23 сакавіка ў Магілёве на пляцоўцы “Цэнтр Кола” адбылася другая з серыі “Сустрэч з Гедройцам”. Сюды завіталі леташні лаўрэат прэміі Ігар Бабкоў з кнігай “Хвілінка. Тры гісторыі” і двухразовы “сярэбраны прызёр” Гедройца Альгерд Бахарэвіч. У розныя гады на прэмію прэтэндавалі ягоныя кнігі “Малая медычная энцыклапедыя Бахарэвіча” і “Гамбургскі рахунак Бахарэвіча”.
Вядоўца Андрэй Хадановіч, натуральна, пачаў імпрэзу з прадстаўлення гасцей, зрэшты, амаль адразу выйшаўшы на мясцовыя рэаліі і мясцовы каларыт. Рэч у тым, што незадоўга да вечарыны ў літаратараў была мажлівасць пашпацыраваць па цэнтральных магілёўскіх вулках. Не былі абмінутыя і кнігарні — звычайная пісьменніцкая зацікаўленасць.
Незвычайным жа было тое, што ў першай кнігарні “Асвета” не было знойдзена ніводнай кнігі па-беларуску (апрача некалькіх дзіцячых), а ў другой краме “Буква” стэнд з беларускай літаратурай быў толькі адзін і засунуты ў самы дальні кут: каб дабрацца да яго, шараговаму наведвальніку трэба было пераадолець загародку прадаўца. Дый у тым куце стаяла толькі некалькі паліц з зялёнымі тамамі серыі праўладнага СПБ і некалькі выданняў “Беларускай навукі”. Прадаўцы апелявалі да ўладальнікаў кнігарняў. Крамы знаходзяцца ў прыватных руках рускіх прадпрымальнікаў, якія вырашаць гэтую праблему відавочна не збіраюцца. У сувязі з гэтым старшыня і сябра Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч і Ігар Бабкоў пакінулі ў кнізе скаргаў абедзвюх кнігарань адпаведныя прапановы па паляпшэнні працы з беларускай кнігай, папулярызацыі яе.
Таму і першае пытанне Андрэя Хадановіча да Ігара Бабкова на вечарыне было пра самаадчуванне беларускага літаратара, прызнанага ў Мінску і за мяжой, адзначанага прэміямі, але якога ў той жа час для ўласнай краіны нібыта і не існуе.
Ігар Бабкоў: “Я даўно не здзіўляюся гэтаму. Так працягваецца ўжо доўгі час, за які паспяваеш прывыкнуць да падобных рэчаў. Мы сканчалі расейскамоўныя школы, вучыліся ў расейскамоўных універсітэтах і раптоўна, амаль нечакана, знаходзілі скрадзеную традыцыю. Шкада людзей, якія абкрадаюць самі сябе. Мы знаходзімся ва ўнікальнай краіне з багатай культурнай традыцыяй шматмоўя, дзе ад пачатку шмат хто валодаў дзвюма-трыма мовамі, акрамя сваёй уласнай. Сітуацыя і цяпер можа быць моналінгвістычнай, а можа — трох-чатырохмоўнай. Думаю, варта якраз і адасобіцца ад супрацьстаяння “альбо расейская альбо беларуская”, а працаваць над трылінгвальным вектарам”.
Да Альгерда Бахарэвіча, які нямала гадоў пражыў у Нямеччыне, Андрэй Хадановіч звярнуўся з просьбай пракаментаваць бачанне Беларусі пасля вяртання, пасля доўгай адсутнасці.
Альгерд Бахарэвіч: “У Беларусі мяне напаткала каханне. Я ехаў сюды на тры дні, але застаўся больш як на два гады, як бачыце. За гэты час мы з жонкай наведалі шмат беларускіх гарадоў і мястэчак, жылі ў глухой вёсцы, так што я фактычна нанова адкрываў для сябе краіну. І трэба сказаць, што маё бытаванне ў Еўропе не сканчаецца пасля вяртання. Мы прывыклі, што Еўропа — гэта недзе там, вельмі далёка, вялікія багатыя краіны. Але ж Еўропа — гэта і Боснія, і Харватыя, і Албанія, і мы таксама. Спачатку я адчуваў пэўную эйфарыю ад вяртання. Але цяпер стаў паціху задыхацца ад атмасферы бясконцых скандалаў, якія не маюць нічога супольнага з нармальнымі дыялогам і дыскусіяй. З аднаго боку, хочацца жыць дома, з другога — няблага было б паўгода жыць за мяжой, ніяк з гэтай атмасферай не судакранаючыся”.
