Навінка прэстыжнай літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча: паколькі рэпрэсіі, эміграцыя і вайна раскідалі творцаў па розных кутках Еўропы, то з улікам асабістых абставін лаўрэатаў і лагістыкі прозвішчы дваіх пераможцаў будуць названыя ў двух розных гарадах. Адно – у праграме берлінскага, другое – наступнага, познаньскага фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Ну што ж, больш інтрыгі! А пакуль – нямецкая сталіца.
Якія слаўныя імёны! А іх кнігі?!
Прэмія імя Алеся Адамовіча, мэта якой – ушанаванне памяці выбітнага беларуса і вызначэнне найлепшага публіцыстычнага твора года, заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам і масмедыя. Якраз праз год пасля смерці пісьменніка, грамадскага дзеяча. Старшынём журы прэміі першапачаткова быў Васіль Быкаў.
З 2018 года прэмія падтрымліваецца нашай набеліяткай Святланай Алексіевіч.
3 верасня 1995 года першымі лаўрэатамі сталі адразу шасцёра! Далей журы было ўжо не такім шчодрым: з даступнай на старонцы прэміі інфармацыі вынікае, што ў 2021 лаўры дасталіся траім, а яшчэ пяць разоў перамагалі двое. У тым ліку і летась.
Сярод сарака ўганараваных у розныя гады асоб – літаратары Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Дзмітрый Строцаў; інтэлектуалы, лідары думак Вольга Шпарага, Валянцін Акудовіч, Сяргей Дубавец, Сяргей Шупа; журналісты Павел Шарамет, Віталь Тарас, Аляксандр Тамковіч, Анатоль Казловіч, Аляксандр Лукашук, Віталь Цыганкоў…
Асабліва хочацца вылучыць трох майстроў слова, чыя творчасць была высока ацэнена журы і каго ўлады Беларусі ўтрымліваюць цяпер за кратамі са страху перад іх гучнымі грамадзянскімі галасамі: гэта палітвязні Алесь Бяляцкі, Павел Севярынец і Максім Знак.
Ягоная галоўная асаблівасць – бясстрашнасць. Слова, думкі, жыцця
Але вернемся да адной з мэтаў прэміі – ушанавання асобы, імя якой яна носіць. Вельмі пасуе тут звярнуцца да згадак жыццяпісца беларускіх літаратурных геніяў Сяргея Шапрана. Сярод іншага і таму, што ён – таксама лаўрэат, за кніжку пра творчасць Васіля Быкава, з ініцыятывы якога і паўстала некалі прэмія.
Не так шмат у гісторыі выпадкаў яркай шматгадовай дружбы паміж літаратарамі-глыбамі. На такім фоне ўражвае апублікаванае Сяргеем ліставанне двух нашых геніяў – столькі ў тых радках шчырага, чалавечага… Не станем згадваць пра агульнавядомыя, класічныя творы Адамовіча. Згадаем колькі радкоў-эмоцый і фактаў, пра якія большасць нічога не ведае.
Вось што, напрыклад, піша Васіль Быкаў:
«Пасля чытання тваіх старонак мне мае ўласныя здаюцца насценгазетай… Не смей і думаць нават, што табе чагосьці не хапае – у цябе ўдосталь усяго. Ты – сумленны глыбокі мысляр, ты – выдатны мастак. МАСТАК, ты чуеш гэта? Хіба гэтага мала для аднаго чалавека ў наша бяздумнае меркантыльнае стагоддзе? І ўсім гэтым адзначаны ўсе твае творы – павер, з боку гэта выдатна відаць. Няхай яны, м. б., не ў традыцыях беларускай прозы, ну і што ж? Затое цалкам у традыцыях сучаснай сусветнай прозы, і на еўрапейскім узроўні».
А вось прызнанне Алеся Адамовіча:
«Апошнім часам у нас з Быкавым адносіны дабраты, нават ласкі адзін да аднаго такія, што думаеш: абодва пастарэлі і пачалі цаніць галоўнае і адкідваць усё, што замінала бачыць, што нас вельмі мала, так неабходных адзін аднаму».
Невыпадкова менавіта Адамовічу Быкаў упершыню ў 1985-м ва ўсіх падрабязнасцях распавёў пад дыктафон пра свой пакручасты лёс. Апублікаваная праз шэсць гадоў гутарка неўзабаве падштурхнула апошняга да напісання славутай «Доўгай дарогі дадому».
Расійскі крытык Лазар Лазараў успаміны пра Адамовіча назваў «Без страху і папроку»: «Усмешка – часам іранічная, а значна часцей сарамлівая, дзявочы румянец на шчоках, ветлівасць і далікатнасць – на тых, хто ўпершыню сутыкаўся з ім, Адамовіч рабіў уражанне чалавека мяккага, памяркоўнага. Такім ён і быў. Але я не ведаў чалавека больш цвёрдага і няўступчывага ў прынцыповых пытаннях. І больш бясстрашнага. Мне здаецца, бясстрашнасць наогул была галоўнай уласцівасцю ягонай асобы».
