• Навiны
  • Творчая дзейнасць
  • «Чым бліжэй да неба дрэву, тым цяжэй залезці»: перакладаем з Кацярынай Маціеўскай | Нататнік майстэрні

«Чым бліжэй да неба дрэву, тым цяжэй залезці»: перакладаем з Кацярынай Маціеўскай | Нататнік майстэрні

Апошняе абнаўленне: 1 ліпеня 2025
«Чым бліжэй да неба дрэву, тым цяжэй залезці»: перакладаем з Кацярынай Маціеўскай | Нататнік майстэрні

Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч складае нататнік заняткаў.
Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.

На апошняй сустрэчы Перакладчыцкай Майстэрні абмяркоўваліся прыгодніцкія сагі, у большай ці меншай ступені вытрыманыя ў жанры фэнтэзі. Удзельнікі прадставілі свае спробы перакладу сусветна знакамітых «Галодных гульняў» (The Hunger Games, 2008), а дакладней, пачатку першага рамана антыўтапічнай трылогіі С’юзан Колінз (Suzanne Collins). Версій перакладу было адразу тры, так што калегі мелі што параўноўваць.

Запрошанай госцяй-эксперткай выступіла вядомая перакладчыца паэзіі і прозы Кацярына Маціеўская, у якой зусім нядаўна, на радасць беларускім чытачам, выйшаў чарговы том пра Ведзьмара пад назвай «Хрышчэнне агнём» (Chrzest ognia) культавага Анджэя Сапкоўскага (Andrzej Sapkowski), трэцяя частка сагі і пятая наогул кніга ў гісторыі Геральта з Рывіі.


Кацярына Маціеўская– беларуская перакладчыца. Перакладае з французскай, англійскай, польскай, партугальскай, нідэрландскай, афрыкаанс.

Адна з заснавальніц, рэдактарак і сталых аўтарак часопіса перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет». Перакладала на беларускую мову Гіёма Апалінэра, Джона Кітса, Фернанду Песоа, Анджэя Сапкоўскага, Артура Конана Дойла і іншых. Лаўрэатка прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча і прэміі імя Карласа Шэрмана.


Казялец

Нічога дзіўнага, што заняткі пачаліся з міні-прэзентацыі кнігі, у межах якой перакладчыца засяродзілася на паэтычных фрагментах, звязаных з вобразам аднаго з самых цікавых і «жывых» персанажаў сагі – барда Казяльца, які шмат каму ў нас, праз кіно і рускія пераклады, больш вядомы як Люцік. Але, пагадзіцеся, што аўтэнтычная беларуская назва адпаведнай расліны (jaskier) трохі больш пасуе гэтай іранічнай постаці. Кацярына паказала два фрагменты з ягонымі баладамі, трохі разбаўленыя празаічнымі рэмаркамі і ўпрыгожаныя гумарам – такім, які можа быць даступны барду па імені Казялец:

Паглядзіця, вунь па лесе скача воўча морда!
Зубы шчэрыць, хвосцік шэры настаўляе горда!
Шчаслівейшае за воўка не відаць жывёлы!
Пэўне шчэ не ажаніўся, раз такі вясёлы!
Ум-та, ум-та, угу-га!

Казялец раптам засмяяўся, выцягнуў з-пад мокрага плашча лютню і, не звяртаючы ўвагі на шыпенне ведзьмара і Мільвы, ударыў па струнах і зароў на ўсё горла:

Паглядзіця, вунь па лузе клыпае ваўчочак!
Лапкі цягне, хвосцік туліць, слёзкі льюцца з вочак!
А чаго ж ты, мілы воўча, гэткі засмучоны?
Пэўне з вечара жанаты, а ці заручоны!

Той самы кавалак у арыгінале выглядае так:

Patrzajta, tam pod borem wilczysko tańcuje
Zęby szczerzy, chwostem macha, raźno podskakuje
Czemuż to tak wesoła ta leśna bestyja?
Widno jeszcze nie żonata, kiedy tak wywija!
Um-ta, um-ta, uhu-ha!

Jaskier nagle zaśmiał się, wyciągnął spod mokrego płaszcza lutnię, nie bacząc na sykania wiedźmina i Milvy szarpnął struny i zawtórował na całe gardło:

Patrzajta, tam na łęgu wilczek łapy wlecze
Łeb spuszczony, chwost skulony, z oka łezka ciecze
Czemuż to ta bestyja taka zasmucona?
Widno wczoraj ożeniona albo zaręczona!

І яшчэ адзін фрагмент, дзе Казялец спявае баладу, якая камусьці з чытачоў сваім памерам можа нагадаць украінскую «каламыйку», а камусьці можа адгукнуцца купалаўскай паэмай «Бандароўна».

