• Навiны
  • «Кожная рэч была безліччу рэчаў»: беларускі пераклад ад Борхеса да сучаснасці | Нататнік майстэрні

«Кожная рэч была безліччу рэчаў»: беларускі пераклад ад Борхеса да сучаснасці | Нататнік майстэрні

Апошняе абнаўленне: 9 ліпеня 2026
«Кожная рэч была безліччу рэчаў»: беларускі пераклад ад Борхеса да сучаснасці | Нататнік майстэрні

Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч вядзе нататнік з сустрэч «Пляжнага сезона».
Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.

Шостая ў гэтым сезоне сустрэча Перакладчыцкай Майстэрні была прысвечаная гішпанскай мове і лацінаамерыканскай літаратуры. Экспертам выступіў перакладчык і выдавец Сяргей Шупа, паліглот і чатырохразовы лаўрэат Прэміі імя Карласа Шэрмана. Разам з мадэратарам Андрэем Хадановічам запрошаны госць зладзіў міні-прэзентацыю беларускага двухтомніка культавага аргентынскага пісьменніка Хорхе Луіса Борхеса (1899-1986), што не так даўно выйшаў у выдавецтве Андрэя Янушкевіча. Не менш легендарным лацінаамерыканскім творцам, прадстаўленым на паседжанні, быў калумбійскі нобелеўскі лаўрэат Габрыэль Гарсія Маркес (1927-2014), урывак з якога прадставіў калегам перакладчык Яўген Пятліцкі. А яшчэ абмяркоўваўся фрагмент перакладу маладой (і вельмі паспяховай на сёння) пісьменніцы, але пра ўсё па парадку.


Сяргей Шупа – перакладчык, рэдактар, выдавец, журналіст і грамадскі дзеяч. Укладальнік і публікатар «Архіваў БНР». У 2018 годзе заснаваў у Празе выдавецтва «Вясна». Перакладаў творы Праспэра Мэрымэ, Гі дэ Мапасана, Эдгара По, Хорхэ Луіса Борхеса, Габрыэля Гарсія Маркеса, Бруна Шульца, Эдгара Керэта, Джэймса Джойса, Міленка Ергавіча, Мойшэ Кульбака і іншых.

Лаўрэат прэмій Алеся Адамовіча і Карласа Шэрмана, прэміі часопіса «Прайдзісвет», ушанаваны медалём «100 гадоў БНР» Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.


Хорхе Луіс Борхес. Фота: Grete Stern

Прэзентуючы «свайго» класіка, Сяргей Шупа апавёў калегам пра некаторыя цікавыя праблемы, з якімі сутыкнуўся і якія «развязваў», перакладаючы славутага аргентынца. Пакажам у нашым нататніку некалькі з іх, разам з тэкставымі прыкладамі.

Гіпа́лага. Вельмі «борхесаўскі» троп – гіпа́лага (ὑπαλλαγή), від метаніміі, калі азначэнне адносіцца не да таго слова, да якога мусіла б паводле свайго значэння. Напрыклад, «una cicatriz rencorosa» («злапомны шнар»), «alcohol pendenciero» («задзірысты алкаголь»). Дзесьці перакладчык мог захаваць гэты прыём даслоўна, але часам даводзілася адступацца ад спробаў паўтарыць аўтарскі троп. Скажам, «unánime noche» («аднадушная ноч») выглядала б падазрона. І перакладчык зрабіў так. Арыгінал: “Nadie lo vio desembarcar en la unánime noche”. Беларускі пераклад: “Ніхто не бачыў, як ён высадзіўся на бераг той усеабдымнай ноччу”. Або «biblioteca ilegible» («нечытэльная бібліятэка») таксама патрабавала невялікай дэфармацыі. Арыгінал:  “Ejerce no se qué cargo subalterno en una Biblioteca ilegible”. Беларуская версія: “Ён займае нейкую нязначную пасаду ў нікому не вядомай бібліятэцы”.

