Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнне (у тым ліку канфідэнцыйна) або ўдакладніць звесткі ў матэрыяле, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma.
На 31 кастрычніка 2026 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 19, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 115, забароненых кніг – 390.
Палітвязень, паэт і журналіст Дзяніс Івашын меркавана трапіў у ШІЗА.
У папраўчай установе адкрытага тыпу ў Магілёве пагоршыўся стан здароўя палітзняволенага паэта Валерыя Пазнякевіча.
Мясцовыя ўлады ў Кобрыне забаранілі святкаванне Хэлаўіна.
«Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» абвясцілі Instagram-старонку культурнага дзеяча Сяргея Будкіна, YouTube-канал былога палітвязня і культурніцкага журналіста Яўгена Глушкова, Instagram-старонку і Threads-акаўнт шоумена і пісьменніка Дзяніса Дудзінскага, Facebook-старонку акцёра Васіля Калача, Facebook-старонку былога палітвязня і адміністратара Telegram-канала «Rezystans» Мікіты Слепянка, Facebook-старонку фатографкі і культурніцкай менеджаркі Юліі Дарашкевіч.
«Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызналі Instagram-старонку адноўленага Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні, Instagram-старонку Беларускага дома, Instagram-старонку Беларускага радыё «Рацыя», Facebook-старонку творчай прасторы «Bulba HaЎse».
Дзяржаўная газета «Літаратура і мастацтва» (ЛіМ) спыняе існаванне як самастойнае друкаванае выданне.
І. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
1. Палітвязень, паэт, журналіст Дзяніс Івашын прапусціў ужо другі тэлефонны званок. Жонка палітвязня Вольга Івашына мяркуе, што ён мог трапіць у ШІЗА. У 2024 годзе Дзяніс Івашын стаў пераможцам прэміі Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні, з цыклам турэмных вершаў.
2. Палітзняволены паэт Валеры Пазнякевіч за час у зняволенні ў Магілёве з-за праблем з сэрцам і ціскам шмат разоў страчваў прытомнасць і звяртаўся ў медыцынскія ўстановы. 14 жніўня 2025 года Валеры Пазнякевіч быў асуджаны судом Мінскага раёна паводле ч. 2 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) на 3 гады пазбаўлення волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу («хімія»).
II. Цэнзура і адмена культурніцка-забаўляльных мерапрыемстваў
27 кастрычніка 2026 года райвыканкам Кобрына Брэсцкай вобласці распаўсюдзіў сярод кіраўнікоў культурніцка-забаўляльных устаноў ліст, які заклікае адмовіцца ад святкавання Хэлаўіна і выкарыстання хэлаўінскай атрыбутыкі (гарбузы, павуцінне, маскі на дзвярах, тэматычны стыль адзення). Дадаткова рэкамендуюць выключыць у сацыяльных сетках і афішах любую рэкламу пра тэматычныя імпрэзы ва ўстановах.
III. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак аўтараў і дзеячаў культуры
1. 15 кастрычніка суд Бабруйскага раёна і Бабруйска прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» Instagram-старонку «Сяргей Будкін» дзеяча культуры Сяргея Будкіна.
2. 15 кастрычніка суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» YouTube-канал «Яўген Глушкоў» былога палітвязня, кінааператара і культурніцкага журналіста Яўгена Глушкова.
3. 21 кастрычніка суд Горацкага раёна Магілёўскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» Instagram-старонку «denis_doudinski» і Threads-акаўнт «denis_doudinski» шоумена і пісьменніка Дзяніса Дудзінскага.
4. 26 кастрычніка суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» Facebook-старонку «Мiкiта Сляпянок» былога палітвязня Мікіты Слепянка. У 2022 годзе пасля затрымання Слепянка адміністраваны ім Telegram-канал «Rezystans», які асвятляў беларускую гісторыю і культуру, прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».
5. 27 кастрычніка суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» Facebook-старонку «Enrique de Salvaje» акцёра і папулярызатара беларускай культуры Васіля Калача.
6. 28 кастрычнік суда Ленінскага раёна Брэста прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» Facebook-старонку фатографкі і культурніцкай менеджаркі Юліі Дарашкевіч.
IV. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак культурніцкіх ініцыятыў і СМІ
1. 16 кастрычніка суд Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» Instagram-старонку «lutskevich_museum» Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні.
2. 16 кастрычніка 2026 года суд Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» Instagram-старонку «bielaruskidom» арганізацыі Беларускі дом, якая падтрымлівае беларусаў у выгнанні, прасоўвае правы чалавека і дэмакратычныя каштоўнасці, рэалізуе культурніцкія і асветніцкія праекты.
3. 22 кастрычніка 2026 года суд Бабруйскага раёна і Бабруйска прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» Instagram-старонку Беларускага радыё «Рацыя» (ідэнтыфікатар @racyja). Беларускае радыё «Рацыя» – незалежнае медыя, якое асвятляе навіны Беласточчыны і Беларусі, надаючы вялікую ўвагу навінам культуры і літаратуры. 16 студзеня 2024 года КДБ прызнаў Беларускае радыё «Рацыя» «экстрэмісцкім фармаваннем».
4. 27 кастрычніка суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» Facebook-старонку творчай прасторы «Bulba HaЎse».
V. Ліквідацыя і скарачэнне афіцыйных літаратурных беларускамоўных выданняў
1. 22 кастрычніка з’явілася інфармацыя, што дзяржаўная газета «Літаратура і мастацтва» (ЛіМ) спыняе існаванне як самастойнае друкаванае выданне і робіцца дадаткам да газеты «Звязда». Пра гэта стала вядома з новага падпіснога каталога Белпошты, дзе асобная падпіска на ЛіМ ужо адсутнічае. Газета «Літаратура і мастацтва» была заснаваная ў 1932 годзе.
2. 22 кастрычніка з новага падпіснога каталога Белпошты стала вядома, што дзяржаўныя літаратурна-мастацкія часопісы «Полымя», «Маладосць» і «Нёман» замест штомесячнага выхаду (12 разоў на год) будуць выдавацца 2 разы на паўгоддзе.