Дэкларацыя была прынятая на 81-м кангрэсе Міжнароднага ПЭНа ў кастрычніку 2015 года ў Квебеку (Канада)
1. Літаратурны пераклад – гэта мастацтва апантаных. Выступаючы за адкрытасць, працуючы дзеля міру і свабоды, змагаючыся супраць несправядлівасці, нецярпімасці і цэнзуры, пераклад заклікае да дыялогу з усім светам.
2. Усе культуры знаходзяцца ў няроўным становішчы, калі вядзецца пра пераклад. Некаторыя культуры перакладаюць па жаданні, іншыя – па неабходнасці. Пераклад – гэта ключ для аховы мовы і культуры.
3. Ставячыся з павагай да аўтараў і арыгінальных твораў, перакладчыкі, тым не менш, самі з’яўляюцца творцамі. Яны імкнуцца не толькі ўзнавіць мастацкі твор, але прасоўваць яго, пашыраючы ягоную прысутнасць у свеце. Перакладчыкі не проста пасярэднікі: прамаўляючы за іншых, яны маюць уласныя галасы. Перакладчыкі працуюць на карысць культурнай разнастайнасці, застаючыся вернымі маргіналізаваным аўтарам, літаратурным стылям і сацыяльным групам.
4. Правы перакладчыкаў неабходна абараняць. Дзяржавы, выдаўцы, СМІ і працадаўцы – усе яны павінны паважаць статус і патрэбы перакладчыкаў, рабіць заўважнымі іх імёны і забяспечваць ім справядлівае ўзнагароджанне ды годныя ўмовы працы – гэта тычыцца ўсіх формаў папяровых і электронных выданняў.
5. Абароненасць ад фізічнага гвалту і свабода выказвання перакладчыкаў павінны быць гарантаваныя пры любых абставінах.
6. Як творцаў, якія валодаюць адметнымі навыкамі і ведамі, перакладчыкаў неабходна паважаць і кансультавацца з імі па ўсіх пытаннях, датычных іхняй працы. Пераклады належаць тым, хто іх стварае.