Спампаваць pdf-версію 57-га выпуску маніторынга культурнага супраціву
Пераслед, прысуды, культурная палітыка
Вярхоўны суд Беларусі разгледзіць пытанне ліквідацыі ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» 8 лістапада.
Максім Валодзін, кампазітар, грамадзянін Расіі, які 22 гады пражыў у Беларусі, быў дэпартаваны:
«4-га кастрычніка я атрымаў два лісты. У адным — запрашэнне на разгляд маёй справы па дэпартацыі, а ў другім — ужо само рашэнне. Я нават не меў шанцу абараніць сябе»,
— распавёў Максім.
Працягваецца ціск на адвакатаў палітзняволеных. Аляксандр Бірылаў, адвакат Андрэя Пачобута (палітзняволенага эсэіста, публіцыста, паэта, аўтара песень і музыкі, затрыманага 25 сакавіка 2021 года за “распальванне нянавісці”) атрымаў паведамленне ад Мінюста, што яго кваліфікацыя з’яўляецца «не цалкам адпавядаючай патрабаванням заканадаўства». Бірылаву далі паўгода на тое, каб выканаць рэкамендацыі камісіі, пасля чаго будзе праведзеная новая атэстацыя.
Эдуарда Бабарыку, палітзняволенага менеджара культуры і сына мецэната Віктара Бабарыкі, затрыманага 18 чэрвеня 2020 года за нібыта ўхіленне ад выплаты падаткаў, пазбавілі адваката. Мінюст прыняў рашэнне, што Ірына Варанкова “не можа выконваць свае прафесійныя абавязкі праз недастатковую кваліфікацыю”.
Пракурор запрасіў пакаранне ў пяць гадоў калоніі для Міколы Дзядка, палітзняволенага блогера і літаратара, затрыманага 11 лістапада 2020 года.
Аксану Манкевіч, экскурсаводку з Мінска, арыштавалі на 15 сутак за «непадпарадкаванне».
4 лістапада Мінінфарм заблакаваў сайты адразу некалькіх ліквідаваных грамадскіх аб’яднанняў. Сярод іх Беларускі ПЭН, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Нацыянальны камітэт Міжнароднай Рады па пытаннях помнікаў і гістарычных мясцін (ICOMOS). Цяпер яны дасяжныя на тэрыторыі Беларусі толькі праз VPN.
Дзмітры, былы музыка ансамбля «Харошкі» і дзяржаўнай філармоніі, звольнены ў жніўні 2021 года за палітычную пазіцыю, расказаў пра пераслед у дачыненні да яго. Падчас ператрусу ў жніўні ў яго забралі каля 7500 даляраў, у дакументах адзначылі толькі блізу 6000. Мужчына адбыў 41 суткі адміністратыўнага арышту, яго катавалі, пагражалі арыштаваць жонку, калі ён не пагодзіцца на супрацоўніцтва. Як толькі Дзмітрыя выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, ён змог уцячы з краіны.
Фільм Поля Верхавена “Спакуса” знік з раскладу мінскіх кінатэатраў. Рэспубліканская экспертная камісія па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці (РЭК) “не рэкамендуе карціну да паказу на тэрыторыі краіны”. РЭК кажа, што атрымала «шматлікія звароты грамадзян» аб адмене праката фільма — у спісе тых, хто звярнуўся, толькі 30 чалавек.
Ларысу Сімаковіч, кампазітарку, сябра Беларускага саюзу кампазітараў, якая за 13 гадоў працы ў філармоніі паставіла 11 спектакляў і адкрыла новыя жанры для беларускага харавога мастацтва, звольнілі адразу пасля прэм’еры. Кампазітарка лічыць, што адна з першых прычын звальнення — беларуская мова, якой яна карысталася ў працы, бо “беларуская мова сёння — маркер, абазначэнне пазіцыі чалавека”. Пазней стала вядома, што ў кіраўніцтва філармоніі ёсць спіс з 70 чалавек на звальненне за палітычную пазіцыю. ПЭН правярае гэтую інфармацыю.
5 лістапада стала вядома, што Алесю Пушкіну, абвінавачанаму ў “наўмысных дзеяннях, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму” за намаляваны партрэт беларускага антысавецкага партызана пасляваенных часоў, працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 30 студзеня 2022 года. Нядаўна ў лісце з турмы ён напісаў:
«Я за проста любоў да мастацтва, праўды – выбраў сядзець у турме – а не застаўся ў Кіеве, бо не павераць!»