Калі ў Маскве да 70-годдзя Твардоўскага рыхтаваўся вечар памяці, удава, спадарыня Марыя, пажадала, каб даклад зрабіў Алесь Адамовіч, а не Міхаіл Дудзін, як вырашыла пісьменніцкае начальства. «Ён добры паэт, – сказала яна. – Але яму ўсё адно, на якім вечары выступаць. Пра каго заўгодна…»
А вось Адамовіч, як і яго пажыццёвыя сябры-пісьменнікі, быў чалавекам іншага складу – салдатам. Не – ваяром праўды.
Па той бок пакут: пабачыць і не памерці
А цяпер – чарга новых лаўрэатаў. Праўдзівасці і таленту заўсёды ставала ўсім аўтарам і кніжкам, намінаваным на прэмію Алеся Адамовіча – як жа інакш?
Не стала выключэннем і сённяшняя дзея. Як не выпадкова і тое, што абедзве лаўрэаткі (даруйце, што прыадчыняем тайну другога прозвішча) звярнуліся ў сваіх творах да тэмы рэпрэсій і вайны. Пішуць пра адно – надзённае, моцы якому дадае іх уласны, рэальны, а не мастацкі досвед, аднак тая аўтабіяграфічнасць у кожнай – свая. Яднае іх хіба кранальная шчырасць.
Гонар назваць імя пераможцы ў Берліне дастаўся Святлане Алексіевіч. Фармулёўка журы наступная:
«За перапрацоўку асабістых і сацыяльна-палітычных траўм, за шматлікасць досведу і змяшчэнне Беларусі ў розныя кантэксты прэміяй імя Алеся Адамовіча ганаруецца аўтарка кнігі “Я танцую” Віка Біран».
У Вікі Біран – свой неардынарны, кідкі стыль. Дынаміка, рэзкасць, кантраснасць бытапісання, якой вельмі пасуе сучасны слэнг маладой аўтаркі і нават «тая яшчэ» лексіка.
Віка Біран, «Я танцую»:
«З аднаго боку, беларускі кантэкст – гэта тое, на чым пабудаваная значная частка маёй ідэнтычнасці. Гэта тое, што я разумею, за чым сачу, дзе працягваю ментальна знаходзіцца. Гэта практыка, а не тэорыя салідарнасці, таму што людзі працягваюць сядзець у турмах, губляць працы, бегчы спехам па лясах, і на іх месцы лёгка магла б апынуцца я, калі б была крыху менш удачлівай. І наўрад ці мне было б прыемна сядзець у турме і не атрымліваць лістоў, таму што людзі знадворку жывуць, выбачайце, сваё клёвае берлінскае жыццё і разбіраюцца з падаткамі, рамантычнымі адносінамі і ўніверскімі курсамі».
Там, дзе выхаваная гадамі самарэдагавання дысцыпліна абавязкова б прыпыніла сталага літаратара, Віку, наадварот, нясе. Яна не стрымлівае ўласнай эмацыйнасці – і ты пачынаеш паступова захапляцца гэтым, прымаеш перажыванні гераіні як свае ўласныя.
«Мне не выціснуць гэтай “беларускасці” з сябе нават у мульці-кульці Берліне. Дый не хочацца мне яе выціскаць. Яна, вядома, не ёсць мой галоўны гонар, але яна і не прышч. І зразумела, што гэта не пра краіну, але пра набор нейкіх пазнавальных досведаў. Я не прасіла беларускага пашпарта пры нараджэнні, дакладна гэтак жа, як і не абірала колер сваёй скуры, ці мову, на якой гавораць мае бацькі. Гэта ўсё латарэя, выпадковы набор акалічнасцяў, з якімі можна па рознаму абыходзіцца, але хацелася б абыходзіцца так, каб не было сорамна за свае выбары».
А на завяршэнне – перспектыўная дэталь з гістарычнага агляду: прэмія Алеся Адамовіча папярэднічае прэміі імя Ежы Гедройця за найлепшую кнігу беларускай прозы.
Дык вось, у 2016-м Зміцер Бартосік, а ў 2023-м Ганна Кандрацюк рабіліся, так бы мовіць, двайнымі пераможцамі.
Праз восем гадоў мы зноў бачым у доўгім гедройцеўскім лісце старога знаёмага Змітра Бартосіка і дзвюх сёлетніх адамовіцкіх лаўрэатак.
Зычым новага поспеху і чакаем развязкі!