Дадатак 1 да Статута
Рэгламент сяброўства
Беларускі ПЭН
1. Агульныя Палажэнні
1.1. Гэты рэгламент рэгулюе працэдуру прыняцця ў Аб’яднанне “Беларускі ПЭН” , прыпынення сяброўства або выключэння з ПЭНу.
1.2. Беларускі ПЭН бачыць сваёй місіяй будаваць прастору дзеля развіцця культуры, дыялогу і рэалізацыі патэнцыялу творцаў, бараніць грамадзянскія і культурныя правы і свабоды Людзей Слова. Беларускі ПЭН – гэта аб’яднанне тых, хто спрыяе выканнанню гэтай місіі, дасягненню мэтаў і задач ПЭНа.
1.3. Сябры Аб’яднання дзеляцца на: звычайных, асацыяваных, ганаровых
1.4. Сябры маюць правы і абавязкі, замацаваныя ў Статуце ПЭНу.
2. Уступ сябраў
2.1. Уступ звычайных сябраў
2.1.1. Звычайнымі сябрамі Аб’яднання могуць быць фізічныя асобы – Людзі Слова, якія праз сваю дзейнасць спрыяюць рэалізацыі мэтаў Беларускага ПЭНа і падзяляюць прынцыпы і каштоўнасці Беларускага ПЭНа і асноўныя дакументы Беларускага ПЭНа і Міжнароднага ПЭН-клуба.
Звычайны сябра Беларускага ПЭНа: мае актыўнае і пасіўнае выбарчае права. Мае права абірацца ў органы кіравання Аб’яднання, мае права ўдзельнічаць у сходах і іншых формах дзейнасці Аб’яднання, можа падаваць заявы органам кіравання Аб’яднання.
Звычайны сябра Беларускага ПЭНа абавязаны: прымаць актыўны ўдзел у рэалізацыі задач Аб’яднання, прытрымлівацца прынцыпаў правілы Міжнароднай Хартыі P.E.N, аплочваць сяброўскія ўзносы, выконваць палажэнні Статута, рэгламенты і рашэнні органаў кіравання Аб’яднання.
2.1.2. Кандыдаты, якія маюць жаданне ўступіць у ПЭН у якасці звычайнага сябра, павінны запоўніць адпаведную гугл-форму па спасылцы на сайце і паведаміць аб гэтым на адрас [email protected] (з пазнакай “уступіць у сябры”).
Гугл-форма павінна ўключаць наступныя звесткі:
- Запоўненую заяву на ўступленне.
- Не менш за 2 рэкамендацыі ад сябраў Беларускага ПЭНа (у свабоднай форме).
У выключаных выпадках рэкамендацыі могуць быць дадзеныя сябрамі Рады альбо іншых сябраў ПЭНа ў вуснай форме.
- Спіс публікацый, кніг, пералічэнне прэмій, конкурсаў, праектаў, у якіх кандыдат прымаў ўдзел (калі шмат – то самае важнае на погляд кандыдата).
2.1.3. Запыт кандыдата на ўступ разглядаецца Праўленнем Аб’яднання. Праўленне прымае рашэнне аб прыеме/ адмове ў прыеме ў сябры Аб’яднання з улікам меркавання Праграмнай Рады.
2.1.4. Кандыдат будзе праінфармаваны аб рашэнні Праўлення. Пасля атрымання пазітыўнага рашэння, кандыдат павінен заплаціць узносы і праінфармаваць аб гэтым Беларускі ПЭН, пасля чаго ён афіцыйна становіцца сябрам Беларускага ПЭНа. Кандыдат будзе запрошаны актыўна ўдзельнічаць у дзейнасці ПЭН, у адпаведнасці з місіяй і задачамі Аб’яднання.
2.2. Спрошчаны ўступ звычайных сябраў
2.2.1 Калі асоба з’яўлялася сябрам Беларускага ПЭНа ў перыяд знаходжання і дзейнасці Беларускага ПЭН-цэнтра на тэрыторыі Беларусі (да ліквідацыі ў 2021 годзе), то яна мае права на спрошчаны ўступ у сябры Беларускага ПЭНа, зарэгістраванага на тэрыторыі Польшы ў 2022 годзе.
2.2.2. Для пацверджання жадання быць сябрам Беларускага ПЭНа, асоба павінна даслаць запыт на адрас [email protected] альбо запоўніць адпаведную гугл-форму, дзе выказаць свае жаданне на працягненне сяброўства ў Беларускім ПЭНе і гатоўнасць несці абавязкі як сябра.
