Палітычны адукацыйны праект заснаваны на інтэрв’ю і сведчаннях прадстаўнікоў беларускай дыяспары, у тым ліку былых палітвязняў, выкананы ў жанры тэатралізаванага чытання з удзелам чатырох беларускіх акцёраў. У ролі самой сябе выступае беларуская паэтка Ганна Комар.
«Людзі прачнуліся» — частка працяглага праекта «Акцёры за правы чалавека» ice&fire, які прысвечаны палітычнаму крызісу 2020 года ў Беларусі, яго наступствам і таму, як гэтыя наступствы адчуваюцца сёння.
У супрацоўніцтве з Народным консульствам Беларусі ў Шатландыі, каманда проекта расказвае гісторыі людзей, чые жыцці ў Беларусі назаўсёды змяніліся ў 2020 годзе пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў, на якіх Аляксандр Лукашэнка падоўжыў сваё 27-гадовае кіраванне. Пасля выбараў сотні тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы, каб змагацца за справядлівасць і дэмакратыю. Гэта прывяло да самага масавага і жорсткага разгону за ўвесь час праўлення Лукашэнкі: тысячы мірных дэманстрантаў былі арыштаваныя і збітыя сілавікамі.
«У жніўні 2020 года пратэсты па ўсёй Беларусі прыцягнулі ўвагу свету, але цяпер позіркі скіраваныя на іншае. Тым не менш, беларусы працягваюць супраціўляцца і рызыкаваць сваёй свабодай і жыццём дзеля звяржэння рэжыму, каб можна было пабудаваць новую нацыю. Мы прапануем гледачам паслухаць гісторыі людзей, якія знаходзяцца ў цэнтры гэтай барацьбы, і спытаць сябе, што яны могуць зрабіць у знак салідарнасці з народам Беларусі», – мастацкая дырэктарка ice&fire Крысцін Бэкан.
«Сяргею Ціханоўскаму прысудзілі 18 гадоў зняволення. Аляксандру Івуліну — 2 гады. Марыі Калеснікавай — 11 гадоў. Відэаблогер. Спартыўны журналіст і футбаліст. Музыкантка. Не злачынцы, а грамадзяне УЛАСНАЙ краіны, якія прагнуць вызваліць яе ад болю, абсурднага самадзяржаўя і дыктатуры. Гэты боль, які адчувае кожны беларус – наш боль, і мы мусім падзяліцца ім з іншымі. Гэтая пастаноўка дапаможа нам расказаць нашу гісторыю. Гісторыю нашай барацьбы», – прадстаўніца народнага консульства Беларусі ў Шатландыі Ірына Маклін.
Ролі выконваюць:
- Ганна Комар (сама сябе)
- Міця Савелаў (Дзмітрый)
- Вікторыя Мілхэм (Галіна)
- Настасся Карабліна (Кіра)
Ганна Комар – паэтка, пісьменніца, перакладчыца і грамадская дзяячка з Беларусі, лаўрэатка прэмій. Цяпер яна жыве ў Вялікабрытаніі, дзе вучыцца на магістра ў галіне прыгожага пісьменства ў Вестмінстэрскім універсітэце. Яна з’яўляецца актыўным членам Англійскага ПЭНа, таксама і Беларускага ПЭНа, які быў афіцыйна зачынены беларускімі ўладамі ў жніўні 2021 года. Ганна Комар была абраная ганаровым членам Англійскага ПЭНа ў лістападзе 2021 года. Яе арыштавалі ў Беларусі падчас акцыі пратэсту пасля выбараў і зняволілі на 9 сутак.
Галіна Латыпава 20 гадоў жыве ў Аберыстуіцеі. Яна працуе ва ўніверсітэце Аберыстуіта малекулярным біёлагам па селекцыі раслін. Яна ніколі не думала пра палітыку ў Беларусі, пакуль не апынулася там у 2019 годзе і з-за пандэміі не змагла з’ехаць. Яна бачыла наступствы выбараў, у тым ліку для яе любімага пляменніка Сцяпана Латыпава, які быў арыштаваны за акцыю пратэсту і цяпер адбывае 8-гадовае зняволенне.
Дзмітрый Фурманаў уваходзіў у ініцыятыўную групу кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у 2020 годзе. Яго затрымалі падчас перадвыбарчага пікету ў Гродне 29 траўня 2020 года. Фурманава абвінавацілі па ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 2 чэрвеня 2021 года суддзя суда Кастрычніцкага раёна Гродна Вольга Бекушава асудзіла Дзмітрыя Фурманава на два гады калоніі агульнага рэжыму. Фурманава вызвалілі 21 кастрычніка 2021 года.
Кіра — былая палітзняволеная, гісторыя якой мала асвятлялася. Раней яна не расказвала пра гэта СМІ. Яе арыштавалі за валанцёрскую дзейнасць па падтрымцы сем’яў палітвязняў, пратрымалі 6 месяцаў у зняволенні, за гэты час яна нарадзіла ў карцары дзіця. Ніякай медыцынскай дапамогі ёй не аказвалі (нягледзячы на інваліднасць з-за захворвання нырак). Дзіця было неданошаным і мёртвым.
Акцёры Міця Савелаў і Настасся Карабліна нядаўна супрацоўнічалі з беларускім Свабодным тэатрам, адзіным тэатрам у Еўропе, забароненым урадам па палітычных матывах. Усе ўдзельнікі акцёрскага складу паходзяць з Беларусі.
Даведацца больш пра праект Ice & Fire можна на сайце https://iceandfire.co.uk/