Фрагмэнты ўспамінаў дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода (1998-2023)
Сябра Беларускага ПЭНа, ляўрэат прэміяў імя Фрацішка Багушэвіча і Алеся Адамовіча Аляксандар Лукашук расказвае, як рабілася Свабода, што яна рабіла з аўдыторыяй, журналістамі і зь ім самім.
Кніга «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» выходзіць у выдавецтве «Вясна» ў гэтым месяцы. Плянуюцца прэзэнтацыі ў Варшаве, Вільні, Празе – сачыце за навінамі.
Беларускі ПЭН з нагоды выхаду кнігі публікуе зь яе два фрагмэнты. У першай часты Аляксандар Лукашук распавядае аб тым, як зьявілася «Бібліятэка Свабоды», а ў ёй — Сьвятлана Алексіевіч. Другая частка прысьвечаная Імёнам Свабоды і таму, як імёны беларускіх палітвязьняў загучалі з вуснаў былога прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша і былога прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла.
Джордж ці Барак
Пазваніў Джордж Буш і пытаецца: як справы?
Я ведаў, што пазвоніць, бо тэлефанаваў яго сакратар і папярэдзіў, што сорак другі прэзыдэнт ЗША неўзабаве будзе са мной гаварыць.
Я зачыніў дзьверы ў кабінэт, што ёсьць парушэньнем правілаў унутранага распарадку: правілы патрабуюць, каб дзьверы былі адчыненыя, ці мала што. Самлеў чалавек, ці наадварот, разгуляўся. Але я зачыніў дзьверы і стаў чакаць.
Але не чакаў, што Буш будзе пытацца, як я пачуваюся, і таму адказаў, як ёсьць: хвалююся.
— Што так? — пытаецца Буш.
Ну, думаю, пытаньнечка, ня цяміць чалавек, з кім я гавару.
— Вы ўвогуле разумееце, — пытаюся, — з кім я гавару?
— Не пераймайся, Аляксандар, галоўнае, не называй мяне Баракам, і ўсё будзе окей.
Буш званіў, каб прачытаць імёны палітвязьняў для нашай перадачы «Галасы салідарнасьці». У яго аказаўся неблагі фанэтычны слых і артыкуляцыя, і пасьля пары спробаў усё атрымалася, па-беларуску ён прагучаў цалкам зразумела.
А я магу ў CV запісаць, што вучыў беларускай прэзыдэнта ЗША.
Яшчэ б кой-каго ў Беларусі навучыць.
Што сказаў Фрэнсіс Фукуяма
Калі самы вядомы сучасны палітычны філёзаф сьвету міргне, на гэта зьвяртаюць увагу. Чалавек, які прыдумаў канец гісторыі, стаіць у адным шэрагу з Маркам Аўрэліем, Гэгелем, Ніцшэ. Ня мог не зьвярнуць увагу і я, калі пабачыў адзін ягоны твіт — тым больш, што ён быў пра мяне.
Дакладней, пра адзін мой тэкст, які восеньню 2021-га апублікаваў часопіс American Purpose, які выдае ў Вашынгтоне былы прэзыдэнт радыё Джэф Гедмін. Гаворка ішла пра адну перадачу Беларускай службы Радыё Свабода.
Тэкст быў прысьвечаны заснавальніку, першаму і адзінаму прэзыдэнту фонду, створанага Кангрэсам падчас адміністрацыі Рэйгана для падтрыманьня дэмакратыі ва ўсім сьвеце яшчэ ў 1988 годзе. Пасьля трох дзесяцігодзьдзяў Карл Гершман сыходзіў на пэнсію. Карл сябраваў з тысячамі людзей у сьвеце і дапамагаў ім: ад палітзэкаў да прэзыдэнтаў, у тым ліку беларускім апазыцыянэрам, праваабаронцам, журналістам. Некалькі разоў, рэкамэндуючы мяне сваім знаёмым, Гершман ужываў словы «мой сябар» — я, канечне, сабе такога не дазваляў.
Аднойчы ў траўні 2020-га, калі пандэміі не было відаць ні канца ні краю, я прачнуўся суботняй раніцай і паслаў яму допіс, ад якога трохі чырванею.