Зразумелым чынам гаворка пераключылася на кнігу Ігара Бабкова “Хвілінка. Тры гісторыі”. Твор атрымаў летась І месца ў Літаратурнай прэміі Ежы Гедройца, а зусім нядаўна быў перакладзены на славацкую мову і атрымаў прэстыжную літаратурную прэмію Вышаградскай групы. Кніга прысвечаная Мінску, і некаторых персанажаў, паводле Андрэя Хадановіча, можна нават разгадаць, але ці ёсць у гэтай кнізе рэальныя асобы і дакладныя адрасы?
Ігар Бабкоў: “Я нарадзіўся ў Гомелі і 17 гадоў пражыў там. Гомель дагэтуль вельмі важны для мяне: гэтыя краявіды, паркі, палац, цені, файная летаргія, месца, дзе нічога не адбываецца. Там я стаў кандыдатам у майстры спорту па шахматах і заваяваў чэмпіёнскі тытул сярод беларускіх школьнікаў. Але ўсё ж найважнейшае са мной здарылася ў Мінску. Валянцін Акудовіч — аўтар канцэпцыі Мінску як горада прыхадняў, горада без герояў, халоднага месца, дзе ўсё адбываецца ўнутры цябе, але не захоплівае наваколле. Некалі мы шпацыравалі па горадзе з Адамам Глобусам і разважалі пра крызіс беларускага раману. Глобус казаў, што раман немагчымы, бо ніхто не хоча растраціць сябе на горад”. “Хвілінка” — звычайная савецкая забягалаўка, буфет, бістро. Цяпер мы б сказалі на такое — “абы-што”. Але ў 1980-я туды ішлі ўсе, бо ў “Хвлінцы” варылася неблагая кава. Там у 1983 годзе са мной адбылося самае важнае, і паабяцаў сабе, што напішу пра гэтае месца. У 1989-м напісаліся першыя радкі. А ў 2000-х, прыехаўшы ў берлінскі Літаратурны дом на возеры Ванзэе, я сеў і адчуў, што гатовы пісаць. Так з’явілася кніга”.
Андрэй Хадановіч: “У кнізе тры героі: паэт Францішак, палітык Багдан і спявачка Эва-Дамініка. У якіх адносінах знаходзіцца са сваімі героямі аўтар?”
Ігар Бабкоў: “Тры героі, мае персанажы, знаходзяцца ў месцы, з якога немагчыма выйсці ўсё жыццё. Па сутнасці, усе трое — праекцыі мяне самога. Францішак — чалавек слова, Багдан — чалавек дзеяння, Эва-Дамініка — чалавек музыкі. Ёсць яшчэ і чацвёрты герой — наратар, які знаходзіцца ў ценю. Я думаю, што тут няма дакладных прататыпаў, хоць чытачы ўжо не раз заяўлялі мне пра тое, што Багдан — гэта Вітушка, Бяляцкі, Дубавец і гэтак далей. Але мне больш важна было стварыць архетыпічны партрэт свайго пакалення. Людзей, якія ў віхуры “Тутэйшых”, мітынгаў, БНФу здольныя застацца вернымі. Багдан — верны абяцанню. Францішак — верны слову. Эва-Дамініка – верная музыцы”.
Прысутны на імпрэзе перакладчык Міхась Булавацкі выказаў думку, што герояў трэба шукаць там, дзе яны засталіся. І калі ў Мінску іх няма, то варта зазіраць у мінулае. На гэта Ігар Бабкоў адказаў, што няма такога месца, дзе не было б герояў, месца, якога нельга было б абагрэць. Але каб абагрэць месца, трэба ў ім нарадзіцца”.
Альгерд Бахарэвіч летась выдаў ажно тры свае арыгінальныя кнігі. Першая — зборнік эсэ, які цягам году друкаваўся на Радыё Свабода. “Каляндар Бахарэвіча” — гэта 366 тэкстаў, завязаных на датах сусветнай гісторыі, абраных самім аўтарам і важных менавіта для яго. “Гэта вялікая аб’ёмная кніга, якая нагадвае жэле. Яна нестандартна выдадзеная, і чытаць яе трэба седзячы за пісьмовым сталом і пацягваючы каву альбо нейкі іншы напой. Тут ёсць файны паказальнік імёнаў, які падзяляецца на раздзелы “Людзі”, “Начальнікі”, “Героі”, “Марсіяне”. У апошні ўвайшлі і Дон-Кіхот, і Міхась Стральцоў, Людміла Гурчанка, Карлсан-з-даху”, — адрэкамендаваў кнігу аўтар.
