Мы прадпрынялі максімальныя намаганні, каб у рэжыме перамоваў і супрацы вырашыць узніклыя пытанні і шчыра разлічвалі, што супраца з Паўлам можа наладзіцца і стаць канструктыўнай і такой, якая адпавядае мэтам умацавання і развіцця арганізацыі, калі ён будзе прадстаўлены ў кіраўніцтве арганізацыі ў новай якасці, але гэтага не адбылося. Для таго, каб арганізацыя магла працаваць далей у канструктыўным рэжыме з мэтай рэалізацыі статутных мэтаў і задач, мы вымушаныя былі прыняць гэтае няпростае рашэнне.
Рада РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” у сувязі са стратай даверу і немагчымасцю далейшай супрацы, на падставе пункта 3.6 Статута РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” выключае з сябраў арганізацыі сябра ПЭНа Паўла Анціпава ў выніку парушэння Статута арганізацыі. Павел Анціпаў выключаецца паводле статутных п. 3.6 “у сувязі з сістэматычным невыкананням рашэнняў органаў РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”, прынятых у межах іх кампетэнцыі”, п. 3.1., згодна з якім сябры РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” абавязваюцца выконваць патрабаванні Хартыі Міжнароднага ПЭН-Клуба. Парушэнне п.3.1, паводле статута нашай арганізацыі, “несумяшчальнае з членствам у РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр””.
Пры ацэнцы дзеянняў Паўла Анціпава і ў сваім рашэнні мы таксама абапіраемся на “Прынцыпы дзейнасці праваабаронцаў”, у прыватнасці, пункты 5 (Сумленнасць, максімальная дакладнасць і аб’ектыўнасць), 8 (Добрасумленнасць і адказнасць), 9 (Салідарнасць і супрацоўніцтва праваабаронцаў) і 11 (Канфідэнцыйнасць і абарона персанальных дадзеных), 12 (Прафесіяналізм), 13 (Канфлікт інтарэсаў). “Прынцыпы дзейнасці праваабаронцаў” падпісаныя РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” і, такім чынам, абавязковыя для РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”.
Канстатуем, што Паўлам Анціпавым
– сістэматычна не выконваліся рашэнні органаў РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”, прынятыя ў межах іх кампетэнцый, што парушае п.3.6 Статута арганізацыі;
– нядобрасумленна выконваліся абавязкі, у сувязі з чым арганізацыі была нанесеная як матэрыяльная, так і рэпутацыйная шкода;
– разгалошвалася канфідэнцыйная інфармацыя і інфармацыя, якая можа нашкодзіць супрацоўнікам, валанцёрам і партнёрскім арганізацыям;
– наўмысна фальсіфікавалася і скажалася інфармацыя дзеля прыватных мэтаў, што парушае П.4 Хартыі Міжнароднага ПЭН-Клуба, згодна з якім сябры арганізацыі “абавязаныя змагацца з такімі негатыўнымі праявамі свабоднага друку, як хлуслівасць, наўмысная фальсіфікацыя, скажэнне інфармацыі дзеля палітычных і прыватных мэтаў”.
У выпадку нязгоды з рашэннем Рады Павел Анціпаў можа абскардзіць рашэнне аб выключэнні з ліку сябраў арганізацыі ў парадку, прадугледжаным статутам арганізацыі і дзейным заканадаўствам.