Публікуем рэцэнзіі, напісаныя сябрамі журы прэміі імя Ежы Гедройця на кнігі з сёлетняга кароткага спіса.
«Люстэрка з пырскамі зубной пасты»
Югася Каляда, Перамена месцаў.
Вільнюс: Пфляўмбаўм, 2024
Найгоршае, што можна зрабіць з кнігай «Перамена месцаў», – спыніцца на ўзроўні сюжэтнай завязкі ды інтрыгі, бо выйдзе такая сабе любоўмаркоў, нават згадваць не хочацца, лепш анекдот «у тэму» раскажу. Пасяліўся белы мужчына ў матэлі, папрасіў гаспадара зранку абудзіць і заснуў. Зранку той пагрукаў у дзверы, мужчына прачнуўся, падняўся, глядзіць у люстэрка, а там – чужы цемнаскуры твар. Дзядзька крычыць, плача, бяжыць скардзіцца гаспадару. Той пазірае на яго з-за стойкі, няўзрушны, нуль здзіўлення, кліентаў у яго шмат. А потым уважліва глядзіць у паперы – і кажа: «Прабачце, гэта я… не вас абудзіў!»
Да чаго я вяду? Да абуджэння. Чытаць Югасіну кнігу варта прынамсі двойчы. Першы раз – яшчэ верачы, што гэта лёгкае, вострасюжэтнае чытво, добра змайстраванае, але без сур’ёзных намераў. А потым разгарнуць зноў, ужо не звяртаючы ўвагі на інтрыгу, і тут з усіх бакоў пачынаюць з’яўляцца, праглядаць, выпаўзаць на святло яны самыя – «сур’ёзныя намеры» пісьменніцы, якая выдатна ведае, што хоча сказаць.
Пасрэдныя кніжкі ў мэтах прэстыжу часта маскуюцца пад нешта глыбейшае. Тут супрацьлеглы выпадак: як той казаў, вас падманулі, вам далі нашмат лепшае. Разводка ў духу вялікіх асветнікаў, якія забаўлялі, павучаючы, – і ў выніку капалі глыбей, чым здавалася. Чытаеш у дзяцінстве: небарака Рабінзон цярпіць крушэнне і спрабуе выжыць на бязлюднай выспе. А потым учытаешся – пабачыш гімн заходняй цывілізацыі, узброенай хрысціянскімі каштоўнасцямі і дасягненнямі перадавой тэхналогіі, якія скоранька скораць увесь свет. Або Гулівер кувыркаецца сярод ліліпутаў і веліканаў. А ўгледзішся глыбей – доктар Свіфт у здзеклівай пародыі высмейвае дзіцячы аптымізм згаданага Дэфо, разам з усімі каланіяльнымі прэтэнзіямі белых «вянцоў тварэння», якія спачывалі на лаўрах, пакуль, як у тым анекдоце, не абудзілі.
Так і з «Пераменай месцаў»: гэта не дзве жанчыны ў цягніку Мінск – Гомель цудоўным чынам памяняліся целамі ды ролямі, гэта – не менш цудоўным чынам – спрабуе нараджацца нашае грамадства, адчайна выбудоўваючы гарызантальныя сувязі між беларусамі і, вядома ж, беларускамі. Пераадольваючы ўзаемныя стэрэатыпы і недарэчную іерархію. Усё тое, на падставе чаго нас падзялялі – і ўладарылі. Так бы мовіць, класы (а заадно і гендары) пад сярпом тваім.
Што з намі адбывалася, але так да канца і не адбылося ўлетку і ўвосень 2020-га? А заадно – чаму не адбылося і чаго не хапіла? Што з намі адбываецца проста цяпер і цалкам можа адбыцца заўтра? Адказы ў кніжцы. Самым кемлівым хопіць і аднаго прачытання.
Так, кніга фліртуе з масавай літаратурай, але і блізка не робіцца кічам. Адзінае фантастычнае дапушчэнне з лішкам кампенсуецца сур’ёзным псіхалагічным аналізам, абедзве галоўныя гераіні за 180 старонак праходзяць не абы-якую духоўную эвалюцыю. Тэкст перасыпаны трапнымі – як іх назваць? добра, хай будзе: рэалістычнымі – дэталямі і густа ўсеяны інтэлектуальнымі адсылкамі. Эстэты заўважаць і парадуюцца, менш падрыхтаваная публіка – таксама не засмуціцца, бо не заўважыць.
