• Навiны
  • Услед за Скарынам: як Строцаў друкуе беларускія кніжкі ўручную

Услед за Скарынам: як Строцаў друкуе беларускія кніжкі ўручную

Апошняе абнаўленне: 27 сакавіка 2024
Услед за Скарынам: як Строцаў друкуе беларускія кніжкі ўручную

Рэпартаж з незвычайнай імпрэзы

У адным з папулярных культурных цэнтраў нямецкай сталіцы пры ўдзеле беларускага філіяла Інстытута Гётэ ў выгнанні толькі што прайшла незвычайная імпрэза: паэт і выдавец Дзмітрый Строцаў паказаў публіцы, як ён друкуе зборнікі беларускіх паэтаў.

Выдавецтва «Hochroth Minsk» у Берліне адкрылася ў 2023 годзе.

Дзмітрый Строцаў

Пасля змушанай палітычнай эміграцыі я пачаў цікавіцца магчымасцямі аднаўлення сваёй выдавецкай дзейнасці ў Швецыі, Чэхіі і ў Нямеччыне… У апошняй і знайшоў выдавецкі саюз «Hochroth», які спецыялізуецца на паэтычных кніжках у вельмі зручным фармаце. Маёй мабільнай сітуацыі вельмі пасавала тое, што яны вырабляюцца фактычна ўручную. Шчыры дзякуй за спрыянне і дапамогу дырэктарцы галоўнага офіса Веры Курленінай!

Старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай падкрэсліла, што Дзмітрый Строцаў быў адным з першых, хто разумеў неабходнасць агульнай пляцоўкі для творцаў, раскіданых па розных краінах, для тых, хто застаецца ўнутры краіны – і хто выехаў. Пляцоўкі, якая дазволіла б заставацца на сувязі, абменьвацца думкамі, творчымі выказваннямі. Без гэтага мы рызыкуем не толькі занядбаць адно аднаго, згубіць сувязь між аўтарамі і чытачамі, але і страціць сэнс таго, што адбываецца на нашых вачах. І выдавецтва «Hochroth Minsk» стала менавіта такой пляцоўкай. То-бок ідзецца не проста пра літаратурны працэс, але і пра пошукі знітавання беларускай супольнасці, у тым ліку і праз такую ўнікальную кнігавыдавецкую практыку.

Па вялікім рахунку тут, у Берліне, Строцаў працягвае сёння справу, запачаткаваную некалі Скарынам у Празе – уручную выдае кнігі на беларускай мове.

Дзмітрый прадэманстраваў аўдыторыі ўсе этапы выдавецка-друкарскага працэсу. Дапамагалі яму ў гэтым дзве аўтаркі, чые творы неўзабаве пабачаць свет, – Таццяна Нядбай і Сабіна Брыло. Зборнік першай яшчэ ў працы, другой – ужо на фінішы: кніга выдадзена, цяпер дадрукоўваюцца чарговыя асобнікі.

Паехалі!

Крок першы.

Гэта – падрыхтоўка папяровага блока. Гудзе прынтар, выдавец акуратна складвае стандартныя лісткі з тэкстамі, каб разрэзаць іх напалам. Фармат А3 такім чынам механічна ператвараецца ў кніжны А4. Выканаць гэтую аперацыю Строцаў прапануе любому з прысутных. Добраахвотнік адразу знаходзіцца. Не без хвалявання прарабляе тую аперацыю адмысловым нажом-гільяцінаю.

Друкуючы новую кнігу, выдавец чытае вершы з раней выпушчаных зборнікаў, сплятаючы такім чынам працэс друку і паэзію.

Наступная аперацыя – злучэнне друкавана-тэкставых блокаў з загатоўкамі вокладак. Каб старонкі змацаваліся як належыць, важна ўставіць іх у хрыбток вельмі-вельмі акуратна. У апошнія загадзя закладзены адмысловы клей. Ён разаграваецца ў немудрагелістым кампактным апараціку, пакуль Строцаў шчыруе над падгонкаю старонак. Тэхналогія выбудавана так, што выдаўцу няма калі нудзіцца, чаму ён толькі рады.

Праходзіць колькі хвілін, зумер паведамляе: ёсць патрэбная тэмпература. Прамарудзіш або не зусім дакладна змесціш у вокладку згрупаваныя аркушы з тэкстамі – атрымаеш на выхадзе брак. Таму гэтую аперацыю Дзмітрый бярэ на сябе, не давяраючы добраахвотнікам з залы.

Пакуль ідзе фіксацыя будучай кнігі, выдавец запрашае Таццяну Нядбай пачытаць прысутным свае вершы.

Крокі трэці, чацверты, пяты…

Дзмітрый ізноў перамяжоўвае працэс друку з паэзіяй.

Цяпер застаецца шэраг тэхналагічных аперацый, сэнс якіх у тым, каб падрэзаць, падгабляваць, падчысціць ужо спрасаваныя блокі, давесці іх, як той казаў, да таварнага выгляду.

І тут ізноў на дапамогу выдаўцу прыходзяць госці.

Удала працуюць з рознымі – пераважна вострымі – прыладамі Сабіна Брыло, сын пісьменніка Сашы Філіпенкі Раман, іншыя наведвальнікі імпрэзы.

– Бачыце, усё вельмі проста, вы малойцы! – падбадзёрвае сваіх памочнікаў Дзмітрый Строцаў.

Ат, проста… Сюды просіцца яшчэ адно слова – унікальна. Унікальна проста! Але хіба так бывае?

На сябе выдавец бярэ хіба працу з камп’ютарам – спраўджвае розныя ўліковыя запісы, якія адмысловым штэмпелем фіксуюцца ў кожным з даведзеных да ладу кніжных асобнікаў, паведамляе ў агульнавыдавецкую базу дадзеных інфармацыю пра надрукаваныя за гэты час чатыры кнігі Сабіны.

Фінальная сцэна – аўтарка з любоўю бярэ свежавыдрукаваны асобнік і чытае свае вершы.

Кнігі, выдадзеныя ў «Hochroth Minsk», можна набыць, звязаўшыся наўпрост з выдаўцом або аўтарамі, а таксама, спадзяёмся, яны абавязкова з’явяцца ў стацыянарных кнігарнях Вільні, Варшавы і іншых гарадоў, дзе жыве беларуская дыяспара.