
Беларускі ПЭН далучаецца да заявы PEN International адносна паэта і перакладчыка Звіада Раціяні.
«Звіад Раціяні сутыкаецца з празмерна жорсткімі крымінальнымі пакараннямі за свае іншадумныя погляды. Мы працягваем салідарызавацца з адважнымі людзьмі Грузіі, пакуль улады з трывожнай хуткасцю працягваюць абмяжоўваць фундаментальныя правы», — сказала Ма Тыда, старшыня Камітэта пісьменнікаў у зняволенні PEN International.
1 ліпеня 2025: Улады Грузіі павінны вызваліць вядомага паэта і перакладчыка Звіада Раціяні з-пад варты да суда і гарантаваць яму права на справядлівы суд, заявілі сёння PEN International і PEN Georgia. Раціяні пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі паводле абсурдна непрапарцыйнага абвінавачвання ў нападзе на супрацоўніка паліцыі.
Звіад Раціяні, адзін з самых вядомых паэтаў і перакладчыкаў Грузіі, быў затрыманы паліцыяй 23 чэрвеня 2025 года пасля таго, як ударыў па шчацэ паліцэйскага падчас удзелу ў акцыі пратэсту каля парламента ў Тбілісі. Гэты выпадак адбываецца на фоне паглыблення крызісу правоў чалавека ў Грузіі і няспынных пераследаў незалежных галасоў — у тым ліку самога Раціяні.
Раціяні быў абвінавачаны паводле артыкула 353(1) Крымінальнага кодэкса Грузіі (напад на супрацоўніка паліцыі, супрацоўніка пенітэнцыярнай службы або іншага прадстаўніка дзяржаўнай ці грамадскай установы), што прадугледжвае ад чатырох да сямі гадоў пазбаўлення волі. 25 чэрвеня 2025 года Гарадскі суд Тбілісі змясціў Раціяні пад варту да суда і накіраваў яго ў турму Глдані ў Тбілісі, дзе ён на момант напісання заявы заставаўся ў адзіночнай камеры. Наступнае паседжанне суда прызначана на 14 жніўня. PEN International і PEN Georgia праглядзелі відэазапіс здарэння, які паказвае, што ўдар не нанёс паліцэйскаму ніякай шкоды — пашкоджанняў ён не атрымаў. Больш за 200 прадстаўнікоў літаратурнай супольнасці падпісалі заяву PEN Georgia і Грузінскай кніжнай асацыяцыі ў знак салідарнасці з Раціяні.
29 лістапада 2024 года PEN Georgia зафіксаваў жорсткае збіццё Звіада Раціяні паліцыяй у Тбілісі. Раціяні атрымаў сур’ёзныя цялесныя пашкоджанні, у тым ліку пераломы носа і спіны. 2 снежня 2024 года Гарадскі суд Тбілісі прысудзіў яму восем дзён адміністрацыйнага арышту па меркаваных абвінавачваннях у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні законным патрабаванням паліцыі (артыкулы 166 і 172 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Грузіі). Пасля вызвалення Раціяні зноў быў збіты невядомымі асобамі каля свайго дома. Раней ён жыў у выгнанні ў Аўстрыі пасля гвалтоўнага інцыдэнту з паліцыяй у 2017 годзе, які таксама скончыўся яго арыштам.