Пачаліся заняткі ў Перакладчыцкай майстэрні!
Андрэй Хадановіч, паэт, перакладчык і кіраўнік майстэрні, будзе запісваць відэа-справаздачы пасля кожнай сустрэчы. Мы будзем збіраць усе «нататкі» на нашым сайце, каб вам было прасцей арыентавацца.
Выпуск 1: удалыя і няўдалыя творчыя спробы, пераклад французскай паэзіі з дапамогай музыкі і пошук адпаведнай лексікі для сучаснай польскай паэзіі.
Выпуск 2: Андрэй Хадановіч шукае межы дазволенага ў перакладзе і калі ўжо пад «перакладам» варта ставіць уласнае імя, а таксама разам з запрошаным госцем перакладчыкам Сяргеем Шупам разбірае пераклады з чэшскай мовы на беларускую.
Выпуск 3: Андрэй Хадановіч разам з гасцямі Майстэрні пісьменнікам Альгердам Бахарэвічам і перакладчыкам Томасам Вайлерам распавядаюць пра складанасці перакладу рамана «Сабакі Эўропы» на нямецкую мову, разбіраюцца, як перадаваць у перакладах «няправільную» мову мігрантаў, і шукаюць адпаведнікі нямецкім поп-хітам у беларускай эстрадзе.
Выпуск 4: пераклады набелісткі Вольгі Такарчук, «фальшывыя сябры» перакладчыка, якія расстаўляюць свае пасткі ў тэкстах, а асабліва шмат іх у блізкіх нам мовах, слоўнік польска-беларускіх «фальшывых сяброў» ад Марыны Шоды і расповяд пра бязлітасны рынак беларускіх перакладаў ад Андрэя Янушкевіча.
Выпуск 5: беларускія пераклады і арыгіналы Магабгараты, стараангельскай паэзіі і «Валадара Пярсцёнкаў» Толкіна, а таксама сучасная англамоўная проза і яе асаблівасці перадачы на беларускую мову.
Выпуск 6: асаблівасцях беларуска-гішпанскіх і гішпана-беларускіх перакладаў, квіз ад Анхелы Эспіносы Руіс, як пазбягаць лішніх рыфмаў там, дзе іх няма, і знаходзіць іх там, дзе яны мусяць быць.
Выпуск 7: Ганна Янкута і асаблівасці перакладу рамана Джэйн Остэн «Пыха і перадузятасць», ёркшырскі акцэнт у беларускім тэксце і як перадаць шматсэнсоўнасць у перакладах сучаснай новазеландскай паэзіі.
Выпуск 8: Французская літаратура па-беларуску, аўтарская іронія ў перакладзе і дзе шукаць трапныя выслоўі для розных маўленчых стыляў.
Выпуск 9: пераклады песень, антычнай рымскай і старажытнагрэцкай паэзіі.
Калі ў вас не атрымалася трапіць гэтым разам на Перакладчыцкую майстэрню, сачыце за навінамі – мы прыкладзём усе намаганні, каб адбыліся новыя заняткі і кожны ды кожная атрымалі ўрэшце магчымасць да іх далучыцца.
Больш пра Перакладчыцкую майстэрню вы можаце даведацца па спасылцы.