• Навiны
  • Галасы
  • Ігар Карней. Катаванне адзінотай. Як выбіваюць іншадумства

Ігар Карней. Катаванне адзінотай. Як выбіваюць іншадумства

Апошняе абнаўленне: 9 лютага 2026
Ігар Карней. Катаванне адзінотай. Як выбіваюць іншадумства

Журналіст і былы палітзняволены Ігар Карней быў у першай арганізаванай партыі з 14 вязняў, прымусова вывезеных за межы Беларусі 21 чэрвеня 2025 года (пасля былі яшчэ два такія выпадкі – вераснёўскі і снежаньскі). Ён падрыхтаваў рукапіс, у якім расказвае пра колы пекла, праз якія прапускаюць большасць уладальнікаў так званага экстрэмісцкага статусу. І найперш гэта – наўмысная ізаляцыя ва ўмовах адзіноты, падчас якой асуджаных паводле палітычных артыкулаў намагаюцца зламаць як фізічна, так і маральна. 

Беларускі ПЭН друкуе фрагменты ўспамінаў Ігара Карнея пра метады змагання з іншадумствам у рэжымнай Беларусі.

Фрагмент першы. Ліст Еве

Як не з’ехаць з глузду, калі за табой 24/7 назіраюць у дзвярное вочка, прэсуюць дзяржаўным гімнам, выпрабоўваюць на холадаўстойлівасць, а найлепшым сябрам у няшчасці робіцца… муха?

Мілая мая Ева! Твой 13-ы дзень нараджэння, як і папярэдні, ізноў адзначаю без цябе. Гэтым разам яшчэ і ў поўнай адзіноце, бо апошнія паўтара месяца існую ў цалкам ізаляваным сінгл руме. Зусім не з уласнай волі, аднак найбліжэйшыя паўгода мая васьміметровая каморка стане ўніверсальнай студыяй – і сталоўкай, і спальняй, і прыбіральняй. Хаця не ўсё так дрэнна – і вось чаму.

Літаральна на другі дзень, як штрафны ізалятар перафарматаваўся ў памяшканне камернага тыпу, праз фрамугу высока пад столлю заляцела муха – звычайная невялікая казурка, якая, тым не меней, да нерваў даймае сваёй навязлівасцю. Першае інтуіцыйнае памкненне – прыбіць нязваную госцю, каб не замінала сваёй мітуснёй. А потым дапетрыў: ба, дык яна ж мне калега! «Беларусь сядзячая» – значыць, сядзяць усе, нават мухі! 

Ну і пачаў прыглядацца: усё бліжэй прысоўваўся, падносіў упрытык руку, не зганяў з рукамыйніка, калі піла ваду і прыводзіла сябе ў парадак. Цяжка паверыць, але за наступныя дні мы… пасябравалі! Яна сядала на лаўку, і я прызямляўся побач. Клаў павернутую ўверх далонь, тая перапаўзала, пачынала чысціцца. Працягваў палец да яе галавы, лёгенька тыкаў – толькі тады ненадоўга ўзлятала і зноў вярталася. 

Па руцэ запаўзала вышэй на плячо і нейкі час мы разам няспешна шпацыравалі па камеры – ад «тармазоў» (дзвярэй) амаль тры метры ў глыбіню, яшчэ паўтара – уздоўж сцяны з умоўным акном, побач са сталом да замураванага «ачка» на пастаменце – і зноў на стартавы пункт.

Чыталі мы ў дзве рукі, чатыры вокі і шэсць лапак (у ПКТ прыносяць з бібліятэкі тры кніжкі на тыдзень, яшчэ адзін паратунак ад вар’яцтва). Не паспяваў я раскрыць томік, як муха аднекуль пікіравала і пачынала бегаць паміж радкоў. Нарэшце паркавалася. У гэты момант можна было разгледзець яе анатамічныя асаблівасці: махнатыя ножкі, дасканалыя крылцы, мордачку з вялізнымі біноклямі. Аказалася чыстаплотнай – ні разу не дапоўніла тэкст лішнімі чорнымі кропкамі.

Уначы мушка не турбавала, не лазіла па лысіне, не спрабавала паказытаць, а ціха спала на супрацьлеглай сцяне – звычайна па цэнтры шырокай чырвона-крывавай паласы, тоўста нанесенай на шэрыя драўляныя нары. Пры дзённых праверках туды галавой і рукамі марской зоркай утыкаўся я, а пасля адбою вакантнае месца займала Ніна.

Так, сяброўка не можа быць безыменнай, таму муха атрымала мянушку. Ці «паганяла», як тут кажуць. У гонар Ніны Хаген, хроснай нямецкага панк-року. Яшчэ ў 1980-х, калі пачаў сістэмна слухаць цяжкую музыку, чамусьці яна сваім сцэнічным вобразам атаясамлівалася менавіта з… мухай – і стылем, і знешнасцю. І вось паслужыла прататыпам для добрай справы, хай і ў турме. 

Зрэшты, біялагічныя адкрыцці гэтым не скончыліся. Аказалася, што любая істота, незалежна ад памераў і класу, мае свой характар! Дзесьці праз тыдзень у камеры з’явілася яшчэ адна муха – нарэшце стала бачна, наколькі Ніна меншая за аднакроўніцу. Мабыць, Евачка, падлетак твайго ўзросту. Але спробы дрэсуры гэтым разам плёну не мелі: наколькі вялікая, настолькі ж і, даруй, дурненькая. Атрыманая авансам мянушка Дора (па іншай рокершы, Даратэі Пеш) не пацвердзілася хоць якімі здольнасцямі. Некалькі спробаў дэпартаваць пераростка праз фрамугу аказаліся марнымі – тая чаплялася за краты, доўга нешта абдумвала і ўпарта вярталася назад. У выніку давялося бессардэчна «абнуліць», бо ўначы ацялягвалася па твары, нахабна казытала і не збіралася спаць на супрацьлеглай сцяне.