Міжнародная федэрацыя асацыяцый кінапрадзюсараў FIAPF прыпынiла акрэдытацыю кінафестывалю «Лістапад» у сувязі з тым, што «акрэдытацыя мінскага фестывалю кідае цень на іншыя фестывалі, якім мы прадастаўляем акрэдытацыю». Фестываль больш не з’яўляецца міжнародным, бо “людзі са свету кіно разумеюць, што немагчыма правядзенне маштабнага мерапрыемства ў краіне, дзе актывістаў дзясяткамі тысяч кідаюць у турмы, звальняюць, забіваюць, што арганізатар фэсту (з гэтага года — Мінкульт) цэнзуруе ўсё жывое, а інфапартнёр фэсту (БТ) паказвае ў эфіры здзекі з палітвязняў”, – падзяліўся ў сваім фэйсбуку Сяргей Будкін, кіраўнік Беларускай рады культуры.
Жыццё ў няволі
Ігара Банцэра, палітзняволенага музыку, вярнулі з «хіміі» у віцебскі СІЗА. Адміністрацыя «хіміі» палічыла, што ён дапусціў некалькі парушэнняў, пасля чаго, нягледзячы на тэмпературу, яго змясцілі ў ШІЗА.
Юлія Цімафеева, паэтка, перакладчыца, пісьменніца, сябра ПЭНа, атрымала лісты ад свайго брата, Пятра Марчанкі, музыкі з гурта Irdorath, і Юліі Марчанка (Юніцкай), яго жонкі, затрыманай разам з ім 2 жніўня 2021 года. Юля піша, што ўжо прызвычаілася да турэмнага жыцця.
“Людзі запытваюцца, ці спяваю я тут — не, спяваць мне зусім не хочацца”.
Шмат чытае, на здароўе не скардзіцца. Пятро піша, што тры тыдні таму рабілі торт на дзень нараджэння сукамерніка:
“Амаль як у краме выйшла”.
Займаецца матэматыкай, вывучае кнігі па праграмаванні, якія ёсць у бібліятэцы СІЗА. Распрацоўвае падручнік-прыкладанне для дудароў, якім пачаў займацца яшчэ на волі.
Творчы супраціў і культурны актывізм
Алесь Kontra, мастак, упрыгожыў Брэст муралам з сокалам-пустальгой для грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».
Маргарыта Ляўчук з «дыджэямі пераменаў» запісала кавер на легендарную песню Цоя “Перемен”.
Выйшаў першы буктрэйлер X юбілейнага сезону прэміі імя Ежы Гедройця на кнігу Сяргея Календы “Акварыум. Гісторыя аднаго юнацтва”, якая ўвайшла ў шорт-ліст.
Выйшаў шосты з дванаццаці выпускаў «Гоману», анлайн-курсаў па вывучэнні беларускай мовы. Тэма — дом, кватэра, мэбля.
У Беларускай царкве (Антверпен, Бельгія) на Дзяды адбылося выступленне Сяржука Доўгушава, Аляксея Варсобы і Андрэя Еўдакімава (Isna Trio). Канцэрт быў прысвечаны памяці Вітольда Ашурка і ўсіх закатаваных і бязвінна забітых ў Беларусі.
Саюз беларускіх пісьменнікаў знаёміць з ініцыятывай Цімоха Акудовіча — “Дзяды па свеце”. На інтэрактыўнай мапе пазначаныя дакладныя месцы пахавання беларусаў па ўсім свеце, а таксама даецца кароткая інфармацыя пра іх асобы.
Зборнік эсэ «SloMo» Максіма Жбанкова з’явіўся ў аўдыёфармаце на кніжным сервісе MyBook.
4 лістапада адбылася анлайн-прэзентацыя рамана Элізы Ажэшка «Два полюсы». Па-беларуску ён выйшаў пад назвай «Дзікунка» ў выдавецтве «Галіяфы» .
Іван Трус, беларускі акцёр, які сышоў з Купалаўскага тэатра пасля падзей жніўня 2020 года, стаў пераможцам самай прэстыжнай тэатральнай прэміі Санкт-Пецярбурга «Залаты сафіт» у намінацыі «Лепшая мужчынская роля ў драматычным тэатры».
