Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 красавіка 2026 года

Апошняе абнаўленне: 16 красавіка 2026
Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 красавіка 2026 года

Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнне (у тым ліку канфідэнцыйна) або ўдакладніць звесткі ў матэрыяле, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma.

На 15 красавіка 2026 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 26, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 128, забароненых кніг – 336.

Ювелір Ягор Бужылаў асуджаны на 4 гады абмежавання волі. 

Дызайнерку Яну Маскалёву асудзілі на абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

На беларуска-польскай мяжы затрымалі фатографа Андрэя Лянкевіча.

Затрыманы супрацоўнікі архітэктурнай кампаніі ZROBIM architects.

«Экстрэмісцкім фарміраваннем» абвешчаны Беларускі Хельсінкскі Камітэт.

Вярхоўны Суд прызнаў «экстрэмісцкай арганізацыяй» Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт.

Суд прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт і Instagram-старонку кнігарні knihi.bу.

У спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» былі дададзены чатыры новыя кнігі. 

«Экстрэмісцкім» прызнаны мастацкі фільм «Жыве Беларусь» (2012).


І. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 1 красавіка стала вядома, што Ягор Бужылаў, дырэктар вытворчасці беларускага брэнда ювелірных вырабаў Belaruskicry, асуджаны на 4 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія») паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім). Прысуд вынесены 19 сакавіка 2026 года. Ягор Бужылаў вывучаў ювелірнае рамяство і сам вырабляў упрыгожанні. У Следчым камітэце паведамілі, што іншыя ўдзельнікі брэнда абвешчаны ў вышук, матэрыялы крымінальнай справы ў дачыненні да іх вылучаны ў асобнае вядзенне. 23 ліпеня 2025 года суд Партызанскага раёна прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт і старонкі брэнда ў Instagram, Telegram, Facebook, TikTok і Х. 

2. 7 красавіка стала вядома, што дызайнерку Яну Маскалёву асудзілі ў Брэсцкім абласным судзе паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), прысуд – абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Яна Маскалёва скончыла Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў са спецыяльнасцю «Дызайн і тыпаграфіка», працавала як дызайнерка і ілюстратарка. 

II. Затрыманні дзеячаў культуры 

1. 3 красавіка стала вядома, што на беларуска-польскай мяжы затрымалі фатографа Андрэя Лянкевіча. Нагодай затрымання стала падпіска на незалежныя медыя ў тэлефоне. Андрэй Лянкевіч – фатограф, які правёў больш за 80 персанальных і калектыўных выстаў у Еўропе, Азіі і ЗША. Яго фотаздымкі знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Аўстрыі, Германіі, Бельгіі, Польшчы, Швейцарыі і Літве.

2. 9 красавіка ў Мінску ў офісе архітэктурнай кампаніі ZROBIM architects былі затрыманы на працы супрацоўнікі – каля 50 чалавек. Большасць з супрацоўнікаў, затрыманых 9 красавіка, былі адпушчаны, але заснавальнік кампаніі Андрэй Макоўскі (Андрусь Bezdar), застаўся пад вартай. ZROBIM architects – беларуская архітэктурная студыя, заснаваная ў 2011 годзе Андрэем Макоўскім і Аляксеем Караблёвым. Кампанія вядомая сваімі праектамі ў сучаснай архітэктуры і дызайне, працуе як у Беларусі, так і за мяжой.

III. Абвяшчэнне праваабарончых, адукацыйных і культурніцкіх арганізацый «экстрэмісцкімі»

1. 1 красавіка стала вядома, што праваабарончая арганізацыя Беларускі Хельсінкскі Камітэт (БХК) абвешчана «экстрэмісцкім фарміраваннем». Рашэнне прынята КДБ 31 сакавіка. Беларускі Хельсінкскі Камітэт быў зарэгістраваны 1 лістапада 1995 года. Заснавальнікамі арганізацыі сталі вядомыя грамадскія, палітычныя і культурныя дзеячы краіны: пісьменнік Васіль Быкаў (ён жа – першы старшыня назіральнага сойма БХК), паэт Рыгор Барадулін, пісьменніца Святлана Алексіевіч, паэт Генадзь Бураўкін, перакладчык і заснавальнік Беларускага ПЭНа Карлас Шэрман.

2. 14 красавіка Вярхоўны суд на падставе заявы Генеральнай пракуратуры прызнаў «экстрэмісцкай арганізацыяй» Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ). У жніўні 2025 года сацыяльныя сеткі ЕГУ былі абвешчаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Паводле пракуратуры, «універсітэт праводзіць мэтанакіраваную работу па дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнага становішча ў краіне», а таксама «выкарыстоўваецца спецслужбамі некаторых суседніх дзяржаў для нанясення ўрону інтарэсам Беларусі ў палітычнай, гуманітарнай і інфармацыйнай сферах». У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце на некалькіх факультэтах навучаюцца каля 1500 студэнтаў, працуюць каля 100 выкладчыкаў. ЕГУ быў заснаваны як прыватны ўніверсітэт у 1992 годзе ў Мінску, закрыты ўладамі ў 2002 годзе, аднавіў дзейнасць у 2004 годзе ў Літве.

IV. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы

1. 2 красавіка суд Партызанскага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт і Instagram-старонку кнігарні knihi.bу.

2. 6 красавіка Міністэрства інфармацыі прыпыніла распаўсюдніцкую дзейнасць выдавецтва «Тэхналогія». «Навукова-вытворчым кааператывам “Тэхналогія” прапушчаны тэрмін для падачы паведамлення аб змяненні звестак, якія падлягаюць уключэнню ў Дзяржаўны рэестр выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюднікаў друкаваных выданняў, пералік якіх зацвярджаецца Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь», – паведамляе прэс-служба Міністэрства інфармацыі. Ліцэнзія для друку кніг у выдавецтва ўсё яшчэ ёсць. Выдавецтва «Тэхналогія» было заснавана ў 1988 годзе і стала першым прыватным выдавецтвам у Беларусі. Спецыялізуецца на выданні навукова-папулярнай літаратуры, даведнікаў, дзіцячых кніг, календароў і сувенірнай прадукцыі.

V. Забароненыя кнігі

2 красавіка 2026 года рашэннем суда Кастрычніцкага раёна Мінска ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» былі дададзены чатыры новыя кнігі: Макар, «Апошняе пакаленне»;  Каміла Цень, «Наступны прыпынак – смерць»; Макс Шчур, «Там, дзе нас няма»; Аляксандр Цвікевіч, «Гістарычныя працы. Том 1». Працы беларускага нацыянальнага дзеяча, старшыні Рады народных міністраў БНР Аляксандра Цвікевіча ўжо былі пад забаронай у часы савецкай улады. У чэрвені 1937 года выйшаў загад спаліць усе яго кнігі, а ў снежні таго ж года быў расстраляны ён сам. Даведацца больш пра забароненыя ў Беларусі кнігі можна на сайце bannedbooks.penbelarus.org. 

VІ. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак культурніцкіх арганізацый

10 красавіка Instagram-старонку americancenterminsk, прысвечаную культуры ЗША, а таксама вывучэнню англійскай мовы, прызналі «экстрэмісцкай», вынікае з абноўленага спіса на сайце Міністэрства інфармацыі.

VII. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» твораў мастацтва

14 красавіка рашэннем суда Гомельскага раёна «экстрэмісцкім» прызнаны мастацкі фільм «Жыве Беларусь» (2012), зняты рэжысёрам Кшыштафам Лукашэвічам паводле гісторыі Франка Вячоркі ў беларускім войску.