Журы паэтычнай прэміі Наталлі Арсенневай вызначылася з кароткімі спісамі за 2022 і 2023 гады! Гэта апошні крок перад тым, як мы даведаемся пра назвы найлепшых паэтычных кніг за два апошнія сезоны.
У кароткі спіс прэміі за 2023 год увайшлі кнігі:
- Валянціна Аксак, «Уцёкі з Палесся» (фонд «Kamunikat.org»)
- Марыя Бадзей, «Мёд і дым» (выдавецтва «Пфляўмбаўм»)
- Ганна Шакель, «Цела мігдалу» (выдавецкая ініцыятыва «Вільма»)
Пераможцаў назавуць на цырымоніі ўзнагароджання, якая адбудзецца 20 верасня, у дзень нараджэння патронкі прэміі Наталлі Арсенневай. Імпрэза пройдзе ў Варшаве, на пляцоўцы партнёра цырымоніі – Моладзевага хаба.
Сёлета ў складзе журы – вядомыя імёны літаратурнага свету. Эксперты і эксперткі, якія будуць вызначаць пераможцаў за два гады:
- Дар’я Бялькевіч – паэтка, перакладчыца песень. Яе першы паэтычны зборнік вершаў «Слёзы на вецер» стаў найлепшай паэтычнай кнігай 2021 года паводле версіі беларускага «Радыё Свабода» і атрымаў прэмію Наталлі Арсенневай за 2021 год.
- Міраслава Лукша – журналістка, пісьменніца і перакладчыца, аўтарка кніг паэзіі і прозы.
- Аляксандр Распапоў – славіст, літаратуразнаўца, перакладчык, доктар гуманітарных навук, дацэнт Інстытута ўсходнеславянскай філалогіі ва Універсітэце імя Адама Міцкевіча. Сябра Славістычнай камісіі Польскай акадэміі навук і Еўрапейскага філалагічнага таварыства.
- Андрэй Хадановіч – паэт, перакладчык, літаратуразнаўца, пераможца прэміі імя Наталлі Арсенневай за 2019 год.
Паэтычная прэмія была заснаваная ў гонар Наталлі Арсенневай, выдатнай паэткі і зоркі літаратуры Заходняе Беларусі, аўтаркі знакавага верша «Малітва» («Магутны Божа»), якая працягвала сваю дзейнасць на эміграцыі, уносячы неацэнны ўклад у захаванне і развіццё беларускай культуры і літаратуры. Арганізацыяй прэміі займаюцца Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, якія выступаюць за падтрымку і развіццё беларускай літаратурнай традыцыі.