На пытанне публікі, чаму сярод рэальных людзей апынуліся літаратурныя героі, пісьменнік адказаў, што Карлсан-з-даху для яго значна больш рэальны за Людмілу Гурчанку. Іншы калумнісцкі праект Альгерд Бахарэвіч ладзіў летась на сайце грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі”, у выніку чаго была выдадзена кніга эсэістыкі “Ніякай літасці Альгерду Б.”: “Я звычайна цікавіўся тым, што адбываецца за мяжой, а гэта кніга — пра сваё, пра сучасную Беларусь, якою я яе ўбачыў, калі вярнуўся”.
Найлюбым дзіцём сваім Альгерд Бахарэвіч назваў раман “Дзеці Аліндаркі”, які выйшаў напрыканцы мінулага году. Праўда, першая партыя накладу адразу разляцелася, а чаканне другой партыі, паводле аўтара, ператварылася для яго ў катаванне.
Прысутных зацікавіў спосаб пісання Альгердам Бахарэвічам тэкстаў для кнігі “Гамбургскі рахунак Бахарэвіча”. Чаму быў абраны шлях правакацыі?
Альгерд Бахарэвіч: “Я пішу тэкст для таго, каб нешта змяніць. Для мяне найбольш важная задача. Кожны можа напісаць пра Купалу. Урэшце рэшт, усе мы роўныя, бо ўсе мы памрэм. Што будзе праз 500 гадоў з гэтай кнігай — невядома. Але я рады, што для свайго часу яна была патрэбная, што яна нешта змяніла ў людзях, яны задумаліся пра сваю літаратуру. “Гамбургскі рахунак”, безумоўна, нешта зрушыў з месца”.
Вядоўца вечарыны Андрэй Хадановіч перавёў размову на тэму напластавання часоў, а менавіта — наколькі былі важнымі для Ігара Бабкова 1980-я і як яны адлюстраваліся ў “Хвілінцы”. Гэта не зусім настальгічная гісторыя. Кожны мінулы век — Залаты, а сучаснасць амаль заўсёды нагадвае век Жалезны.
Ігар Бабкоў: “Ключавой для мяне сапраўды была не настальгія, а разуменне таго, што эпохі змяняюцца на тваіх вачах. У часе нельга зрабіць закладкі, але дзесяцігоддзі мы бачым рознымі, мы бачым пасля, дзе яны пачыналіся і дзе сканчаліся. Пачатак 1980-х — гэта замёрзлая тэрыторыя, але ў той жа час адчувалася, што недзе ў лабірынтах, у горных пераходах захоўваецца велізарны аб’ём энергіі, які чакае вызвалення. 1990-я — час буйства формаў, новага, але прыйшлі 2000-я, і мы ўбачылі, як хутка гэта ўсё згарнулася ў прагматызм, рацыянальнасць, халодны разлік. У 1980-я – 1990-я гісторыкі прыдумалі для беларусаў новую гісторыю. Тады ж некалькі філосафаў прыдумалі беларускае мысленне. І толькі гісторыя літаратуры была забытая. Тое, што зрабіў Альгерд Бахарэвіч у “Гамбурскім рахунку”, страшэнна важна. Выкладчыкі падаюць беларускую літаратуру як нешта мёртвае, без эмоцыі. А найважнейшая ў літаратуры якраз гэтая эмоцыя, і калі выкладчык не ўмее яе чытаць, ён займаецца не сваёй справай. Альгерд жа паказаў: вось, глядзіце, жывы чалавек; вось графаман, узнесены на самы верх і гэтак далей. Пасля эсэ пра Каяна Лупаку я перачытаў паэму “Над ракой Арэсай” і ўбачыў у ёй звыродлівы трагізм, які найбольш адэкватна перадае жах 1930-х. Мы жывем у фантастычна цікавую эпоху, новая хваля, якая цяпер падымаецца, народзіць новую літаратуру, прыдумае новую гісторыю. Мне вельмі важна бачыць гэта”.
Размова працягвалася ў рэжыме нязмушанага дыялогу. Пісьменнікі і чытачы абмеркавалі праблемы сучаснага кніжнага рынку і нізкага статусу беларускай літаратуры. Магілёўцы распавялі пра гісторыю колішніх тутэйшых кнігарняў, дзе беларуская літаратура была абавязковым баластам да рэдкіх выданняў, кшталту Хэмінгуэя і Булгакава, і што гэты вобраз дагэтуль трымаецца ў галовах кнігароў. Ці атрымаецца штось зрушыць у мясцовым кнігагандлі дзякуючы скаргам Андрэя Хадановіча і Ігара Бабкова — невядома.
Важна, што сустрэча не прайшла дарэмна ні для кога з прысутных.
Усе фота з сустрэчы — у нашым Facebook.
Фота Аляксандар Кладаў