Аргентынскія рэаліі. Словы з апавяданняў Борхеса, якія ніяк не даваліся, бо перакласці адэкватна, – прызнаўся перакладчык, – не выходзіла ніяк, а ўводзіць у тэкст перакладу экзатызмы падавалася ганебнай капітуляцыяй (экзатызмаў у перакладзе і так было з каптуром – гаўча, капанга, пеон, каўдыльё, чырыпа, бамбачы і г. д., і г. д.):

zaguán – гэта такая падваротня, або адкрыты вестыбюль, або крыты праход/праезд у двор, замкнёны з чатырох бакоў будынкамі, там можа нешта стаяць, адтуль могуць весці дзверы, там можна некага зарэзаць, або абмацаць дзяўчыну, або хто ведае што яшчэ;

esquina – рог вуліц са скосам (абавязковым паводле закону 1821 года), у якім звычайна ёсць нейкае завядзенне, кавярня, бар, найчасцей бар, дзе сядзяць «пацаны с раёна» (ранняя класіка Борхеса – апавяданне «Hombre de la esquina rosada», і гэта, вядома ж, не «рог вуліцы»);

almacen – дробная крамка, дзе прадаецца ўсё і дзе ёсць прылавак, за якім наліваюць, так што хутчэй туды ходзяць не купіць і нешта выпіць, а найперш выпіць і нешта падкупіць, зьнікла як з’ява прыблізна ў 1920-30 гадах;

compadrito – згаданы «пацан с раёна», які сядзіць у esquina або ходзіць па раёне акалочваючы грушы, найчасцей у яскравым прыкідзе, ну і з ножыкам, ясная справа. І гэта, вядома, не поўны сьпіс словаў-выклікаў…

***

Апагеем міні-прэзентацыі стала чытанне перакладчыкам борхесаўскіх тэкстаў па-беларуску. Сяргей Шупа паказаў фрагмент з апавядання «Алеф», які даў назву знакамітаму зборніку аргентынскага класіка і які стаў узорным прыкладам літаратурнага гіперкаталога:

“На ніжняй частцы прыступкі, з правага боку, я ўбачыў маленькі пералівісты шарык амаль невыноснай яркасці. Спачатку я падумаў, што ён круціцца; пасля зразумеў, што гэты рух быў ілюзіяй, выкліканай галавакружным відовішчам унутры яго. Алеф меў два ці тры сантыметры ў дыяметры, але змяшчаў у сабе ўсю прастору сусвету ў нязменшаных памерах. Кожная рэч (напрыклад, люстэрка) была безліччу рэчаў, бо я выразна бачыў яе з усіх пунктаў сусвету. Я бачыў густанаселенае мора, бачыў світанак і вечар, бачыў натоўпы людзей Амерыкі, бачыў серабрыстае павуцінне ўсярэдзіне чорнай піраміды, бачыў разбураны лабірынт (гэта быў Лондан), бачыў бясконцыя вочы, якія былі зусім побач і пільна ўглядаліся ў мяне як у люстэрка, бачыў усе люстэркі планеты, і я не адлюстроўваўся ні ў водным, бачыў у заднім двары на вуліцы Салера тыя самыя пліткі, што і трыццаць гадоў таму ў вестыбюлі аднаго дома ў Фрай-Бэнтас, бачыў гронкі вінаграду, снег, тытунь, рудныя жылы, вадзяную пару, выпуклыя экватарыяльныя пустыні і кожную іх пясчынку, бачыў у Інвэрнэсе жанчыну, якую ніколі не забуду, бачыў шалёную фрызуру, гордае цела, бачыў рак у грудзях, бачыў круг сухой зямлі на ходніку, дзе раней было дрэва, бачыў вілу ў Адраге́ , экзэмпляр першага англійскага перакладу Плінія, які зрабіў Філіман Холанд, бачыў адначасова кожную літару на кожнай старонцы (малым хлопчыкам я не раз здзіўляўся, чаму літары ў загорнутай кнізе не перамешваюцца і не губляюцца за ноч), бачыў ноч і разам з ёй дзень, бачыў захад сонца ў Керэ́тара, у якім нібыта адлюстроўваўся колер адной ружы ў Бенгаліі, бачыў маю пустую спальню, бачыў у адным кабінеце ў Алкмары глобус паміж двума люстэркамі, якія бясконца яго памнажаюць, бачыў коней з развеянымі грывамі на пясчаным беразе Каспійскага мора на світанні, бачыў далікатны касцяк рукі, бачыў ацалелых у бітве, якія шлюць паштоўкі, бачыў у вітрыне ў Мірзапуры іспанскую калоду карт, бачыў косыя цені папарацей на падлозе аранжарэі, бачыў тыграў, поршні, бізонаў, марскія хвалі і войскі, бачыў усіх мурашак, што ёсць на зямлі, бачыў персідскую астралябію, бачыў у шуфлядзе пісьмовага стала (ад почырку мяне пранялі дрыжыкі) непрыстойныя, неверагодныя, трапныя лісты, якія Бэатрыс пісала Карласу Архентына, бачыў абагоўлены помнік на могілках Чакарыта, бачыў жахлівыя парэшткі таго, чым так чароўна была Бэатрыс Вітэрба, бачыў цыркуляцыю маёй цёмнай крыві, бачыў зубчастыя механізмы кахання і трансфармацыі смерці, бачыў Алеф з усіх бакоў, бачыў у Алефе зямлю, і ў зямлі зноў Алеф, і ў Алефе зямлю, бачыў мой твар і мае вантробы, бачыў твой твар, і адчуў, як кружыцца галава, і заплакаў, бо мае вочы ўбачылі гэты таемны і гіпатэтычны аб’ект, чыім імем завалодалі людзі, але які ніхто з людзей не бачыў: неспасціжны сусвет”.

