Абвешчаныя кароткія спісы прэміі Цёткі за 2023 і 2024 гады

Апошняе абнаўленне: 29 кастрычніка 2025
Абвешчаныя кароткія спісы прэміі Цёткі за 2023 і 2024 гады

Журы зацвердзіла кароткія спісы намінантаў на прэмію Цёткі за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў. На галоўную ўзнагароду ў 2023 годзе прэтэндуюць 4 кнігі у літаратурнай і 7 кніг у мастацкай намінацый. У 2024 – 5 і 6 кніг адпаведна.

Прэмія Цёткі прысуджаецца ў дзвюх намінацыях: за найлепшую аўтарскую кнігу для дзяцей і падлеткаў, напісаную на беларускай мове, а таксама за найлепшае мастацкае афармленне кнігі для дзяцей. У гэтым сезоне намінанты і журы маглі зашыфраваць сябе, каб зрабіць свой удзел непублічным у мэтах бяспекі.

Уручэнне прэміі Цёткі адбудзецца на фестывалі інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA, які адбудзецца 7-9 лістапада ў Познані.

У літаратурнае журы прэміі Цёткі сёлета ўвайшлі: паэт, перакладчык, філолаг Андрэй Хадановіч; кніжная блогерка і папулярызатарка беларускай літаратуры Кацярына Жамойдзіна; культурная менеджарка, заснавальніца фонду “Кніжны вырай” Кацярына Веразуб. Астатнія сябры журы ўдзельнічаюць непублічна. Сярод публічных сябраў мастацкага журы – мастачка і ілюстратарка Лілія Бусарава, якая стала пераможцай прэміі ў 2022 годзе. 

“Я пільна сачу за беларускай дзіцячай літаратурай, – і як мама дваіх дзяцей, і як блогерка і падкастарка. Таму мушу адзначыць, што далёка не ўсе кнігі, якім варта было б удзельнічаць у сёлетняй прэміі, былі пададзеныя. І мы ўсе добра разумеем прычыны. Але нават у такіх няпоўных спісах хапае моцных кніг, якія мы з іншымі сябрамі журы былі радыя абмеркаваць. Тое, што адзначылі ўсе сябры журы: прэміі бракуе намінацый. Вельмі складана параўноваць дзіцячыя кнігі з падлеткавымі. Іх варта было б ацэньваць у асобных намінацыях, і спадзяемся, што ў будучыні прэмія іх займее”, – адзначыла сябра літаратурнага журы Кацярына Жамойдзіна.

Пэўныя асаблівасці ў сферы выдання дзіцячых кніг адзначыла і мастацкае журы: “У кантэксце цяжкага становішча беларускай мовы, беларускае кнігадрукаванне сустракаецца з дадатковым выклікам — зрабіць кніжку канкурэнтназдольнай на фоне іншамоўных выданняў. Але не толькі за кошт цікавага тэкста, але і за кошт якаснага мастацкага афармлення, якое можа на першым этапе знаёмства з кнігай завабіць дзяцей і бацькоў. Але, на жаль, прыходзіцца канстатаваць развіцце небяспечнай тэндэнцыі. Яе прыкметы ў тым, што большасці кніжных выданняў бракуе прафесійнага і сучаснага падыхода да стварэння ілюстрацый і дызайна кнігі. Такі падыход можа прывесці да таго, што беларуская дзіцячая кніга рызыкуе страціць сваю цэласнасць як культурная з’ява. Журы разумее, што зараз цяжкі час для кнігавыдання не толькі ў Беларусі, але і па ўсім свеце. Наша мэта не крытыкаваць, а акрэсліць праблему і пачаць абмеркаванне — каб знайсці яе вырашэнне разам з прафесійнай супольнасцю”.

Кароткі спіс Прэміі Цёткі 2023. Літаратурная намінацыя

  1. Ева Вайтоўская “Гарэзлівы пацалунак. Кніга 2”. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2023.
  2. Валер Гапееў “Вольнеры. Прадвесце”. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2023.
  3. Алесь Кудрыцкі “Казік з Каменнай Горкі і Вядзьмак Схаванага Горада”. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2023.
  4. Андрэй Скурко “Хто жыве ў гаражы: вершы пра машынкі”. Выдавецтва “Gutenberg Publisher”, 2023. 

