Літаратурнае журы
Вера Бурлак (Жыбуль) – паэтка, перакладчыца, музыка, даследчыца літаратуры для дзяцей, аўтарка манаграфіі “Детская поэзия Серебряного века: модернизм”, аўтарка кнігі вершаў для дзяцей “Фантазюркі”, за якую атрымала Прэмію Цёткі 2019.
Андрэй Жвалеўскі — пісьменнік, сцэнарыст. У галіне літаратуры для дзяцей і падлеткаў вядомы кнігамі, напісанымі ў суаўтарстве з Яўгеніяй Пастэрнак (“Гімназія №13”, серыя кніг “М+Ж”).
Людміла Рублеўская — пісьменніца, паэтка, крытык, рэдактарка. Лаўрэатка прэміі “Залаты апостраф”, Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
Андрэй Хадановіч — паэт, перакладчык, аўтар зборніка вершаў для дзяцей “Нататкі таткі”, за якую атрымаў прэмію “Кніга году 2016”.
Ганна Янкута — перакладчыца, пісьменніца. Аўтарка кніг для дзяцей “Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў” ды “Кот Шпрот і зніклы мышамабіль”.
Мастацкае журы
Кацярына Дубовік — мастачка, кніжны графік. Лаўрэатка Прэміі Цёткі 2016 і 2019. Пераможца міжнароднага конкурсу кнігі-карцінкі The 2nd Little Hakka International Picture Book Award 2018, фіналістка міжнароднага конкурсу ілюстрацыі NAMI Concours 2019 з ілюстрацыямі да кнігі “Пітэр Пэн” Дж. Бары.
Васіліса Паляніна — мастачка, ілюстратарка кніг і часопісаў, аўтарка ілюстрацый да “Казак” братоў Грымаў.
Валерый Славук — мастак, ілюстратар, педагог, прафесар, аўтар ілюстрацый да кніг “Піліпка-сынок”, “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” Яна Баршчэўскага, “Чароўны свет” і інш., лаўрэат шэрагу прэмій, у тым ліку Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Спецыяльнай прэміі прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва.
У кожнай намінацыі будзе вызначацца адзін пераможца, які атрымае грашовую ўзнагароду, эквівалентную 2000$. Неўзабаве будуць абвешчаныя поўныя спісы кніг-намінантак.
Прэмія Цёткі ўручаецца з 2016 года пры падтрымцы фонда “Вяртанне”. За гэты час пераможцамі прэміі рабіліся Надзея Ясмінска і мастачка Кацярына Дубовік з кнігай “Сем ружаў”, Уладзімір Арлоў і Павел Татарнікаў з кнігай “Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі”, Валер Гапееў з кнігай “Мая мілая ведзьма” і Лізавета Лянкевіч з ілюстрацыямі да кнігі Рыгора Барадуліна “Азбука. Вясёлы вулей”, Вера Бурлак з кнігай вершаў “Фантазюркі” і Кацярына Дубовік з ілюстрацыямі да кнігі Надзеі Ясмінскай “Чаму Меша не мае хаты”.