«Ужо даўно хацеў напісаць, каб у гэты цяжкі час проста сказаць, як высока я цаню тое, што вы і NED робіце, і падзякаваць за шматгадовую падтрымку і сяброўства. Насамрэч, праўду кажучы, я хацеў сказаць што вас вельмі моцна любяць, і я заўсёды гляджу на вас як на прыклад вышэйшага прызначэньня, адданасьці і аптымізму. Верагодна, пандэмія спрыяе сэнтымэнтальнасьці».
Час адсылкі быў пазначаны 07:22. Выскачыў допіс у адказ:
«Які цудоўны допіс. Вялікі дзякуй. Спадзяюся, у вас усё добра. Карл».
Час адсылкі адказу таксама быў пазначаны 07:22.
Я назваў свой артыкул «Бяссоньніца ў NED», бо было няясна, калі гэты чалавек увогуле сьпіць.
Рэдактары паправілі на «Сьвятло Карла Гершмана», што лепш.
Паколькі я напісаў артыкул адразу па-ангельску, дык тут прывяду цалкам, упершыню па-беларуску.
Сьвятло Гершмана
«У перадкалядны вечар 2010-га я стаяў у доўгай чарзе ў краме ў Празе, змучаны пасьля доўгага дня, яшчэ даўжэйшага тыдня і бясконцага году. Я толькі вярнуўся зь Менску, з прэзыдэнцкіх выбараў, якія скончыліся так, як яны заўсёды канчаюцца ў Беларусі: дэманстрацыі на вуліцах, разгон і зьбіцьцё тысячаў пратэстоўцаў, больш за сем соцень арыштаваных. У ноч выбараў я вёў жывы этэр з плошчы Незалежнасьці спачатку для Свабоды, потым для CNN. У нейкі момант я пабачыў, што вакол нікога няма, толькі два палкоўнікі і заліты крывёю сьнег.
Мая ангельская трохі зьбіла палкоўнікаў з панталыку, і пакуль яны вырашалі, што рабіць, я скончыў рэпартаж, і яны выштурхалі мяне ў падземны пераход.
Я вярнуўся ў Прагу. У той дзень мы займаліся навагодняй праграмай, шукалі, як зрабіць сьвяточную калядную перадачу. Але настрой быў не сьвяточны. Бітва была прайграная, а паразы не сьвяткуюць.
І тут, пакуль я стаяў, занурыўшыся ў свае думкі, у маруднай чарзе ў касу, мяне асяніла: халера зь ёй, гэтай традыцыяй сьвяточных праграмаў на Новы год. Выкінем падрыхтаванае, а замест прачытаем імёны ўсіх сямі соцень арыштаваных у выбарчую ноч. Можа, ад стомы, але мяне асяніла і другі раз запар: чаму мы самі мусім чытаць гэтыя імёны? Ці ня лепш папрасіць каго-небудзь — і тут, як у сьне, я пабачыў твар Карла Гершмана.
Так нарадзілася самая незвычайная радыёпраграма ў гісторыі вяшчаньня на Беларусь. Я, канечне, не падазраваў, што ў наступныя некалькі дзён Карл прымусіць нас працаваць як ніколі раней. Праўда, сам ён працаваў яшчэ больш.
Больш за сто мэйлаў
Упершыню я сустрэўся з Карлам у Празе на Форуме-2000 — гэты магічны ліхтар, які прыцягвае самыя яркія галовы дэмакратыі, запаліў Вацлаў Гавэл, і ён робіць сьвет сьвятлейшым і цяпер, праз гады пасьля свайго сыходу. У той год гасьцямі Форуму былі кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі, і мне пазванілі з сакратарыяту Форуму і сказалі, што Гавэл хацеў бы даць інтэрвію Свабодзе, пагаварыць пра Беларусь. Гавэл высьлізнуў з прэзыдыюму, як ён гэта любіў рабіць, мы селі ў куце за мармуровай калёнай палацу Жофін, я ўключыў дыктафон. Калі інтэрвію было запісанае, я застаўся, каб паслухаць дыскусію. Выступаў Карл.
Хоць мы не былі знаёмыя, я ведаў, што Карл даўні сябар РСЭ/РС. Ён падтрымліваў нашу місію і калі бываў у Празе, заходзіў на радыё. Аднойчы наш тагачасны прэзыдэнт Джэф Гедмін папрасіў мяне арганізаваць для Карла вячэру зь некалькімі калегамі. Я пазваніў знаёмаму ў Нацыянальны фонд дэмакратыі спытацца парады. Шукаць кашэрны рэстаран? Вэгетарыянскі? Рыбны? Знаёмы засьмяяўся. Карла цікавіць добрая размова і людзі, а не віно ці дэсэрт (ён памыліўся наконт дэсэрту).
