Вольга Шпарага вывучала філасофію ў Беларусі і Германіі (Рурскі універсітэт, г. Бохума). Выкладала ў ЕГУ ў Мінску і Вільні з 2001 па 2014 гг. На працягу 2006-2014 гг. была сурэдактаркай інтэрнэт-часопіса «Новая Еўропа», у цяперашні час уваходзіць у навуковы савет часопісаў The Ideology and Politics Journal, The Interlocutor і pARTisan, а таксама філасофскай кніжнай серыі Libri Nigri.
Стажыравалася і выкладала ва універсітэтах і навуковых цэнтрах Чэхіі, Польшчы, Літвы, Германіі і ЗША (The New School of NYC). З’яўляецца аўтаркай манаграфій «Сообщество-после-Холокоста: на пути к обществу инклюзии» (Мінск, ECLAB-Books, 2018) і «Абуджэнне палітычнага жыцця: Эсэ пра філасофію публічнасці» (Вільня: ЕГУ, 2010), а таксама навуковай сурэдактаркай сямі калектыўных манаграфій. Кніга Вольгі Шпарагі «Сообщество-после-Холокоста: на пути к обществу инклюзии» была прызнана лепшай філасофскай манаграфіяй 2018 года Міжнародным Кангрэсам даследчыкаў Беларусі, а таксама ўвайшла ў шорт-ліст прэміі «Кніга года 2018» Беларускага ПЭН-цэнтра.
Сяржук Сыс (Сяргей Анатольевіч Сыс) нарадзіўся 26.01.1962 г. у в. Пракісель Рэчыцкага р-на Гомельскай вобласці. Затым бацькі-настаўнікі пераехалі на сталае жыхарства ў вёску Заспа. Там пайшоў у сярэднюю школу, пасля якой у 1979 годзе паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вучыўся разам з Алесем Бяляцкім, Эдуардам Акуліным, Анатолем Сысом. Пасля 2 курсаў навучання пайшоў у войска. Пасля службы ў СА працаваў у Гомелі грузчыкам, экспедытарам, таваразнаўцам. Скончыў Гомельскі кааператыўны тэхнікум у 1985 годзе.
Вучобу ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце пасля аднаўлення скончыў у 1992 годзе. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Дабрагашчанскай сярэдняй школе на Жлобіншчыне. У 1986 годзе працаваў карэспандэнтам Жлобінскай раённай газеты “Камуніст”, з 1987 годзе на працы ў абласной газеце “Гомельская праўда”. З 2000 года працаваў у камерцыйных структурах, выдавецкіх і рэкламных агенцыях і кампаніях. Некалькі год з’яўляўся загадчыкам аддзела навінаў Гомельскага абласнога радыё. Зараз жыве і працуе ў Мінску.
Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская – перакладчыца з англійскай, італьянскай і шведскай моў, каардынатарка культурніцкіх праектаў. У 2018 заснавала выдавецтва Koska, якое спецыялізуецца на перакладной дзіцячай літаратуры.
Пераклала серыі дзіцячых кніг пра Маму Му, Пэтсана і Фіндуса шведскіх аўтараў Юі Вісландэр і Свэна Нурдквіста, перакладчыца кніг Сары Лундберг “Віта Белая Крэска” і “Птушка ўва мне ляціць, куды захоча” і інш. Лаўрэатка прэміі Шведскай акадэміі дзіцячай кнігі Eldsjälspriset (2018). Лаўрэат прэміі для перакладчыкаў Карласа Шэрмана (2019).
Вячаслаў Ракіцкі – беларускі тэатральны крытык, тэле- і радыёжурналіст, кінадакументаліст, перакладчык з польскай мовы, педагог. Кандыдат мастацтвазнаўства, лаўрэат Прэміі імя Алеся Адамовіча. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Нарадзіўся 13 кастрычніка 1953 года ў мястэчку Празарокі на Глыбоччыне. У 1970 годзе скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў загадчыкам літаратурнай часткі Беларускага тэатра юнага гледача, рэдактарам па драматургіі Міністэрства культуры БССР, навуковым супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства этнаграфіі і фальклора Нацыянальнай акадэміі навук, галоўным рэдактарам часопіса “Спадчына”. Выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў, Беларускім універсітэце культуры, Інстытуце сучасных ведаў. З 1997-га па 2018 год – аўтар і карэспандэнт Беларускай службы Радыё Свабода. З 2010-га і па сённяшні дзень супрацоўнічае з тэлеканалам Белсат, здымае на яго замову дакументальныя цыклы і фільмы, мастацка-публіцыстычныя праграмы.
Аўтар кніг: “Беларуская Атлянтыда” (у 2-х тамах), “Сто адрасоў свабоды”. Адзін з укладальнікаў акадэмічнага трохтомнага выдання “Гісторыя беларускага тэатра”, зборніка перакладаў п’ес Славаміра Мрожака “Дом на мяжы”. Апублікаваў у беларускім і замежным перыядычным друку, зборніках і альманахах больш за 200 тэатразнаўчых і крытычных артыкулаў. Пераможца шэрагу міжнародных фестываляў дакументальнага кіно.