Першыя чытачы рамана адзначылі яго «марктвэнаўскі» сюжэт, гісторыю прынца і жабрака, што памяняліся месцамі і ролямі. (Хай сабе паспяховая гомельская суддзя – яшчэ не прынцэса, а ўчорашняя вяскоўка з гарадской прапіскай – часова беспрацоўная, але далёка не жабрачка.) Заўважылі і «пігмаліёнаўскі» матыў, калі правінцыялка пад чуйным кіраўніцтвам адукаванай сяброўкі па няшчасці імкліва вучыцца, далучаецца да таямніц юрыспрудэнцыі, а потым здзіўляе сваю настаўніцу мудрасцю, справядлівасцю і чалавечнасцю. Але алюзіі на гэтым не заканчваюцца. Вось як рэагуе гераіня, абудзіўшыся ў «чужым» целе:
«Суд! – ускрыкнула ўголас Альбіна. – Я праспала суд! – і адкінула зь сябе чужую коўдру. Пэрспэктыва прапусціць працэс чамусьці спалохала яе нашмат болей, чым абуджэньне ў чужой кватэры…»
«Працэс» я вылучыў болдам не выпадкова. Віншую, мы прачнуліся ў свеце беларускай кафкіяны. «Аднае раніцы Рыгор Замза ачомаўся ад неспакойнага сну і раптам заўважыў, што ён у сваім ложку ператварыўся ў…» Але найцікавейшае ў Кафкі далей, бо героя таксама найбольш уражвае не само жахлівае ператварэнне, а перспектыва спазніцца на працу: «Ойча нябесны!» – падумаў ён. Была палова сёмай, а стрэлкі спакойна рухаліся наперад; было ўжо нават за палову сёмай – амаль што без чвэрці… Што ж цяпер яму было рабіць? Наступны цягнік адыходзіць а сёмай: каб паспець на яго, трэба шалёна спяшацца…» (пераклад з нямецкай Лявона Баршчэўскага).
Але вернемся да Югасі. «З аблямаванага плястыкавай рамай люстэрка ў ванным пакоі, звычайнага, з пырскамі зубной пасты, сярэдніх памераў люстэрка, на яе глядзела пасажырка ўчорашняга цягніка – суседка насупраць».
Дасведчаны чытач ведае, што люстэрка ў літаратуры – вельмі часта пра пісьменніцкую самарэфлексію. Аўтар(ка) нясе свой раман з сабой у вандроўцы, нібы люстэрка, у якім адбіваецца то яснае неба, то дарожны бруд. Або так: перад люстэркам рамана – пачвара, якой не падабаецца яе адлюстраванне, і г. д. Але ў Югасі люстэрка Стэндаля і Уайльда заляпаныя цалкам сабе нашай, беларускай зубной пастай (незалежна ад краіны-вытворцы). Такія драбнічкі цешаць найболей, бо так напраўду ніякіх «драбнічак» у кнізе няма, усе яны важныя, усе раней ці пазней выконваюць сваю ролю.
Так, тэма зубной пасты адгукнецца ў рамане яшчэ раз, калі Альбіна будзе вучыць Маню складанай ролі суддзі. Што рабіць, калі закон і нашае інтуітыўнае адчуванне справядлівасці не цалкам супадаюць (цалкам не супадаюць)? Нейкі бяздомны скраў зубную пасту, а Альбіна – замест дробнага штрафу, як выпадала б паводле закону, – прысудзіла яму 15 содняў. І кемлівая Маня здагадалася: скраў ён яе наўмысна, спадзеючыся на гэтыя 15 содняў, бо проста не мае дзе начаваць. …А неўзабаве зробіцца зусім ужо не да законаў.
Кнігу Югасі Каляды высока ацаніў калега па цэху і канкурэнт па сёлетнім Гедройці, пісьменнік і крытык Сяргей Дубавец: «Дынамічны сюжэт, насычаная мова, выразныя партрэты герояў і іх пазнавальныя перажываньні… Нішто не спыняе твае ўвагі. Цягнік рушыў зь месца і набірае хуткасць…» Але адразу ж і дадаў у бочку з кампліментамі лыжку крытыкі. «І ты ўжо ня думаеш пра бляклую назву… Назва такой кнігі, на маю думку, павінна быць яркая, як сам тэкст». Хм, аўтару кнігі пра сталенне беларуса з назваю «Занзібар», канечне, відней.