Вокладка першага тома зборніка Хорхе Луіса Борхеса, выдадзенага ў выдавецтве «Янушкевіч»

А яшчэ перакладчык цалкам прачытаў адно з найкарацейшых (і адно з найпрыгажэйшых!) у аргентынскага майстра апавяданняў «Дом Астэрыёна», дзе аўтар стварае вельмі нечаканы і некананічны вобраз цудоўна вядомага ў сусветнай культуры персанажа. Так, што і праніклівы чытач не адразу здагадваецца, пра каго гаворка, а сярэдні спажывец разумее хіба што на апошніх радках, хоць аўтар вуснамі героя пачынае рабіць намёкі і падказкі амаль з першых фразаў:

“…смяхотная байка – нібыта я, Астэрыён, вязень. Паўтару, тут няма ніводных замкнутых дзвярэй, ці трэба казаць, што няма і ніводнага замка? Зрэшты, аднойчы надвячоркам я выйшаў на вуліцу; і калі і вярнуўся да таго, як настала ноч, то гэта таму, што ў мяне выклікалі страх твары прасталюддзя, бляклыя і пляскатыя, як далонь, твары”. Спадзяюся, вы здагадаліся. Большых спойлераў не будзе: навошта, калі можна даць спасылку (Том I і Том II) на кнігарню беларускага выдаўца? Прыемнага чытання і яскравых разгадак борхесаўскіх рэбусаў!

***

Пасля міні-прэзентацыі Борхеса прысутныя засталіся на тэрыторыі Лацінскай Амерыкі – і стопрацэнтнай класікі ХХ ст., бо героем далейшага абмеркавання быў Маркес, да чыёй знакамітай аповесці «Палкоўніку ніхто не піша» ўдзельнікі маглі дакрануцца, пабачыўшы і пачуўшы яе пачатак у перакладзе Яўгена Пятліцкага. Сам перакладчык так ахарактарызаваў актуальнасць тэксту і сваю творчую матывацыю:

Беларусам, якія чакаюць паведамлення ад польскіх чыноўнікаў, вызвалення або вяртання дамоў, маркесаўскі Палкоўнік блізкі і зразумелы. Сам я чакаў, каб пачаць займацца перакладам, гадоў дваццаць, з таго часу, як прачытаў, што «палкоўніку спатрэбіліся семдзесят пяць год – усе семдзесят пяць год жыцця, мінута за мінутай, – каб дачакацца гэтага імгнення. Ён адчуў сябе чыстым, праяснелым, непераможным у хвіліну, калі адказаў: „Дзярмо“».

Выклікаў у гэтым тэксце, – прызнаўся Яўген, – шмат: ён падманліва просты і вымагае дакладнай мовы, да чаго пакуль мне далёка”.

Габрыэль Гарсія Маркес. Фота: National Archieef Nederland

Перакладчык прывёў прыклады некалькіх складаных месцаў, якія патрабавалі пільнасці і ўдумлівасці. Арыгінал: “Era una mujer construida apenas en cartílagos blancos sobre una espina dorsal arqueada e inflexible”. Расейскі перакладчык у прынцыпе адмовіўся ад перакладу гэтага, замяніўшы на: “Ее тело, некогда гибкое, стало малоподвижным”. Польскі перакладчык зрабіў так: „Była to kobieta zbudowana niemal wyłącznie z białych chrząstek, otaczających wygięty w łuk, zesztywniały kręgosłup”. Украінскі пайшоў гэткім шляхам: “Вона ніби не мала тіла, самі білі хрящі на зігнутому, закам’янілому хребті”. У баўгарскай версіі наступнае: “Изглеждаше като направена само от бели хрущяли, с извит и вдървен гръбначен стълб по средата”. Беларускі перакладчык паспрабаваў зрабіць так: “Кабета складалася амаль што з адных белых храсткоў, якія трымаліся на пахілым, нягнуткім хрыбце”.