Відэасэрвіс VOKA выпусціў новую версію знакамітай казкі «Папялушка» ў беларускай агучцы.
Доктар Ой, беларускі мастак, стварыў ва Ўроцлаве мілы арт-аб’ект.
Беларускі брэнд адзення KANVA паказаў фальклорна-фемінную фатасэсію з элементамі традыцыйнага жаночага строю, у якой паўдзельнічалі Андрусь Такінданг, TheHm і Артур Матвеенка, беларускія музыкі.
Выйшла кніга “МОВА 404” пра дыскрымінацыю беларускамоўных у Беларусі ад Аліны Нагорнай, вядомай моўнай актывісткі.
На курсах Мова Нанова ў Вільні адбыўся занятак па беларускіх традыцыйных спевах.
Беларускі ПЭН і Юля Арцёмава, празаік, абмеркавалі яе раман “Я і ёсць рэвалюцыя”, гісторыю вымушанай эміграцыі і яе ўплыў на творчасць.
Выйшла кніга Ніны Занковіч “Талстой і фіялетавае крэсла” пра чытанне кніг дачкі беларускага эмігранта.
Гурт “Гарадскі вал” прысвяціў песню беларускім медыкам.
Пачаўся збор сродкаў на аўдыёальбом дзіцячых вершаў Андрэя Скурко, палітзняволенага аўтара газеты «Наша Ніва» і часопіса «Наша гісторыя», а таксама вандроўных нататак, казак, вершаў, сцэнароў коміксаў для дзіцячых выданняў, які камунікуе з турмы са сваім паўтарагадовым сынам праз вершы і малюнкі. Вершы займеюць гукавое суправаджэнне з дапамогай каманды Бэйбус і народных артыстаў Беларусі.
У мінскім выдавецтве «Данарыт» выйшаў каляндар-слоўнік на кожны дзень «Лёгкая мова» на 2022 год.
Выйшаў буктрэйлер да кнігі Сяргея Абламейкі “Каліноўскі і палітычнае нараджэнне Беларусі” з шорт-ліста прэміі Гедройця 2021.
У Варшаве 5 лістапада адбыўся канцэрт Warszaw Freedom оrchestra — першага беларускага аркестра ў польскай музычнай прасторы. Ён складаецца з прафесійных музыкаў, якія эмігравалі ў Польшчу ў розныя гады, а таксама з тых, хто пакінуў Беларусь па палітычных матывах.
Выйшла паштоўка, на якой адлюстравана невялікая частка калекцыі, прысвечаная Тадэвушу Касцюшку (1746-1817). Гэту калекцыю даўно збірае Ігар Федасенка з Івацэвіч.
Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ладзіць выставу «Stankiewičanka» да 130-годдзя з дня нараджэння Уладзіславы Луцэвіч, жонкі Янкі Купалы.
Маргарыта Ляўчук, Іван Кірчук і Сяргей Доўгушаў (праект TryNici) прэзентавалі кліп на купальскую песню “Царкоўка”.
З 5 па 15 лістапада на Радыё Свабода будуць з’яўляцца партрэты беларускіх літаратараў, якія працягваюць творчасць за кратамі. Першая асоба – Андрэй Аляксандраў, журналіст, медыяменеджар, паэт. А 15 лістапада, у міжнародны Дзень пісьменнікаў у зняволенні, Радыё Свабода і Беларускі ПЭН абвесцяць лаўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча.
5 лістапада медыя-праект Executed Poetry ад Free Belarus Center завяршыўся відэа Дзяніса Тарасенка з гурта «Разбітае Сэрца Пацана», на якім ён прачытаў верш Юлія Таўбіна.
Артур Басак, мастак-самавук, праграміст і UI інжынер, натхняецца беларускiм фальклорам ды народнай дэманалогіяй i стварае вобразы вядомых нячысцікаў з паданняў. Малюнкі можна пабачыць у Instagram.
У Беластоку адкрылася фотавыстава «У беларусаў ёсць голас», якую зладзіла беларуская дыяспара. На фотаздымках можна пабачыць, што беларусам горада ўдалося зрабіць за год для адстойвання сваёй грамадзянскай пазіцыі.