Не ведаю, ці яркая назва «Перамена месцаў». Ведаю, што яна шматзначная, глыбокая, сімвалічна невычарпальная. Тут табе і школьная сума складнікаў, якая ад перамены іх месцаў не змяняецца. (Ці ўсё-ткі змяняецца, бо чалавечае грамадства – не арыфметыка?) І цоеўскі гітарны бой з ранняга лета дваццатага і пазнейшых восеньскіх дваровых пратэстаў. І рэальныя геаграфічныя перамяшчэнні беларусаў ад жніўня і далей, усё далей. Добра, калі толькі ў эміграцыю. Варта дадаць, што аўтарка і сама мусіла выехаць з Беларусі і пісала сваю кнігу ўжо ў выгнанні.
«Насамрэч, – кажа яна ў інтэрв’ю, – я пісала яе ўжо ў Вільні. Але ідэю прывезла з Беларусі. І калі падыходзіла да фіналу, зразумела, што ў Беларусі я гэтую кнігу напісала б у шуфляду… Калі кажаш праўду, расказваеш, то ўваходзіш у канфлікт з рэжымам у Беларусі. І пісаць на тэмы асобныя ад палітыкі немагчыма. Пра сучасную Беларусь з 1994 года я не ведаю спосабу напісаць адасоблены ад палітычнай барацьбы сюжэт. Нават пра каханне… Я не пісала 20 гадоў ад першай кнігі да другой, таму што шукала, на якую тэму і якім чынам мне можна выказацца свабодна. І ці магу я сабе дазволіць такое выказванне».
Аўтарка дазволіла – і выйшла зусім не плоска і не публіцыстычна. Можа быць, таму, што пісала не «па гарачых слядах», што знайшла цікавую часавую перспектыву. Галоўны фокус у рамане адбываецца менавіта з мастацкім часам, бо нашае нядаўняе мінулае – ніводным словам, апроч асцярожных намёкаў, у кнізе наўпрост не згаданае, – падаецца ў ёй як блізкая будучыня, якая яшчэ не настала, але ўжо вось-вось. Чым файны пазаўчорашні дзень? З яго добра відаць дзень учорашні. Можна нават рабіць прароцтвы – і, заўважце, ні разу не памылішся. Так рабіў аўтар «Боскай камедыі», а ў яго павучыцца зусім не грэх. Героі кнігі, што дзейнічаюць у 2017 годзе, не ведаюць, што з імі (і ўсімі намі) здарыцца ў 2020-м, іншая рэч – сённяшнія чытачы і чытачкі, на якіх фокус і разлічаны.
«На нейкі момант, – кажа ў сваіх нататках крытык, – падумалася: чаму жанчыны, якія ехалі ў тым фатальным цягніку кожная са сваім мужам, не раскрылі мужам гэтую таямніцу». Можа быць, таму, што раман яшчэ і пра жаночую салідарнасць, пра сястрынства, пра няпростае ў беларускіх рэаліях набыванне жанчынамі сваёй суб’ектнасці. І праблему, з якой сутыкнуліся нашыя гераіні, ніхто за іх не вырашыць, а яны самі выяўляюцца дастаткова моцнымі асобамі, каб даць з ёй рады, па дарозе яшчэ і дапамагаючы аднаму з мужоў. Які выйдзе з турмы з падбітым вокам, вінаватай усмешкай і кветкамі для жонкі.
Галоўны на сёння крытычны закід, зроблены ў адрас кніжкі, – пэўная адасобленасць, адарванасць ад усёй рэшты эпізоду, калі гераіня трапляе ў некалі любімы гомельскі сквер, цяпер засмечаны безгустоўнымі пластыкавымі скульптурамі, сярод якіх і кічавая выява Сфінкса. І вядзе з гэтай істотай не зусім рэалістычны дыялог.
«Сьфінкс расплюшчыў невідушчыя вочы і сілай думкі змусіў Альбіну дзівіцца ў іх.
– Ці ведаеш ты, за якую правіну цябе перасялілі ў іншае цела? – зьвярнулася да яе бязносае бажышча.