Наступны прыклад анекдатычны, але добра ілюструе, што падчас перакладу трэба думаць. Арыгінал: “En la pared opuesta a la del reloj, el cuadro de una mujer entre tules rodeada de amorines en una barca cargada de rosas”. Тут праблемнае слова – «tules»: жанчына на карціне паміж нейкіх tules (слова ў множным ліку). Польскі перакладчык вырашыў не высвятляць, пра што гаворка, жанчына ў цюлях, дык жанчына ў цюлях: “Na ścianie naprzeciwko zegara wisiał obraz przedstawiający kobietę w tiulach, otoczoną amorkami, na łodzi pełnej róż”. Украінскі таксама, хаця цюлі крыху украінізаваў. (Ці мо тут «серпанок» – гэта імгла, смуга, туман?) “На стіні навпроти годинника висіла картина – жінка в серпанку, оточена амурчиками”. Баўгарскі перакладчык зрабіў падобна: “На стената срещу часовника имаше картина: жена във воали, окръжена от амурчета, седи в пълна с рози лодка”. Тое самае маем з ангельскім: “On the wall opposite the clock, there was a picture of a woman dressed in tulle, surrounded by cupids in a boat laden with roses”. І французскім: “Sur le mur opposé à la pendule, un tableau montrait une femme drapée de tulles dans une barque chargée de roses, entourée de cupidons”. А вось расійскі перакладчык зразумеў, пра што гаворка (словы «entre» і множны лік «tules» намякаюць, што гаворка зусім не пра цюлі і вэлюмы): “На стене, напротив часов, висела картина, изображавшая лодку в зарослях тростника; в лодке сидела женщина, окруженная амурами и розами”. Беларускі варыянт Яўгена Пятліцкага: “На сцяне насупраць гадзінніка – карціна з выявай жанчыны сярод асакі, аточанай амурчыкамі, у лодцы запоўненай ружамі”. Tule можа абазначаць адну з трох раслін: Schoenoplectus acutus, Typha domingensis або Taxodium mucronatum. Апошняя наўрад ці нам тут пасуе, а вось першыя дзве – гэта віды асакі і рагозу адпаведна. Ідэя асакі на карціне нашаму перакладчыку спадабалася больш.

***

Далей абмеркаванне перайшло да сучаснай і маладой літаратуры. Перакладчыца Надзея Лапа прадставіла «сваю» пісьменніцу і пачатак яе рамана. Не называем тут ні імені аўтаркі, ні твора, каб не сурочыць і нікому не нашкодзіць, але працытуем перакладчыцу так, як яна пажадала выказацца.

Лёс у асобе аднаго выдавецтва падкінуў мне цікавы досвед па перакладзе сучаснага жаночага рамана, вельмі папулярнага за мяжой і ўжо перакладзенага на 10 моваў свету. Гэта першы твор аўтаркі, таму часам мне прыходзілася не толькі выступаць у ролі перакладчыцы, але і займацца рэдагаваннем аўтарскага тэксту, бо хочацца, каб беларускія чытачы атрымалі як мага больш якасны кніжны прадукт”.

Перакладчыца згадала эпізод, калі ў кнізе ідзе гаворка пра чорны ферары галоўнага персанажа, і раптам потым гэты ферары «ператвараецца» ў… чорны бмв. А таксама пра тое, як галоўная гераіня ўвесь час расказвала, што сустракалася са сваім былым 9 месяцаў, але ў адным месцы гэтыя 9 месяцаў ператвараюцца ў 6. Пра дзіўныя выразы накшталт такога: “Яна насупіла бровы, у той час як усмешка асвяціла ейны твар”. У адным сказе аўтарка піша, што персанаж трымае цыгарэту паміж пальцамі, а ў наступным яна ўжо аказваецца паміж вуснамі. Але Надзея прапануе “дараваць аўтарцы памылкі, бо гэта яе першы твор”.

Бо важней для спадарыні Лапа было паразмаўляць пра складанасці, з якімі яна сутыкнулася як перакладчыца:

  • у гішпанскай мове асабістыя займеннікі выкарыстоўваюцца толькі для ўдакладнення асобы, таму ўнікаць паўтарэння ў кожным сказе займеннікаў «я», «ён», «яна» было вельмі складана;
  • аўтарка часта паўтарае адны і тыя словы, а перакладчыца намагалася пазбягаць такіх паўтораў, выкарыстоўваючы сінонімы або перарабляючы сказы;
  • вельмі часта літаратарка выкарыстоўвае герундый: «сказала, засмяяўшыся»; «адказаў, гледзячы мне ў вочы»; «дадаў, адкрываючы дзверы» і т.д. Перакладчыца імкнулася зменшыць прысутнасць такіх формаў;
  • былі цяжкасці з часамі дзеясловаў, бо перадаць усе 14 часоў гішпанскага дзеяслова трыма часамі беларускага было даволі складана;
  • раманістка часта выкарыстоўвае выразы «не магла не», «прымусіла (мяне) засмяяцца», «дазволіла» і г.д., такіх выразаў было вельмі шмат – і даводзілася ўнікаць іх рознымі спосабамі;
  • пісьменніца раз-пораз выкарыстоўвае слэнг і ненарматыўную лексіку. Перакладчыца прызналася, што была не вельмі знаёмая з імі, бо не карысталася ў сваім прыватным жыцці, так што ёй прыйшлося заглыбіцца ў тэму, шукаць адпаведныя слоўнікі і кансультавацца з мовазнаўцамі;
  • узніклі пытанні па некаторых словах (кшталту «неверагодны» / «неймаверны» / «невераемны»), наконт якіх сярод мовазнаўцаў, на думку перакладчыцы, сёння няма згоды – колькі экспертаў, столькі і падыходаў;
  • выклікала пытанні слова «бардачок» – ці варта шукаць іншую форму, а заадно як перадаць дзіцячае вымаўленне словаў siete mil (сем тысяч). Маленькая дзяўчынка перайначвае на sientimil;
  • «ну і, вядома ж, хочацца пісаць прыгожа і лёгка, – іранізуе перакладчыца, – а часам выходзіць грувастка і абы-як».

***

Запрошаны эксперт – зычліва і трапна, разам з мадэратарам і ўсімі прысутнымі перакладчыцамі і перакладчыкамі – разбіраў прадстаўленыя тэксты. Прывядзём колькі парадаў ад Сяргея Шупы, разам з прыкладамі з абодвух твораў.

Удакладняць значэнне слова (напрыклад, у ТСБМ). Было: “Палкоўнік адчыніў бляшанку з кавай”. Прапанавана: “Палкоўнік адкрыў бляшанку з кавай” (бо адчыняюць тое, што на завесах – акно, дзверы, браму, пераносна – установу). Было: “адчапіў гамак з аднаго канца і, скруціўшы яго да іншага…”. Прапанавана: “адчапіў гамак з аднаго канца і, скруціўшы яго да другога…”. (Калі канцоў толькі два – то лепш: да другога, калі больш, то: да іншага.) Арыгінал: “Encontró en el baúl”. Было: “Ён знайшоў у бауле”. Прапанавана: “Ён знайшоў у куфры”. (Гішпанскае baúl – не тое, што баул беларускі, а проста «куфар».)

Апускаць лішняе. Было: “адчуў, што ў ягоных вантробах”. Прапанавана: “адчуў, як у яго ў вантробах” (не ўжываць пры частках цела прыналежныя займеннікі там, дзе яны «свае», а не некага іншага). Было: “Мінула шэсць год з таго моманту, як мае бацькі разышліся”. Прапанавана:  “Мінула шэсць год, як мае бацькі разышліся”.

Не ўжываць словы, якія ў падобнай сітуацыі не ўжылі б самі. Было: “Уночы яна пакутавала ад прыступу астмы”. Прапанавана:  “Уночы яе мучылі прыступы астмы”. Было: “казала я, чарговы раз спрабуючы пераканаць яе”. Прапанавана: “казала я, каторы раз спрабуючы пераканаць яе”. Было: “Ты папраўдзе мяркуеш, што я дазволю табе”. Прапанавана: “Ты папраўдзе думаеш, што я дазволю табе”. Было: “з новым мужам, які імаверна кахаў яе”. Прапанавана: “з новым мужам, які, дапусцім, кахаў яе”.

Не ісці слепа за арыгіналам. Арыгінал: “¿Puedes dejar de hacer eso?” Было: “Можаш перастаць гэта рабіць?” Прапанавана: “Перастань! / Мо ўжо хопіць?

Пазбягаць калек з чужой (вельмі часта гэта – руская) мовы. Было: “Квіткі былі падарункам ад яе лепшай сяброўкі”. Прапанавана: “Квіткі былі падарункам ад яе найлепшай сяброўкі” (лепшая сяброўка = подруга получше).

Што ж, чакаем новых перакладаў і кніжных публікацыяў ад шаноўнага эксперта і ўдзельнікаў-удзельніц майстэрні. І хай яны будуць добрымі, лепшымі (за папярэднія спробы), і растуць і дарастаюць да найлепшых!