Галасы асобаў
Зміцер Вайцюшкевіч, музыка і спявак, расказаў радыё Рацыя, што з яго прозвішчам арганізаваць канцэрт у Беларусі зараз немагчыма:
«Культурнае жыццё зараз пад плінтусам. Нехта нешта робіць. Раней гэты былі нейкія інфармацыйныя каналы, праз якія можна было даведацца . Зараз гэта, як у старыя часы – з вуснаў у вусны перадаецца. Але як у гэтых абставінах можна забараніць пісаць вершы ці думаць. Ты ж усё роўна нейкім чынам рэфлексуеш на тое, што адбываецца».
Кацярына Андрэева, журналістка і пісьменніца, амаль увесь 28-ы год свайго жыцця правяла за кратамі. У яе дзень народзінаў 2 лістапада медыя ўспомнілі цытату з яе лістоў:
«Я не шкадую ні пра што з перажытага. Маё жыццялюбства не перабіць ніякімі турмамі».
Зміцер Бартосік, бард, пісьменнік і журналіст, расказаў пра свой шлях станаўлення:
«Як прыезджы, я аказаўся пазбаўлены комплексу, што беларуская мова — гэта мова калгасу. Наадварот, яшчэ не зусім разумеючы, не маючы магчымасці сфармуляваць гэтую думку, у глыбіні душы ўсведамляў, наколькі крута і цікава развіта беларуская мова, наколькі яна вобразная».
Артур Клінаў, літаратар, мастак і архітэктар, расказаў пра скрытае жыццё беларусаў i свой раман пра падзеі 2020 года «Локісаў»:
«Тое, што кожны беларус мае гэта падвойнае жыццё, гэта амаль навуковы факт. У той ці іншай ступені, гэта фактычна традыцыя гэтага народа, якая ідзе з той жа паралелі, што партызаны. Ведаеце, некалькі стагоддзяў народ мусіў выжываць у вельмі неспрыяльных умовах. І калі я пісаў «Локісаў», мне хацелася памацаць гэту тэму: падвойную ідэнтычнасць, чалавек з двайным патаемным жыццём, якім кожны з нас трошку ў большай ці меншай ступені з’яўляецца».
Арцём Шышкоў, беларус, якога называюць адным з лепшых скрыпачоў свету, даў інтэрв’ю пра сваё бачанне надзеі на перамены пасля таго, як пратэсты спалі, а ў краіне не спыняецца тэрор і зачысткі:
«Людзі выходзяць за мір, не хочуць ніякай крыві».
Марыя Бідуля ў лістах паведаміла Віктару Бабарыку, палітзняволенаму мецэнату, што многія мастакі адмовіліся ўдзельнічаць у выставах, бо арганізацыя выставаў — гэта дэманстрацыя, што ўсё добра, што ўсё, як раней, а гэта не так, і спытала, як ён успрымае, што выставы працягваюцца. На гэтым тыдні яна атрымала адказ ад 24 кастрычніка 2021:
«Калісьці мяне вучылі, што людзям патрэбны свежае паветра і пахвалы. І вось, калі знікае свежае паветра, то нельга пакідаць у якасці матывацыі пахвалу. Калі на выставы не бяруць твае працы з-за іх актуальнасці і праўды, то нельга выстаўляць “зручныя” творы за “пернікі” і ўзнагароды. Быць сумленным перад гледачамі — абавязак творчай асобы. Таму выстаўляцца трэба заўжды і ў любых умовах, але толькі з тым, што ляжыць на душы. Пачуццё віны за здраду свайму таленту праз страх — больш, чым за працяг жыцця, калі хтосьці пакутуе. “Я была тады з маім народам там, дзе мой народ, на няшчасце, быў”. Лепш не скажаш аб місіі творцаў. Таму купалаўцы закрылі тэатр, але не перасталі быць акцёрамі і рэжысёрамі. Нельга блытаць інстытуты і людзей. Працаваць у канкрэтным прадажным месцы нельга, але працаваць і тварыць трэба».
Мікола Дзядок, палітзняволены блогер і літаратар, затрыманы 11 лістапада 2020 года ў апошнім слове падзякаваў родным, сябрам, журналістам і праваабаронцам за іх працу і падтрымку.
«А ўсім, хто мае дачыненне да палітычных працэсаў у маёй краіне, я хачу сказаць: “Не майце ілюзій. Ніякія напісаныя вамі паперкі, ніякі тэрор не спыніць развіццё і прагрэс. Мы ўсё роўна пераможам!»
