17 сакавіка ў Брэсце прайшла сустрэча з Адамам Глобусам і Альгердам Бахарэвічам. Гэта была першая вечарына з запланаванай серыі “Сустрэч з Гедройцам” пад дэвізам “Найлепшыя пісьменнікі — у вашым горадзе”, арганізаваных Беларускім ПЭН-цэнтрам сумесна з Амбасадай Рэспублікі Польшчы. Вечарына прайшла на пляцоўцы “Прастора КХ”.
Андрэй Хадановіч, мадэратар сустрэчы, пачаў вечар з прадстаўлення гасцей, якія адразу ж вырашылі паспаборнічаць у тым, хто з іх даўжэй не быў ў Брэсце. Званне самага доўгачаканага госця атрымаў Адам Глобус: перад гэтым ён наведаў Брэст у 1972 годзе, дзе падчас школьнай экскурсіі трапіў у тым ліку на мост праз Буг, з якога дзецям паказвалі замежжа. І там, за мяжой, будучы пісьменнік і ўладальнік трэцяга месца ў прэміі Гедройца ўбачыў звычайнага вяскоўца з канём, які нічым не адрозніваўся ад вяскоўцаў беларускіх. Расчараванне мяжой аказалася такім моцным, што пісьменнік не наведваўся сюды яшчэ больш за сорак гадоў.
Альгерд Бахарэвіч жа быў у Брэсце ўсяго 16 гадоў таму, у 1999-м, калі разам з двума дзясяткамі іншых літаратараў прыехаў сюды ладзіць “Дзень муміфікатара”. Аднак усе пляцоўкі, дзе мусілі адбывацца літаратурныя чытанні, былі зачыненыя, а само мерапрыемства — забароненае, і таму пісьменнік сеў на цягнік і паехаў назад. “І вось цяпер мы сустрэліся з вамі тут, — адзначыў Альгерд Бахарэвіч, — а значыць, з таго часу ў Брэсце нешта змянілася”. “З часоў майго наведвання змянілася значна больш,” — дадаў Адам Глобус.
Андрэй Хадановіч папрасіў Альгерда Бахарэвіча паразважаць пра тое, хто атрымае сёлета прэмію Гедройца. “Ніякіх сумневаў на гэты конт у мяне няма. Дарэчы, летась у мяне выйшла тры кнігі, — адказаў празаік, — і яны намінуюцца не на адну, а на тры прэміі: Гедройца, Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за кнігу нон-фікшн) і “Залатую літару”.
Задаць такое самае пытанне Адаму Глобусу мадэратар не мог, бо той уваходзіць сёлета ў журы прэміі. Апроч гэтага, Адам Глобус уручае сваю прыватную, самую незалежную, паводле яго словаў, узнагароду — “Залатую літару”. Пра яе і было пытанне Андрэя Хадановіча. “Шмат прэмій даецца несправядліва: часам тыя людзі, якія даюць прэмію, кніг зусім не чытаюць. Адны намінуюць, другія чытаюць, трэція кансультуюць, чацвертыя ўручаюць. І я захацеў усіх гэтых людзей спалучыць у адной асобе. Уручаючы прэмію, я гарантую, што сумленна прачытаў кнігу пераможцы і яна мне спадабалася,” — расказаў Адам Глобус.
Пасля Альгерд Бахарэвіч прадставіў тры свае кнігі, якія намінуюцца на тры прэміі: “Каляндар Бахарэвіча”, “Ніякай літасці Альгерду Б.” і “Дзеці Аліндаркі”. Найбольш увагі было нададзена “Календару”, куды ўвайшлі тэксты пра гістарычныя падзеі, якія аўтар выбіраў на свой густ і ў якіх сам ужо даўно заблытаўся. А таму калі сустрэнеце Альгерда Бахарэвіча на вуліцы, не пытайце ў яго, што сёння адбылося паводле яго календара!
