27 траўня, у чацвёрты дзень нараджэння часопіса перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет”, выйшаў новы нумар выдання. Адзінаццаты па ліку, ён носіць назву “Бітнікі шыбаў” і прысвечаны амерыканскай літаратуры 50-60-х гадоў ХХ стагоддзя, а таксама аўтарам іншых краінаў, якія так ці інакш падпалі пад уплыў той эпохі.
З прадмовы да нумару:
“Калі паспрабаваць ахарактарызаваць асноўную каштоўнасць герояў нашага нумару адным словам, гэта, безумоўна, будзе “свабода”. Няхай сёння гэта часам гучыць недарэчна, але менавіта ідэя вызвалення ад усяго, што цягне долу, што прымушае хавацца, саромецца, ненавідзець сябе, што не дае здзейсніць задуманае, не дае зрабіць кроку ўбок, усё, што не дазваляе прарвацца скрозь бруднае шкло рэчаіснасці, стала галоўнай з усіх ідэяў, якія рухалі іх творчасцю. Прадстаўнікі Біт-пакалення і іх паслядоўнікі знайшлі просты спосаб выйсці вонкі — разбіць шыбу і ўцячы з-пад бацькоўскай апекі, дзяржаўнага нагляду, вызначанай да драбніцаў мадэлі абыватальскага жыцця”.
Сярод гучных імёнаў нумару — прадстаўнікі Біт-пакалення: Джэк Керуак, Ален Гінзберг, Грэгары Корса, Генры Мілер, Кен Кізі, Рычард Бротыган, блізкія да іх па духу Курт Вонэгут, Чарлз Букоўскі, Джэром Дэвід Сэлінджэр, француз Серж Гензбур, расіец Венядзікт Ерафееў, украінец Сяргій Жадан.
Акрамя ўласна творчасці разбуральнікаў эстэтычных стэрэатыпаў і парушальнікаў маральных нормаў у нумары змешчаныя крытычныя матэрыялы пра іх жыццё і творчасць, а таксама перакладныя інтэрв’ю з пісьменнікамі Генры Мілерам, Венядзіктам Ерафеевым і беларускім перакладчыкам Курта Вонэгута Паўлам Касцюкевічам.
Незвычайная асаблівасць нумару — музычны сэт, які склалі песні ў духу таго шалёнага літаратурнага перыяду. Рэдакцыя рэкамендуе гэты трэк-ліст для стварэння патрэбнага настрою для прачытання тэкстаў “Бітнікаў шыбаў”.
Ды выдання рыхтуецца наступны нумар часопіса “ПрайдзіСвет”, які будзе прысвечаны нямецкамоўнай літаратуры.