Аляксандр Чахоўскі, выканаўчы дырэктар Беларускай Рады Культуры, паразважаў пра паспяховых творцаў, якія “па-за палітыкаю”, і “артыстаў перамогі”:
«Артысты — цяжкая кавалерыя нашага супраціву. Мы бачым, як яны выраслі разам з пратэстам як творцы, бо быў запыт ад публікі на сваё. Варта паказваць усяму свету сапраўдную беларускую культуру, а не яе ‘прапагандысцкі’ твар».
Міжнародная салідарнасць
У Бельгіі ўсталявалі памятны знак Вітольду Ашурку, палітвязню, які памёр у шклоўскай калоніі.
У нямецкай інтэрнэт-краме Merch Piratin з’явіліся налепкі, майкі і значкі з сімволікай кампаніі #freeIrdorath. Сродкі, атрыманыя ад продажу гэтых тавараў, будуць скіраваныя на падтрымку зняволеных музыкаў з гурта Irdorath і іх сем’яў.
«Беларускі жаночы фонд», які падтрымлівае палітзняволеных жанчын у Беларусі, разам з Карыс Іў Найт, мастачкай з Шатландыі, запускае сумесны праект «Голас жанчын/ Мой крок да свабоды».
Юлія Цімафеева і Альгерд Бахарэвіч, беларускія пісьменікі, выступілі ў Амстэрдамскім унівэрсітэце. Імпрэзу на тэму “Мова, гісторыя, продкі і супраціў” літаратары адкрылі агляднай лекцыяй пра гісторыю беларускай мовы і літаратуры, чытаннем самых вядомых сваіх вершаў і ўрыўку з кнігі “Сабакаў Эўропы”. Юлія Цімафеева таксама выступіла са сваімі вершамі на пляцоўцы Paradiso Amsterdam.
Бразільцы даслалі паштоўкі палітзняволеным беларускам, сярод якіх Кася Будзько, палітзняволеная па “справе студэнтаў” студэнтка і мастачка.
У Швейцарыі прайшоў канцэрт Марыны Пінчуковай, арганісткі і дырыжоркі, студэнткі Акадэміі музыкі ў Базелі, і Арцёма Шышкова, скрыпача-віртуоза. На канцэрце збіраліся ахвяраванні на дапамогу праекту BYHome беларуска-швейцарскай асацыяцыі RAZAM.CH, які падтрымлівае сем’і, вымушаныя ўцячы ад палітычнага пераследу з Беларусі ў Польшчу, а таксама #MusicForBelarus — руху музыкаў па ўсім свеце ў падтрымку беларускіх палітвязняў.
Асацыяцыя беларусаў Парыжу (Communauté des Bélarusses à Paris) перадала ў штаб-кватэру ЮНЭСКА ліст ад беларусаў Францыі аб рэпрэсіях рэжыма Лукашэнкі супраць дзеячаў беларускай культуры. Мэта ліста — ціск на міжнародныя структуры да спынення супрацоўніцтва з рэжымам, які працягвае знішчаць беларускую культуру. Сярод падпісантаў — Святлана Алексіевіч, беларуская лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры.
Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння
Па стану на 7 лістапада ў Беларусі 834 чалавекі прызнаныя палітычнымі зняволенымі, іх колькасць па-ранейшаму працягвае павялічвацца. Гэта, безумоўна, сведчыць пра тое, што ціск і рэпрэсіі з боку ўладаў не толькі не спыняюцца, але і набіраюць моц.
Беларускі ПЭН-цэнтр як аб’яднанне літаратараў асабліва заклапочаны лёсам дзеячаў культуры, якія несправядліва апынуліся за кратамі. У лістападзе 5 чалавекі, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі.
Гэта Антон Шніп, музыка (1 лістапада); Кацярына Андрэева, журналістка, пісьменніца (2 лістапада); Віктар Бабарыка, мецэнат (9 лістапада); Ігар Ярмолаў, танцор (15 лістапада) і Максім Крук, сцэнограф (16 лістапада). Давайце павіншуем разам!
Адрасы для лістоў:
Антону Шніпу і Максіму Круку – СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2;
Кацярыне Андрэевай – ПК №4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3;
Віктару Бабарыку – ПК №1. 211440, г. Наваполацк, вул. Технічная, 8;
Ігару Ярмолаву – ПК №17. 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8;