– Не, – Альбіна пастанавіла не хлусіць.
– Ці знайшла ты хібы і грахі ў сваім жыцьці, якія належыць выправіць? – працягнуў допыт сьфінкс.
– Не, – прызналася Альбіна, – і нават ні на крок не наблізілася…
– Ну што ж ты, небарака, – пашкадавала яе плястыкавая пачвара, – ты, можа, знайшла кагосьці, хто табе дапамог бы? Хай бы намякнуў? Не?»
Хто-хто, а Югася Каляда намякае з усіх сіл. Сфінкс з яго загадкамі тут цалкам на сваім месцы. Хто іх адгадаў? Слушна, Эдып, які неўзабаве зробіцца царом Эдыпам і наробіць злачынстваў па няведанні, што, як мы ведаем, не вызваляе ад адказнасці. Дарэчы, ягоная гісторыя – магчыма, першы ў сусветнай культуры інтэлектуальны дэтэктыў, дзе следчы і злачынца – адна асоба. І Альбіну чакае ўсведамленне сваёй віны.
За што пакараныя гераіні? З адной нібыта больш зразумела – затурканая Маня дазволіла сесці сабе на шыю аб’юзару-мужу Толіку, які яўна ёй пагарджае. Яна і даслоўную замену месцамі ў вагоне, з якой усё і пачалося, ладзіць, каб быць бліжэй да свайго няўдзячнага ўлюбёнца. На што Альбіна са сваёй «элітарнай» вышыні выдае пагардлівы каментар: «Я б на тваім месцы ніколі не сядала да яго бліжэй». Аўтарка нідзе гэтага выразна не гаворыць, але думаю, што якраз за такое гераіні і «прыляцела». За абыякавасць, снабізм, брак эмпатыі, беспадстаўнае пачуццё ўласнай перавагі. Бо выраз «я б на тваім месцы» даўно згубіў сваю даслоўнасць і зусім не азначае жадання хоць бы ўявіць сябе на чыімсьці месцы. Наадварот, ён выразна акрэслівае бяспечную дыстанцыю, з якой прамаўляецца. Дыстанцыю «так-напраўду-мяне-гэта-не-датычыць».
«Яе перасялілі ў іншае жыцьцё – такое жыцьцё, якое раней ішло паралельна ёй, ад якога яна была адасобленая, на якое заплюшчвала вочы і зь якім сутыкалася ў судзе – і вось яна аказалася іншым бокам судовага працэсу».
Потым, вырашаючы адну на дзвюх праблему, жанчыны як бы рухаюцца адна адной насустрач, узаемна адна адну выхоўваюць. Адной прышчапляюцца веды, густ і самапавага, другой – большая душэўнасць, чуласць і спагадлівасць. Урэшце сацыяльна падзеленыя і чужыя адна адной істоты пераадольваюць дыстанцыю, што іх падзяляе, і робяцца адна для адной незаменныя. І магічную стоп-фразу, пасля якой яны выратоўваюцца, у адказ на пытанне, што б яна зрабіла на яе месцы, гаворыць Альбіна: «Ты ведаеш, Маня… Ты ўсё зрабіла правільна. І я б зрабіла гэтаксама». Ці трэба дадаваць, што ўсё гэта можа быць (і ёсць!) метафарай беларускага грамадства?
Думаю, найболей пра гэта ведае чацвёрты галоўны персанаж, Альбінін муж Валік, беларускамоўны пісьменнік з усімі няпростымі наступствамі гэтага выбару. Ведае, але маўчыць. Мы толькі дазнаёмся, што ён аўтар кнігі «Утопія снежня» і аналітычнай калонкі ў газеце (хе-хе) «Цяперашні час». Артыкул прысвечаны нацыянальнаму дыялогу і культуры дыскусіі. Па ўсім відаць, там на тэарэтычным узроўні выкладаецца прыблізна тое, да чаго Альбіна прыходзіць на ўласным трагічным досведзе. Пра розныя Беларусі, якія існуюць у паралельных вымярэннях і не цікавяцца адна адной. Пра штучныя падзелы паміж намі, якія будуюць не толькі яўныя «ворагі беларушчыны», але і мы самі ў сваім снабізме, маргінальным самалюбаванні і пагардзе да іншага чалавека, не падобнага да нас. Пагугліце калонку Валянціна Адзінца. А калі не атрымаецца, хоць бы эсэ Валянціна Акудовіча «Без нас».
