“Высокае майстэрства перакладчыкаў і якасны выбар твораў выдаўцамі нарабілі сябрам журы прыемнага клопату: вылучыць у выдатным найлепшае. Хіба толькі ў адной намінацыі рашэнне было блізкім да адзінагалоснага, і то кожны эксперт меў у запасе яшчэ аднаго кандыдата. А ўжо сярод іншых роскід меркаванняў быў такі шырокі, што на кароткі спіс прэтэндавалі амаль усе кнігі з доўгага спісу. Асаблівае задавальненне выклікалі пераклады прозы, з якіх кожны быў, як ажурная выцінанка. Адзначу таксама, што беларуская школа перакладу набывае выразнае жаночае аблічча: чацвёра з шасці фіналістаў – жанчыны”,
– дзеліцца ўражаннямі сябра журы прэміі Дзяніс Кандакоў.
У журы прэміі Шэрмана сёлета ўвайшлі: пісьменніца, перакладчыца, кандыдат філалагічных навук Вера Бурлак; выкладчыца, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Ганна Бутырчык; паэтка, перакладчыца, літаратуразнаўца Аксана Данільчык; літаратуразнаўца, перакладчык, кандыдат філалагічных навук Дзяніс Кандакоў. Выкладчыца, перакладчыца і рэдактарка Вольга Калацкая, на жаль, не зможа працягваць сваю працу ў складзе журы.
Кароткі спіс прэміі Карласа Шэрмана 2021
Пераклад прозы
- Вольга Гронская, пераклад з нямецкай – Даніэль Кельман “Тыль”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск, 2020.
- Сяргей Шупа, пераклад з харвацкай – Міленка Ергавіч “Арэхавы палац”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2019.
- Ганна Янкута, пераклад з англійскай – Салі Руні “Нармальныя людзі”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск, 2020.
Пераклад паэзіі
- Лявон Баршчэўскі, пераклад з ісландскай – Стэйн Стэйнар “Выбраная паэзія”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2020.
- Лявон Баршчэўскі, Сяргей Шупа, пераклад з харвацкай – Цін Уевіч “Выбраная паэзія”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2020.
- Юля Цімафеева, пераклад з англійскай – Стывен Крэйн “Выбраныя вершы”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2020.
Пераклад дзіцячай кнігі
- Алена Пятровіч, пераклад з англійскай – Дж.К. Роўлінг “Гары Потэр і таемная зала”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск, 2020.
- Юля Цімафеева, пераклад з нарвежскай – Мая Лундэ “Снежная сястра”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск, 2020.
- Ганна Янкута, пераклад з польскай – Катажына Рырых “Лапуховае поле”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск, 2020.