Беларускі ПЭН-цэнтр бярэ ўдзел у фестывалі сацыяльных і культурных праектаў IBB JubiläumsFest, прысвечанаму 25-годдзю Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру імені Ёханэса Раў (ІВВ Мінск, пр. Газеты “Правда”, 11).
Для фэсту сябры і партнёры арганізацыі падрыхтавалі адукацыйна-дыскусійную праграму, мэта якой – акрэсліць месца і ролю гаворак беларускай мовы, мікрамоваў, роднасных беларускай, а таксама самых розных “трасянак” у актуальным літаратурным працэсе. У кантэксце шматстагоддзевай шматмоўнасці літаратуры Беларусі і напярэдадні перапісу насельніцтва-2019.
Чакаем вас 1 верасня з 17:00 да 20:00 у аўдыторыі “Дортмунд”. Слухайце, абмяркоўвайце, задавайце пытанні!
ПРАГРАМА БЕЛАРУСКАГА ПЭН-ЦЭНТРА (заля “Дортмунд”)
17:00 Кароткая гісторыя падляшскай літаратуры. Відэаблог Яна Максімюка, прэм’ера роліка ФБ-суполкі “Толькі пра літаратуру”. Акторка Яана Троц і пісьменніца Галіна Максімюк чытаюць творы па-падляшску (відэа).
17:20 “Новы Завіт” Фёдара Клімчука. Прэзентацыя перакладу Евангелля на заходнепалескую мову культурніцкім аб’яднаннем “Традыцыя” (Сяргей Доўгушаў, Ірына Мазюк). Прагучыць заходнепалеская мова перакладчыка (аўдыё).
17:40 Дыялекты і фальклор у сучасных мастацкіх творах: ідэі для літаратараў. Прэзентацыя этнаграфічнай суполкі “Вольны архіў” (Сяргей Лісіца) і інтэрактыўнай мапы “Дыялекты” (Іна Хоміч).
18:10 Лупім на трасяначцы. Мова раману “Каларадская пушча” Севярына Квяткоўскага. Гутарка з аўтарам.
18:30 “Гаворкі, мікрамовы, “трасянкі” як самастойная мова літаратурнага твору. Патэнцыял і выклікі ў межах беларускага літаратурнага працэсу і па-за імі”. Дыскусія з удзелам культуролага Максіма Жбанкова, лінгвіста Сяргея Запрудскага, моўнай актывісткі Іны Хоміч. Мадэратарка Марыя Мартысевіч.
Уваход на ўсе падзеі вольны. Цягам дня (з 10:00 да 20:00) вы таксама можаце наведаць іншыя імпрэзы фестывалю, падрабязей пра гэта – у афішы IBB JubiläumsFest
Да сустрэчы!