Калі прыйшла навіна, што Карл сыходзіць на адпачынак, я адкрыў электронную пошту, каб палічыць, колькі ж допісаў мы паслалі адзін аднаму пасьля той вячэры. Калі пераваліла за сотню, я спыніўся. Але адзін дзень стаяў асобна. 29 сьнежня 2010 году Карл пісаў мне шаснаццаць разоў.
Галоўнае пачаць
Працэдура выглядала проста: мы тэлефануем вядомай асобе, чытаем імёны дзесяці вязьняў, наш чытач паўтарае, і мы запісваем. Затым трохі рэдагаваньня, і запіс гатовы да этэру.
Але як, якім чынам дазваніцца да амэрыканскага сэнатара, францускага філёзафа, польскага міністра замежных справаў, былога прэм’ер-міністра Канады, прынца эўрапейскай краіны? Яны жывуць у розных часавых зонах, на дварэ Каляды?.. Адказ знайшоўся, і ён быў просты: у нас быў Карл.
Гершман званіў, пісаў, гіпнатызаваў і выкарыстоўваў усе магічныя сілы, дазволеныя статутам NED. Міністры і дысыдэнты, сьвятары і музыканты, кангрэсмэны адказвалі. Кандаліза Райс, Алена Бонэр, Джо Лібэрман, Сяргей Кавалёў, Фрэнсіс Фукуяма…
Першы мэйл ад Карла, які я атрымаў у той дзень, быў з дадаткам — тэкстам ягонага артыкулу для The Washington Post. Ён даў загаловак «Рэпрэсіі ў сьвяты», пра дыктатараў, якія праяўлялі павышаную актыўнасьць, пакуль сьвет адзначаў Раство. Але ў Карла выходных не было. Артыкул надрукавалі на другі дзень пад загалоўкам «Няма адпачынку ад тыранаў». Тыраны таксама ня мелі адпачынку ад Карла.
На працягу дня Карл пасылаў мне прапановы. У адным зь ягоных мэйлаў я пабачыў кароткае апісаньне, адрасы электроннай пошты чатырох дзясяткаў людзей, ад прэм’ер-міністра Малайзіі да дысыдэнтаў з Кубы, ад праваабаронцы з Конга да нобэлеўскай ляўрэаткі з Ірану, за Далай-ламам ішло імя біёграфа папы Яна Паўла ІІ.
Запусьцім, і пабачым, што прыляціць, пісаў Карл.
Што значыць «Ісус»
«Кан-дыда-тыў-прэзы-дэнты-бела-русі» — Джордж Буш паўтараў за мной імёны кандыдатаў у прэзыдэнты, якія сустракалі новы год за кратамі. Голас былога амэрыканскага прэзыдэнта адкрываў чытанку. Завяршаў яе Вацлаў Гавэл, якога я папрасіў агучыць апошнія прозьвішчы вязьняў, якія пачыналіся на «Я». Абодва прэзыдэнты былі здольныя вучні, і я быў задаволены іхным вымаўленьнем.
Праграма «Галасы салідарнасьці» гучала ўсю навагоднюю ноч, паўтаралася зноў і зноў, кароткія хвалі ляцелі вакол зямлі і траплялі ў турмы і палацы, у вушы і сэрцы. Іх чулі зьняволеныя (некаторыя мелі прымачы), іх чулі родныя, сябры, калегі, суседзі. Водгук слухачоў быў надзвычайны. Праграма давала самы дзіўны падарунак, які людзі могуць дарыць адно аднаму праз адлегласьць — надзею.
З Гаўлам я дамовіўся адразу. А вось імя Джорджа Буша ўзьнікла ў другой палове дня 29 сьнежня. Калі Буш быў прэзыдэнтам, ён прымаў у Белым доме беларускіх дысыдэнтаў. Я напісаў Карлу пра Буша на ўсякі выпадак, для паўнаты карціны, без спадзяваньня. Але з Карлам выпадковасьцяў не бывае.