Gnom bajdurzył. Milva była ponura. Zoltan, zapomniawszy, że już raz to czynił, opowiadał wszystkim o Hoogu, starym grzybie, staroście Mahakamu. Geralt, zapomniawszy, że już raz wysłuchał, słuchał. Regis też słuchał i nawet dodawał komentarze, zupełnie niespeszony tym, że jest jedynym trzeźwym w mocno już pijanym towarzystwie. Jaskier brzdąkał na lutni i śpiewał.

Nie dziwota, że są harde urodziwe panie
Wszak im drzewo wynioślejsze, tym trudniej wleźć na nie.

– Idiota – skomentowała Milva. Jaskier nie przejął się.

Wżdy i z panną, i ze drzewem kto nie kiep poradzi
Trzeba owszem wziąć i zerżnąć, no i po zawadzie.

 

Гном балбатаў. Мільва сядзела панурая. Золтан, забыўшы, што ўжо гэта рабіў, расказваў усім пра Хога, старога грыба, магакамскага старосту. Геральт, забыўшы, што ўжо гэта чуў, слухаў. Рэжыс таксама слухаў і нават сур’ёзна каментаваў, нібыта і не быў адзіным цвярозым у моцна п’янай кампаніі. Казялец брынкаў на лютні і спяваў:

Не дзівуйся, што ў красуні гонару — на дзвесце:
Чым бліжэй да неба дрэву, тым цяжэй залезці.

— Ідыёт, — заўважыла Мільва. Казялец прапусціў гэта міма вушэй.

Ды і з паннаю, і з дрэвам справіцца не штука:
Абаіх бярэш і валіш — вось і ўся навука!

Ну, і якая ж прэзентацыя кнігі без прапановы яе набыць? Фанаў Анджэя Сапкоўскага і яго беларускай перакладчыцы запрашаем у кнігарню «Кнігаўка», напрыклад па гэтай спасылцы.

Потым Кацярына Маціеўская выказала сваім калегам некалькі прафесійных парадаў. Адны перакладчыцкія «лайфхакі» мелі агульны характар, а іншыя вынікалі з разбору канкрэтных фрагментаў з «Галодных гульняў». Вось універсальныя парады:

  1. Па магчымасці не рабіце чарнавікоў. Шліфуйце сказ адразу, пакуль ён не зробіцца такім, які вас задаволіць. Вяртацца потым – гэта часцей за ўсё падвойная праца з ужо забытым арыгіналам, які давядзецца перачытваць і ўспамінаць, пра што была гаворка.
  2. Часам не ўсё, што можна прыгожа сказаць на адной мове, гэтак жа прыгожа прагучыць на іншай. Сутыкнуўшыся з такім, проста кампенсуйце гэта ў іншым месцы, дзе мова, на якую вы перакладаеце, выйграе ў спаборніцтве з мовай арыгінала.
  3. Парада перакладчыкам паэзіі: рыфма – важнае, але не адзіна важнае. Старайцеся, каб напоўненыя зместам і сэнсам былі радкі цалкам, а не толькі іх канцоўкі. У якасці трэніроўкі можна спрабаваць перапісваць рыфмаваныя вершы мастацкай прозай або белымі вершамі, каб увага канцэнтравалася не толькі на рыфме, але і на тым, што і як гаворыць усё астатняе.
  4. Практыкуйцеся як мага больш. Ніякія здольнасці не заменяць вам набітай рукі і досведу.

А вось парады-заўвагі і прапановы правак, «натхнёныя» канкрэтным разборам тэкстаў:

1) Не ўскладняйце тэкст, не давайце яму разрастацца, імкніцеся да лаканічнасці ў той меры, у якой гэта дазваляе арыгінал.

Арыгінал: “My bow is a rarity, crafted by my father along with a few others that I keep well hidden in the woods, carefully wrapped in waterproof covers. My father could have made good money selling them, but if the officials found out he would have been publicly executed for inciting a rebellion”.

Пераклад. Было: “Мой лук – сапраўдны рарытэт, адзін з тых, што змайстраваў мой бацька. Гэтую спадчыну, дбайна ўпакаваную ў водаўстойлівую тканіну, я надзейна схавала ў лесе. Бацька мог бы някепска зарабіць з яе продажу, але калі б пра гэта дазналіся ўлады, яго б публічна пакаралі смерцю за падбухторванне да паўстання”.