А следам, падчас аднаго са «шмонаў», раптам знікла і Ніна. Шукаў пад умывальнікам, у складках падлогавай анучы, за шчапленнямі нараў. Нават паміж кніжнымі старонкамі – аж у пот кінула пры думцы, што раптам выпадкова прыхлопнуў. Без сэнсу. Пэўна, выцягнула на «прадол» скразняком, нездарма што пры такім убогім рацыёне набраць вагу немагчыма. Вось такая страта, мая дарагая Евачка. Хто б мог падумаць, што некалі пачну сумаваць па істоце, з якой чалавецтва ўсё жыццё вядзе безвыніковую вайну…»

Вы, мабыць, падумалі, што хтосьці зусім звар’яцеў? Бацька піша дачцэ пра муху, ды яшчэ з людскім імем. Можа гэта і рашучы крок да трызнення наяве, але за месяц з гакам канчаткова з’ехаць з катушак усё ж складана. Хоць і можна, бясспрэчна. Асабліва як падумаеш, што гэта толькі пачатак, а наперадзе – бясконцасць татальнай ізаляцыі. Час тут ідзе зусім не так, як на волі, ён ледзь паўзе. Адвольна замірае, спыняецца, расплываецца. Як іртутныя гадзіннікі на палотнах Сальвадора Далі: несвядомы сімвал адноснасці прасторы і chronos, крах уяўленняў пра фіксаваны парадак.

А тым больш, далей ужо без Ніны ды іншых казурак: пад восень усе зашываюцца ў надзейныя сховішчы. Маё – гэта спачатку сем, а пасля «рэцыдыву» – восем квадратных метраў, якія не маюць аніякай мэты, акрамя адной: раскласці цябе на часцінкі, затупіць твой розум, а душу ператварыць у рэха, што згасае без адказу. У камеры няма практычна нічога. Паверхні гладкія, як забароненыя думкі. І нават гэтыя сцены вакол – не ўтульнасць матчынага ўлоння, а вораг, які намагаецца выціснуць усё чалавечае. Да іх нельга датыкацца, каб не «папсаваць фактуру»; сядзець – толькі на жорсткай лаўцы, вачэй не заплюшчваць; стаяць – пасярод камеры, не прыхінаючыся; пры адчыненым вочку – распластацца па чырвонай паласе нары. Прастора не проста бедная, яна здзекліва аскетычная. Тут няма рэчаў, але галоўнае – няма прысутнасці іншых. 

Цынічныя турэмнікі ведаюць, што сапраўдны гвалт не ў болю, не ў кайданках, не ў крыках. Найбольш эфектыўны прэсінг – прымусіць вязня існаваць у свеце, дзе няма нікога, акрамя яго самога. Слухаць уласнае дыханне, пакуль не пачнеш сумнявацца, ці вартае яно таго, каб працягваць. І вось у гэтым бетонным меху, дзе нават шоргат крокаў адгукаецца рэхам, раптам неймавернае: у шчыліну прабіраецца муха. Спачатку толькі раздражненне, інстынкт – адшпурнуць, знішчыць. Але рука замірае. Глядзіш і бачыш складанасць гэтага мікракосмасу: хто стварыў настолькі дасканалы арганізм? Як у гэтым абсурдзе можа існаваць нешта жывое, спакойнае? І адчуваю амаль дзіцячую радасць: я не адзін!

Гэта не проста сяброўства з казуркай, а выклік сістэме, што прыдумала такі метад застрашэння: пазбавіць цябе атачэння, а значыць – і самога сябе. І вось з’яўляецца малая істота, быццам пасланец з іншага свету. Бо нават у пекле патрэбен мост да жыцця. Рэальнасць жа нікуды не знікала, яна дзесьці за непадступнай фрамугай. Толькі не для мяне. Пакуль. 

Турма здзекуецца сваёй прасторай. Дакладней, яе адсутнасцю. Нібыта кажа: «Ты нічога не варты, бо нікому не патрэбны. Твайго слова ніхто не пачуе. Твае рукі нікога не крануць. Ты арыфметычная хібнасць, zero, таму і зваць цябе ніяк». І я ўжо пачынаю верыць гэтай мове пустэчы. Паступова забываю цяпло далоні, гукі голасу, глыбіню пахаў. Так, у гэтым катаванні няма крыві, няма паламаных костак, няма выбітых зубоў. Але ёсць нешта горшае: адчуванне, што цябе сціраюць гумкай, пакуль ты не перастанеш існаваць нават ва ўласнай галаве. Ці не на гэта галоўны разлік тваіх катаў? Спустошыць, размазаць, абнуліць. 

Але істота з крыламі гудзе побач – і я адчуваю, як унутры паўтараецца праўда, якую тут хацелі забіць: я ёсць! Можаце мяне ігнараваць, не заўважаць, прэсаваць. Аднак я патрэбен іншым. Калі нехта прызямляецца на мой палец і тым самым прызнае маё існаванне, значыць, свет яшчэ не скончыўся. Адпаведна, я яшчэ чалавек! Муха – не проста казурка, а маё апошняе люстэрка. Пакуль яна глядзіць на мяне, я не ператвараюся ў пыл. Несвабодны фізічна, але ўсё яшчэ вольны ўнутрана. 

Фота Ігара Карнея, зробленае падчас экскурсіі па турме для палітвязняў каля горада Тарафал афрыканскай краіны Каба-Вердэ: від з камеры на волю з выпадковай птушачкай