Празь некалькі гадзінаў ён пераслаў мне мэйл ад Кандалізы Райс, былой дзяржсакратаркі ЗША: «Прэзыдэнт Буш пагадзіўся. Ягоны кіраўнік канцылярыі Майк Міс з вамі зьвяжацца».
Карл дадаў толькі адно слова: «Бінга» (так у Амэрыцы кажуць пры выйгрышы ў лятарэю).
Я ахнуў і зрэагаваў таксама адным словам: «Jesus», як бы па-беларуску ўсклікнуў: «Божа».
Карл прыслаў пытаньне: «Што значыць “Jesus?”»
Гадзіньнік паказваў пару хвілінаў перад поўначчу, калі я паслаў адзіна магчымае тлумачэньне: «Той, хто робіць цуды».
Сьвятло і цень
«Карл» — мужчынскае імя нямецкага паходжаньня і азначае «свабодны чалавек», так кажа Google. Карл неяк пісаў мне, што сям’я ягонай маці эмігравала ў Амэрыку зь Менску, «але я ня пэўны наконт дэталяў». Аднак ягонае паходжаньне цалкам пэўнае. Ён грамадзянін краіны свабоды, гэтай самай цудоўнай і крохкай краіны ў сьвеце. І самай шчасьлівай.
Неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ЗША 2016 году я быў на вакацыях у Флярэнцыі і паслаў адтуль Карлу цытату з кніжкі аднаго мясцовага аўтара. Кніга называлася «Прынц», разьдзел 18 меў загаловак «Наколькі прынц абмежаваны сваімі абяцаньнямі». (Пасьля выбарчай кампаніі Трампа гэтае пытаньне Мак’явэлі выглядала актуальным.)
Карл адказаў: «Можна ставіць як рэдакцыйны артыкул у The New York Times ці The Wall Street Journal. Нікалё быў бы ня супраць».
Супраць былі турэмныя цэнзары ў Беларусі, калі мы паспрабавалі пераслаць кнігу з прадмовай Гершмана яе герою, сусьветна вядомаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, сябру Карла, які адбываў 5-гадовы тэрмін. Тады мы перапісалі прадмову Карла ад рукі і паслалі як прыватны ліст. Карл падтрымліваў кандыдатуру Бяляцкага на Нобэлеўскую прэмію міру; мы паслалі яму копію «ягонага» ліста Алесю, той быў глыбока крануты.
Неўзабаве пасьля атрыманьня Нобэлеўскай прэміі іншая грамадзянка Беларусі, Сьвятлана Алексіевіч, на запросіны Карла адведала Вашынгтон і NED. Візыт меў наступствы — NED падтрымаў выданьне дзьвюх кніг Алексіевіч у «Бібліятэцы Свабоды», дапамог запуску Інтэлектуальнага клюбу ў Менску. Для Карла ня стаў нечаканасьцю ўдзел Сьвятланы ў радзе беларускай апазыцыі пасьля выбараў 2020 году, яе падтрымка, маральная і матэрыяльная, дэмакратычнага руху і абарона дэмакратычных каштоўнасьцяў.
Гэтыя каштоўнасьці патрабуюць абароны.
Праз год пасьля «Галасоў салідарнасьці» я папрасіў Вацлава Гаўла напісаць навагоднія віншаваньні палітычным зьняволеным у Беларусі. Ягоны сакратар прыслаў мне тэкст і выбачаўся, што здароўе не дазваляе зрабіць запіс для радыё. Гавэл памёр у сьне праз тры дні; гэты ліст, напісаны на маю просьбу, стаў апошнім лістом у ягоным жыцьці.
Некалькі гадоў пасьля таго я пабачыўся з Карлам на міжнароднай канфэрэнцыі ў Празе, арганізаванай Міністэрствам замежных справаў Чэхіі. Я ня памятаю дакладна году, але памятаю дзень — гэта было 18 сьнежня, дзень сьмерці Гаўла. Тэмай канфэрэнцыі былі новыя выклікі міжнароднай палітыкі, міграцыя, шматвэктарнасьць, эканамічныя прыярытэты. Карлу далі слова ў канцы дня, калі за высокімі палацавымі вокнамі згушчалася цемра. Ён быў першы, хто ў гэты дзень згадаў імя Вацлава Гаўла, адзіны, хто гаварыў пра ягонае бачаньне сьвету.
У Карла знайшлося даволі мяккае тлумачэньне гэтаму замоўчваньню спадчыны першага прэзыдэнта: новая каманда, верагодна, хоча заявіць пра сябе, выйсьці зь ценю Гаўла.