2.2.3. Прыём у сябры Аб’яднання зацвярджаецца Праўленнем.
2.2.4. Пасля зацвярджэння Праўленнем, кандыдат павінен заплаціць узносы і праінфармаваць аб гэтым Беларускі ПЭН, пасля чаго ён афіцыйна становіцца сябрам Беларускага ПЭНа.
2.3 Уступ асацыяваных сябраў
2.3.1 Асацыяванымі сябрамі Беларускага ПЭНа могуць быць як фізічныя, так і юрыдычныя асобы (фірмы, іншыя арганізацыі і да т.п.), якія падтрымліваюць Аб’яднанне агульным чынам і/або праз сістэматычную перадачу грошай або матэрыяльных дароў на карысць Аб’яднання. Асацыяваны сябра Беларускага ПЭНа не мае пасіўнага або актыўнага выбарчага права. Асацыяваны сябра, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, кантактуе з Аб’яднаннем праз свайго прадстаўніка.
2.3.2. Кандыдаты, якія маюць намер стаць асацыяваным сябрам Беларускага ПЭНу, павінны адправіць запыт на адрас [email protected] (з пазнакай “уступіць у асацыяваныя сябры”). Падача запыта можа ажыццяўляцца таксама праз адпаведную гугл-форму.
Запыт павінен ўключаць наступныя звесткі:
- Запоўненую заяву на ўступленне
- Прапановы па падтрымцы дзейнасці Беларускага ПЭНа (агульным чынам альбо праз сістэматычную перадачу грошай/ матэрыяльных дароў).
2.3.3. Запыт кандыдата на ўступ разглядаецца Праўленнем Аб’яднання. Праўленне прымае рашэнне аб прыёме / адмове ў прыёме ў сябры Аб’яднання з улікам меркавання Праграмнай Рады.
2.3.4. Кандыдат будзе праінфармаваны аб рашэнні Праўлення. Пасля атрымання пазітыўнага рашэння, кандыдат падтрымлівае Беларускі ПЭН дамоўленным чынам і афіцыйна становіцца сябрам Беларускага ПЭНа.
2.4 Наданне звання ганаровага сябра
2.4.1. Наданне звання ганаровага сябра ўваходзіць у кампетэнцыю Агульнага сходу сябраў або Праграмнай Рады Аб’яднання.
3. Прыпыненне сяброўства
3.1. Прыпыненне сяброўства звычайных сябраў можа адбывацца на падставе рашэння Праўлення пры адсутнасці сплаты ўнёскаў за бягучы год агульным тэрмінам не менш за 7 месяцаў. Такі сябар прыпыняецца ў сваіх правах да тых часоў, пакуль не будуць выплачаныя пратэрмінаваныя ўнёскі. У выпадку выплаты нясплачаных раней ўнёскаў, прыпынены сябар зноў становіцца звычайным сябрам па заканчэнні 7-га працоўнага дня з даты паступлення на рахунак Аб’яднання аплаты нясплачаных унёскаў.
4. Страта статусу сябра
4.1. Страта статусу сябра ў Беларускім ПЭНе адбываецца ў выніку:
- добраахвотнага выхаду з Аб’яднання,
- выключэння з Аб’яднання,
- смерці.
4.2. Сябра Аб’яднання мае права выйсці з Беларускага ПЭНа, падаўшы Праўленню пісьмовую заяву аб выхадзе з Аб’яднання.
4.3. Выключэнне з Аб’яднання можа адбыцца на падставе рашэння Праўлення з улікам меркавання Праграмнай Рады, калі:
- сябар груба зганьбіў добрае імя і аўтарытэт Аб’яднання;
- наносіць шкоду Аб’яднанню;
- абражае Аб’яднанне сваімі паводзінамі.
4.4. Праўленне павінна паведаміць выключанаму сябру аб прынятым рашэнні. Звычайны сябар Аб’яднання, выключаны з Аб’яднання, можа звярнуцца з просьбай аб адмене прынятага рашэння да Агульнага сходу сябраў цягам месяца з моманту паведамлення яму Праўленнем аб выключэнні з Аб’яднання.
4.5. Агульны сход сябраў можа адмяніць рашэнне Праўлення аб выключэнні са спісу сябраў Аб’яднання шляхам рашэння, прынятага абсалютнай большасцю галасоў. Рашэнне Агульнага сходу сябраў, прынятае па выніках разгляду звароту, з’яўляецца канчатковым.
4.6. Страта сяброўства асацыяваным сябрам можа адбывацца на падставе рашэння Праўлення Аб’яднання пры спыненні падтрымкі Беларускага ПЭНу.