеня з’явілася інфармацыя, што трэнерку танцаў Аляксандру (Алексу) Ашурку асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). 

5. У чэрвені стала вядома, што на падставе палітычна матываванага крымінальнага абвінавачання ў СІЗА № 1 утрымліваецца Максім Лепушэнка – рэдактар і аўтар беларускай Вікіпедыі, аўтар тэкстаў пра гісторыю, культуру, літаратуру, біяграфічных артыкулаў пра сучасных беларускіх літаратараў. 15 траўня 2025 года ён быў затрыманы ў Мінску. Максім Лепушэнка абвінавачваецца паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). 17 чэрвеня 2025 года прызнаны палітвязнем.

6. У чэрвені 2025 года стала вядома, што аўтара артыкулаў для Вікіпедыі Івана (Яна) Марозава затрымалі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і змясцілі ў СІЗА № 1. 28 красавіка 2023 года суд Першамайскага раёна Мінска прысудзіў яму 1,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) за ўдзел у мірных акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў у 2020 годзе. Іван (Ян) Марозаў адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 17, выйшаў адтуль 17 красавіка 2024 года.

7. 29 чэрвеня з’явілася інфармацыя пра зняволенне паводле палітычна матываванай справы гісторыка, кіраўніка клуба «Міндоўг» Алега Зелянко. У снежні 2024 года яго двойчы асудзілі на падставе арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў). У 2025 годзе Алега Зелянко асудзілі ў Брэсцкім абласным судзе паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). 

ІІ. Затрыманні 

30 чэрвеня стала вядома, што ў Мінску затрыманы лідар фольк-мадэрн гурта «Палац», выкладчык, кампазітар, культуртрэгер, прадзюсар Алег Хаменка. У межах якой справы (адміністрацыйнай ці крымінальнай) ён затрыманы, невядома. 

III. Знішчэнне мясцін памяці

Каля Мінска на трасе знікла шыльда-ўказальнік «Месцы гібелі ахвяр палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты 19301940». Урочышча Курапаты – месца масавых растрэлаў пры Сталіне. З 1993 года занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.