Але такія людзі, як Гавэл, ня кідаюць ценю. Яны выпраменьваюць сьвятло. Як і Карл».
***
Фрэнсіс Фукуяма далучыў спасылку на гэты артыкул і паслаў сваім падпісчыкам у Twitter з адным словам: «Beautiful».
Пра Карла, канечне.
Імёны салідарнасьці
Імёны даюцца, каб іх называць. І мы пачалі называць а шостай вечара ў навагоднюю пятніцу.
У тую ноч беларусамі сталі яшчэ 39 чалавек з трынаццаці краінаў:
Джордж Буш, былы прэзыдэнт ЗША, які адкрываў чытаньне імёнамі кандыдатаў у прэзыдэнты, і Вацлаў Гавэл, былы прэзыдэнт Чэхіі, які завяршаў сьпіс імёнамі вязьняў.
Лешэк Бальцэровіч, былы прэм’ер-міністар, Польшча;
Алена Бонэр, дысыдэнтка, удава Андрэя Сахарава, Расея;
Уладзімір Букоўскі, дысыдэнт, Вялікабрытанія;
Дзьмітры Быкаў, пісьменьнік, Расея;
Гаўaрд Бэрман, кангрэсмэн, ЗША;
Кен Волак, прэзыдэнт Нацыянальнага дэмакратычнага інстытуту, ЗША;
Леанідас Донскіс, дэпутат Эўрапарлямэнту, Літва;
Іван Драч, пісьменьнік, першы кіраўнік Народнага руху Ўкраіны;
Іван Дзюба, былы палітвязень, пісьменьнік, Украіна;
Міленка Ергавіч, пісьменьнік, Харватыя;
Віктар Ерафееў, пісьменьнік, Расея;
Джэф Гедмін, прэзыдэнт РСЭ/РС, ЗША;
Аляксей Герман, кінарэжысэр, Расея;
Карл Гершман, прэзыдэнт Нацыянальнага фонду дэма-кратыі, ЗША;
Андрэ Глюксман, філёзаф, Францыя;
Атар Іясэліяні, кінарэжысэр; Францыя;
Томаш Iрса, сэнатар, Чэхія;
Сяргей Кавалёў, праваабаронца, Расея;
Дэйвід Крэймэр, прэзыдэнт Freedom House, ЗША;
Лорн Крэйнэр, прэзыдэнт Міжнароднага рэспубліканскага інстытуту, ЗША;
Кім Кэмпбэл, былая прэм’ер-міністарка, Канада;
Джо Лібэрман, сэнатар, ЗША;
Дэніс Мэлгаўпт, сябра Камітэту кіраўнікоў замежнага вяшчаньня, ЗША;
Хрыстас Пургурыдыс, дэпутат Эўрапарлямэнту, Кіпр;
Кандаліза Райс, былая дзяржсакратарка, ЗША;
Рэйн Раўд, рэктар Талінскага ўнівэрсытэту, Эстонія;
Ілеана Рос-Лэтынэн, старшыня Камітэту замежных справаў Кангрэсу, ЗША;
Радослаў Сікорскі, міністар замежных справаў, Польшча;
Крыстафэр Сьміт, кангрэсмэн, ЗША;
Барыс Стругацкі, пісьменьнік, Расея;
Дэйвід Сўорц, першы пасол ЗША ў Беларусі, ЗША;
Яўген Сьвярсьцюк, прэзыдэнт ПЭН-клюбу, Украіна;
Рычард Трамка, прэзыдэнт прафсаюзнай асацыяцыі AFL-CIO, ЗША;
Карэл Шварцэнбэрг, міністар замежных справаў, Чэхія;
Тыльман Шпэнглер, гісторык, Нямеччына.
Фрэнсіс Фукуяма, філёзаф, ЗША;
Сяргей Юрскі, актор, Расея;
«Люблю мой край, старонку гэту…» Так, як звычайна, адкрыўся самы незвычайны этэр Свабоды на кароткіх хвалях у апошнюю пятніцу таго году. Але так, як тады, Беларусь у сьвеце яшчэ не любілі, не ганарыліся, не падтрымлівалі ніколі.
∗∗∗
Чытайце першы фрагмэнт з кнігі Аляксандра Лукашука па спасылцы.