Асобнага кампліменту заслугоўвае мова твору, багатая і нетрывіяльная. Абмяжуюся выпадковай парай прыкладаў, вылучаючы сёе-тое курсівам. «Адбылося нешта добрае, і гэта, хай і няўзнак, невядомым чынам, безвач, але – ажыцьцявілася празь яе». «Усе людзі на плошчы – Артур заўважыў – вялі іх назіркам». «Жвавы падскокіч зь відэакамэрай зноў сказаў нешта зьедлівае». Гэты «падскокіч» амаль зрабіў мяне шчаслівым. Таксама як і гэтае: «…а быў адвакатам, якому абыходзяць хваляванні падабароннага». Хто яшчэ ў такой канструкцыі сёння напіша (цалкам слушна!) «якому», а не «якога»?! Думаю, варта згадаць добрым словам Алену Пятровіч і Міколу Раманоўскага, што адказвалі ў кнізе за рэдактуру і карэктуру.
На фоне гэтай моўнай раскошы на секунду спатыкаешся на двойчы паўтораным аўтаркай слове «неверагодны». «Падзея адбылася гэтаксама трагічная, як і фантастычная, цудоўная, неверагодная! Манька, тая самая Манька зь вёскі Алешнікі, якая колькі месяцаў таму ня ведала структуры прававой нормы, сёньня сама! Правяла працэс! Па незнаёмым артыкуле!.. Неверагодна…» Спатыкаешся, а потым, як тая Маня, перажываеш азарэнне: «гэта ж яна наўмысна!»
Бо пісьменніцы ў гэтым канкрэтным месцы патрэбныя не рафінаваныя «неймаверны» з «невераемным», а менавіта грубаватая калька рускага слова «невероятный», што добра пусціла хвалю па беларускай мове ў дваццатым годзе. Аўтарка ж апісвае, трымае ў полі ўвагі працэсы, якія пачынаюцца ў «дармаедскім» 2017-м, але прынясуць свой плён акурат улетку 2020-га. Добра памятаю, сам у сямнаццатым выйшаў на пратэсты, упершыню са снежня 2010-га.
Гэта ў 2017-м упершыню выходзіць на вуліцы новае, яшчэ «не бітае» пакаленне (у пятнаццатым не было масавых пратэстаў і, адпаведна, дзікіх рэпрэсій). Пакаленне, якое ахвотна падхопіць рыторыку маладых амбітных юрыстаў, што «нам за гэта нічога не будзе, мы ж не робім нічога незаконнага!» (Рыхтык як Маня і яе падсудны на працэсе.) А потым турмой і выгнаннем заплаціць за гэтую прыўкрасную ўтопію.
«Нешта цёмнае, застаялае, непарушнае, шчыльнае і ўсюдыіснае, гэтае нешта адчула супраціў і заварушылася. Толькі заварушылася, патрывожанае. Але хто ведае – калі яно пойдзе ў наступ? Калі яно пачне жэрці ўсё навокал?»
З перспектывы 2025 года мы ведаем, як і калі гэта здарылася. Але ведаем таксама, што адбыліся сацыяльныя змены, якіх ужо не закрэсліш, не адкруціш назад. Яны датычаць усяго грамадства, але насамперш – беларускіх жанчын. Нараджэнне гэтых працэсаў добра прачытваецца ў Югасі Каляды.
«Маня бяздумна глядзела, як аладкі пырскаюць алеем, і дакладна ведала: яна ня хоча ні вяртацца ў Алешнікі, ні абслугоўваць чыесьці пазногці. Яна цяпер выразна – так, што сябе ўжо не падманеш – прагнула таго шалёнага пачуцьця, калі заля ўзьнялася і пляскала ейным словам. Гэта было зусім іншае жыцьцё…»
Ці трэба дадаваць, што перад намі зноў метафара беларускага грамадства? Мы нават можам, калі захочам, даць іншыя, рэальныя імёны прыдуманым гомельскай Мані і яе «джэнтльмену» Толіку з букетам кветак. Але ці варта? У Югасі ж вядзецца пра ўсё грамадства.
Андрэй Хадановіч