Кароткі спіс Прэміі Цёткі 2023. Мастацкая намінацыя

  1. Марыся Вярцейка – Марыся Вярцейка “Сплюшка і Каралева Жахаў”. Выдавецтва “Тэхналогія”, 2023.
  2. Багдан Даўгяла – Эліяш Барт “Джа: Легенда аб забраным сэрцы”. Выдавецтва “Gutenberg Publisher”, 2023. 
  3. Вольга Дзятко – Аляксей Пысін “Матылёчкі-матылі”. Выдавецтва “Мастацкая літаратура”, 2023.
  4. Вера Забароўская – Алесь Сапега “Першая чытанка”. Выдавецтва “Корчак”, 2023 (зашыфраваны ўдзел).
  5. Лізавета Лянкевіч – Ян Бжэхва “Акадэмія доктара Клякса”. Выдавецтва “Папуры”, 2023.
  6. Воля Кузьміч – Андрэй Скурко “Хто жыве ў гаражы: вершы пра машынкі”. Выдавецтва “Gutenberg Publisher”, 2023. 
  7. Кацярына Сцяжко – Тодар Кляшторны “Пра зайца, ваўка і мядзведзя”. Выдавецтва “Słowianka”, 2023.

Кароткі спіс Прэміі Цёткі 2024. Літаратурная намінацыя

  1. Альгерд Бахарэвіч “Капітан Лятучая Рыба”. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2024. 
  2. Валер Гапееў “Вольнеры. Бясконцы дзень”. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2024.
  3. Эльга Папова “Мора ў горадзе”. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2024.
  4. Аляксандра Хамянок “Клася: (не)звычайная дзяўчынка з дзявятага паверху”. Выдавецтва “Słowianka”, 2024.
  5. Ганна Янкута “Кот Шпрот і вежавы гадзіннік”. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2024.

Кароткі спіс Прэміі Цёткі 2024. Мастацкая намінацыя

  1. Маргарыта Аніс – Вераніка Юлляш “Розум, смеласць і добрае сэрца”. Выдавецтва “Лубін”, 2024 (зашыфраваны ўдзел).
  2. Лілія Давыдоўская – Ганна Янкута “Кот Шпрот і вежавы гадзіннік”. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2024.
  3. Воля Кузьміч – Андрэй Скурко “Стукі-грукі – што за гукі”. Выдавецтва “Gutenberg Publisher”, 2024.
  4. Анатоль Лазар – Аляксандра Хамянок “Клася: (не)звычайная дзяўчынка з дзявятага паверху”. Выдавецтва “Słowianka”, 2024.
  5. Марыя Платонава – Ян Бжэхва “Хрушч”. Выдавецтва “Gutenberg Publisher”, 2024.
  6. Мечыслаў Ян Супрон – Мечыслаў Ян Супрон “Залатое зерне: казкі”. Выдавецтва “Gutenberg Publisher”, 2024.

Прэмія за найлепшую кнігу для дзяцей носіць імя выбітнай беларускай паэткі, асветніцы і грамадскай дзяячкі Алаізы Пашкевіч (Цёткі), аўтаркі “Першай чытанкі  для дзетак-беларусаў”. Прэмія ўручаецца з 2016 года. У 2022 годзе лаўрэатамі прэміі Цёткі сталі Антон Францішак Брыль з кнігай “Мышыныя Каляды” у літаратурнай намінацыі і Лілія Бусарава з кнігай “Мой рыжы Бім” Эдзі Агняцвет у мастацкай намінацыі. 

Арганізатарамі прэмій з’яўляюцца Дабрачынная ініцыятыва “Viartańnie”, Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН.

Сачыць за навінамі прэміі можна на старонцы ў Facebook, Instagram і на сайтах арганізатараў. Задаць пытанні пра прэмію можна, напісаўшы на [email protected].