«Рарытэт» яўна прасачыўся ў пераклад з арыгінала пад уплывам аднакарэннага слова rarity, што праўда, ангельскае слова менш стылістычна «вытыркалася» са свайго кантэксту. «Водаўстойлівая тканіна» – пагадзіцеся, таксама не надта стылістычна пасуе, нейтральная «непрамакальная» была б болей на месцы. Дый уся канструкцыя выглядае досыць грувастка.

Пераклад. Стала: “У мяне ёсць некалькі сапраўды рэдкіх лукаў, зробленых маім бацькам. Я надзейна схавала іх у лесе, старанна загарнуўшы ў непрамакальную тканіну. Бацька мог бы дорага іх прадаць, але калі б гэта выплыла, яго чакала б смерць за падрыхтоўку паўстання”.

2) Сачыце за сінтаксісам.

Арыгінал: “But most are not bold enough to venture out with just a knife”.

Пераклад. Было: “Але большасці, маючы на руках хіба толькі нож, на гэта не хапае духу”.

Хрэстаматыйная стылістычная памылка, кшталту школьнага прыкладу: «Пад’язджаючы да станцыі, у мяне з галавы зляцеў капялюш». Зрэшты, такое лёгка правіцца.

Пераклад. Стала: “Але большасць, маючы толькі нож, не можа на гэта адважыцца”.

3) Не злоўжывайце рэдкімі, стылістычна афарбаванымі словамі там, дзе арыгінал не дае на гэта права. Сістэматычна «ўпрыгожваючы» словамі абмежаванага ўжытку нейтральны тэкст, можна размыць межы стыляў.

Арыгінал: “Sitting at Prim’s knees, guarding her, is the world’s ugliest cat”.

Пераклад. Было: “Ля каленяў Прым сядзіць ейны ахоўца – найагіднейшы кот на свеце”.

Арыгінал не надта дае падставы для ўжывання апрычонага слоўка «ахоўца». Там усё звычайна.

Пераклад. Стала: “У нагах Прым, нібы на варце, сядзіць найагіднейшы кот у свеце”.

Дарэчы, што яшчэ, апроч напружанага прыгодніцкага сюжэту і схільнасці да працягаў, можа аб’ядноўваць творы Сапкоўскага і Колінз? Як ні дзіўна, імя персанажа. Калі ў польскага класіка бард і спадарожнік галоўнага героя горда носіць імя Jaskier, то ў «Галодных гульнях» толькі што згаданы кот мае мянушку Buttercup. І тое, і гэтае значыць прыкладна тое самае.

Prim named him Buttercup, insisting that his muddy yellow coat matched the bright flower”.

Прым назвала яго Казяльцом, настойваючы на тым, што ягоная брудна-жоўтая поўсць такога ж колеру як названая кветка”.

Іншы пераклад: “Прым назвала яго Казяльцом, перакананая, што яго брудна-жоўтае футра падобнае на яркую кветку”.

І нарэшце, яшчэ адна версія: “Прым назвала яго Люцікам — даводзіла, нібы тая яскравая кветка пасуе да яго брудна-жоўтага футра”.

Так бы мовіць, прывітанне з адной сагі ў другую.

Дарэчы, кот ненавідзіць галоўную гераіню. Ці, прынасі, не давярае ёй. Але яна трапны стралок – і каціную прыязнасць пасля ўдалага палявання могуць, да пэўнай ступені, забяспечыць вантробы здабычы:

Entrails. No hissing. This is the closest we will ever come to love”.

Вось як па-рознаму гэта тройчы перакладзена.

Вантробы. Не сыкае. Большае прыязні нам, бадай, не дасягнуць”.

Або так: “Вантробы. Адсутнасць шыпення. Гэта набліжэйшае да любові, што калі-небудзь будзе паміж намі”.

Ці нават так: “Ёсць вантробы – няма шыпення. На большую любоў нам няма чаго і разлічваць”.

Апошні варыянт трохі болей адыходзіць ад арыгінала, але гучыць найбольш афарыстычна і зграбна.

Супастаўленне трох перакладаў даволі лёгка выяўляе, калі перакладчык калькуе арыгінал, а калі імкнецца стварыць менавіта беларускі тэкст. (Гаворка ў наступным прыкладзе пра агароджу з калючага дроту.)

In theory, its supposed to be electrified twenty-four hours a day as a deterrent to the predators that live in the woods…”

Тэарэтычна яна мае быць пад напружаннем 24/7, каб стрымліваць драпежнікаў, што жывуць у лесе…”

Тэарэтычна яна кругласутачна мусіць быць пад электрычнасьцю, каб трымаць на адлегласьці лясных драпежнікаў…”

Па ідэі, ён мусіць быць круглыя суткі пад напружаннем, каб адганяць драпежнікаў…”

Ці варта тлумачыць перавагі апошняй версіі?