“Кніга “Ніякай літасці Альгерду Б.” — гэта кніга пра сваё, — адзначыў Альгерд Бахарэвіч. — Раней мяне больш цікавілі людзі за Бугам”. “І гэтай кнігай аўтар паспеў пакрыўдзіць усіх, — пажартаваў Андрэй Хадановіч. — Мяне таксама — тэкстам пра аўтарскую музыку, якую я вельмі люблю, пад назвай “Тры акорды”. “Дзяцей Аліндаркі” Альгерд Бахарэвіч ахарактарызаваў як кнігу для чытачоў: упершыню ён напісаў твор, думаючы найперш пра іх.
Звярнуўшы ўвагу на тое, што сядзіць паміж двума самымі змрочнымі ў Беларусі казачнікамі, Андрэй Хадановіч папрасіў Адама Глобуса прадставіць сваю творчасць. Аднак Адам Глобус чытаць казкі адмовіўся, а расказаў пра “тэхналогію” натхнення. “Я вучыўся на манументаліста, а гэта вельмі дысцыплінуе, прымушае мастака падпарадкоўвацца архітэктуры. На першае месца тут выходзіць замоўца і яго патрабаванні. Але важна заставацца творцам і ў нашым меркантыльным свеце, і гэта магчыма, калі ты ўмееш здзіўляцца. Сёння мяне здзівіў дрозд, які ляцеў у парку над падмеценай зямлёй. У выніку сустрэча з дзівам афармляецца ў прозу ці ў верш,” — расказаў Адам Глобус і прачытаў некалькі вершаў пра Вільню, пасля чаго мадэратар настойліва папрасіў прысутных нікому не расказваць пра тое, што на сустрэчы празаікаў-пераможцаў прэміі чыталася не проза. Аднак Альгерд Бахарэвіч хутка выправіў сітуацыю і “пакрыўдзіў” гэтым разам дзіцячых пісьменнікаў, прачытаўшы эсэ “Могілкі кіндэрсюрпрызаў”.
Адно з самых правакатыўных пытанняў Андрэя Хадановіча тычылася пісьменніцкіх паразаў: “Ці бывае так, што рэалізаваць нейкую задуму так і не атрымліваецца?”
“Кніга “Дзеці Аліндаркі стваралася ў Гамбургу, Вісбю, Дзеравянках і Мінску, — адказаў Альгерд Бахарэвіч. — У Гамбургу я напісаў фрагмент, які потым уставіў у твор, у Вісбю — некалькі старонак, з якімі тады не ведаў, што рабіць. Пісаць уласна раман я пачаў у Дзеравянках, а скончыў яго ў Мінску. Таму няскончаны урывак — гэта зусім не абавязкова параза. Цяпер у мяне ляжыць нямала пачатых і пакуль недаробленых тэкстаў”.
“Каго цікавяць нашы паразы? — прадоўжыў Адам Глобус. — Можа, нехта іх чакае, але я ім гэтую карту ў рукі не дам. У мяне заўсёды ўсё атрымліваецца”.
У канцы сустрэчы чытачы атрымалі магчымасць задаць пісьменнікам пытанні: “Усё, што вы хацелі спытаць, але сорак гадоў не было аказіі”, — заахвочваў прысутных “выкарыстоўваць пісьменнікаў напоўніцу” Андрэй Хадановіч. Вечарына зрабілася больш нефармальнай, ахвочыя варажылі па “Календары Бахарэвіча” і бралі ў пісьменнікаў аўтографы, каб пасля, паводле словаў мадэратара, горда хваліцца імі перад унукамі ці прадаваць па спекулятыўнай цане.
Альгерд Бахарэвіч у 2012 і 2013 гадах быў уганараваны ІІ прэміяй Ежы Гедройца за “Малую медычную энцыклапедыю Бахарэвіча” і “Гамбурскі рахунак Бахарэвіча”, а ў 2013-м кніга Адама Глобуса “Сказы” была адзначаная ІІІ прэміяй. Сёлета Альгерд Бахарэвіча намінуецца на прэмію адразу з трыма кнігамі, а Адам Глобус уваходзіць у журы.
Цягам найбліжэйшых тыдняў сустрэчы з лаўрэатамі прэміі Гедройца адбудуцца таксама ў Магілёве, Гомелі, Гродне і Беластоку.
Усе фота з сустрэчы — у нашым Facebook.
Фота Аляксандра Кладава