Творчыя магчымасці з блізкім дэдлайнам (красавік)

Апошняе абнаўленне: 26 красавіка 2024
Творчыя магчымасці з блізкім дэдлайнам (красавік)

1. Збор заявак на прэмію імя Наталлі Арсенневай

Распачаўся прыём заявак на паэтычную прэмію імя Наталлі Арсенневай за найлепшую кнігу паэзіі на беларускай мове. У гэтым годзе будуць уручаны ажно дзве ўзнагароды – за кнігі, выдадзеныя ў 2022 і 2023 гадах.

Падавайцеся на конкурс, калі вашая кніга адпавядае наступным крытэрыям:

— жанр – паэзія;

— кніга выдадзена ў 2022 ці 2023 годзе (калі кніга выдадзена ў 2021 годзе, але з нейкіх прычын не ўдзельнічала ў леташнім конкурсе, яна можа быць заяўлена на ўдзел сёлета);

— мова кнігі – беларуская;

— кніга мусіць быць выдадзена ўпершыню ў папяровым ці электронным выглядзе (выдадзенай упершыню лічыцца кніга, палова і больш зместу якой публікуецца ўпершыню).

Дэдлайн: 5 траўня.
Падаць заяўку.

2. OPEN CALL на ўдзел у рэзідэнцыі ў Аўстрыі

AIR-ARTIST IN RESIDENCE – рэзідэнцыя ў аўстрыйскім горадзе Крэмс-ан-дэр-Донаў цягам мінімум аднаго месяца для творцаў у галіне літаратуры, архітэктуры, выяўленчага мастацтва, лічбавага мастацтва і музыкі.

Арганізатары плануюць наладжваць кантакты паміж рэзідэнтамі і мясцовым творчым асяродкам, каб зрабіць свой унёсак у інтэрнацыяналізацыю мастацтва і спрыяць працэсу міждысцыплінарнага абмену.

Удзельнікам прапануюць:

— пражыванне;

— штомесячную стыпендыю 1300 еўра.

Дэдлайн: 30 красавіка.
Падаць заяўку.

3. Фонд Элізабэт Коставай запрашае пісьменніц да ўдзелу ў рэзідэнцыі

Рэзідэнцыя «Жанчыны ў гарах» у Радопах, Балгарыя, для жанчын, старэйшых за 18 гадоў, з Балгарыі і Еўропы, а таксама для ўцякачак з краін, дзе вядуцца ваенныя дзеянні. Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца жанчыны, якія пішуць мастацкую, публіцыстычную прозу, паэзію і драматургію на балгарскай і іншых мовах.

Калі: з 3 па 12 жніўня 2024 года.

Зацверджаным удзельніцам будзе прадастаўлена:

— пражыванне ў прыватным пакоі;

— харчаванне;

— усе транспартныя выдаткі;

— ментарскія сустрэчы;

— лёгкая праграма прагулак па гарах і наведванне прыродных славутасцяў;

— удзел у літаратурным чытанні;

— сацыяльныя стыпендыі для ўдзельнікаў з дадатковымі патрэбамі (могуць быць не прызначаныя).

Дэдлайн: 30 красавіка 2024 года.
Падаць заяўку.

4. Набор заявак на перакладчыцкую рэзідэнцыўную праграму Kraków Miasto Literatury UNESCO

Запрашаюць тых, хто перакладае з польскай мовы, і тых, хто перакладае на польскую з іншых моў. Патрабаванне: мець мінімум адну апублікаваную перакладзеную кнігу і працаваць проста цяпер над новым праектам. Працягласць рэзідэнцыі – адзін месяц у жніўні ці лістападзе 2024 года.

Абяцаюць:

— праезд;

— пражыванне;

— стыпендыю 2500 злотых брута.

Дэдлайн: 30 красавіка.
Падаць заяўку.

5. Набор на літаратурныя рэзідэнцыі ў Гданьску

Інстытут гарадской культуры (Instytut Kultury Miejskiej) абвяшчае набор на праграму літаратурных рэзідэнцый у Гданьску для аўтарак і аўтараў, перакладчыц і перакладчыкаў, а таксама даследчыц і даследчыкаў культуры з Польшчы, Беларусі і Украіны.

Арганізатары прапануюць:

— пражыванне;

— матэрыяльную і лагістычную падтрымку;

— стыпендыю да 4400 злотых брута.

Рэзідэнцыі могуць доўжыцца ад 2 да 6 тыдняў, пачнуцца ў канцы траўня і працягнуцца да канца 2024 года. Даты будуць узгадняцца непасрэдна з рэзідэнткамі і рэзідэнтамі, якія пройдуць адбор.

Дэдлайн: 5 траўня.
Падаць заяўку.

6. Тэатральная рэзідэнцыя для пачаткоўцаў, на якую могуць падавацца драматургі і сцэнарысты

Theatre in Palm – гэта шэраг рэзідэнцый, працягласцю 1-2 тыдні, якія адбудуцца ў 12 еўрапейскіх краінах. Плануецца  сумесная вытворчасць розных формаў: карціны, п’есы, сцэнары, перформансы, відэа, інсталяцыі і г.д. Тэмы: сацыяльнае ўздзеянне, усеагульная роўнасць і/ці экалагічная ўстойлівасць.

Арганізатары забяспечваюць:

— праезд;

— пражыванне;

— ганарар (яго велічыня будзе залежыць ад краіны, у якой пройдзе рэзідэнцыя).

Патрэбна быць рэзідэнтам ЕС. Заяўкі ад творцаў у выгнанні вітаюцца.

Дэдлайн: для кожнай краіны – свой, а да 30 красавіка можна паспець падацца на рэзідэнцыю ў Кіпры.
Падаць заяўку.